Вы тут

Ад чаго залежыць, як жанчына будзе ўваходзіць у «залаты ўзрост»


Ад чаго залежыць, як жанчына будзе ўваходзіць у «залаты ўзрост» і як сябе будзе ў ім адчуваць? І ці можа даць нам маладосць прыём гармонаў? Сваімі поглядамі на гэты этап жыцця дзеляцца медыкі, якія ўжо пракансультавалі і пралячылі не адну тысячу беларусак, — загадчыца кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар Станіслава МІХАЛЕВІЧ і дацэнт кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук Надзея АНДРЭЕВА.


С. М.:

— Як вы на свет глядзіце, так вы ў ім і жывяце. Калі вы будзеце з жахам чакаць набліжэння старасці, то сустрэнеце той самы жах, якога вы чакаеце. Мы самі праграмуем сябе. Я многім кажу: усе хваробы ў вас будуць працякаць так, як вы сабе гэта запланавалі. Калі запланаваны жах — то ён і будзе.

Народ цяпер вельмі заклапочаны маршчынамі, з імі абавязкова трэба змагацца, бясконца сябе перарабляць... Калі вы не выглядаеце маладзейшай, жыць і радавацца жыццю чамусьці нельга.

Я лічу: не трэба баяцца, што з'явяцца маршчыны, стане горшым зрок, косткі стануць крохкія. Апошнім часам сталі казаць пра шматлікія досыць натуральныя рэчы як пра нейкую паталогію. Так, з'явілася новая хвароба — астэапароз, і ўсе сталі яго баяцца, самі сабе прызначаць і піць кальцый, у якога таксама ёсць свае супрацьпаказанні. Між тым у многіх выпадках гаворку можна весці не пра астэапароз, а пра фізіялагічнае зніжэнне шчыльнасці касцей у пэўны перыяд жыцця жанчыны.

Раней жанчыны не прымалі пагалоўна кальцый, і я, напрыклад, не памятаю нейкай эпідэміі пераломаў у сталых жанчын у маім коле стасункаў. Памятаю, як мая мама ўпала з лесвіцы ў свае амаль 70 гадоў і абышлася без пералому, атрымаўшы толькі вывіх нагі. Так што нельга ўсім запар прымаць кальцый: у лепшым выпадку гэта можа не прынесці карысці, у горшым — можна зарабіць камяні ў нырках. Але кальцый можа прызначыць дасведчаны доктар, калі ён убачыць, што менавіта ў вашым выпадку ён зараз неабходны.

Так што трэба ўключаць галаву і думаць і пра тое, што часам тыя ж фармкампаніі зацікаўлены, каб мы больш куплялі розных лекаў і біядабавак. Некаторым выгадна прымусіць нас паверыць, што мы ўсе хворыя, усе з'яўляемся пацыентамі і ўсім нам трэба ўвесь час нешта прымаць.

— Многія жанчыны лічаць, што падоўжыць маладосць можна з дапамогай прыёму гармонаў. Быў час, калі замяшчальная гарманальная тэрапія на Захадзе перажывала сапраўдны бум. Потым выявіліся вельмі небяспечныя пабочныя эфекты, і ставіцца да яе сталі больш стрымана. Як сёння медыкі глядзяць на гэта?

С. М.: — Усё павінна быць па паказаннях. Іх вызначае доктар. Я не супраць гарманальнай тэрапіі, але яна паказана далёка не ўсім. Гэта не так, што ў нейкім узросце трэба ўсім пачаць абавязкова прымаць гарманальныя прэпараты. Для прафілактыкі ўзроставых змяненняў іх прымаць адназначна не варта, таму што ёсць шмат супрацьпаказанняў, пабочных эфектаў, ускладненняў.

Так, доктар можа прызначыць гэтую тэрапію, але з мэтай лячэння паталагічных менапаўзальных сімптомаў, а не «замяшчэння» гармонаў, не з мэтай амаладзіць! А калі ў жанчыны ў анамнезе трамбоз, інфаркт, рак малочнай залозы, то такое лячэнне абсалютна супрацьпаказана. Таксама існуе паняцце «акно магчымасцяў». Гарманальная тэрапія можа быць эфектыўнай і адносна бяспечнай, калі была распачатая альбо не пазней чым праз дзесяць гадоў пасля менапаўзы, альбо ва ўзросце, не старэйшым за 60 гадоў. Калі ж да мяне прыйдзе 65-гадовая дама і скажа: я хачу памаладзець... Для яе гэта ўжо будзе безнадзейна і небяспечна, акно магчымасцяў ужо зачынілася.

Н. А.: — Клімакс — гэта нармальны фізіялагічны працэс, звязаны з памяншэннем узроўню эстрагенаў у арганізме. Гэта трэба ўсвядоміць.

Як правільна сябе пры гэтым паводзіць? Кожная жанчына такога ўзросту павінна схадзіць да ўрача. І не для таго, каб атрымаць рэцэпт на прэпарат, а каб выпрацаваць сваю тактыку: як жыць, як сябе паводзіць, як спраўляцца з непрыемнымі з'явамі.

