Вы тут

О. Генры. Гармонія ў Прыродзе


О. Генры. Гармонія ў Прыродзе

Надоечы я быў на выставе і ўбачыў там карціну, якую купілі за пяць тысяч долараў. Яе аўтар — хлопец з Захаду з імем Крафт, і былі ў яго адна любімая страва і адна ўлюбёная тэорыя. Спажывай для розуму яму служыла Непахісная вера ў Беззаганную Гармонію ў Прыродзе. Гэтая тэорыя будавалася вакол сечанай саланіны з яйкам пашот. У той карціны мелася свая гісторыя, якую, вярнуўшыся дамоў, я выплюхнуў са сваёй аўтаручкі. Толькі ўявіце, што Крафт… Але гісторыя пачыналася не так.
Тры гады таму Крафт, Біл Джадкінс (паэт) і я харчаваліся ў Сайфера на Восьмай авеню. Дакладней, нас там харчавалі. Калі ў нас з’яўляліся грошы, Сайфер, як ён сам казаў, «вызваляў» нас ад іх. Ніякіх крэдытаў не было. Мы заходзілі, замаўлялі ежу і елі яе. Потым або плацілі, або не. Нас не палохалі вонкавая пахмурнасць і прыхаваная лютасць Сайфера. Дзесьці ў глыбіні сваёй змрочнай душы ён усё ж быў ці прынцам, ці блазнам, ці мастаком. Ён сядзеў за паедзеным чарвяточынай сталом, заваленым кіпамі настолькі старых чэкаў, што, я ўпэўнены, дзесьці ў самым нізе быў рахунак за вустрыцы, якімі частаваўся яшчэ сам Генры Гудзон. У Сайфера была нейкая здольнасць засцілаць вочы нібыта смугой, і таму акно яго душы рабілася ўвогуле непраглядным. Тады ён станавіўся падобны адначасова да Напалеона і лупатага акуня. Аднойчы, калі мы накіроўваліся да выхаду, не заплаціўшы і прамямліўшы пару слабых выбачэнняў, я азірнуўся і ўбачыў, як Сайфер трасецца ад бязгучнага смеху, накрыўшыся сваёй смугой. Калі-нікалі мы ўсё ж яму плацілі.
Але больш за ўсё ў рэстаране Сайфера прываблівала Мілі, афіцыянтка. Яна з’яўлялася найлепшым доказам тэорыі Крафта адносна Гармоніі ў Прыродзе. Мілі была нібыта створана для рэстараннага абслугоўвання, як Мінерва для рамеснага мастацтва ці Венера для навукі сур’ёзнага флірту. Бронзавая статуя Мілі на п’едэстале магла б стаяць у адным шэрагу з самымі высакароднымі з яе гераічных сёстраў як скульптура «Багіні жыватворнага бекону». Яна была неад’емнай часткай рэстарана Сайфера. Пераступіўшы парог, вы заўсёды ведалі, што зараз у блакітным дымным воблаку ад смажанага тлушчу з’явіцца яе каласальная фігура, гэтаксама як вы чакаеце магутныя Палісады, якія вось-вось уздымуцца ў густым тумане над Гудзонам. Тут, сярод пары ад варанай агародніны, сярод пахаў бясконцых талерак «вяндліны з…», звону посуду, лязгання металу, гучных выклікаў «Тэрміновы заказ!», крыкаў яшчэ галодных і мітусні тых, хто ўжо ўплятае ежу ў гуле крылатых істот, якіх мы атрымалі ў спадчыну яшчэ ад фараонаў, Мілі велічна плыла, нібыта вялізны лайнер сярод чоўнаў з равучымі дзікунамі.
Формы нашай Багіні Харчоў былі такія магутныя, што глядзець на іх можна было толькі праз набожнае трапятанне. Рукавы яе адзення заўсёды былі закасаныя. Яна магла дзвюма рукамі схапіць нас, трох мушкецёраў, і выкінуць у акно. Мілі была малодшай за нас, але ў ёй было так шмат ад біблейскай Евы і так многа шчырай праставатасці, што з самага пачатку яна была для нас нібы маці. Яна вывальвала на нас рэстаранныя запасы з каралеўскай абыякавасцю да кошту і колькасці, быццам з невычэрпнага рога дастатку. Голас яе аддаваўся ў вушах срэбраным звонам, а шырокая ўсмешка не сыходзіла з твару, нібы залацісты ўсход сонца над горнымі вяршынямі. Гледзячы на яе, я заўсёды ўспамінаў далёкую Іасеміцкую даліну. Аднак у мяне чамусьці ніяк не атрымлівалася ўявіць Мілі паза рэстаранам Сайфера. Прырода стварыла гэтую жанчыну менавіта для яго, у ім яна пусціла карані і магутна расла. Яна выглядала задаволенай і суботнімі вечарамі атрымлівала свае мізэрныя долары з такім радасным хваляваннем, нібы дзіця, што убачыла нечаканы падарунак.
