Вы тут

Гродна далучылася да мабільнага сэрвісу аплаты праезду


Таксама тут распрацавана першая ў краіне спецыялізаваная праграма для кантралёраў. Цяпер мабільная сістэма працуе ў тэставым рэжыме на некалькіх аўтобусных маршрутах. У хуткім часе яна пашырыцца і ахопіць не толькі аўтобусны парк, але і тралейбусны.


Сэрвіс, можна сказаць, даволі своечасовы. Яго актуальнасць не толькі ў зручнасці аплаты праезду, але і ў магчымасці захаваць сацыяльную дыстанцыю. Пасажыру не трэба перадаваць талон ці самому цягнуцца да кампосцера — дастаткова ўключыць сканэр і навесці камеру на QR-код у аўтобусе, прычым гэта можна зрабіць на адлегласці да двух метраў.

Каб набыць смарт-білет, неабходна напачатку ўстанавіць праграму «Аплаці». Яна даступная ў сэрвісах AppStore і PlayMaркет. Для рэгістрацыі неабходна ўвесці ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта, а затым перавесці грошы з банкаўскай карткі на электронны кашалёк. Калі такой карткі няма, сродкі можна перавесці з дапамогай QR-кода з дадатковага тэлефона.

Нават калі тэлефон згубіўся, зламыснік не зможа скарыстацца электронным кашальком. Для ўваходу ў сэрвіс трэба ведаць пін-код альбо сканіраваць біяметрычныя даныя, гэта значыць адбітак пальца. Такім чынам, карыстальнік праграмы «Аплаці» мае высокую ступень абароненасці. Пра гэта паклапаціліся распрацоўшчыкі — ІT-кампанія, якая займалася распрацоўкай мабільных праграм для банкаў, аўтаматызацыі сістэм ДАІ, лічбавымі рашэннямі леташняй кампаніі па перапісе насельніцтва. Укараненне сістэмы мабільнай аплаты праезду — гэта частка экасістэмы «Белінвестбанка».

Гродна — чацвёрты абласны цэнтр і сёмы горад Беларусі, дзе запушчана інавацыйная бескантактавая тэхналогія аплаты за праезд. Пакуль сістэма працуе ў тэставым рэжыме на 30 аўтобусах — гэта пятая частка гарадскога аўтобуснага парка. Па словах дырэктара ААТ «Аўтобусны парк Гродна» Мікалая Дрэвіла, літаральна праз 10-15 дзён смарт-білеты можна будзе набыць ва ўсіх аўтобусах горада.

Трэба сказаць, што не толькі пасажыры атрымалі мабільны сэрвіс, але і кантралёры. Паколькі ў Гродне няма кандуктараў, для службы кантролю распрацавана спецыяльная праграма «Аплаці. Кантралёр». Далучыцца да яе могуць толькі работнікі гэтай службы. Пры ўваходзе ў аўтобус кантралёр сканіруе QR-код, пасля чаго аплаціць праезд робіцца немагчыма. Пры праверцы электроннага білета відаць дата яго набыцця, а таксама нумар аўтобуса. Сапраўднасць білета падцвердзіцца зялёнай палоскай унізе экрана. Калі яго праверылі другі раз — палоска будзе аранжавая. Кантралёр зможа ўпэўніцца ў наяўнасці білета нават тады, калі смартфон пасажыра не працуе — напрыклад, разрадзіўся.

Пакуль мабільная сістэма аплаты будзе дзейнічаць у аўтобусах. Наступны этап — яе ўкараненне ў электрычным транспарце. Запусціць смарт-паслугу ў тралейбусах плануецца ў маі. Цяпер ідзе падрыхтоўка да тэставага апрабавання. Дагавор аб супрацоўніцтве заключаны з ААТ «Белінвестбанк».

Новая сістэма, вядома, не стане перашкодай існуючаму спосабу аплаты за праезд, падкрэсліў падчас прэзентацыі праекта намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык. Разам з тым паступова пачне зніжацца нагрузка на гарадскі бюджэт. Штогод на датацыю пасажырскіх перавозак выдаткоўваецца з гарадской казны восем мільёнаў рублёў. Часткова можна знізіць гэты паказчык праз скарачэнне выпуску друкаванай прадукцыі.

Дарэчы, Гродна — не адзіны горад вобласці, дзе ўкараняецца бескантактавая сістэма аплаты праезду. На электронныя білеты пераходзіць і Ліда. Тут да мая ўсе гарадскія маршруты будуць даступныя для бескантактавага талона. Мяркуецца, што такія меры дапамогуць павысіць узровень замяшчэння насельніцтвам затрат на гарадскі транспарт і будуць мець спрыяльны сацыяльны эфект.

Маргарыта Ушкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».