Вы тут

«Разумнае» асвятленне для Навагрудка


Навагрудак — адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў. Былая сталіца Вялікага княства Літоўскага. Тут, у прыватнасці, правёў дзяцінства Адам Міцкевіч. Цяпер у Навагрудку ёсць выдатны дом-музей, прысвечаны знакамітаму паэту. Зрэшты, у горадзе шмат і іншых славутасцяў, якія распавядаюць пра багатую гістарычную і культурную спадчыну тамтэйшых мясцін. Нездарма яны прыцягваюць да сябе ўвагу шматлікіх турыстаў. Але сёння Навагрудак актыўна жыве і сваім сучасным жыццём. Важна заўважыць, што горад, яго адміністрацыя аператыўна рэагуюць на найноўшыя прапановы ў галіне горадабудаўніцтва. Такія новаўвядзенні лёгка знаходзяць сабе месца ў гарадской інфраструктуры. Як і ў цэлым — у гарадскім жыцці.


Фота belayarus.by

Летам мінулага года, у межах правядзення Рэспубліканскага экалагічнага форуму, у Навагрудку адбылося ўрачыстае адкрыццё гарадскіх вуліц, аснашчаных сістэмай «разумнага» святладыёднага асвятлення. Мадэрнізацыя гарадскога асвятлення была праведзена паводле праекта «Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» («Зялёныя гарады»), які фінансуецца глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Паспрабуем высветліць, наколькі сябе апраўдала гэтае тэхнічнае рашэнне.

На думку Андрэя Леановіча, прадстаўніка кампаніі-падрадчыка, ужо са жніўня 2019-га пазітыўны вынік працы сістэмы «разумнага» асвятлення стаў відавочны. Штомесяц кампанія збірала паказанні з прыбораў уліку па ўсіх свяцільніках і шафах кіравання, фіксавала іх у адпаведнай праграме. Галоўны вынік на сённяшні момант — усе ўсталяваныя свяцільнікі, а таксама іншае абсталяванне працуюць у штатным рэжыме, усё асвятленне цалкам адпавядае патрабаванням санітарна-гігіенічных нормаў.

«Тая сістэма, якая была ў горадзе раней, шматлікім патрабаванням не адпавядала, — гаворыць Андрэй Леановіч. — Сёння ж, пры тым, што мы значна павялічылі асвятленне па ўсім горадзе, асабліва на самых загружаных участках, мы бачым эканомію электраэнергіі. У параўнанні са старымі энергазатратнымі лямпамі гэтая эканомія як мінімум 30%. Абсталяванне працуе па зададзеным графіку — ён мяняецца ў залежнасці ад часу сутак. У зімовую пару, вядома ж, назіраем павышэнне спажывання, што натуральна, бо ў сутках у гэты перыяд больш цёмных гадзін».

Акрамя значнай эканоміі электраэнергіі падрадчык адзначае і шэраг іншых пераваг у працы новай сістэмы асвятлення. Па-першае, гэта бяспека і камфорт.

«Калі вы паглядзіце на гарадскія вуліцы, якія пакуль засталіся са старымі свяцільнікамі, то адзначыце ашаламляльную розніцу ў якасці асвятлення. Па-другое, відавочна яго раўнамернасць. Мы шчыльна папрацавалі з прадстаўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, вывучылі статыстыку. І найбольш аварыйна небяспечныя дарожныя ўчасткі альбо падсвятлілі дадаткова, альбо пакідаем на ноч працаваць асвятленне ў штатным рэжыме. Пры тым, што на іншых участках яно прыглушаецца. Такім чынам, і эканомім, і забяспечваем бяспеку», — адзначае Андрэй Леановіч.

Аляксандр Грыц, намеснік старшыні Навагрудскага выканкама, лічыць, што чаканні ад уводу ў дзеянне сістэмы вулічнага асвятлення апраўдаліся. Па яго словах, асветленасць вуліц адназначна змянілася ў лепшы бок. Раней часцяком былі нараканні па асветленасці асобных участкаў у горадзе, у прыватнасці, скрыжаванняў. Цяпер гэтыя праблемы там, дзе працуе «разумнае» асвятленне, вырашаны. Усё дыстанцыйна кіруецца, лёгка рэгулюецца, сістэма працы вельмі зручная.

«Калі раней усё вырашалася рубільнікам — і горад на ноч апускаўся ў цемру, то цяпер мы ў любы час можам аптымальна рэгуляваць асвятленне. Для нас найлепшы паказчык эфектыўнасці працы — гэта адсутнасць скаргаў з боку насельніцтва. І калі раней на гэты конт былі такія нараканні, то цяпер іх няма, — падкрэслівае Аляксандр Грыц. — Пра эканамічны складнік пакуль казаць не буду, не хачу забягаць наперад. Здзейснім маніторынг на працягу года і потым ужо прывядзем канкрэтныя лічбы».

Пакуль «разумным» асвятленнем ахоплены цэнтральныя гарадскія вуліцы і ўязныя шляхі ў Навагрудак. Але выканкам мае намер працягваць працу па пошуку сродкаў, каб забяспечыць такім жа сучасным асвятленнем увесь горад.