Крафт першым выказаў страх, які, напэўна, падсвядома адчуваў кожны з нас. Гаворка аб ім зайшла, калі мы горача абмяркоўвалі, канечне, нейкія пытанні мастацтва. Адзін з нас параўнаў гармонію паміж сімфоніяй Гайдна і фісташкавым марожаным з элегантнай сувяззю паміж Мілі і рэстаранам.
— Мілі чакае жудасны лёс, — пачаў Крафт, — і, калі гэты лёс напаткае яе, яна будзе страчана і для Сайфера, і для нас…
— Няўжо яна патаўсцее? — са страхам спытаў Джадкінс.
— Яна пойдзе ў вячэрнюю школу і стане адукаванай? — нясмела запытаўся я.
— Вось у чым справа, — загаварыў Крафт, тыкаючы ўказальным пальцам у лужынку ад пралітай кавы. — Цэзару — Брут, бавоўне — моль, харыстцы — кавалер з Пітсбурга, аматару адпачынку на прыродзе — атрутны плюшч, герою — медаль Карнегі, мастацтву — Морган , ружы — …
— Ну добра ўжо, — я абурана перабіў яго, — ты ж не думаеш, што Мілі пачне насіць гарсэт?
— Аднойчы, — змрочна заключыў Крафт, — сюды за талеркай фасолі прыйдзе мільянерлесапрамысловец з Вісконсіна і ажэніцца з Мілі.
— Крый Божа! — з жахам ўсклікнулі мы з Джадкінсам.
— Так, лесапрамысловец, — хрыпла паўтарыў Крафт.
— Ды яшчэ і мільянер, — я ўздыхнуў у роспачы.
— З Вісконсіна! — прастагнаў Джадкінс.
Мы пагадзіліся, што Мілі сапраўды пагражае жудасны лёс. Цяжка было знайсці штосьці больш відавочнае. Мілі, бязмежная, як неабсяжная некранутая сасновая дуброва, не магла не прыцягнуць увагу лесапрамыслоўцы. І мы добра ведалі звычкі «барсукоў», калі ім усміхаецца ўдача. Яны першым жа рэйсам рушаць у Нью-Ёрк і кідаюць усё, што маюць, да ног той, што падала ім фасолю ў закусачнай. Ім сам алфавіт спрыяе. У мяне перад вачыма ўжо стаяў загаловак нядзельнай газеты: «Прывабная падавальшчыца пакарыла прамыслоўца з правінцыі». Ненадоўга мы адчулі, што восьвось страцім Мілі.
Натхняла нас толькі любоў да Беззаганнай Гармоніі ў Прыродзе. Мы ніяк не маглі аддаць Мілі лесапрамыслоўцу, які мала таго што мільянер, дык яшчэ і з правінцыі. Нас дрыжыкі бралі ад уяўлення, што Мілі з утаймаваным голасам, незакасанымі рукавамі дзесьці ў вігваме налівае гарбату гэтаму забойцу дрэў. Крый Божа! Яна створана для рэстарана Сайфера — для дыму ад смажанага бекону, для паху капусты, велічнага вагнераўскага хору фаянсавых кубкаў і грукату мэблі.
Наш страх, мусіць, стаў прароцкім, таму што гэтым самым вечарам лясны гушчар абрушыў на нас наканаванага выкрадальніка Мілі — расплата за любоў да гармоніі і парадку. Але бяда прыйшла не з Вісконсіна, а з Аляскі.
Мы паглыналі тушаную ялавічыну і сушаныя яблыкі, калі ён заляцеў у дзверы, нібы прыехаў на сабачай запрэжцы, і сеў да нас за стол. На салдацкі манер ён пачаў кроіць нашы вушы і заклікаць да сяброўства людзей у нетрах закусачнай. Мы прынялі яго як трэба і ўжо праз тры хвіліны былі гатовыя амаль памерці адзін за аднаго.
Ён быў барадатым мужчынам з грубым, высушаным ветрам тварам і, па яго словах, толькі што сышоў з парома на Паўночнай рацэ. Мне здавалася, яго плечы дагэтуль блішчалі ад снегу Аляскі. А потым ён вываліў на стол залатыя самародкі, чучала курапаткі, шкуру цюленя і пацеркі — трафеі золатаздабывальніка — і ўзяўся трапацца пра свае мільёны.
— Карацей, адных банкаўскіх чэкаў на два мільёны, — такім было яго рэзюмэ. — Ды з маіх прыіскаў па тысячы на дзень прыходзіць. А зараз мне б тушанай ялавічыны і кансерваваных персікаў. Я не сыходзіў з цягніка з таго часу, як паехаў з Сіэтла, я хачу есці. Харчы, якімі чорныя кормяць у пульманаўскіх вагонах, не лічацца. Джэнтльмены, замаўляйце што жадаеце.
