Вы тут

Якія змены прыняты ў Закон «Аб ахове здароўя»?


Менавіта ў гэтых кірунках улады працягваюць удасканальваць сістэму аховы здароўя. З гэтай прычыны распрацаваны чарговыя змены ў адпаведны закон («Аб ахове здароўя»), якія былі прыняты ўчора на другой сесіі Палаты прадстаўнікоў. Агучваў навацыі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, які пасля ўзгаднення дакумента амаль дзве гадзіны расказваў аб стане з каранавірусам у краіне і адказваў на пытанні дэпутатаў (падрабязней чытайце па спасылцы).


Змяніўся закон як з тэхнічнага боку (паняційны апарат, гарманізацыя з іншымі актамі), так і з канцэптуальнага. На гэтай частцы навацый асабліва спыніўся Уладзімір Каранік.

«У законе прадугледжана стварэнне сістэмы кіравання якасцю аказання медыцынскай дапамогі. Адпаведна з ёй ствараецца вертыкаль якасці, якая напрамую падпарадкоўваецца Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, каб забяспечыць бесстароннасць і аб'ектыўнасць пры правядзенні экспертызы якасці», — расказаў ён.

Галоўныя ўрачы медыка-рэабілітацыйных экспертных камісій (на іх аддзелы пакладзена задача сачыць за якасцю дапамогі) будуць назначацца і здымацца з пасад міністрам аховы здароўя па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі.

Пры змяшчэнні ў аддзяленнях дзённага знаходжання грамадзяне будуць забяспечаны лекавымі сродкамі і медыцынскімі вырабамі за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Гэта аналагічна выпадку, калі б яны знаходзіліся ў стацыянары, але пры гэтым аптымізуецца нагрузка на ложкавы фонд медыцынскіх устаноў краіны.

Паказала эфектыўнасць і кантралюемае лячэнне хворых на ВІЧ і туберкулёз. «У сувязі з рэжымам працы ці злоўжываннем алкаголем, ці па іншых прычынах не ўсе пацыенты могуць самастойна забяспечыць прытрымліванне прадпісанняў урача на працягу ўсяго курса лячэння, а шпіталізацыя на ўвесь перыяд лячэння неэфектыўная.

Падыход кантралюемага лячэння заключаецца ў рэгулярнай выдачы лекавых сродкаў у стацыянарных або амбулаторных умовах з пастаянным наглядам за іх прымяненнем», — паведаміў міністр.

Сістэма акрэдытацыі, апісаная ў новым законе, ацэніць магчымасці аказання спецыялізаванай меддапамогі адпаведнымі ўстановамі.

«Калі ўпершыню такі пасыл абмяркоўваўся, была выказана боязь, што гэта прывядзе да закрыцця медыцынскіх устаноў і зніжэння даступнасці меддапамогі. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мэта гэтага — павышэнне якасці і бяспека пацыентаў. Не плануецца закрыццё ні адной установы лячэння, — адзначыў кіраўнік міністэрства і прывёў прыклад: — Пацыент, які мае прыкметы паражэння нервовай сістэмы, не павінен шпіталізавацца ў тыя бальніцы, дзе няма магчымасці нейравізуалізацыі. То-бок фактычна мы вызначаем узровень аказання дапамогі і аснашчанасць бальніц для аказання тых ці іншых відаў дапамогі».

Прадугледжаны змены ў раздзеле, які змяшчае інфармацыйныя навацыі ў медыцыне. Задача тут — у найбліжэйшыя гады сістэмна перайсці да электроннай аховы здароўя.

Звярнуў увагу Уладзімір Каранік на прынцыповы для супрацоўнікаў момант: права на абгрунтаваную прафесійную рызыку. У выпадку выкарыстання прафесійнага медыцынскага страхавання норма павысіць абароненасць медыцынскага работніка і пацыента.

Размаўляючы з журналістамі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянціна Курсевіч падкрэсліла, што асноўны пасыл закона — павышэнне якасці і даступнасці аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву нашай краіны.

Праект «Універсітэцкая клініка», які апрабуецца на базе Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы сумесна з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, дазволіць павысіць якасць адукацыі будучых спецыялістаў.

«Атрымліваецца практыкаарыентаваная адукацыя. Гэта дазваляе будучым медыцынскім работнікам на свае вочы ўбачыць, што ажыццяўляецца на практыцы, а клінічныя ўрачы будуць удзельнічаць у працэсе навучання, — канстатавала Валянціна Курсевіч. — «Універсітэцкай клініцы» дадуць паўнамоцтвы па падрыхтоўцы спецыялістаў у клінічнай ардынатуры, па перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў».

Расказала дэпутат пра ўвядзенне паняцця рэзідэнтуры. Яе адрозненне ад клінічнай ардынатуры ў тым, што адукацыя будзе толькі ў вочнай форме два ці тры гады са зменай профілю спецыяльнасці.

Учора для другога чытання дэпутацкаму корпусу прадставілі яшчэ адзін законапраект, звязаны з аховай здароўя, — «Аб лекавых сродках».

Праект прапануе абнавіць і дапоўніць паняційны апарат, вызначыць асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў сферы звароту лекавых сродкаў. 

«Асаблівае месца ў праекце закона адводзіцца вызначэнню паняцця дзяржаўнай фармакапеі Рэспублікі Беларусь і належных фармацэўтычных практык, таксама раскрыццю іх зместу», — расказала Людміла Макарына-Кібак, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыкі. 

Законам прадугледжваецца, што да рэалізацыі і медыцынскага прымянення на тэрыторыі краіны дапускаюцца лекавыя сродкі толькі пасля іх дзяржаўнай рэгістрацыі ці рэгістрацыі ў рамках ЕАЭС.

«Упершыню ў нацыянальнае заканадаўства ўводзіцца паняцце ўмоўнай дзяржаўнай рэгістрацыі лекавых сродкаў. Дадзеная працэдура можа прымяняцца ў дачыненні да арыгінальных лекавых прэпаратаў для лячэння, медыцынскай прафілактыкі ці дыягностыкі захворванняў, якія пагражаюць жыццю ці цяжка інвалідызуюць, рэдкіх захворванняў пры адсутнасці эфектыўных метадаў аказання медыцынскай дапамогі. Рэалізацыя гэтай нормы спросціць парадак атрымання грамадзянамі найноўшых лекавых сродкаў», — дадала дэпутат.

Акрамя таго, законапраект устанаўлівае парадак прамысловай вытворчасці, аптэчнага вырабу, аптовай, рознічнай рэалізацыі, захавання, транспарціроўкі, знішчэння, увозу і вывазу лекавых сродкаў.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Даступнасць і якасць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.