Школа «Альфа+» iснуе ў Магiлёве ўсяго год, але ў яе ўжо ёсць пастаянныя наведвальнiкi. На жаль, папрысутнiчаць на ўроку не атрымалася — у сувязi з каранавiрусам усе заняткi з дзецьмi вядуцца цяпер у рэжыме анлайн. Магiляўчанка Вольга Дарашэнка — адна з тых, чые дзецi тут займаюцца з моманту адкрыцця. Яна прывяла сюды свайго сына, калi ён быў пяцiкласнiкам. Кажа, што хлопчык быў зацiснуты, не ўмеў знаходзiць агульную мову з аднагодкамi. Цяпер ён стаў больш адкрыты i камунiкабельны, навучыўся расстаўляць прыярытэты i сябраваць з аднакласнiкамi...
Матрыца кар'еры
Дырэктар школы Максiм Лаўрыненка сам малады бацька, яго сынам 11 i 4 гады. Ён юрыст па адукацыi, пэўны час працаваў у органах бяспекi, але аднойчы зразумеў, што яго старэйшы сын Iлья расце без бацькоўскага нагляду. Не хацелася, каб так здарылася i з малодшым Раманам. Тым больш што ўсё часцей стала прыходзiць думка — паспрабаваць рэалiзаваць сябе ў чымсьцi новым, яшчэ нiкiм не раскручаным.
— Кажуць, што добра там, дзе нас няма, а мне захацелася зрабiць добра там, дзе мы ёсць, — усмiхаецца Максiм. — Думка пра адукацыю з'явiлася пасля таго, як я нiчога цiкавага не знайшоў для свайго старэйшага сына. Нарэшце выйшаў на тое, што мяне зачапiла, — новасiбiрскую франшызу «Матрыца кар'еры». Мне яе падказалi ўладальнiкi iншых франшыз. У плане адукацыi Расiя прасунулася сёння вельмi далёка. Я размаўляў з кiраўнiкамi вядучых адукацыйных фондаў Польшчы, Iзраiля. Апошнi, дарэчы, у тым, што датычыцца бiзнес-адукацыi, стартапаў, сёння наперадзе планеты ўсёй. Але, як сказалi iзраiльскiя эксперты, iх дзецi цяпер iмкнуцца паехаць вучыцца не ў Амерыку i Еўропу, а менавiта ў Расiю.
Першы чалавек, якi падтрымаў мяне ў гэтых памкненнях, была Аксана Асiнская. Па першай адукацыi яна настаўнiк, а па другой — юрыст. Пэўны час узначальвала юрыдычную службу ў аблвыканкаме, цяпер займаецца — i вельмi паспяхова — iндывiдуальнай практыкай. Разам з ёй мы пабывалi ў Новасiбiрску, паглядзелi, як там праводзяцца заняткi, пагутарылi з трэнерамi, з дзецьмi i iх бацькамi i зразумелi, што гэта нам падыходзiць.
Многiя раiлi мне адкрываць школу ў Мiнску, казалi, што ў Магiлёве я не знайду бiзнес-трэнераў. Але ж мае дзецi тут, i я не стаў слухаць, што мне кажуць. Некаторых бянтэжыла, што мы менавiта бiзнес-школа: навошта майму дзiцяцi вучыцца бiзнесу, пыталiся дарослыя. Даводзiлася тлумачыць, што мы вучым не бiзнесу (гэтаму наогул навучыцца нельга), мы вучым працаваць у камандзе, умець дамаўляцца з людзьмi, весцi перамовы — усяму таму, што абавязкова спатрэбiцца ў жыццi ўсiм. Тыя, хто гэтымi навыкамi валодае, становяцца паспяховымi ў любой галiне.
Гнуткiя навыкi
Аўдыторыя для заняткаў не падобная на звычайны клас — крэслы стаяць па перыметры. На сцяне вялiкi бiлборд, на якiм напiсаны знакавыя словы i словазлучэннi — пазiтыўнае мысленне, эмацыянальная ўстойлiвасць, перамоўныя паядынкi... «Гэта i ёсць тое, чаму мы вучым», — тлумачыць дырэктар.
