Вы тут

Чым занятыя беларускiя артысты ў перыяд адмен i пераносу канцэртаў


Цяпер увесь свет вымушаны перагледзець звыклы рытм жыцця — мiнiмiзаваць жывыя стасункi, паставiць на паўзу бiзнес. На бестэрмiновыя канiкулы сыходзяць, i прадстаўнiкi мастацтва: кiнатэатры i тэатры зачыняюцца, паказваюць спектаклi анлайн, выстаўкi адмяняюцца, арганiзатары канцэртаў паведамляюць аб пераносе iмпрэз самае меншае на некалькi месяцаў. «Звязда» даведалася, чым занятыя беларускiя артысты ў перыяд адмен i пераносу канцэртаў.


«Сядзiм дома, сумуем па жывых сустрэчах з публiкай, — прызнаюцца музыканты папулярнага рок-гурта Nizkiz. — Але пазл склаўся так удала, што ў прыгожую дату разам з добрымi людзьмi i iхнiмi камерамi будзем вяшчаць на ўвесь свет». Перакладаем на агульназразумелую мову: увечары 13 красавiка гурт дасць жывы канцэрт i выканае песнi з новага альбома «Самнамбула» на платформе voka.tv — бясплатна для ўсiх ахвотных.

Удзельнiкi этна-трыа «Троiца» да апошняга спадзявалiся правесцi канцэрт у КЗ «Мiнск» 14 красавiка, якi даўно чакалi i слухачы, i самi музыкi. Аднак днямi гурт вымушаны быў перанесцi iмпрэзу на значна пазнейшы тэрмiн — 17 верасня. «Такое рашэнне далося няпроста. Мы не хочам рызыкаваць вашым здароўем i жыццём, збiраючы сотнi чалавек у закрытым памяшканнi, калi iснуе хоць бы адзiн шанец са ста, што на канцэрце апынецца хто-небудзь з ужо хворых i патэнцыйна заразны для вас i вашых блiзкiх», — канстатуюць удзельнiкi калектыву, аднак падкрэслiваюць, што гаворка iдзе не пра адмену, а пра перанос. Музыкi просяць публiку аб разуменнi i падтрымцы — то-бок не спяшайцеся здаваць набытыя бiлеты, яны будуць годныя ў вераснi. Калi ўсё ж ёсць неабходнасць вярнуць бiлет, зрабiць гэта можна будзе толькi пасля 4 мая — да гэтага часу офiс арганiзатара канцэрта зачынены.

Рэтрафота — «Стары Ольса» на беразе ручая Ольса, 2003 год.

Гурт сярэднявечнай музыкi «Стары Ольса» адным з першых заклапацiўся здароўем прыхiльнiкаў i перанёс прэм'еру батлейкi «Трыстан i Iзольда», якую рыхтаваў доўгi час, на нявызначаны тэрмiн — «калi небяспека сыдзе», а лекцыю-канцэрт да Дня сярэднявечнай музыкi, якi адзначаецца па ўсiм свеце штогод 21 сакавiка, правёў без слухачоў, у анлайн-фармаце. А калi стала зразумела, што музычны каранцiн значна падоўжыцца, удзельнiкi калектыву вырашылi не сядзець без справы i заняцца тым, што даўно адкладвалi, — упарадкаваць фота- i вiдэаархiвы, якiя назапасiлiся за 20 гадоў iснавання калектыву. «Гара ўспамiнаў, процьма выступленняў i сустрэч. Пасля канцэртаў мы пакiдалi аўтографы на бiлетах i ў нататнiках, фатаграфавалiся афiцыйна i дураслiва, нам дарылi падарункi — ад салодкiх да жалезных, выходзiлi касеты i дыскi, журналiсты пiсалi рэцэнзii ў выданнях, некаторыя з якiх ужо не iснуюць, але iх жоўтыя старонкi жывуць да гэтага часу. Раз-пораз, наводзячы парадак у шафе, перачытваеш i кладзеш назад, усмiхаючыся, згадваеш тую падзею i свае думкi. Гэта не хлам i не настальгiя, гэта гiсторыя, — натхнёна разважае флейтыстка i PR-менеджар гурта Марыя Шарый. — Таму мы ствараем анлайн-музей «Старога Ольсы», якi размесцiм у нас на сайце, а цяпер збiраем для яго знакавыя фота i вiдэа, аўдыязапiсы i iнтэрв'ю, плакаты, дыпломы, гiсторыi, фота дыпломаў, атрыбутыкi i iншыя цiкавыя рэчы». Па дапамогу гурт звярнуўся да сваёй публiкi. I калi вы з тых, хто ўпадабаў музыку «Старога Ольсы» (а мо нават вырас на ёй), вашых фота, успамiнаў i гiсторый чакаюць на пошту staryolsa.official@gmail.com з пазнакай «Музей Стары Ольса». Да канца красавiка, кажа Марыя Шарый, плануецца сабраць асноўную частку экспанатаў, а далей пастаянна папаўняць калекцыю.