Клімакс можа прынесці з сабой тры групы сімптомаў: вегета-сасудзістыя (прылівы, тахікардыя), эмацыянальна-псіхалагічныя (дэпрэсіі, няроўны настрой, дрэнны сон) і эндакрынныя парушэнні (урагенітальныя, парушэнні ў рабоце шчытападобнай залозы і іншае). Ёсць спецыяльныя шкалы, доктар можа ўсё гэта палічыць па балах і вызначыць, патрэбна канкрэтнай жанчыне медыкаментозная падтрымка ці не. І не заўсёды яна, нават калі і патрабуецца, будзе гарманальная. Гэта могуць быць заспакаяльныя травы, антыдэпрэсанты і іншае.

— Сёння розныя дактары могуць даваць адной і той жа жанчыне ў адной і той жа сітуацыі цалкам розныя рэкамендацыі. Выходзіць, адзіных пратаколаў няма?

С. М.: — Пратаколы ёсць, але яны дазваляюць індывідуальны падыход да пацыента. Наогул задача доктара — даць жанчыне выбар. Калі ёсць хоць найменшая магчымасць — трэба навучыцца жыць без прэпаратаў. Але калі жанчына вельмі настойвае, доктар можа ёй выпісаць прэпарат, растлумачыўшы пры гэтым усе плюсы і мінусы і ўсе рызыкі. Але абавязкова варта памятаць: гармоны ў выглядзе прэпаратаў — гэта заўсёды дадатковыя рызыкі!

У цэлым сёння ў нас ёсць магчымасць схадзіць да некалькіх дактароў і пракансультавацца. Трэба выбраць таго, якому вы будзеце давяраць. Для гэтага, магчыма, давядзецца наведаць некалькіх урачоў. Наша здароўе — гэта наша асабістая адказнасць!

— Як выбраць доктара?

Н. А.: — Мы выбіраем сабе будаўнікоў, калі хочам зрабіць рамонт у кватэры, выбіраем цырульніка... Тое ж самае павінна быць і ў дачыненні да ўрача. Яны могуць быць розныя па кваліфікацыі, гэтаксама як і інжынеры, сантэхнікі, выкладчыкі. Усюды, у любой галіне, ёсць добрыя спецыялісты і не вельмі.

Граматны доктар павінен расказаць усе магчымыя шляхі развіцця падзей пры захворванні або пэўным стане. Растлумачыць усе плюсы і мінусы таго ці іншага рашэння — і даць чалавеку магчымасць зрабіць усвядомлены выбар. І не заўсёды бывае так, што прызначаныя лекі адразу ж «трапяць у яблычак»: часам трэба змяніць некалькі прэпаратаў, каб выбраць найбольш прыдатны для канкрэтнага чалавека. Таму не трэба сыходзіць ад доктара, калі першы прызначаны прэпарат не аказаўся ідэальны.

І трэба разумець, што часам пацыент можа выбраць з некалькіх варыянтаў, прапанаваных урачом, а часам доктар можа і не даць яму такога выбару, напрыклад, калі сітуацыя адназначна небяспечная для жыцця чалавека ці яна можа несці небяспеку для навакольных. Хоць бывае, што людзі адмаўляюцца нават ад рэанімацыі...

Яшчэ вельмі важна як мага паўней расказаць спецыялісту пра свой стан здароўя, нічога не ўтойваючы. Тут не павінна быць ніякага сораму! Наогул я люблю, калі да мяне прыходзяць на прыём са спісам сваіх сімптомаў і пытанняў, — гэта, апроч іншага, яшчэ і добра эканоміць час.

— А можаце падзяліцца, якія перавагі прыносіць з сабой узрост?

С. М.: — Я ўвогуле не разумею, што значыць — імкнуцца не старэць. Мае гады — маё багацце. Я цяпер стала больш свабодная, у адрозненне ад свайго трыццацігадовага ўзросту. Я магу спакойна агучыць сваё меркаванне па тым ці іншым пытанні, і мяне ўжо не вельмі хвалюе, як яго ўспрымуць. Абмяркоўвайце мяне, як хочаце...

Апошнія 10 гадоў я спрабую пабудаваць сваё жыццё на пазітыве — раней я гэтаму не надавала такога значэння. Стала чытаць шмат кніг па псіхалогіі. Яшчэ я заўважыла, што з'явілася жаданне ці то падвесці вынік, ці то асэнсаваць, як яно ўсё ў жыцці было. Пачынаеш больш аналізаваць, і не толькі тое, што адбываецца вакол, але і тое, што дзеецца ў тваёй галаве, свае думкі... Многія рэчы пераацэньваеш, і тыя сітуацыі, якія калісьці здаваліся крытычнымі, цяпер успрымаюцца нашмат спакайней.

Н. А.: — Мяне сёння немагчыма пакрыўдзіць, і гэта прыйшло да мяне з узростам. Чым больш я жыву, тым лепш разумею, якое глупства ўсе гэтыя нашы дробныя крыўды...

Гутарыла Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.