Вы тут

Юбілей Молчана: Новыя дыскі і два канцэрты


Напярэдадні 55-гадовага юбілею кампазітара Алега Молчана адбылася прэзентацыя новых дыскаў маэстра, выдадзеных фірмай «Мелодыя».


Прыхільнікам творчасці кампазітара і журналістам, якія сабраліся ў прасторнай залі аднаго з мінскіх гатэляў, была прадстаўлена выстава фатаграфій, канцэртных касцюмаў, інструментаў, рукапісных клавіраў, нотных і CD-выданняў Алега Молчана. Сярод экспанатаў — і яго ўзнагароды: медаль Францыска Скарыны і Залаты медаль Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці.

СD-дыск «Ірына Відава і Алег Молчан. На адной хвалі», вінілавая пласцінка і двайны СD-дыск «Алег Молчан «Песняры» Песні апрацоўкі» папоўнілі дыскаграфію вядомага творчага і сямейнага дуэта.

Дзякуючы гэтаму саюзу створана некалькі дзясяткаў прыгожых сучасных песень, якасць якіх праверана часам: яны па-ранейшаму гучаць у эфіры радыё і тэлебачання. Гэта і не дзіўна, бо яны пра каханне, пра тое, як два чалавекі жывуць на адной хвалі. «Усе песні — з жыцця, — сказала ўдава кампазітара. — У нас сапраўды так было, што я толькі падумаю патэлефанаваць Алегу, а ён ужо сам выходзіць на сувязь». Менавіта пра гэта песня, якая дала назву ўсяму альбому.

«Пасля смерці Алега я некалькі памяняла канцэпцыю альбома. Цяпер гэта ўжо не мой альбом, а наш, я дадала песню «Талісман», якую выконваю ў дуэце з Алегам. На вокладцы таксама мы ўдваіх. Гэты альбом — маё пасвячэнне Алегу», — сказала Ірына Відава.

У рэжыме відэасувязі да мінскіх удзельнікаў прэс-канферэнцыі далучыўся генеральны дырэктар «Фірмы Мелодыя» Андрэй Крычэўскі. Ён распавёў, што прыкладна за паўгода да 50-годдзя «Песняроў» кампазітар прапанаваў «Фірме Мелодыя» адзначыць гэтую падзею выпускам дыскаў. Кіраўніцтва кампаніі ідэю падтрымала і канкрэтызавала: на падвойным CD-альбоме будуць выдадзены песні Алега Молчана, створаныя для «Песняроў». Таксама было вырашана выдаць калекцыйны вінілавы дыск. Тым больш, што мода на іх вяртаецца.

Ірына Відава нагадала цікавы факт з біяграфіі мужа. Аказваецца ўпершыню на «Мелодыі» ён запісваўся яшчэ ў школьныя гады. Тады ён спяваў у знакамітым хоры хлопчыкаў сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры Белдзяржкансерваторыі пад кіраваннем Ігара Жураўленка.

«Некалі «Песняры» запісалі на «Мелодыі» дзясяткі дыскаў, якія выходзілі мільённымі тыражамі, у тым ліку і «Залаты дыск» — была такая вышэйшая ўзнагарода для самых папулярных савецкіх артыстаў», — растлумачыў заслужаны артыст БССР Анатоль Кашапараў. Ён падзякаваў «Мелодыі» за тое, што і цяпер кампанія не забывае беларусаў.

«Гэтыя альбомы даўно чакаюць прыхільнікі «Песняроў», у нас пыталіся пра іх у Расіі, Германіі і ЗША, — сказаў спявак Вадзім Касенка. — Алег Молчан, безумоўна, стварыў шэдэўры для «Песняроў», а ўсе яго аранжыроўкі, напісаныя ў 90-я гады, і цяпер гучаць вельмі сучасна».

Андрэй Крычэўскі падкрэсліў, што выданне альбомаў, а таксама вінілавага дыска не толькі даніна сяброўству, але і камерцыйны праект. Плануецца ўсе дыскі выкласці на платныя лічбавыя пляцоўкі. «Алег Молчан — вялікі, моцны кампазітар, значны чалавек у музычнай гісторыі Беларусі, і вельмі важна, каб пра гэта ведалі і памяталі», — рэзюмаваў генеральны дырэктар «Мелодыі».

Зрэшты, не толькі ў Беларусі. Алега Молчана добра ведаюць на постсавецкай прасторы як кампазітара і грамадскага дзеяча, які абараняе аўтарскія правы. Менавіта таму ў 2018 годзе яго абралі прэзідэнтам Еўразійскай канфедэрацыі таварыстваў праваўладальнікаў.

Вадзім Касенка нагадаў, што кар’ера Алега Молчана як віртуознага джазавага піяніста і таленавітага кампазітара пачалася да «Песняроў», і таксама паспяхова працягнулася пасля сыходу з калектыву. За дваццаць «постпесняроўскіх» гадоў кампазітар напісаў выдатныя песні для многіх беларускіх артыстаў.

«Людзі нікуды не сыходзяць, яны проста мяняюць форму жыцця, — сказаў Андрэй Крычэўскі. — Для мяне Алег не сыйшоў. Так, з ім цяпер нельга пагутарыць, але гучаць яго песні — так працягваецца яго жыццё». І ў гэтым вялікая заслуга Ірыны Відавай. Цяпер кожны дзень яе жыцця яшчэ больш, чым раней, прысвечаны Алегу Молчану.

«Здаецца, што ён заўсёды побач, — кажа спявачка. — Я разбіраю ноты, працую з архівам, слухаю музыку, праглядаю відэа». За даволі невялікі перыяд часу Ірына Відава сабрала артыстаў для запісу двух канцэртаў памяці мужа. Адзін з іх — «Алег Молчан — 55» пакажуць у дзень нараджэння Маэстра — 11 красавіка ў 21.05 па тэлеканале «Беларусь 3», другі — з твораў харавой музыкі —18 красавіка.

А завяршылася прэзентацыя дыскаў міні-канцэртам, на якім выступілі Ірына Відава, Анатоль Кашапараў і Вадзім Касенка.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Таццяны Матусевіч, Аляксея Смольскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».