— Жыхары нашага дома хочуць устанавіць на будынку відэаназіранне. Мне гэта здаецца непатрэбным. Ці магу я адмовіцца ад заключэння дагавора на аказанне гэтай паслугі?
Яніна Ж., Мінск.
На пытанне адказвае Вікторыя ЧАМЯРЭЎСКАЯ, вядучы спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання бюджэтна-фінансавых зносін і падаткаабкладання Міністэрства юстыцыі Беларусі:
— Так, вы маеце права адмовіцца ад гэтай паслугі, бо яна не з'яўляецца абавязковай.
Пастановай Савета Міністраў «Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» зацверджаны пералік асноўных і дадатковых камунальных паслуг.
Дадатковых паслуг усяго пяць. Гэта ўстаноўка і (або) тэхнічнае абслугоўванне запорна-перагаворных прылад жылога дома, устаноўка і (або) тэхнічнае абслугоўванне сістэм відэаназірання за жылым домам і прыдамавой тэрыторыяй, арганізацыя работы і ўтрыманне вахцёраў (кансьержаў) у шматкватэрным жылым доме, арэнда і (або) замена падлогавых гразеабаронных дывановых пакрыццяў, уладкаванне прыдамавых тэрыторый элементамі азелянення, добраўпарадкавання і іх далейшае ўтрыманне.
Відавочна, што ўстаноўка і тэхнічнае абслугоўванне сістэм відэаназірання за жылым домам і прыдамавой тэрыторыяй адносяцца да дадатковых паслуг.
Законам устаноўлена, што дадатковыя жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП) аказваюцца толькі на падставе дагавора паміж выканаўцам і спажыўцом. Жыллёвы кодэкс і нормы Закона аб ахове правоў спажыўцоў ЖКП замацоўваюць права спажыўца адмовіцца ад атрымання дадатковых камунальных паслуг. Пры гэтым адмовіцца можна як ад заключэння дагавора на аказанне дадатковай ЖКП, так і ад ужо заключанага дагавора на аказанне гэтай паслугі.
Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых устаноў мы будзем шукаць на іх адказы.
Ірына СІДАРОК
«Выходзім на фінішную прамую»
Словы Прэзідэнта на цырымоніі інаўгурацыі, як і сама знакавая для дзяржавы падзея, знайшлі водгук у сэрцах усіх сапраўдных патрыётаў краіны