Вы тут

Ланцужок гонару: нам ёсць што перадаць нашчадкам


Памяцi не становiцца меней. Яна ў фотаальбомах, лiстах, дакументах, што перадаюцца праз пакаленнi. Яна ў партрэтах, якiя дзецi прыносяць у школы i з гонарам апавядаюць пра сваiх дзядоў-ветэранаў. Яна ў пошуках, якiя не спыняюцца нават праз 75 гадоў пасля заканчэння вайны...


Лiсты з 1944-га.

Прывiтанне з 1944-га

Мiкалай Мiнец беражлiва раскладае ваенныя лiсты-трохкутнiкi. Iх у 1944 годзе пiсаў яго родны дзядзька: вестачкi з фронту iшлi штотыдзень. Кожная — са словамi падтрымкi блiзкiм, поўная надзей на Перамогу, на хуткую сустрэчу, на новае жыццё. «Перадаю прывiтанне ўсiм, хто мяне ведае, памятае i шануе», — пiсаў маладзенькi баец Мiхаiл Цераховiч сваiм мацi i сястры. Цi мог ён ведаць, што i праз дзясяткi гадоў гэтыя радкi з хваляваннем будуць перачытваць яго сваякi, ганарыцца юным героем i спадзявацца, што сувязi не страчаны.

Мiшу прызвалi на ваенную службу, калi Беларусь ужо была вызвалена i Чырвоная Армiя iмклiва пераможна прасоўвалася на захад. Па лiстах родныя маглi сачыць за перамяшчэннем часцi, дзе служыў хлопец: з баямi дайшоў да Брэста, далей былi Польшча, Лiтва, Кёнiгсберг. Апошняе прыйшло вiншаванне з Новым годам. А далей цiшыня. Родныя адмаўлялiся верыць паведамленню, што баец «прапаў без вестак», працягвалi шукаць, рабiць запыты ў розныя iнстанцыi...

Адказ прыйшоў толькi ў 1979 годзе ад юных чырвоных следапытаў з вёскi Лiпнякi Праўдзiнскага раёна Калiнiнградскай вобласцi. Шасцiкласнiк Саша Рагажынскi пiсаў: «Па звестках, якiя ў нас ёсць, Ваш сын Цераховiч Мiхаiл Рыгоравiч загiнуў 27 студзеня 1945 года i пахаваны на брацкiх могiлках, якiя знаходзяцца на тэрыторыi нашага саўгаса, разам са 170 iншымi воiнамi. Паведамляем Вам, што мы ўвесь час даглядаем брацкую магiлу, саджаем кветкi. Кожны год
9 мая збiраецца многа народу на ўрачыста-жалобны мiтынг для ўскладання вянкоў, разам з дарослымi заўсёды бываем i мы. Абяцаем Вам, што брацкая магiла заўсёды будзе ў добрым стане, на ёй будуць заўсёды кветкi, а мы нiколi не забудзем iмёны, што высечаны на ўсталяваных плiтах брацкай магiлы ў нас i ў iншых месцах, усiх тых, хто аддаў жыццё за тое, каб мы добра жылi».

«На жаль, бабулi на той час было ўжо шмат гадоў, i яна не змагла наведаць магiлу сына», — расказвае Мiкалай Сцяпанавiч i дастае фатаграфii Мiшы, бабулi, дзядулi. За гэтымi карткамi — няпросты лёс сям'i з вёскi Семежава. Можна згадаць i пра падзеi 1919—1920 гадоў, i пра 1937 год, калi дзядуля быў рэпрэсаваны нiбыта «за сувязь з палякамi». Да 1947 года ён знаходзiўся ў Магаданскай вобласцi на залатых прыiсках i зусiм нiчога не ведаў пра сваiх родных, пра тое, што страцiў сына...

Захоўваць памяць i перадаваць яе наступным пакаленням стала сямейным абавязкам. Летась Мiкалай Мiнец разам з сынам наведаў Калiнiнградскую вобласць. Узялi машыну напракат i па навiгатары дабралiся да Лiпнякоў. Iм нават пашчасцiла адшукаць таго самага «чырвонага следапыта» Аляксандра Рагажынскага, якi суправаджаў гасцей з Беларусi да брацкай магiлы. Мужчыны многа размаўлялi, абмянялiся тэлефонамi, дамовiлiся сустрэцца 9 Мая. I калi не сёлета (з-за праблем з каранавiрусам), то налета Мiкалай Сцяпанавiч хоча прывезцi сюды ўсю сваю сям'ю, наведаць краязнаўчы музей, прайсцiся па мясцiнах баявой славы i, калi атрымаецца, больш даведацца пра тое, што адбывалася на калiнiнградскай зямлi ў пачатку 1945 года.

Мiша Цераховiч назаўсёды застаўся малады.