Віктар Таліш, галоўны энергетык Навагрудскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адзначае камфорт пры абслугоўванні новага асвятлення:

«Сістэма ў працы вельмі зручная. Не трэба цяпер па званку на нешта рэагаваць, ездзіць ноччу па горадзе і глядзець, якія ліхтары не гараць. Мы адразу ўсё бачым у ІТ-дадатку і можам аператыўна дыстанцыйна рэагаваць».

Алена Сялевіч, першы намеснік старшыні Навагрудскага выканкама, адзначае важнасць інфармацыйнай працы пры ўкараненні інавацый. Па яе словах, «разумным» святлом ужо цікавяцца не толькі ў Наваградку, але і ў іншых рэгіёнах. І ў выканкаме гатовыя дзяліцца досведам.

Схема «разумнага» асвятлення вуліц Навагрудка

«Мы гатовыя да таго, каб да нас прыязджалі і цікавіліся тымі інавацыямі, якія ўжо ўкаранёныя ў горадзе. Нядаўна правялі на гэтую тэму семінар на базе нашага каледжа, і рыхтуемся да такога ж семінара ў горадзе Лідзе — кажа Алена Сялевіч. — Мы нацэленыя на тое, каб жыхары разумелі, што, як і навошта з’яўляецца ў горадзе. Так, яны бачылі маляўнічае адкрыццё вуліц з «разумным» святлом. Так, яны бачаць, што стала святлей і больш бяспечна. Але хацелася б, каб гараджане яшчэ і эканамічную выгаду разумелі. Так што працу ў гэтым кірунку будзем працягваць».

Па словах Аляксандра Грыца, праца ў сферы энергаэфектыўнасці сумесна з праектам «Зялёныя гарады», сапраўды, будзе працягнутая. Цяпер, напрыклад, ідзе падрыхтоўка да ўстаноўкі «разумных» лічыльнікаў уліку рэсурсаў у двух жылых шматкватэрных дамах.

Акрамя гэтага, у выканкаме высока ацанілі распрацаваную спецыялістамі праекта канцэпцыю трансфармацыі цэнтральнай часткі Навагрудка. Канцэпцыя, мяркуецца, дапаможа зрабіць цэнтр горада больш прывабным як для мясцовых жыхароў, так і для турыстаў.

«Таксама для нас бачыцца важным развіццё веларуху ў горадзе і адпаведнай для яго інфраструктуры. Будзем працаваць у гэтых напрамках, адшукваць сродкі на рэалізацыю новых праектаў», — заключае намеснік старшыні Навагрудскага выканкама Аляксандр Грыц.

Водгукі па сутнасці

Віктар Гаўрош, кіроўца:

— Пра маючую адбыцца замену свяцільнікаў мы ведалі (чыталі ў мясцовай газеце), і адразу заўважылі змены пасля іх мантажу. Жывем мы ў раёне «Паўднёвы Захад», а праца — на іншым канцы горада. Паколькі ўсе навучальныя ўстановы і прадпрыемствы пачынаюць працу ў 8.00, плынь людзей і машын па раніцах велізарная. Яшчэ год таму падчас ранішніх лютаўскіх туманаў разгледзець пешаходаў, якія ідуць на працу або на вучобу ў школу, было вельмі цяжка. Цяпер сітуацыя змянілася, новае асвятленне для нашага горада вельмі актуальнае. Ужо не баішся адправіць дачку ў школу самастойна, бо ўпэўнены, што яна ідзе па асветленай вуліцы.

Андрэй Хмель, намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Аляксандра Салаўёва, Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі, і Сяргей Федчанка, старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта, на цырымоніі адкрыцця гарадскіх вуліц, аснашчаных сістэмай «разумнага» светадыёднага асвятлення

Вольга Савасцюк, пешаход:

— Жыву ў прыватным сектары горада. Вельмі радуюць зменам, якія адбываюцца. Вядома ж, адразу заўважыла на цэнтральных вуліцах горада новыя свяцільнікі. Але яшчэ радуе, што і наш прыватны сектар, які на ўскраіне горада, таксама стаў святлей. Ужо зручна і позна вечарам прайсціся пешшу. Спадзяемся, з часам усе невялікія вуліцы таксама лепш будуць асвятлены.

Каментар Івана Філюціча, эксперта па энергаэфектыўнасці праекта «Зялёныя гарады»:

— Мы лічым, што досвед, атрыманы Навагрудкам пры мадэрнізацыі вулічнага асвятлення, будзе карысны і іншым беларускім гарадам. Усяго ў Беларусі эксплуатуецца не менш за 500 тысяч свяцільнікаў вулічнага асвятлення, і сумарнае спажыванне імі электраэнергіі складае адчувальную велічыню — дзясяткі мільёнаў кілават-гадзін у год. Значная частка названага абсталявання мае патрэбу ў мадэрнізацыі. А паслядоўнае павышэнне энергаэфектыўнасці вулічнага асвятлення з укараненнем сучасных святлодыёдных свяцільнікаў і сістэм аўтаматычнага кіравання дазволіць як знізіць спажыванне электраэнергіі і, такім чынам, выдаткі мясцовых бюджэтаў, так і павысіць узровень бяспекі і камфорту на вуліцах нашых гарадоў.

Уладзімір Міхайлаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».