Заняткi адбываюцца па выхадных днях. Дзецi з першага да чацвёртага класа займаюцца паўтары гадзiны з перапынкам на каву-брэйк (можна сказаць проста «пераменка», але тут вучаць дзяцей аперыраваць адмысловай тэрмiналогiяй), з пятага да адзiнаццатага — тры гадзiны з перапынкам на каву-брэйк. Прычым гэта не столькi ўрокi, колькi так званая iнтэлектуальная гульня — трэнiнгi i майстар-класы. У якасцi трэнераў — настаўнiкi, якiя працуюць па сваiх iндывiдуальных праграмах, бiзнесмены, аўтарытэтныя спецыялiсты.
Аснова адукацыйнай праграмы — soft skills, гнуткiя навыкi. Iншымi словамi — комплекс неспецыялiзаваных надпрафесiйных дзеянняў, якiя гарантуюць паспяховасць у рабоце i высокую прадукцыйнасць.
Максiм дэманструе сшыткi, па якiх працуюць дзецi. Для кожнага ўзросту iснуе свой набор тэм. Самых малых тут вучаць камунiкацыi з аднагодкамi ў школе, адаптацыi, зносiнам з бацькамi, з пятага класа ў праграме з'яўляюцца такiя паняццi, як тайм-менеджмент, эмацыянальны iнтэлект, публiчныя выступленнi, перамовы, у дзесяцiкласнiкаў на першы план выходзяць прафарыентацыя, стрэс-менеджмент, кiраванне камандай, а ў адзiнаццацiкласнiкаў у праграме ўсё, што звязана з прадпрымальнiцтвам i кiраваннем.
— Гэтым навыкам у нас нiдзе не вучаць нi ў школе, нi ў iнстытуце, — кажа суразмоўца. — А нашы навучэнцы ўжо ведаюць, што такое сумоўе i як яго прайсцi, як знайсцi падпрацоўку i атрымлiваць свае першыя грошы. Нашы выхаванцы не баяцца выступаць i ведаюць, як весцi перамовы. Гэта тыя якасцi, якiя некаторыя з нас да канца жыцця не могуць у сабе развiць. Людзi баяцца папрасiць павышэння зарплаты, памяняць работу толькi таму, што не ведаюць, як гэта зрабiць. Нiводны чалавек не можа дабiцца поспеху, пакуль не навучыцца весцi перамовы, узаемадзейнiчаць у калектыве, кiраваць камандай, сваiм часам. Нават таленавiты. Ёсць такая кнiга — «Генii i аўтсайдары» Малькальма Гладуэла, дзе ён расказвае, што для поспеху аднаго таленту недастаткова, неабходна вялiкая работа над сабой. I трэба ўдзяляць свайму захапленню вялiкую колькасць часу. Нiводны артыст, спартсмен не нарадзiўся мегаталенавiтым. Гэта людзi, якiя з дзяцiнства працавалi над сабой i з кожным годам павялiчвалi колькасць заняткаў, у той час як iншыя заставалiся на ранейшым узроўнi.
Валодаць сабой
— Сёння ўсiх запрашаюць займацца бiзнесам, маўляў, гэта лёгка, — разважае Максiм. — На хайпе «бяжы-бяжы», як я гэта называю, заклiкаюць хутчэй адкрываць сваю справу, абяцаюць, што дапамогуць, што ўсё атрымаецца. А потым у чалавека ўзнiкаюць пытаннi, як наймаць людзей, размяркоўваць свае абавязкi, працаваць з дакументамi, даваць справаздачу падатковай, наогул працаваць. I ў чалавека з'яўляецца пачуццё, што яго падманулi. Ён нейкi прадукт запусцiў, але гэта не бiзнес. Бiзнесу, паўтаруся, навучыць нельга. Затое як арыентавацца ў нашай складанай сучаснасцi — можна. I пачынаць трэба менавiта з гэтага.