Для яго сям'i гэта не адзiная справа памяцi. Бацька Мiкалая Сцяпанавiча прайшоў усю вайну. Сцяпана Дзмiтрыевiча прызвалi ў войска ў 1939 годзе. Служыць у тыя часы трэба было тры гады — ваенныя выпрабаваннi ў залiк не iшлi, — i ён яшчэ дабываў свой тэрмiн пасля Перамогi. Пабываў у самых гарачых баях (узнагароджаны медалём «За баявыя заслугi», ордэнам Чырвонай Зоркi, медалямi «За абарону Каўказа», «За Перамогу над Германiяй у Вялiкай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў», «За ўзяцце Вены») i, як многiя франтавiкi, не любiў апавядаць пра вайну. I толькi 9 Мая, калi яны з суседам, таксама ўдзельнiкам Вялiкай Айчыннай, успамiналi тых, каго страцiлi, i на суровых мужчынскiх тварах з'яўлялiся слёзы, можна было зразумець, праз якi боль i жах прайшлi гэтыя людзi.

Сёння ў многiх сем'ях шкадуюць, што не паспелi лепш распытаць блiзкiх. Каштоўнасць такiх ведаў не адчувалася тады, калi ветэранаў было многа — цi не з кожнай сям'i нехта быў на вайне. Ды i хто ж ведаў, што хутка блiзкiх можа не стаць i распытаць ужо не будзе каго...

«Бацька рана сышоў, на 51-м годзе жыцця. У нас захавалася фатаграфiя, на якой ён на зборах як афiцэр запасу разам са сваiмi равеснiкамi. Памятаю, як ён, трымаючы гэты здымак, згадваў, каго з тых людзей не стала. Многiя вярнулiся з вайны пасля раненняў, кантузiй, з сур'ёзнымi праблемамi са здароўем, але хто тады пра гэта думаў», — згадвае Мiкалай Мiнец.

Сучасныя тэхналогii дазваляюць вяртаць памяць пра ваенныя падзеi. Шмат iнфармацыi выкладаецца ў iнтэрнэце, i за гэтым сям'я Мiнцаў уважлiва сочыць, а даведку з Цэнтральнага архiва Мiнабароны Расiйскай Федэрацыi, якая пацвярджае ўсе ўзнагароды гвардыi старшага сяржанта Мiнца Сцяпана Дзмiтрыевiча, якi служыў у разведцы 49-й гвардзейскай цяжкай гаўбiчнай артылерыйскай брыгады, тут будуць захоўваць i перадаваць нашчадкам як адну з найважнейшых сямейных каштоўнасцяў.

Сямейная арыфметыка

«Памножце на 40. Столькi чалавек у нашай сям'i захоўвае памяць пра падзеi Вялiкай Айчыннай! I гэта толькi ўнукi», — падзялiўся Аляксандр Падзера, калi прынёс у рэдакцыю матэрыялы пра сваiх родных. На гэтых гiсторыях пра чалавечую годнасць, трыванне i мужнасць выхоўваюцца нашчадкi. I хочацца верыць, што надалей яны будуць толькi множыць гэту памяць ужо сярод сваiх дзяцей.

У Алены i Тараса Кiрдуноў з вёскi Птушычы было шэсць дачок i чацвёра сыноў. Старэйшы, Сцяпан, працаваў у Дараганаўскiм ляснiцтве, там жа змагаўся ў партызанскiм атрадзе, незадоўга да вызвалення захварэў на сухоты i пратрымаўся нядоўга.

Другi сын, Арцём Тарасавiч, калi пачалася вайна, узначальваў калгас. Каб дабро не дасталася акупантам, скацiну раздалi калгаснiкам, сабраны ўраджай размеркавалi па сем'ях. I не пазбегнуць бы такому кiраўнiку варожага пакарання — яго лавiлi некалькi разоў, каб завесцi на расстрэл, — ды толькi ўвесь час яму ўдавалася ўцячы. У асабiстым лiстку па ўлiку партызанскiх кадраў (Арцём Кiрдун служыў у атрадзе iмя Дзяржынскага, што дзейнiчаў на тэрыторыi Асiповiцкага раёна) адзначана, што ён паказаў сябе як смелы i баявы партызан. Удзельнiчаў ва ўсiх баях i засадах атрада, падрывах чыгункi i варожага эшалона. Карыстаўся аўтарытэтам сярод таварышаў.

Асабiсты лiсток па ўлiку партызанскiх кадраў Арцёма Кiрдуна.

У партызанах была i ўся сям'я Арцёма Тарасавiча — жонка, чатыры дачкi i два сыны. У адным з баёў быў забiты яго сын Аляксандр, жонка была схоплена фашыстамi i прайшла праз канцлагеры ў Асiповiчах i Бабруйску, а пасля яе вывезлi ў Германiю. У лiпенi 1945-га пасля ўсiх выпрабаванняў яна вярнулася на радзiму, а ў кастрычнiку таго ж года стала ўдавой: мужа забiлi бандыты, якiх у пасляваенныя гады багата хавалася па лясах.

