Вы тут

Статуэткі з гісторыяй


Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага запрашае на выстаўку «Фарфоравыя гісторыі. Знакамітыя людзі ў фарфоры» з прыватнай калекцыі Віктара Суворава — члена праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў. Больш за 40 гадоў ён прысвяціў збіранню латарэйных і дабрачынных квіткоў, звыш 15 гадоў захапляецца фарфорам, але да такога хобі прыйшоў выпадкова. Праект у галерэі Міхаіла Савіцкага — толькі невялікая частка калекцыі. Колькасць усіх экспанатаў збору Віктара Суворава не паддаецца падліку.


Віктар Сувораў прадстаўляе сваю калекцыю. Фота Кастуся Дробава

«Фарфоравыя гісторыі. Знакамітыя людзі ў фарфоры» — адна з найцікавейшых частак калекцыі. Гэта бюсты і статуэткі вядомых філосафаў, правадыроў, нацыянальных лідараў, кампазітараў, празаікаў і паэтаў. Сярод найбольш рэдкіх і каштоўных экспанатаў — байкапісец, публіцыст, паэт Іван Крылоў, заснавальнік Парыжскай тэатральнай школы Марсэль Марсо, латышскі паэт, празаік, драматург Ян Райніс, першы касманаўт Юрый Гагарын, чэмпіёнка свету і алімпійскіх гульняў па канькабежным спорце Марыя Ісакава. Усяго прадстаўлена больш як 100 фарфоравых прадметаў у бісквітным і паліваным выкананні, у тым ліку плакеткі, талеркі і нават чарнільніца (кампазіцыя з Аляксандрам Пушкіным). Дарэчы, не так даўно прайшлі выстаўкі «Вобраз жанчыны ў фарфоры» і «Вялікія людзі ў фарфоры» са скарбонкі Віктара Суворава. Але кожная экспазіцыя мае непаўторны настрой, адметныя экспанаты, асаблівую канцэпцыю.

Выстаўка, прадстаўленая калекцыянерам, аб’яднала фарфоравыя статуэткі, створаныя на заводах Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі і Беларусі ў перыяд з 30-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён. Сярод асноўных вытворцаў: Дулёўскі і Ламаносаўскі фарфоравыя заводы ў Расіі, Палонскі і Кіеўскі фарфорвыя заводы ва Украіне, Рыжскі фарфоравы завод у Латвіі, Мінскі і Добрушскі фарфоравыя заводы ў Беларусі. «У першую чаргу мяне цікавіла прадукцыя Мінскага фарфоравага завода, але ў 2009 годзе ён наказаў доўга жыць. Застаўся Добрушскі завод, які паўнацэнна развіваецца, але, на жаль, не выпускае статуэткі вядомых людзей», — распавядае Віктар Сувораў.

Калекцыяніраванне фарфору — справа не такая распаўсюджаная. Але гэта — не што іншае, як простае жаданне атрымліваць эстэтычнае задавальненне ад прыгожых рэчаў: «Аднойчы я быў у Санкт-Пецярбургу — радзіме Ламаносаўскага фарфоравага завода — і набыў у антыкварнай краме статуэтку лісы, якая каштавала нядорага. Гэта старая нямецкая работа ў колеры — сапраўдная драпежніца, якая мне вельмі спадабалася». А ўжо пазней статуэтка рэвалюцыянера, заснавальніка савецкай сацыялістычнай дзяржавы Уладзіміра Леніна, якую жартам падарылі Віктару Сувораву каля 20 гадоў таму ў дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, стала імпульсам для калекцыяніравання вобразаў знакамітых людзей у фарфоры.

