Вы тут

Вайна і палон, гісторыя і памяць. Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Юрый Папоў ужо больш за 20 гадоў даследуе гэтыя тэмы


Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання Юрый Папоў ужо больш за 20 гадоў даследуе тэму гістарычнай памяці аб вайне і людзях, якія па волі лёсу трапілі ў жорны нечалавечых выпрабаванняў у нямецкім палоне. Вынікамі гэтай работы сталі шэраг навукова-папулярных выданняў, выступленні з дакладамі на міжнародных канферэнцыях, на сустрэчах з моладдзю. Апошнюю кнігу «Палон» аўтар прысвяціў юбілею вызвалення роднага Мінска.


Ю. Папоў (першы злева) у час работы сесіі ВС БССР.

Тэму падказалі выбаршчыкі

Чаму ён узяўся даследваць гэтую складаную і, шчыра скажам, не такую блізкую беларусам тэму? Мы больш прывыклі гаварыць пра масавы партызанскі рух, герояў падполля, аперацыю «Баграціён»... А палон раней, ды і сёння, — яшчэ недастакова даследаваная тэма. Больш за тое, лічыць Юрый Папоў, яна ў савецкай гістарыяграфіі, ды і публіцыстыцы, была ў пэўным сэнсе табуіравана і не віталася. Доўгі час пра палон не вельмі любілі казаць па зразумелых і агульнавядомых прычынах.

— Гэтая тэма мяне зацікавіла, — прызнаецца Юрый Папоў. І дадае, што прыкладам для яго стаў вядомы савецкі пісьменнік Сяргей Смірноў, дзякуючы якому свет даведаўся пра бессмяротны подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці, пра паўстанне і ўцёкі палонных з нямецкага канцлагера Маўнтхаўзен. Смірноў сваёй грамадзянскай публіцыстыкай шмат зрабіў для вяртання добрага імя салдат і афіцэраў, якія трапілі ў гітлераўскі палон.

— А падштурхнулі мяне да вывучэння тэмы выбаршчыкі маёй Заслаўскай акругі ў Мінскім раёне: жыхары Ждановіч, Заслаўе, Ратамкі... У час выбарчай кампаніі, ды і потым, ужо ў статусе намесніка старшыні Камісіі па абароне і нацыянальнай бяспецы Вярхоўнага Савета, я неаднойчы чуў ад людзей, якія перажылі жахі вайны ў Мінску і яго наваколлях, пра лагер для палонных — шталаг № 352. Бадай, самае жудаснае месца ў акупаваным Мінску, — расказвае Юрый Папоў.

Колы пекла шталага № 352

Цяжка, невыносна, ды і, шчыра кажучы, няма вялікага жадання падрабязна пераказваць змест апошняга выдання Юрыя Папова «Палон». Там кожная старонка пранізана болем і спачуваннем да ахвяр палону, нянавісцю да фашысцкіх катаў і іх памагатых, да тых, хто здзекаваўся з людзей і забіваў іх штодзень сотнямі. Але на асобных фрагментах кнігі трэба ўсё ж спыніцца, каб лепш зразумець трагізм становішча зняволеных.

Нагадаем, шталаг — гэта лагер германскіх узброеных сіл (вермахта) для ваеннапалонных радавога складу. Дык вось, шталаг № 352 знаходзіўся паміж чыгункай на Маладзечна і вёскай Масюкоўшчына ў казармах кавалерыйскай часці. Сюды звозілі людзей адусюль. Хворых і нямоглых расстрэльвалі, выяўлялі і ізалявалі яўрэяў, астатніх заганялі ў баракі. Палонных часта размяшчалі ў стайнях па 400—500 чалавек, яны жылі ў неверагоднай цеснаце і антысанітарыі, спалі пад нарамі і ў праходах паміж імі проста на падлозе, нярэдка мокрай пасля дажджу і снегападу.

