Вы тут

Дзе выў воўк Гедыміна?


Такое пытанне ў мінулым стагоддзі ў сваім артыкуле ўзняў археолаг і журналіст Уладзімір Галубовіч. З публікацыі вынікала, што Гедымін заснаваў Вільню не на гары, якую мы ведаем як Замкавую, а ў іншым месцы — так званым Крывым горадзе. Там у 1930-х гадах сужэнцы Галубовічы праводзілі маштабныя раскопкі, на падставе сабраных матэрыялаў і былі зроблены такія высновы. Раскопкі вяліся не толькі ў Вільні, але і на тэрыторыі сучаснай Беларусі.


Сёння тую спадчыну даводзіцца збіраць пакрысе — у гады Другой сусветнай вайны некаторыя дакументы згубіліся. Між тым раскопкі Галубовічаў рабіліся на вельмі высокім ўзроўні, і іх вопыт быў бы карысны многім сучаснікам. «Наколькі прадумана працавала Алена Цэгак-Галубовіч! У яе была вельмі дасканалая праграма даследавання тэрыторый, разведка вялася па водападзеле, ставіліся мэты вывучэння помнікаў эпохі Сярэднявечча, якія могуць быць звязаныя з гандлёвымі камунікацыямі», — захапляецца загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалай Плавінскі.

Імёны выдатных археолагаў згадалі на навуковым семінары «Вытокі беларускай археалогіі. Паўночны захад: ад палеаліту да Каложы», што быў прымеркаваны да 205-годдзя з дня нараджэння беларускага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўца і фалькларыста Яўстаха Тышкевіча і 150-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Стаброўскага, які вывучаў старажытную гісторыю Слонімшчыны.

Гэтая сустрэча паклала пачатак шэрагу іншых, прысвечаных слаўным постацям у археалогіі Беларусі. Дарэчы, пытанні, якія хвалявалі даследчыкаў у мінулыя часы, не трацяць сваёй актуальнасці і сёння. Так, Вандалін Шукевіч яшчэ ў ХІХ стагоддзі звяртаў увагу на абыякавасць грамадства да археалагічнай спадчыны: помнікі руйнуюцца, асобныя аматары скупляюць артэфакты, але старажытныя рэчы трапляюць у прыватныя музеі без якой-небудзь прывязкі ці лакалізацыі, у выніку чаго знішчаецца іх навуковая вартасць. Археолаг паўтараў, што артэфакты з'яўляюцца асобнымі крыніцамі вывучэння мінулага і павінны выконваць функцыю падмурку нацыі, бо калі не ведаць уласную гісторыю, яе могуць напісаць іншыя.

Таму Вандалін Шукевіч ставіў перад археолагамі задачы інвентарызацыі здабыткаў, гістарычных і археалагічных помнікаў, стварэння карты гістарычных старажытнасцяў і музея, дзе ў тым ліку будзе і аддзел археалогіі, а сярод супрацоўнікаў — падрыхтаваныя кваліфікаваныя кадры, якія змогуць даносіць да шырокай публікі ўсю карысць і вартасць археалагічнай спадчыны. Таксама ён адзначаў, што экскурсіі неабходныя для таго, каб мяняць стаўленне грамадскасці да старажытнай спадчыны, і што археолагам трэба мець актыўную грамадска-палітычную пазіцыю і ўсяляк яе агучваць на карысць сваёй дзяржавы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».