Вы тут

Шмат помнікаў ахвярам вайны стаіць у нашых лясах. Іх даглядаюць мясцовыя жыхары, леснікі, сельвыканкамы


Месяцы са два таму ў вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна расказалі гісторыю, якая вельмі кранула. Адзін падарожнік, які аказаўся расійскім бізнесменам, убачыў у лесе помнік. Яго так уразіла, што сціплы абеліск за пяць кіламетраў ад населенага пункта не закінуты і не зарослы бур'яном, а дагледжаны і добраўпарадкаваны, што выпадковы госць захацеў неяк адзначыць гэтых людзей. У выніку сельскі Дом культуры атрымаў спонсарскую дапамогу на новае ўбранне сцэны. Тое, што для нас выглядае паўсядзённым і натуральным, на старонні погляд здалося асаблівым.


Сціплыя абеліскі

На брацкай магіле каля вёскі Ор.

Такім помнікам, што стаяць часта нават у глыбіні лясоў, дакладна, мусіць, ніхто не ведае лік. Сярод іх сустракаюцца цікавыя аўтарскія работы, шмат тыповых савецкіх манументаў другой паловы ХХ стагоддзя, але найбольш простых, прымітыўных, якія нярэдка ўстанаўлівалі самі жыхары. Ды за
кожным з іх — свая гісторыя, трагедыя, свае ахвяры. Тыя з помнікаў, якія даводзілася бачыць аўтару гэтых радкоў у розныя гады, выклікаюць пэўны гонар за суайчыннікаў, бо людзі не пакідаюць разбурацца знакі памяці, не забываюць прыходзіць да іх, даглядаюць, падтрымліваюць.

Вось, напрыклад, сціпленькі невялічкі помнік за вёскай Субаты Маларыцкага раёна. Яго многія і многія гады даглядала жыхарка гэтай вёскі Надзея Вакульская. Пра яе аўтару гэтых радкоў расказала Вольга Букач:

 — Надзя, пакуль жыла, хадзіла туды. Ногі ўжо балелі, але ўсё роўна хадзіла. Там амаль палова яе сям'і пахаваная.

Ад Надзеі Іосіфаўны і ведалі землякі гісторыю той фашысцкай «прафілактыкі». Вёска Субаты знаходзіцца ў лесе, такіх жыхароў заўсёды падазравалі ў сувязі з партызанамі. А праверыць вырашылі асаблівым чынам. Прыехаў карны атрад. Выводзілі з кожнай хаты сям'ю і звяралі наяўных яе членаў са спісам. Калі дома не аказвалася кагосьці з мужчын, аўтаматычна лічылася, што ён ваюе ў рэгулярнай арміі альбо ў партызанскім атрадзе. Такую сям'ю выводзілі ў лес амаль за кіламетр ад вёскі і забівалі, у тым ліку старых і малых... Помнік на тым месцы паставілі вельмі даўно. Пазней прымацавалі мемарыяльную таблічку.

На вялікай брацкай магіле растуць шматгадовыя кветкі. Іх пасадзіла яшчэ Надзея Вакульская. Але яе няма ўжо тры гады, і помнік даглядае Чарнянскі сельскі Савет. Агароджа блішчыць свежай фарбай, вакол чысценька.

Адсюль да кобрынскай вёскі Ор напрасткі ўсяго кіламетраў дзесяць. Ва ўрочышчы Ор у глыбіні лесу таксама ўстаноўлены помнік на брацкай магіле. Мяркуючы па таблічцы, тут пахаваныя афіцэры, салдаты, партызаны, якія загінулі ў 44-м пры вызваленні. Але ж мясцовыя жыхары расказвалі, што пахаванні пачаліся яшчэ летам 41-га, калі ў вёску толькі зайшлі немцы. Акупанты знайшлі некалькі чырвонаармейцаў, якія не паспелі за часцю, і расстралялі. Потым тут хавалі партызан, якія гінулі ў перастрэлках у 1942—1943 гадах. А ў сакавіку 44-га былі асабліва жорсткія баі. Страты неслі абодва бакі. Немцы таксама хавалі сваіх, а ў іх яшчэ ваявалі мадзьяры, румыны, харваты. Потым, пасля раставання снегу, мясцовыя жыхары знаходзілі трупы людзей і асабліва не разбіралі, свой ці чужы,  — закопвалі на месцы. Ведалі: Богам залічыцца.

І ўжо пасля вайны правялі перапахаванне. Дзе помнілі — адкопвалі, звозілі ўсіх у адно месца, хавалі. Яшчэ пазней паставілі абеліск. Яго даглядала не адно пакаленне школьнікаў. Цяпер помнік і прылеглую тэрыторыю падтрымліваюць у парадку сельскі Савет і лясніцтва.

Нахіленыя крыжы

Крыжы, якія падаюць

Работнікі Нікарскага лясніцтва Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» даглядаюць унікальны помнік ахвярам фашызму. «Крыжы, якія падаюць»  — так ён называецца. Сёлета будзе сорак гадоў, як узвялі гэтую кампазіцыю па праекце польскіх архітэктараў. Першы раз мне давялося ўбачыць гэты помнік зімой. На фоне белага снегу нахіленыя крыжы глядзяцца вельмі незвычайна. Што цікава, з розных бакоў вялізныя бетонныя стэлы выглядаюць па-рознаму. Калі глядзець прама, яны падобныя да слупоў і перакладзін. Ступіш крок улева або ўправа  — здасца, што манумент нахілены ўперад, а глянеш на яго збоку  — узнікае аптычны эфект, што крыжы вось-вось упадуць на зямлю.