Дзмітрый Калдун з дачкой Алісай.

Дзмiтрый КАЛДУН разам з сям'ёй знаходзiцца ў Мiнску i таксама стараецца прытрымлiвацца правiл самаiзаляцыi. Таму пакуль нават не загадвае, якiмi канцэртамi i калi адзначыць будучае 35-годдзе, аднак сувязi са слухачамi не трацiць. «Што я раблю? Чытаю кнiжкi, якiя ўвесь час адкладваў, пiшу новыя песнi, а яшчэ сёлета ўпершыню пачаў займацца расадай — памiдоры чэры вось пасадзiў, i абавязкова буду трымаць вас у курсе, чым справа скончыцца, цi смачны выйдзе ўраджай», — расказвае спявак у адмысловым «каранцiнным» вiдэасюжэце. Насамрэч, ужо сур'ёзна дадае Дзмiтрый, хоць ён i дыпламаваны хiмiк (скончыў хiмфак БДУ. — «Зв.»), але, паколькi не мае практыкi ў набытай прафесii, «наўрад цi здатны на што-небудзь карыснае», так што альтэрнатывы для сябе, акрамя музыкi, спявак не бачыць.

Яўген Алейнік.

«Гурт «Аўра» — музыка ў прынцыпе ўдумлiвая, лiрычная, не запатрабаваная на карпаратывах. Нашы работы заўжды былi прымеркаваныя да вялiкiх, знакавых дат, таму асабiста мы не надта адчулi змяншэнне колькасцi жывых канцэртаў, — расказвае «Звяздзе» прадзюсар i кампазiтар Яўген Алейнiк. — З найблiжэйшых праектаў назаву канцэрт у Доме радыё 15 мая — ён адбудзецца, што называецца, пры любым надвор'i, а прамую трансляцыю будзе весцi тэлеканал «Беларусь 3». Але мяне як чалавека ўжо негарадскога (год таму Яўген Алейнiк i Юлiя Быкава перабралiся ў вёску пад Астрашыцкiм Гарадком. — «Зв».) больш клапоцiць участак — паспрабуй, маючы зямлю, нiчога на ёй не пасадзiць! Рыхтуем бульбу на пасадку, памiдоры, гуркi, кроп, зяленiва рознае, Юля ў перапынках памiж песнямi цэлымi днямi ў агародзе; перажываем толькi, што зямля сухая, бо дажджу даўно не было...» Але i асноўнай дзейнасцю — напiсаннем песень — творчы i сямейны дуэт у сваёй натуральнай iзаляцыi працягвае займацца. Цяпер у рабоце, кажа Яўген, дзве новыя кампазiцыi — адна для Iны Афанасьевай, другая ўласна для «Аўры», на восень наогул рыхтуюць шмат прэм'ер. А нядаўна лiтаральна за дзень знялi клiп для Машы Магiльнай на песню «Усё будзе добра»: «Я нешта ўспомнiў пра яе i падумаў, што зараз была б якраз дарэчы. Патэлефанаваў бацькам з iдэяй зняць вiдэаклiп, яны пагадзiлiся — i мы маленькай дружнай кампанiяй гэта зрабiлi, хутка вiдэа будзе гатовае, пакажам яго ў сецiве».

Кацярына Iванчыкава, як i iншыя ўдзельнiкi гурта Iowa, сядзiць на каранцiне ў Маскве. Каб заставацца ў норме i ў форме, дзяўчына раiць не толькi фiзiчную актыўнасць, але i догляд сябе — нават у iзаляцыi, упэўнена Кацярына, важна зранку прыгожа адзецца, нафарбавацца, падабраць аксесуары, каб захаваць пазiтыўны настрой. Спявачка жартуе, што вольнага часу ў яе стала нават менш, чым было раней: «Думала i падцягнуць англiйскую, i курсы розныя засвоiць, i што да мальберта рукi дойдуць — а нiяк не магу за гэта ўзяцца i нават проста паваляцца з кнiжкай, бо ўвесь час вяду перамовы, нешта здымаю i адпраўляю — iнтэрв'ю, вiдэасюжэты, лекцыi, словы падтрымкi. Кватэра ператварылася ў нейкi палявы штаб!»

5 красавiка гурт Iowa зрабiў унiкальную рэч — не проста анлайн-канцэрт, а кватэрнiк на адлегласцi, падчас якога кожны з музыкаў знаходзiўся ў сябе дома. Выступленне ў прамым эфiры можна было паглядзець з любога месца ў свеце.

Віталь Карпанаў з жалезным «канём».