Асабліва невыносная была зіма першага года вайны. Тады 80 працэнтаў вязняў шталага зімавалі ўвогуле амаль пад адкрытым небам. Зразумела, пераважная большасць загінула. Са снежня 1941 да сакавіка 1942 года штодзень памірала 200—300, а ў асобныя дні аж па 500 вязняў. Смяротнасць была такая, што трупы не паспявалі хаваць. Іх складвалі штабялямі на заднім двары ў чаканні вясны. Нябожчыкаў звозілі на могілкі па лагернай вуліцы Новы шлях. Праход да месца расстрэлаў акупанты назвалі вуліцай Стралкоў. Такі вось «крэатыўны» цынізм.

Харчаванне было нават горшае, чым у лагерных сабак. Людзям скормлівалі сурагатны хлеб з апілкамі і саломай, гнілую салёную рыбу, мясныя адходы з дабаўленнем машыннага масла.

Зігзагі лёсу

Па іроніі лёсу ў шталагу завяршыла свой зямны шлях шмат італьянцаў. Яны, як вядома, актыўна ваявалі на баку фашысцкай Германіі. Пасля разгрому немцаў пад Сталінградам Італія выйшла з вайны. Гітлер здраду не дараваў. 749 тысяч італьянскіх салдат, былых саюзнікаў, немцы ўзялі ў палон і значную частку этапіравалі ў шталагі Беларусі, у тым ліку і ў лагер побач з Масюкоўшчынай.

Пасля вызвалення Мінска шталаг № 352 запоўнілі новыя насельнікі — палонныя салдаты вермахта. Яшчэ з дзяцінства ў памяці Юрыя Папова засталіся ўспаміны бацькоў пра нямецкіх палонных, якія пасля вайны аднаўлялі імі ж зруйнаваную беларускую сталіцу. Тады бацька Юрыя разам з іншымі спецыялістамі ўдзельнічаў у будаўніцтве Мінскага аўтазавода. Адначасова непадалёк узводзіў уласны дом для сям'і: жылля ў разбуранай сталіцы катастрафічна не хапала. У дапамогу бацьку адміністрацыя аўтазавода перыядычна накіроўвала групку нямецкіх палонных, чатыры—пяць чалавек. З умовай: не падкормліваць іх. Але дзе там! Зразумела, дзяліліся з небаракамі сім-тым з вельмі сціплага сямейнага стала. Такая ўжо славянская натура. Увогуле, да палонных немцаў ставіліся без асаблівай варожасці. Нават шкадавалі.

У цеснаце і антысанітарыі, голадзе і холадзе трымалі немцы палонных.

Аб бязлітаснай жорсткасці

Даследаванні Юрыя Папова абвяргаюць даволі распаўсюджаны пасля вайны тэзіс аб тым, што злачынствы супраць чалавецтва ў асноўным былі на рахунку СС, гестапа і іх структурных падраздзяленняў. А вось вермахт тут лічыўся амаль ні пры чым: яго салдаты нібыта толькі ваявалі на франтах, выконвалі загады. На аснове аналізу шматлікіх дакументаў у Юрыя Папова склалася супрацьлеглае меркаванне.

Работа над тэмай вайны і палону нібы ўзяла ў палон самога Папова. Ён шмат працаваў у архівах Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, музеях, бібліятэках. Там удалося адшукаць дакументы, якія раней не друкаваліся. Гэта пратаколы допытаў, справаздачы камандаванню ў Берлін і г. д. Даследчык рабіў дэпутацкія запыты ў кампетэнтныя органы з просьбай даслаць у парламенцкую камісію звесткі аб ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі. З атрыманых лічбаў і фактаў, як пазл, складвалася рэальная карціна злачынстваў вермахта ў перыяд акупацыі.

Свае высновы Юрый Папоў абгрунтоўвае спасылкамі на нямецкія ваенныя загады і інструкцыі, змест якіх сведчыць аб загадзя спланаваных забойствах будучых савецкіх палонных. Яшчэ вясной 1941 года вермахту рэкамендавалі не разглядаць чырвонаармейцаў як салдат-франтавікоў, а знішчаць. У загадзе камандуючага 6-й арміі «Аб паводзінах войскаў на Усходзе» забеспячэнне савецкіх ваеннапалонных харчаваннем называлася «непатрэбным гуманізмам». І такія цытаты можна прыводзіць бясконца.