Яшчэ два браты служылi ў Чырвонай Армii. Рыгор Волгiн (хлопец змянiў прозвiшча Кiрдун, бо палiчыў, што яно не пасуе афiцэру) закончыў Мiнскае пяхотнае вучылiшча i Ваенна-iнжынерную акадэмiю РСЧА iмя Куйбышава i, як пачалася вайна, падаў рапарт на фронт. Сям'я захавала лiст, якi прыйшоў ад Рыгора ў жнiўнi 1943 года. «Вось ужо як 36 дзён мы знаходзiмся ў няспынных баях. За гэты час мы змаглi разбiць нямецкiя полчышчы... наступаем на захад. Ужо прасунулiся больш чым на 10 км. Мы прайшлi сотнi вёсак, усе яны пустыя. Немцы пры наступленнi ўвесь народ пагналi на Захад, але iм не ўдалося iх угнаць. Штодзень мы адбiвалi гэтых пакутнiкаў ад фашысцкiх вылюдкаў, i яны чародамi вяртаюцца ў свае вёскi, цягнуць з сабой свой скарб...» За выдатнае выкананне баявых заданняў, за праяўленыя мужнасць i гераiзм афiцэр быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi i тройчы ордэнам Чырвонага Сцяга. Але яму не давялося ўбачыць Перамогу — ён загiнуў у баях у Закарпаццi ў лiстападзе 1944 года.

Малодшы з братоў Iван Кiрдун з пачатку вайны выконваў разам з байцамi адказныя баявыя заданнi па абароне стратэгiчных нафтавых аб'ектаў Баку i Грознага. У хуткiм часе яго прызначылi намеснiкам камандзiра дывiзiёна па палiтчастцы...

Нялёгкiм аказалася i жыццё сясцёр Кiрдун. Дзве з iх праводзiлi сваiх мужоў на фронт. Агрыпiна стала ўдавой у 1944-м, i ёй давялося адной гадаваць траiх маленькiх дзяцей i даглядаць паралiзаваную свякроў, а да Кацярыны муж вярнуўся iнвалiдам. Сем'i Наталлi i Марыi былi ў партызанскай зоне, а Веры i Ганне давялося перажыць цяжкiя гады акупацыi з маленькiмi дзецьмi на руках.

Iван Кiрдун.

Дачка Марыi Алена Вiнаградава падзялiлася ўспамiнамi сваёй мацi: «У той час уся халастая моладзь баялася аднаго — угону ў Германiю. Адзiным выйсцем было замужжа. Да вайны ў вёсцы стаяла падраздзяленне кавалерыйскай казачай дывiзii, салдаты якой трапiлi ў палон. У першыя тыднi вайны палонных можна было выкупiць. I бабуля з мамай сабралi няхiтры скарб — палатно, сала i iншыя прадукты — i пайшлi дамаўляцца. Дамовiлiся. Мужам мацi стаў прыгажун Павел, кубанскi казак. Разам яны сышлi ў партызанскую зону. А праз год цi крыху больш мая мацi стала ўдавой. У 1943 годзе ў партызанскай зоне яна нарадзiла сына Рыгора. I пачалася блакада. Ратавацца ад карнiкаў можна было толькi ў балоце. Раптам хлопчык закрычыць, раптам выдасць? Але малы быццам разумеў, што ад яго залежыць жыццё дзясяткаў людзей, маўчаў. Седзячы па шыю ў балотнай жыжцы, маці ўздымала i трымала на выцягнутых руках самы дарагi скрутак у яе жыццi. А часам з гэтай жыжы тырчаў толькi нос малога — каб мог дыхаць. Усё гэта адбiлася пазней, пасля вызвалення: маленькi Грыша ледзь не памёр ад халеры, а маму два гады трэсла малярыйная трасца. Але ўрэшце ўсё скончылася. Мама сустрэлася з Емяльянам Шурпачом, падпольшчыкам, журналiстам, якi ўдзельнiчаў у выданнi на востраве Зыслаў газеты «Звязда», i яны пажанiлiся... Мама згадвала, як успрынялi вестку аб Перамозе, — што моцна крычалi i ўголас плакалi. Я не разумела, як можна плакаць i крычаць у такi радасны момант. А цяпер разумею — абдымкi i ўсеагульная радасць былi пазней. А першы прыйшоў боль. Нястрыманы i нечалавечы. Так можа балець душа ад вялiкага гора i вялiкай несправядлiвасцi. За тых, хто не дажыў, хто не пачуў такое самае жаданае, выпакутаванае, заваяванае коштам мiльёнаў жыццяў слова «Перамога».

Падрыхтавала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

«Наперадзе ў нас яшчэ шмат добрых важных спраў»

На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек. 

Грамадства

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

«Мы, грамадзяне Беларусі, з гонарам і ўпэўненасцю глядзім у заўтрашні дзень»

Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах. 

Прэзідэнт

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

Як беларусы сустракалі прэзідэнцкі картэж у дзень інаўгурацыі?

«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».