Вы тут

Развiццё падзей праз COVID-19 ужо паказана ў кiно


Апошнiм часам адным з самых папулярных у анлайн-гледачоў запытам, якiмi звычайна становяцца, скажам, кiнанавiнкi альбо папулярныя серыялы ад HBO цi Netflix, была фантастычная карцiна 2011 года Стывена Содэрберга. Чаму раптам праз амаль дзесяць гадоў? І таму што ў фiльме тыя ж невядомы вiрус, маскi, пустыя палiцы ў крамах, пазбяганне кантактаў, закрытыя гранiцы, распрацоўка вакцыны, іншымі словамі, усё тое, што адбываецца цяпер у рэальнасцi, толькi па-мастацку гiпербалiзаванае.


I нават Кiтай як крынiца распаўсюджвання, i нават, уявiце, кажан — аўтары карцiны «Заражэнне» ў пэўным сэнсе прадказалi наш 2020-ы. Сачыць за гэтай фантазiяй, якая сёння спраўджваецца лiтаральна на вачах, надзвычай займальна, i рабiць гэта можна на стрымiнгавых платформах альбо проста ў сецiве.

Сцiвен Содэрберг, мiж iншым, — уладальнiк «Оскара» як найлепшы рэжысёр за фiльм «Трафiк» i аўтар досыць вядомых карцiн «Секс, хлусня i вiдэа», «Эрын Брокавiч», трылераў «Адзiнаццаць...», «Дванаццаць...» i «Трынаццаць сяброў Оўшэна», карацей, рэжысёр папулярны. I акцёраў ён выбiрае таксама вядомых — у адным толькi «Заражэннi» задзейнiчаны Гвiнэт Пэлтроу, Мэт Дэйман, Марыён Кацiяр, Джуд Лоу, Кейт Уiнслет, Лорэнс Фiшбёрн ды iншыя.

Рэжысёр паказвае адну працяглую здагадку, што адбывалася б у свеце, калi б у iм раптам стаў iмклiва распаўсюджвацца смяротны, дагэтуль невядомы вiрус. Праўда, асноўным месцам дзеяння з'яўляюцца, вядома ж, ЗША, вакцыну самаахвярна ствараюць таксама ў ЗША, а пагроза прыходзiць з Кiтая, што можа быць паказальным, бо ў масавым галiвудскiм кiно крынiца небяспекi часта адлюстроўвае актуальны парадак дня. Меркаванне пацвярджаецца тым, што ўрэшце кiтайцы бяруць у палон прадстаўнiцу Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя, каб iм хутчэй даслалi вакцыну, якая б выратавала жыхароў iх роднай вёскi, — Кiтай такiм чынам выглядае скрозь драбнавата-адмоўным. А тут бач як атрымалася: ужо рэальны каранавiрус сапраўды пайшоў з гэтага рэгiёна.

Згодна з сюжэтам усё пачынаецца з некалькiх хворых у розных гарадах, якiя мусяць быць нейкiм чынам звязаныя, — адна з гераiнь прылятае з Ганконга дадому ў ЗША i хутка памiрае. Невядомая хвароба пачынае распаўсюджвацца, спецыялiсты збiраюць нарады, прадстаўнiк СААЗ адпраўляецца ў Кiтай, блогер хайпуе i зарабляе на рэкламе лекаў, бiёлагi мiж тым шукаюць сапраўдную вакцыну.

Гэты натуральны ланцужок падзей дапаўняе рэакцыя звычайных людзей, што праз блiзкую пагрозу разышлiся ўшчэнт, — крамы абрабавалi, у закрытыя ўжо кавярнi забралiся, за паёк пабiлiся. Вулiцы запоўнiлiся смеццем, прадукты сталi недаступныя, жыхары гарадоў «страцiлi» вясну, лета, а часам i сумленне i так далей. Распаўсюджанне хваробы стала нагодай на цалкам рэалiстычнай аснове стварыць напалову апакалiптычны свет, i ён выглядае праўдзiвым.

Так, вiрус у «Заражэннi» — на патрэбу вiдовiшчнасцi i драматычнасцi даволi крыважэрная i бескантрольная з'ява, пра COVID-19 нечага настолькi ж кардынальнага зняць было б нельга, i дзякуй богу. Але, тым не менш, нават калi сённяшняя сiтуацыя па насычанасцi не дацягвае да сiтуацыi ў карцiне Содэрберга, памiж iмi шмат агульнага. Аб гэтае агульнае — акцэнты на дотыках, «шпiталi» ў спартыўных залах, абмеркаванне закрыцця школ i хто будзе сядзець з дзецьмi — ты ўвесь час спатыкаешся.

«Заражэнне», як i сённяшняя рэальнасць, паказвае тонкую мяжу памiж цывiлiзаванасцю i нецывiлiзаванасцю, а ў адлюстраванае вар'яцтва ўкрапляе адэкватных, высакародных i нават самаахвярных людзей. Некалькi раўнапраўных герояў — на iх рэжысёр зрабiў акцэнт i запрасiў на ролi ў тым лiку згаданых ужо вядомых акцёраў — паказваюць, наколькi адрозныя тыпы паводзiн праяўляюць сябе ў крытычнай сiтуацыi. Мы нешта падобнае, толькi ўвасобленае ўжо ў тысячах галасоў, бачым i сёння — вось таксама прычына, чаму «Заражэнне» выглядае прадбачаннем, няхай i нескладаным.

У Содэрберга па законах папулярнага кiно ўсё канчаецца адносна добра — хэпi-энд увасабляецца ў надзеi, якую дае старт продажу вакцыны. Гэта таксама пераклiкаецца з рэальнасцю — цяпер трэба знайсцi прадказальна-фантастычны фiльм аб тым, што адбываецца ў свеце ўжо пасля пандэмii.

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Загаловак у газеце: Заразiцца i забыцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.