Не сумуе на каранцiне i гурт «Дразды». Акрамя таго, што хлопцы актыўна выступаюць у анлайн-канцэртах, яны рыхтуюцца адзначыць 15-годдзе калектыву. «У нас назбiралася неверагодная колькасць работы — алiчбаваць i выкласцi на iнтэрнэт-платформы тыя песнi i альбомы, якiя выходзiлi раней на дысках, — расказвае салiст гурта Вiталь Карпанаў. — Ужо выйшлi «Каханак-герой» 2008 года, «Тры рублi» 2012-га i «Шчасце» 2014-га. Акрамя таго, запiсваем i новы альбом — планавалi выпусцiць яго ўжо гэтай вясной, але перанеслi на восень. Як працуем? Збiраемся ў студыi, пры гэтым выконваем усе рэкамендаваныя меры перасцярогi, затое потым, калi нас спытаюць, што мы рабiлi ў гэты час, мы такiя — хоп! — i пакажам альбом». Да таго ж Вiталь выкладвае ў сецiве свае вершаваныя жартоўныя замалёўкi ў фiрменным «драздоўскiм» стылi — гэткiя камiчныя куплеты. «На аддалёнцы знасiў валёнкi, на аддалёнцы парнiк зрабiў з плёнкi, наварыў згушчонкi, накруцiў тушонкi, нагнаў самагонкi на аддалёнцы», — зрабiў ён днямi чарговую «справаздачу».

Спявак Пётр Елфiмаў, якi ўжо некалькi гадоў жыве ў Маскве i з'яўляецца вакалiстам гурта «Гран-КуражЪ», вымушаны быў адмовiцца ад жывых канцэртаў яшчэ на пачатку вясны. «Мой рабочы механiзм — голас — мякка кажучы, прыйшоў у непрыдатнасць, i ўрачы настойлiва рэкамендавалi ўзяць паўзу для аднаўлення», — растлумачыў сам спявак, якi вытрымлiваў некалькi тыдняў цiшынi. У цяперашнi час, кажа жонка i прадзюсар спевака Таццяна Касмачова, Пётр ачуняў i з iм усё добра — аднак артыст, як пераважная большасць жыхароў расiйскай сталiцы, знаходзiцца на жорсткiм каранцiне. «Чым ратуемся ў абавязковай самаiзаляцыi? Працай, канешне, — расказала «Звяздзе» Таццяна Касмачова. — Пётр, якi ў лютым стаў дацэнтам кафедры эстрадна-джазавых спеваў маскоўскага Iнстытута сучаснага мастацтва, дае ўрокi вакалу анлайн. Пiшуцца новыя песнi, дарабляем пацiху новы альбом — яго прэзентацыя была прызначаная на канец красавiка, але па зразумелых прычынах, як i тур па гарадах Расii, перанеслася на восень... Так што дзякуй землякам за падтрымку, усё нармальна».

Беларускi дзяржаўны ансамбль «Песняры» канцэртную дзейнасць не толькi не прыпынiў, а, здаецца, наадварот, актывiзаваў — выканаўцы рэгулярна даюць анлайн-канцэрты, напрыклад, днямi ўзялi ўдзел у дабрачынным марафоне ў падтрымку медыкаў. I хоць гэта збоку можа падавацца лёгкiм — падумаеш, прыехаць i паспяваць, але для такiх паездак па розных студыях i шматлiкiх стасункаў з арганiзатарамi цяпер таксама патрэбная пэўная смеласць... «Не смеласць, а разуменне таго, што гэта неабходна рабiць, — папраўляе мастацкi кiраўнiк БДА «Песняры» Раман Козыраў. — Бо артысты як былi, так i засталiся публiчнымi асобамi, за iх паводзiнамi сочаць многiя, i калi зараз зачынiцца ў нейкай яме, што пра цябе падумаюць людзi? На мой погляд, трэба захоўваць такую пазiцыю — бяспечную, дыстанцыйную, але адкрытую, i працягваць працаваць, што мы i робiм. Напрыклад, адначасова зводзiм канцэртны альбом, запiсаны летась з Прэзiдэнцкiм аркестрам да 50-годдзя «Песняроў», i пiшам новы, якi плануем скончыць да канца 2020-га. Сын Iгара Лучанка прынёс песню, якую раней нiхто не чуў, — таксама працуем над ёй. I, канешне, будзем працягваць рабiць усё, каб падтрымаць землякоў — не толькi ўрачоў i персанал бальнiц, а наогул усiх беларусаў, бо толькi разам, згуртаваўшыся, мы пераможам гэтую заразу».

З апошнiм сцвярджэннем застаецца толькi пагадзiцца i пажадаць усiм — назапашвайце станоўчыя эмоцыi, слухайце любiмую музыку, добрую i розную. Балазе, артысты гатовыя выступiць у любым фармаце.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

Фота з сацыяльных сетак выканаўцаў

Загаловак у газеце: Музыка на каранцiне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба. 

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.