Вы тут

Лукашэнка: Мы не мусім мірыцца з тым, што гінуць людзі, мы павінны змагацца за кожнага чалавека


Прэзідэнту далажылі аб гатоўнасці сістэмы аховы здароўя процідзейнічаць пагрозам распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам.


Дзень актуальных мерапрыемстваў у Палацы Незалежнасці працягнуўся размовай аб эпідэміі і наступствах, якія яна можа пацягнуць. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: прадказаць, што адбудзецца са светам пасля хваробы, не ў стане ніхто.

«Мы не ведаем задумы лідараў буйных дзяржаў, як яны скарыстаюцца гэтай сітуацыяй. З гісторыі мы ведаем, што кожны карыстаецца сітуацыяй так, як лічыць патрэбным і выгадным для сябе», — у доказ Прэзідэнт прывёў Вялікую Айчынную вайну, на якой хтосьці нават нажыўся.

«Мы не мусім мірыцца з тым, што гінуць людзі, мы павінны змагацца за кожнага чалавека. За кожнага, асабліва калі гутарка ідзе аб старых. Калі мы жадаем, каб потым нашы дзеці нас абаранялі і змагаліся за нашыя жыцці, мы павінны змагацца за жыццё кожнага старога», — запатрабаваў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што новы каранавірус, на жаль, б’е перш за ўсё па пажылых і тых, у каго слабы імунітэт. Па кожным памерлым Аляксандру Лукашэнку дакладваюць — і ў кожным дыягназе назіраецца цэлы букет хвароб. Яшчэ адзін аспект — эканоміка, якая таксама церпіць.

«Месяц таму сказаў, што мы хутка сутыкнемся тварам у твар з праблемамі ў эканоміцы, якія мы спарадзім самі. Сёння не я ўжо гэта кажу, сёння гавораць ва ўсім свеце: калі заўтра не выйдзем на працу, памрэ больш людзей, чым ад каранавірусу. У нас, канешне, так не будзе, таму што ў нас яшчэ сацыяльная эканоміка», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Да таго ж, у адрозненне ад краін, дзе атрыманне лячэння залежыць ад медыцынскай страхоўкі, у Беларусі змагаюцца за кожнага.

«Мы з вамі цэнім здароўе кожнага больш, чым той кожны сам сваё здароўе цэніць. І ў гэтым таксама наша праблема», — працягнуў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, як уласным прыкладам прыцягвае грамадзян да здаровага ладу жыцця. А вірус паўплываў як на кожнага паасобку, так і на сістэму ў цэлым: многія людзі пачалі надаваць больш увагі асабістай гігіене, а ахова здароўя ў гэтых умовах «узварухнулася».

Па яго словах, колькасць выпадкаў захворвання ў Беларусі не зніжаецца, але лавінападобнага нарастання няма. 

«Пакуль сістэма аховы здароўя з гэтым спраўляецца. Шпіталізаваны 794 чалавекі, на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх у нас сёння 31 чалавек, а гэта ў пнеўманіі самыя цяжкія людзі. Таму дай Бог, каб было так, як сёння. Тады мы і людзей выратуем, і пройдзем годна гэты перыяд», — звярнуўся да ўдзельнікаў дакладу лідар краіны.

Аляксандр Лукашэнка зноў катэгарычна выказаўся супраць увядзення каранціну і каменданцкай гадзіны, а таксама нагадаў аб неабходнасці свежага паветра, якое заўсёды рэкамендавалася для лячэння рэспіраторных інфекцый.

Кантакты без станоўчага выніку не трэба трымаць у бальніцы

У Беларусі працягваецца ачаговая барацьба з каранавірусам. Гэта дае вынік і ў плане здароўя, і ў плане эканомікі, упэўнены Прэзідэнт. Але кожны мусіць займацца сваёй справай, падкрэсліў ён.

«Вы павінны лячыць людзей. Усё. І калі трэба супакоіць грамадства — расказваць людзям, як вы гэта робіце. Ваша задача лячыць людзей», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік Адміністрацыі Ігар Сергеенка штодня па даручэнні Прэзідэнта дакладвае яму аб дынаміцы. Прааналізаваўшы інфармацыю, Аляксандр Лукашэнка загадаў не трымаць у бальніцах кантакты без станоўчага выніку тэсту, арганізоўваць для такіх пацыентаў самаізаляцыю ў дамашніх умовах.

«Можам узмацніць жорсткасць (патрабаванняў да самаізаляцыі — «Зв»). Цябе адпусцілі дадому з бальніцы, добра. Але тыдзень, тры, пяць ты мусіш сядзець дома. Калі трэба, давайце ўзмацнім», — выказаў гатоўнасць кіраўнік краіны, высока ацаніўшы адказнасць, якую беларусы і так дэманструюць.