Імёны невядомых герояў

Доўгі час панавала меркаванне, што савецкія ваеннапалонныя ўяўлялі сабой раскіданую па нямецкіх канцлагерах велізарную масу няшчасных, бездапаможных, пакрыўджаных лёсам людзей, якія з усіх сіл імкнуліся выжыць у нечалавечых умовах. Чым больш Юрый Папоў унікаў у тэму палону, тым больш відавочная для яго станавілася несправядлівасць гэтага меркавання.
У кнігах «Вайна і палон» і «Палон» ён прыводзіць шмат прыкладаў гераічнага супраціўлення савецкіх ваеннапалонных, у тым ліку і беларусаў, як у месцах зняволення, так і ў партызанскіх атрадах Францыі, іншых краін.

Так атрымалася, што ў кола службовых дэпутацкіх абавязкаў Папова ўваходзілі кантакты з замежнымі калегамі, што выводзіла на новыя павароты ў абранай тэме. У прыватнасці, яму даручылі каардынаваць сувязі Вярхоўнага Савета з парламенцкай асамблеяй НАТА. Падчас стасункаў ён пазнаёміўся з нарвежцам, які паведаміў, што ў яго краіне ў гады вайны немцы таксама пабудавалі канцлагеры для савецкіх ваеннапалонных. Нарвежац нават перадаў Юрыю Папову карту з каардынатамі месцаў пахаванняў гэтых палонных. З ініцыятывы Юрыя капсулы з зямлёй з тых нарвежскіх могілак даставілі ў Мінск, дзе яны ва ўрачыстай абстаноўцы былі падхаваны каля Стоўбцаў, на мемарыяле ў гонар салдат Першай і Другой сусветных войнаў.

Ваенна-гістарычныя выданні абавязкова патрабуюць ад аўтара дакладнасці, асцярожнасці, узважанасці ў выкладанні фактаў і іх аналізу. Юрый Папоў наўрад ці здолеў бы сам сабраць і сістэматызаваць велізарны па аб'ёме матэрыял аб ваеннапалонных. Сярод дарадцаў і памочнікаў ён з асаблівай удзячнасцю называе Раісу Максімаўну Чарнаглазаву, супрацоўніцу Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, знаўцу партызанскага руху ў Беларусі. Тэма палону таксама была ёй блізкая і зразумелая. Раіса Чарнаглазава часта кансультавала Юрыя Папова адносна дакументаў і матэрыялаў па вайне.

Нагадаць сабе і свету

Тут час сказаць некалькі слоў пра самога даследчыка. Юрый Папоў па адукацыі і прафесіі журналіст, а не гісторык. А па прызванні, прабачце за пафас, грамадскі дзеяч з абвостраным пачуццём справядлівасці. У нашым выпадку — гістарычнай памяці пра людзей, якія амаль 80 гадоў таму трапілі ў варожы палон. Менавіта дзякуючы дэпутацкаму досведу і папярэдняй журналісцкай загартоўцы ён здолеў выдаць пяць навукова-папулярных кніг. Іх, дарэчы, можна нейкім чынам выкарыстаць у экспазіцыі будучага музея беларускага парламентарызму.

Такую ідэю агучыў Александр Вярцінскі, калега Папова па былым Вярхоўным Савеце БССР 12-га склікання, сёлета на прыёме грамадзян старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Тая палічыла прапанову слушнай і абяцала падтрымку. Стварэнне музея Юрый Папоў падтрымлівае абедзвюма рукамі. У ім неабходна, па яго словах, адлюстраваць і ўнёсак парламентарыяў у захаванне памяці пра вайну, пра тыя падзеі, пра вызваліцеляў Еўропы ад нацызму.

Юрый Папоў кажа, што ў яго даўно выклікаюць заклапочанасць тэндэнцыйныя тлумачэнні асобных заходніх даследчыкаў, дакументалістаў аб Другой сусветнай вайне, яе прычынах і выніках. І святкаванне 75-й гадавіны Перамогі — выдатная нагода для таго, каб напомніць сабе і свету праўду пра тую самую жорсткую ў гісторыі чалавецтва катастрофу. У тым ліку і праз музей беларускага парламентарызму.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота з архіват Юрыя Папова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.