Вы тут

Матылёк выглядвае з кокана


Ёсць такі своеасаблівы стэрэатып, што вершы пішуцца, калі аўтар малады, бо ён эмацыянальны і рэзка ўспрымае ўсё, што з ім адбываецца, а вартая проза пачынае атрымлівацца пасля 30 гадоў, калі аўтар набярэцца хоць якога жыццёвага досведу.


У асноўным такое меркаванне падаецца не асабліва рацыянальным і аб’ектыўным, але часам сустракаюцца прыклады, гледзячы на якія вельмі востра адчуваеш, адкуль у такіх думак могуць «расці ногі».

Некаторыя лічаць, што пол і ўзрост аўтара не павінны улічвацца пры размове пра творчасць, бо не маюць значэння для сапраўднага мастацтва. Хтосьці, наадварот, упэўнены, што любая чалавечая ідэнтычнасць непазбежна звязана з тым, што гэты чалавек укладае ў тэкст, і таму тэкст сямнаццацігадовай дзяўчынкі павінен з першага погляду даводзіць чытачу, што яго аўтар — сямнаццацігадовая дзяўчынка. Насамрэч, думаю, даволі цяжка, як і заўсёды ў пытаннях, звязаных з мастацтвам, даць канкрэтную ацэнку гэтаму праяўленню. Усё залежыць ад мэт аўтара і ступені свядомасці, з якой ён падыходзіць да стварэння тэкстаў.

 Дэбютны зборнік вершаў Вольгі Нікіценкі «Сузор’е птушкі» — неблагая нагода для разважання пра паэтычную ідэнтычнасць. Агульнае ўражанне ад зборніка хочацца апісаць словамі «заўважна, што аўтарцы 17 гадоў». Пра гэта кажа не толькі тэматычны складнік вершаў — мары пра будучыню, развітанне з домам, паэтычны дэбют, жыццё ў студэнцкім інтэрнаце, але і агульны настрой — у нечым наіўны, прасякнуты рэфлексіяй. Нягледзячы на тое, што амаль кожны верш — спроба разабрацца з сабой, знайсці адказ на пытанне, вызначыць сваю ролю або выказаць пачуцці — паэтка не баіцца ўводзіць лірычных герояў, прыдумваць гісторыі. Але такія вершы займаюць невялікую частку кнігі.

Горад гаворыць амаль зразумелай мовай.

Зблытаны фарбы, гукі і кіламетры.

 Пад небасхілам задумліва і ружова

Тчэцца паветра...

Неба мігціць, бы ў мільёнах яскравых зорак.

Неба загадвае нам

Уздымаць Вочы.

Паэтка найчасцей карыстаецца класічнымі прыёмамі перадачы эмоцый праз апісанне навакольнага асяроддзя — у асноўным прыроды, неба, а таксама праз абстрактныя назоўнікі, якія, як бы дзіўна ні гучала, надаюць вершу зашмат канкрэтыкі. Часам словы кшталту «душа», «натхненне», «музыка», «шчасце» і г. д., названыя ў вершы канкрэтна і наўпрост, выглядаюць так, быццам аўтару бракуе сродкаў выразнасці і тонкасці выказвання. Але, нягледзячы на гэтыя абстрактна-канкрэтныя словы і прамыя вызначэнні пачуццяў, сказаць, што творам Вольгі Нікіценкі ўласцівая дэкларатыўнасць, немагчыма. Часам яны з’яўляюцца чымсьці кшталту разважанняў уголас — нанізваннем метафар, апісанняў, каляровых вобразаў. Колер, дарэчы, аўтарка выкарыстоўвае як паэтычны сродак даволі часта — на гэта настройвае і вокладка кнігі, якую Вольга стварыла сама. Захапленне выяўленчым мастацтвам, натуральна, знаходзіць увасабленне ў вобразнасці тэкстаў Вольгі Нікіценкі.

Непрыкметна дарожкі заплакалі шэрай слотай

Ды ударыў залеў, як страшэнны, няўмольны жах.

Што рабіць, калі вершы патухлі, нібы лістота,

І бясслоўна памерлі на белых тваіх руках?!!

...Не служы паніхідаў па згубленых паэтэсах.

Калі сэнс міжрадкоўяў блакітным святлом загас,

Словы стануць чужымі. Злятуць на нямы паўмесяц

І пакінуць цябе, Саступіўшы ў мінулы час.

Тэматыка вершаў выяўляецца пэўным спалучэннем пейзажна-побытавых замалёвак з разважаннямі на актуальныя для аўтара тэмы. Гэтыя развагі, дарэчы, — таксама балансаванне паміж страхам страты сябе і творчасці ў сабе, невядомага вялікага жыцця і марамі пра будучыню, поспех. Нягледзячы на агульную вобразную «каляровасць» тэкстаў, аўтарка надзвычай часта выкарыстоўвае словы «туман» і «цямрэча». Адчуваецца, што паэзія для Вольгі Нікіценкі — адзін са сродкаў вырашэння ўнутраных пытанняў.

Чалавек блукае між рэчаў,

месяцовых палос,

ценяў, плямаў

і яшчэ не пачутых гукаў,

што так вярэдзяць душу...

У доме па вуліцы

Будучых літаратараў.

Схільная да прыдумвання гісторый і фантазіравання, аўтарка імкнецца пазбягаць тэм, якія яшчэ не сталі часткай яе жыццёвага досведу. Так, у кнізе ёсць толькі адзін верш пра каханне, і тое цэнтрам тэксту ў ім становіцца не само пачуццё, а мара пра яго, разважанне, якім яно можа быць.

Дарэчы, вялікай розніцы паміж рэалізацыяй абстрактнаапісальных і сапраўды праблемных тэм не назіраецца, аўтарка захоўвае паўсюль даволі меланхалічны тон. Часам яе голасу яўна не стае рэзкасці, напружанасці, унутранага стрыжня. Захапленне, з якім Вольга апісвае сусвет, часам падаецца ненатуральным, празмерным, нават у нечым архаічным. Перабольшаная (прычым выключна станоўчая) эмацыянальнасць і вобразы, якія не маюць канкрэтнай мэты ў тэксце, у пэўным сэнсе размываюць і змешваюць уражанне ад вершаў Вольгі Нікіценкі. Відавочна, што аўтарка яшчэ разбіраецца з сабой, намацвае свой жыццёвы і творчы шлях. Але пры гэтым заўважна: калі паэтка разматае свой матыльковы кокан і пакажа свету крылы, уражанне будзе іншае. Тэксты яе павінны вырасці разам з ёй, аформіць канчаткова свой адметны голас, які пакуль толькі праразаецца, пусціць у сваю строгую класічную структуру крыху эксперыменту і больш асэнсаванасці.

У сямнаццаць гадоў, асабліва творчаму чалавеку, вельмі важна камусьці падабацца, і на любую заўвагу рэагуеш з вялікім болем. Паэтычная ці празаічная творчасць так ці інакш для многіх падлеткаў становіцца сродкам для самарэфлексіі, самаўсведамлення сваёй прысутнасці ў свеце. Такія тэксты аўтары часцей за ўсё перарастаюць і разам з гэтым перастаюць пісаць. Мяркуючы па настроі і мастацкім узроўні гэтай кнігі, Вольга Нікіценка — абсалютна іншы выпадак.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Адносіны Беларусі і Расіі — узор раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва

Эксперты — аб выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію.

Грамадства

Чым багатыя беларускія нетры

Чым багатыя беларускія нетры

Знайсці можна шмат чаго — ад солі да рэдказямельных металаў.

Памяць

Чым адметны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі?

Чым адметны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі?

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.