«Калі да канца тыдня мне даложаць, што чагосьці не хапае, асабліва для аховы ўрачэў, урада не будзе»

Прэзідэнт падзякаваў валанцёрскім арганізацыям за дапамогу, адзначыўшы, што і самі старыя людзі не ствараюць праблем для медыкаў.

«Я зразумеў наш недахоп у тым, што мы не падключылі вертыкаль улады для дапамогі вам. Гэта ж не справа, што дзесьці ў аптэцы няма масак, у прыватных аптэках, дзесьці ва ўрачоў чагосьці не хапае — рэспіратараў, пальчатак, акуляраў ці бахіл. Нядаўна былі такія выпадкі. Мы кожны дзень гэту сітуацыю маніторым», — сказаў Прэзідэнт.

У бальніцы накіраваны і ваенныя медыкі, не з-за таго, што грамадзянскія спецыялісты не спраўляюцца, а каб яны, па-першае, навучыліся працаваць у такіх выпадках. Па-другое, ваенныя — крыніца інфармацыі для кіраўніка краіны.

«Я папярэдзіў прэм’ер-міністра і ўрад, калі толькі да канца тыдня адказныя людзі мне даложаць, што чагосьці не хапае дзесьці — у магазінах, аптэках, бальніцах, асабліва для аховы ўрачоў, урада не будзе. Будуць працаваць іншыя», — папярэдзіў лідар дзяржавы.

Камітэту дзяржаўнага кантролю пастаўлена задача прадухіліць нажыванне на праблемах. «Не трэба мне казаць, што цэны падняліся на імбір, лімоны, часнок і цыбулю. Слухайце, цыбулі ў нас не хапае! Разбірайцеся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў, што ніякую інфармацыю не скрываюць і папярэдзіў пра недапушчальнасць гэтага.

«Калі вы адзін раз схлусіце, вам ніхто верыць не будзе. Таму давайце падрабязную інфармацыю — колькі захварэла, колькі паступіла на першы ўзровень, колькі выпісалася. Калі ёсць памерлыя, дайце гэтую інфармацыю, толькі акуратна», — звярнуўся кіраўнік краіны. 

У краіне назіраецца спад ВРВІ, але звычайна ў гэты перыяд узрастае колькасць хворых на пнеўманію. Таму Аляксандр Лукашэнка пахваліў тактыку медыкаў — звярнуць на іх асаблівую ўвагу.

«Калі нам удасца прайсці такім чынам і далей, то жыць будзем. Толькі давайце не будзем панікаваць і давайце ўсе разам будзем працаваць і ісці тым шляхам, які мы вызначылі, як бы нам не было складана», — папрасіў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт праінфармаваў, што па параўнанні двух першых кварталаў (мінулага года і сёлетняга), агульная смяротнасць знізілася на чатыры працэнты. Ад пнеўманіі за тры месяцы 2020 года памерла 254 чалавекі. У параўнанні за перыяд студзень-март двух гадоў па хваробах органаў дыхання смяротнасць знізілася на 20 працэнтаў, а пнеўманій — на 9 працэнтаў.

«Не забывайце, што акрамя каранавіруса, пнеўманій, у нас ёсць іншыя хваробы. І вы бачыце, што там гінуць людзі ў пяць, шэсць разоў больш, чым ад пнеўманіі. Гэта не значыць, што трэба аслабіць працу па гэтай галоўнай, сусветнай праблеме. Не. Мы як ніколі аб’ядналіся ў гэтай барацьбе і мы павінны выстаяць. Але не забывайцеся, што і анкалагічных мы павінны лячыць, і сардэчна-сасудзістых, і іншых», — дадаў Прэзідэнт і ацэньваць сістэму аховы здароўя будуць з гэтай пазіцыі.

Прэзідэнт прапанаваў сваю дапамогу ў клопаце аб хворых і іх лячэнні, калі гэта неабходна. 

«Калі я нешта магу для вас зрабіць, скажыце. Я ўжо міністру казаў: трэба, Уладзімір Сцяпанавіч (міністр аховы здароўя — «Зв.»), пойдзем з табой лячыць людзей. Толькі ты мне скажы, што я там павінен рабіць. Я магу трымаць, насіць, падымаць кагосьці. А ты ўжо будзеш там калоць, трубку ў горла засоўваць. Ён кажа: пакуль не трэба. Але кожны павінен займацца сваёй справай — без панікі, спакойна і прыгожа. Мы павінны з вамі перамагчы. Мы мусім выратаваць людзей годна. Кожны чалавек, які трапіў з вірусам гэтым, не павінен думаць, што ён смяротнік. Не. Усіх выратуем, каго толькі магчыма», — рэзюмаваў лідар краіны.

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.