Бясспрэчна, калекцыянер павінен умець шукаць і знаходзіць цікавыя рэчы. У асноўным гэта пастаянная сувязь з антыкварнымі крамамі і аўкцыёнамі ў Беларусі і за мяжой. Як зазначае Віктар Сувораў, некаторыя творы прыходзяць лёгка, а некаторыя патрабуюць намаганняў. Як, напрыклад, статуэтка класіка рускай літаратуры Льва Талстога. «Дагэтуль я пазычаў у прыяцеля гэтую статуэтку для выставак, — распавядае калекцыянер. — Вяртаць яе асабліва не хацелася, і пасля сур’ёзных перамоў напярэдадні гэтай выстаўкі статуэтка перайшла ў маю ўласнасць. Таму ў экспазіцыі прадстаўлены толькі мае рэчы, акрамя музычных інструментаў, якія дазволілі экспанаваць супрацоўнікі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, і нотных сшыткаў музыкантаў з сусветным імем, што прадаставілі педагогі-піяністы і цымбалісты».

Калекцыя пастаянна папаўняецца. У свой час з’явіліся бюсты народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ёсць у экспазіцыі таксама бюст Адама Міцкевіча і талеркі, на якіх адлюстраваны мастак Марк Шагал і заснавальніца горада Віцебска княгіня Вольга. «На жаль, менавіта ў фарфоры ў нас больш нічога не выпускалі. А можна было б стварыць вобразы і мастакоў Міхаіла Савіцкага ды Марка Шагала, і скульптара Заіра Азгура, і кампазітара Станіслава Манюшкі, і цудоўных акцёраў Мікалая Яроменкі, Галіны Макаравай… Ды ўсё ж сапраўдны пік вытворчасці прыйшоўся на 50—70-я гг. XX стагоддзя», — са шкадаваннем адзначае Віктар Сувораў.

Набываючы той ці іншы выраб, ён вывучае жыццёвы шлях і творчасць гэтага чалавека. Прытым новы экзэмпляр нейкі час стаіць на працоўным стале. Распавядаючы пра экспанаты, калекцыянер нагадвае і цікавыя факты біяграфіі і дзеліцца асабістым стаўленнем да героя. Але асаблівая для калекцыянера статуэтка — вулічны мім, заснавальнік французскага тэатра пантамімы Марсэль Марсо. «Яму апладзіравалі велічэзныя залы, а ён не цураўся выступаць перад прахожымі на вуліцы. Да таго ж я сам некалькі гадоў займаўся пантамімай і вучыўся на яго вобразе», — распавёў Віктар Сувораў.

Выява Льва Талстога.

За доўгі час збірання фарфоравых бюстаў, статуэтак, талерак і плакетак у аматара фарфору назбіралася шмат цікавых гісторый, звязаных з гэтымі вырабамі. Так, у экспазіцыі прадстаўлены бюст выдатнага кампазітара Іагана Брамса, які нарадзіўся ў 1833, а памёр у 1897 годзе. З адваротнага боку на нямецкай скульптуры пазначаны гады жыцця: 1833—1898. Як педанты немцы дапусцілі такую памылку, адказу пакуль няма. Існуе і іншы казус: на бюсце Адама Міцкевіча стаяць наступныя даты: 1855—1955. Для чалавека, які прывык успрымаць такія лічбы як дату нараджэння і дату смерці, надпіс падаецца памылковым. Але насамрэч гэтую статуэтку выпусціў Мінскі фарфоравы завод праз сто гадоў пасля смерці паэта. Сёння гэтыя даты ўжо не падаюцца такімі відавочнымі, якімі, магчыма, былі больш як паўстагоддзя таму.

Асобная частка экспазіцыі — майстры слова XIX—XX стагоддзяў, у тым ліку ўкраінскія: Леся Украінка, Іван Франко і Тарас Шаўчэнка. Значнае месца займаюць і рускія пісьменнікі і кампазітары, статуэткі якіх выпускае толькі Расія. Дзесьці пасярэдзіне — постаць пісьменніка Мікалая Гогаля: у экспазіцыю, між тым, увайшлі статуэткі герояў твораў «Рэвізор» і «Мёртвыя душы», якія былі выпушчаны ў 50—60-я гг. мінулага стагоддзя і ўжо некалькі разоў перавыпускаліся. Пазнаёміцца з гэтымі і іншымі цікавымі экспанатамі можна да 3 мая.

 Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».