Тут расстралялі больш за сто вяскоўцаў. Равок крыху воддаль за крыжамі да гэтай пары прыкметны  — тут і знайшлі спачын нявінныя людзі. Іх закатавалі ў пачатку жніўня 1941 года. Не раз адзначалася, што ў іншых месцах акупанты пачалі лютаваць пазней, калі адчулі супраціўленне насельніцтва, калі сталі нагадваць пра сябе партызаны. А тут, толькі прыйшлі, пачалі забіваць мясцовых актывістаў, а разам з імі і тых, хто пад руку трапляў. Людзей зганялі ў лес некалькі дзён, а з лесу яны ўжо не вярталіся. Жыхарка Белага Ляска Вольга Улезла расказвала, як яе сваячка трапіла пад аблаву за тое, што спявала ў вясковым клубе. Яна мела вельмі добры голас, а яшчэ гадавала малое дзіця. Тая самадзейная артыстка таксама ў брацкай магіле...

Сярод забітых — найбольш жыхароў вёскі Белавежа і суседніх паселішчаў, якія пасля вайны сталі тэрыторыяй Польшчы. Брацкая магіла жыхароў суседняй вёскі Чадзель Пружанскага раёна цяпер таксама знаходзіцца ў Польшчы. Такія вось зігзагі гісторыі... Раней, калі пагранічны рэжым быў бязвізавы для абодвух бакоў, раз на год і там, і тут ладзіліся памінальныя мерапрыемствы. Да родных магіл хадзіла шмат людзей з адной і другой дзяржаў. Потым працэдура стала больш складаная, а мерапрыемствы  — больш сціплыя. Але ж 2-га жніўня, у дзень расстрэлу, каля крыжоў, як правіла, збіраюцца людзі.

Вось толькі крыжы даўно зачакаліся рамонту. Гэта намерваліся зрабіць яшчэ ў 2014 годзе, але адклалі. Такім чынам, помнік ні разу з часоў пабудовы грунтоўна не рамантаваўся. Як сказаў карэспандэнту «Звязды» Аляксандр ПЕКАЧ, ляснічы Нікарскага лясніцтва, у многіх месцах бетон пачаў разбурацца:

 — Цяпер ёсць тэхналогіі. Патрэбны будаўнічы клей, іншыя матэрыялы, спецыялісты ведаюць, якія. Але, як я разумею, не хапае сродкаў. Крыжы паступова разбураюцца. Што ад нас залежыць, мы робім, парадак падтрымліваецца. Мы і пра суседні сціплы абеліск двум партызанам не забываем. Яго падфарбоўваем, косім траву ў наваколлі.

Вогненная вёска Лескі

Пра тое, што ў глыбіні лесу, далекавата ад шашы, ёсць вёска, чалавеку несвядомаму і здагадацца было б цяжка. Але Лескі Камянецкага раёна — менавіта такая вёска. Гэта адна з вогненных вёсак Беларусі. Яе лёс у многім вызначыла месцазнаходжанне: карнікі лічылі такія паселішчы патэнцыйна небяспечнымі, магчымымі ачагамі партызанскага руху. Таму 4 мая 1943 года ўсіх жыхароў сагналі на край сяла, на ўзлесак, і расстралялі. Хаты спалілі. Выратавацца ўдалося адной маленькай дзяўчынцы. Паліцай, знаёмы ці родзіч яе бацькоў, схаваў дзіця на возе з сенам, а потым вывез. На помніку, узведзеным у 80-я гады, высечаны прозвішчы бязвінных ахвяр. Тут цэлыя сем'і па пяць, восем, дванаццаць чалавек, усе пакаленні: прабабулі, бабулі, маці, дзеці-немаўляты... Цяпер, у гадавіну трагедыі, тут збіраюцца вяскоўцы, прыязджаюць далёкія сваякі загінулых. У 2013—2014 гадах помнік адрамантавалі за кошт раённага бюджэту. Найперш спілавалі старыя дрэвы, вільгаць з якіх трапляла на абеліск і спрыяла яго разбурэнню. Сам помнік атынкавалі і пафарбавалі. Вакол паклалі новую плітку, зрабілі дарожкі, паставілі лаўкі. Лескі пасля вайны адрадзіліся. Праўда, жыхароў цяпер засталася жменька. Улетку, вядома, бывае весялей, прыязджаюць нашчадкі былых лескавічан. Іх дзеці бяруць удзел у доглядзе помніка.

Граб з шасцю стваламі

І яшчэ пра адзін не зусім звычайны помнік хочацца сказаць. Ён знаходзіцца недалёка ад Брэста, паміж вёскамі Радванічы і Франопаль. Тутэйшы лес называюць Шчэбрынскім. Таблічка на просценькім абеліску паведамляе, што на гэтым месцы быў расстраляны партызанскі разведчык Іван Гаўрылюк з сям'ёй. Гэта праўда. Але не ўся. Сапраўды, ляснічага Івана Аляксандравіча Гаўрылюка з жонкай і малым сынам па-зверску забілі. Але пазней стала вядома, што тады забілі яшчэ адну сям'ю: Пятра Белавежу з жонкай і сынам. Пра іх даведаліся пасля таго, як паставілі помнік. А прырода, выходзіць, сама ўвекавечыла памяць усіх ахвяр, бо побач з магілай вырас граб з шасцю стваламі — хутчэй за ўсё, у адно сышліся некалькі дрэў, якія потым шчыльна зрасліся камлямі. Кожны ствол, нібы нага, абапіраецца на зямлю, далей, угары, дрэвы трохі разыходзяцца адно ад аднаго і цягнуцца ў неба, нібы нясуць на сабе душы загінулых.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Маларыцкі, Кобрынскі, Пружанскі, Камянецкі, Брэсцкі раёны

Загаловак у газеце: Гэта трэба жывым

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.