Вы тут

Як у Мінскім аблвыканкаме дзейнічае штаб па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруса


Ён створаны па распараджэнні старшыні аблвыканкама Аляксандра Турчына. Узначаліў штаб намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч. На пасяджэннях прадстаўнікі выканкама, спецыялісты медыцыны абмяркоўваюць пытанні эфектыўнай работы сістэмы аховы здароўя, з тым каб трымаць сітуацыю пад кантролем, стварыць бяспечныя ўмовы працы для медыкаў.


Фота БЕЛТА

— Сітуацыя ў вобласці кантраляваная. Робіцца ўсё магчымае для таго, каб нармальна функцыянавала сістэма аховы здароўя, каб працавалі ўсе органы ўлады, каб забяспечыць усім неабходным нашых медыкаў. Прыемна, што да гэтай работы падключаецца і бізнес, — адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама Зіновій Гозман.

У прыватнасці, як ужо паведамляла «Звязда», кампанія «Дарыда» пачала пастаўкі мінеральнай і пітной вады ва ўстановы аховы здароўя цэнтральнага рэгіёна. На адным з пасяджэнняў штаба вырашана правесці вучобу для работнікаў аўтазаправачных станцый вобласці. Многія жыхары рэгіёна ў перыяд распаўсюджвання віруснай інфекцыі лічаць, што лепш ездзіць на асабістым аўтамабілі дзеля сваёй бяспекі. Патэнцыйна небяспечным месцам для аўтамабіліста з'яўляецца АЗС.

— Практычны семінар для работнікаў станцый прайшоў у Маладзечне. Супрацоўнікам было паказана, як правільна апрацоўваць бензакалонкі дэзынфіцыруючым растворам. У сетцы аўтазаправачных станцый вобласці строга кантралююць наяўнасць сродкаў гігіены, дэзынфіцыруюць паверхні і абсталяванне. Каля кас і ў санвузлах устаноўлены антысептыкі, зоны каля кас абсталяваны ахоўнымі экранамі з арганічнага шкла, персанал працуе ў масках і пальчатках, — растлумачыў галоўны санітарны ўрач Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Рызгунскі.

Акрамя таго, у Мінскай вобласці ў рэжыме відэасувязі адбыўся семінар з работнікамі жыллёва-камунальнай службы. Спецыялісты санэпідэмстанцыі расказалі, як правільна апрацоўваць пад'езды і рыхтаваць дэзынфіцыруючыя сродкі.

А старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын наведаў прадпрыемства «Марк Фармэль» у Заслаўі, якое часова перапрафіляванае на выпуск масак. Губернатару паказалі дзве мадэлі аднаразовых медыцынскіх масак.

— Будзем адпраўляць іх у аптэчную сетку для рэалізацыі насельніцтву і ў медыцынскія ўстановы, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Разам з тым кампанія асвоіла і вытворчасць ахоўных камбінезонаў, нарукаўнікаў і бахіл. Галоўнае — задаволіць патрэбу ў сродках аховы як медыцынскіх устаноў, так і насельніцтва. Неабходна, каб кожны чалавек, які прыйшоў у аптэку, разумеў, што ён можа купіць і маскі, і дэзынфіцыруючыя сродкі. Па словах заснавальніка групы кампаній «Марк Фармэль» Андрэя Серыкава, з 9 красавіка вытворчасць выходзіць на 50 тысяч масак у суткі, а з 13 красавіка — на 100 тысяч адзінак. Шыццём сродкаў індывідуальнай аховы займаецца пяць пляцовак. А ў любанскім філіяле ААТ «Крышталь» пачалі выпускаць дэзынфіцыруючыя растворы. Першая партыя іх дастаўлена ў адну з медыцынскіх устаноў вобласці.

У Капыльскім дзяржаўным каледжы стартаваў «Марафон дабра». Тут пачалі шыць медыцынскія маскі. Ідэя такім чынам падтрымаць раённых медыкаў прыйшла майстрам вытворчага навучання. У вольны ад вучобы і работы час навучэнцы і педагогі шыюць маскі, якія бясплатна перадаюць у бальніцу. Усе неабходныя матэрыялы для вырабу сродкаў аховы пастаўляе мясцовы лясгас. Работнікаў Барысаўскай інфекцыйнай бальніцы вырашылі падтрымаць у РУП «Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт». Ім прапанавалі 9 красавіка смачны абед за кошт кампаніі. «Святло дабрыні — у кожны дом» — такую сумесную дабрачынную акцыю пачалі камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама і прадстаўнікі бізнесу. У ёй узяла ўдзел і адна з найбуйнейшых гандлёвых сетак Беларусі «Віталюр», якая перадала прадуктовыя наборы Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і Мікалаеўшчынскаму дому-інтэрнату для ветэранаў вайны і працы.

Але, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. У гэты час, калі адменены масавыя і забаўляльныя мерапрыемствы, усё больш маладзёжных падзей адбываецца ў віртуальнай прасторы. У рэгіёнах Міншчыны праводзяцца разнастайныя інтэрнэт-конкурсы. Так, у Пухавіцкім раёне адбываецца фотаконкурс «Усмешка БРСМ». У Чэрвеньскім — анлайн-конкурс малюнкаў. У Жодзіне ў сацыяльных сетках вядзецца рубрыка «Проста застанься дома». У многіх раёнах ладзяцца прамыя эфіры з яркімі, цікавымі асобамі. З 20 сакавіка ў цэнтральным рэгіёне працуюць маладзёжныя інфармацыйныя лініі для аказання дапамогі грамадзянам, якім больш за 65 гадоў. У асноўным пажылыя людзі звяртаюцца з просьбай даставіць ім прадукты харчавання. Ёсць выпадкі, калі яны просяць забраць у паліклініцы рэцэпт на лекавыя прэпараты і купіць іх.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.