А потым на гарызонце замаячыла Мілі з дзясяткам талерак на аголенай руцэ. Такая магутная, бела-ружовая і велічная, як гара Святога Ільі, з усмешкай, як світанак у горнай лагчыне. Убачыўшы яе, Кландайкер адкінуў усе шкуркі і самародкі — нібы смецце — і з адвіслай сківіцай уставіўся на Мілі. Здавалася, яна ўжо была апранута ў расшытую шоўкавую парыжскую сукенку, а на галаве ўжо красавалася тыяра з дыяментамі — падарункі, якія ён, канечне, ужо збіраўся ёй набыць.
Нарэшце моль накінулася на бавоўну, атрутны плюшч папоўз у бок аматара прыроды, а наш лесапрамысловец-мільянер — пад сціплым выглядам золатаздабывальніка з Аляскі — ужо збіраўся акруціць нашу Мілі і парушыць Гармонію ў Прыродзе. Крафт першым пачаў выпраўляць сітуацыю. Ён ускочыў, хлопнуў нашага знаёмага па спіне і ўсклікнуў:
— Хадзем вып’ем! Спачатку выпіць трэба, а потым ужо і есці можна!
Мы з Джадкінсам падхапілі мільянера пад рукі. Па-святочнаму бестурботна і гучна мы выцягнулі яго з рэстарана ў бар, набіўшы яму кішэні бальзаміраванымі курапаткамі і неядомымі залатымі арэхамі.
Ён дабрадушна пярэчыў.
— Нарэшце я знайшоў адпаведную дзяўчыну для маіх грошай! — абвясціў мільянер. — Яна можа есці з маёй патэльні да канца нашых дзён. Дальбог, ніколі ў жыцці такіх прыгажунь не бачыў. Пайду і прапаную ёй ажаніцца са мной! Наўрад ці яна захоча і далей талеркі падаваць, калі ўбачыць кучу залатога пяску, якую я ёй прынясу.
— Але зараз яшчэ віскі з малаком, — націскаў Крафт з д’ябальскай усмешкай. — Я ж думаў, вы, хлопцы з поўначы, дужэйшыя будзеце!
Крафт спусціў у бары свае ўбогія фінансы, а потым так умольна зірнуў на нас з Джадкінсам, што мы мусілі аддаць апошні цэнт, каб пачаставаць госця.
Потым, калі грошы скончыліся, а Кландайкер, дагэтуль амаль цвярозы, пачаў зноў трапацца пра Мілі, Крафт прашаптаў яму на вуха нешта далікатна-абразлівае пра скупярдзяеў з мільёнамі. Гэтыя словы так зачапілі нашага сябра, што ён пачаў жменю за жменяй вывальваць срэбра і зялёныя банкноты, патрабуючы прынесці яму ўсе існуючыя вадкасці, каб заліць абвінавачванні.
Такім чынам, наша місія была выканана. Мы выгналі ворага з поля бою яго ж зброяй. Потым мы загрузілі мільянера ў павозку і завезлі ў нейкі матэль у чорта на рагах, дзе паклалі спаць сярод самародкаў і цюленевых шкурак.
— Так ён дакладна ніколі не адшукае рэстаран Сайфера, — абвясціў Крафт. — Ён ажэніцца з першай жа, на якой заўтра ўбачыць белы фартух у суседняй закусачнай. А Мілі — то-бок Гармонія ў Прыродзе — выратаваная.
А мы ўтраіх зноў рушылі да Сайфера. Убачыўшы, што едакоў няшмат, мы нават узяліся за рукі і станцавалі вакол Мілі танец дзікіх індзейцаў.
Гэта, зноў кажу, здарылася тры гады таму. Прыкладна ў той жа час нашай тройцы прываліла ўдачы, і мы ўжо маглі частавацца даражэйшай і менш здаровай ежай, чым у рэстаране Сайфера. Нашы шляхі разышліся, і калі з Джадкінсам мы зрэдку бачыліся, то з Крафтам — увогуле не.
Аднак, як я ўжо адзначыў, надоечы я ўбачыў карціну, якую купілі за пяць тысяч долараў. Карціна называлася «Баўдзіка», і фігура ваяўніцы, здавалася, займала ўсю прастору. Але з усіх тых, хто любаваўся карцінай, бадай, я адзін прагнуў, каб Баўдзіка спусцілася з палатна і падала мне рубленую саланіну з яйкам пашот.
Я адразу накіраваўся да Крафта. Яго д’ябальскія вочы засталіся такімі ж, як раней, валасы выглядалі яшчэ больш ускудлачанымі, але вопратку ён ужо насіў з-пад рукі краўца.
— Я і не ведаў, — сказаў я.
— На гэтыя грошы мы купілі дом у Бронксе, — сказаў Крафт, — заходзь у любы дзень а сёмай вечара.
— Гэта атрымліваецца, — згадаў я, — што, калі ты адводзіў ад яе лесапрамыслоўца — то-бок Кландайкера, — гэта было не толькі для таго, каб захаваць Беззаганную Гармонію ў Прыродзе?
А Крафт адказаў з усмешкай:
— Ну, мабыць, не толькі для гэтага.

Пераклад з англійскай Кацярыны Барташэвіч
Падрыхтоўка да друку Вольгі Марозавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт