Вы тут

Курсантам Магілёўскага інстытута МУС прапанавалі паўдзельнічаць у стварэнні коміксаў для дзяцей


Перапалоханая дзяўчынка каля адчыненага акна адчайна кліча на дапамогу, злачынца ў масцы спрабуе прабрацца ў чужую кватэру — сюжэты з крымінальнай хронікі, але, на шчасце, не сапраўднай, а ўсяго толькі намаляванай.


Аўтар малюнкаў, курсант першага курса факультэта міліцыі Магілёўскага інстытута МУС Данііл Сакалоў, прызнаецца:

— Я ніколі не займаўся прафесійна маляваннем, але маці заўсёды казала, што ў мяне гэта нядрэнна атрымліваецца. У 13 гадоў я ўдзельнічаў у конкурсе дзіцячых творчых работ Міністэрства адукацыі і прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў «Мы розныя, мы — разам». І мой малюнак перамог.

Згадаць дзіцячыя навыкі будучаму міліцыянеру дапамог праект, які цяпер рэалізуецца ў сценах Магілёўскага інстытута МУС. Курсанты ўдзельнічаюць у стварэнні коміксаў на тэму бяспекі. Дзецям больш цікава ўнікаць у сур'ёзныя рэчы падчас гульні або прагляду мультфільма. І коміксы — гэта якраз тое, што ў такім выпадку трэба.

Першы свой міліцэйскі комікс Данііл намаляваў на, як той казаў, збітую тэму. Злачынца ў выглядзе дабрадзея прапануе дзіцяці цукерку. Бацькі часцей за ўсё перасцерагаюць сваіх малых дачок і сыноў не ўступаць у размовы з незнаёмымі людзьмі — гэта самы распаўсюджаны спосаб увайсці ў давер дзіцяці, каб потым, напрыклад, абрабаваць кватэру. Цяпер курсант выконвае заданне аддзялення прафарыентацыйнай работы, інфармацыі і грамадскіх сувязяў інстытута — стварае комікс пра хлопца, які, спадзеючыся на «лёгкі заробак», узяўся за распаўсюджванне закладак з наркотыкамі. Важна, каб падлеткі ўсведамлялі, якая сур'ёзная адказнасць прадугледжана за падобныя дзеі, лічыць ён. Каб карцінка выглядала якасна, Данііл прынёс з дому графічны планшэт. З яго дапамогай малюнак атрымаецца адразу ў аблічбаваным выглядзе і яго потым не трэба сканіраваць. А яшчэ яго лягчэй размаляваць і захаваць у фармаце і разрозненні, якія спрыяюць больш якаснаму друку.

Данііл — адзін з дзесяці курсантаў, задзейнічаных у важным прафілактычным праекце. Усе яны — адораныя ў мастацкім сэнсе маладыя людзі, якія калісьці вучыліся маляванню або яно было іх хобі. Свае здольнасці яны развіваюць цяпер пад кіраўніцтвам выпускніцы Мінскага інстытута культуры, супрацоўніцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Крынічка» Аляксандры Нейман. Аляксандра прызнаецца, што калі ёй прапанавалі выкладаць маляванне ў інстытуце МУС, яе гэта крыху збянтэжыла. Думала, што будзе цяжэй, але вучні падабраліся здольныя.

— Калі пазнаёмілася з работамі курсантаў, была прыемна здзіўленая, — усміхаецца яна. — Адразу ж задалася пытаннем, як маладыя людзі, якія маюць даволі развітыя мастацкія здольнасці, выбралі такую сур'ёзную прафесію — абараняць людзей ад злачынцаў.

Маляваннем курсанты займаюцца на працягу адной гадзіны сарака хвілін два разы на тыдзень. Аляксандра дапамагае стылізаваць малюнкі пад мульцяшныя ілюстрацыі. Яе галоўная задача — навучыць сваіх выхаванцаў больш простай падачы матэрыялу, каб кожны
з малюнкаў нагадваў рухомы кадр. І такіх кадраў на адну тэму павінна быць як мінімум чатыры. Каб карцінка дакладней перадавала рухі і дзеянні персанажаў, часам даводзіцца звяртацца да рэферэнсаў. Гэты наглядны матэрыял цяпер не праблема знайсці ў інтэрнэце. Курсанты вывучаюць яго, і з кожным урокам рука робіцца ўсё больш упэўненая, а малюнкі атрымліваюцца ўсё больш красамоўныя.

— Фармат карыкатуры набліжаны да дзіцячых мультфільмаў. Дзіця больш адказна ўспрымае інфармацыю, якая перададзена ў малюнку, хай нават і ў наіўным выглядзе, — лічыць мастачка. — Ну а будучыя міліцыянеры лепш разумеюць усю небяспеку для дзіцяці злачынстваў, а значыць, і больш дакладна могуць праз свой мастацкі твор данесці неабходны матэрыял.

У шэрагі міліцэйскіх мастакоў трапілі ўсяго дзве дзяўчыны. Магчыма, гэта тлумачыцца спецыфікай ВНУ, дзе ўсё ж больш хлопцаў.

Аляксандра Вадзянкова, першакурсніца факультэта міліцыі, з дзяцінства любіла маляваць прыроду, у прыватнасці мясціны сваёй малой радзімы — горада Буда-Кашалёва Гомельскай вобласці. Мастачкай не стала толькі таму, што вельмі натхніў на міліцэйскую рамантыку яе дзядзька.

— Ён часта расказваў, якая цікавая і захапляльная яго работа, хоць і, як спяваецца ў той песні, часам вельмі небяспечная і цяжкая, — тлумачыць дзяўчына.

Яна рада, што ў яе з'явілася магчымасць узгадаць сваё дзіцячае захапленне і стварыць нешта карыснае для абранай прафесіі.

— Як будучы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх я стану займацца прафілактыкай правапарушэнняў сярод дзяцей, — кажа яна. — Ёсць задумка галоўным героем наступнага сюжэта зрабіць дзяўчыну-інспектара, якая тлумачыць дзецям Правілы дарожнага руху. А прататыпам будзе мая сяброўка, з якой мы цяпер разам малюем.

Выпускнік Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў другакурснік Яўген Уласенка таксама з задавальненнем удзельнічае ў стварэнні коміксаў.

— Калі я ўяўляю, як дзеці будуць глядзець на мае работы і вучыцца правілам бяспечных паводзін, гэта асабліва мяне натхняе і матывуе, — прызнаецца ён.

— У нашым міліцэйскім гуртку няшмат мастакоў, але ўсе яны з задавальненнем займаюцца сваёй справай, — кажа афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага інстытута МУС Кірыл Маржанаў. — Пакуль яны робяць толькі першыя крокі ў будучай прафесіі, і вельмі добра, калі яны будуць падыходзіць да яе гэтак жа творча.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Марыны ГРАМЫКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.