— Шмат хто з бацькоў перажывае, думае, што ў яго дзiцяцi праблемы, — кажа суразмоўца. — Маўляў, школьныя настаўнiкi скардзяцца, што яно, напрыклад, гiперактыўнае. Але трэба ўлiчваць, што гэта асаблiвасць развiцця. Калi дзiця цюкаць, яно праз пару гадоў стане безынiцыятыўнае i абыякавае. I яго мэта ў жыццi будзе абмяжоўвацца толькi жаданнем хутчэй закончыць школу i паступiць ва ўсё роўна якi ўнiверсiтэт. Наша задача — навучыць такiх дзяцей максiмальна валодаць сабой i накiроўваць сваю актыўнасць у станоўчае рэчышча. Або ёсць дзецi, якiя добра вучацца, але з аднагодкамi не ўмеюць кантактаваць. I гэта таксама можа абярнуцца ў жыццi вялiкiмi праблемамi — вядома, калi ўсё пакiнуць так, як ёсць. У нас такiя дзецi, скажу без лiшняй сцiпласцi, мяняюцца за паўгода. Адным словам, мы вучым, каб дзецям было камфортна ў любой сiтуацыi.
— Наша мэта — да 4 класа навучыць дзiця самастойна рабiць урокi i размяркоўваць час, — адзначае дырэктар школы. — Прычым працуем адначасова як з дзецьмi, так i з бацькамi, бо калi мы тут вучым дзяцей аднаму, а дома iдзе зусiм iншае, сэнсу няма. Нельга рэзка прымусiць дзiця рабiць урокi самастойна. Iснуе цэлая методыка, як гэтага дабiцца. Таму ў нас ёсць яшчэ i школа для бацькоў. I на яе апошнiм часам прыходзяць нават тыя, хто толькi збiраецца iмi стаць. Я таксама прыходжу туды павучыцца. Быў час, калi я так перагрузiў свайго старэйшага сына рознымi развiвальнымi секцыямi i гурткамi, што ён амаль страцiў да ўсяго цiкавасць. Цяпер я ведаю, якiя ў мяне былi памылкi. Школа наша платная, але ў нас ёсць i сацыяльныя праекты. На аснове франшызы мы распрацоўваем сваю анлайн-праграму для дашкольнiкаў. Праз месяц запусцiм экспрэс-курсы i будзем рыхтаваць дзяцей да школы. Збiраемся ўцягнуць у нашу дзейнасць яшчэ i раёны, бо там не кожны можа дазволiць сабе рэпетытара, ды i не ўсюды яны ёсць. Для шматдзетных мы будзем прапаноўваць паслугi за наш кошт, наогул збiраемся зрабiць шэраг праектаў бясплатнымi.
Кампетэнтна
Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Магiлёўскага абласнога iнстытута развiцця адукацыi Дзiна Лазуркiна:
— Сёння ўсё большую папулярнасць атрымлiвае дадатковая адукацыя. Фармат бiзнес-школы «Альфа+» з'яўляецца дастаткова iнавацыйным для нашай вобласцi. На трэнiнгах, адаптаваных пад узроставыя асаблiвасцi развiцця дзяцей, вялiкая ўвага ўдзяляецца ўменню вырашаць праблемы i знаходзiць нестандартныя рашэннi. Iншымi словамi, дзецi вучацца быць матываванымi i самастойнымi, развiваюць здольнасцi, неабходныя для поспеху ў любой сферы. Нацэленасць на вынiк, уменне планаваць, эфектыўна камунiкаваць, самарэалiзоўвацца — гэта толькi некаторыя кампетэнцыi, якiх часам не хапае нам, дарослым. I добра, што ў нашых дзяцей ёсць магчымасць гэтаму навучыцца ў раннiм узросце. Гэта сапраўды стартавая пляцоўка для паспяховага чалавека.
Нэлi ЗIГУЛЯ, фота аўтара
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!