Вы тут

Як адраджаецца Ельня


У ласкавых далонях роднай зямлі прывольна ляжыць на поўначы Беларусі легендарнае балота. Велічны прыродны комплекс, свет якога незвычайна багаты і разнастайны, па-свойму ўнікальны -- падобнага няма больш на нашым кантыненце. Гэта Ельня, пра якую будзе наш аповед.

Высокі статус заказніка

Назва “Ельня” аб’ядноўвае два буйныя прыродныя аб’екты, якія знаходзяцца на Віцебшчыне. Першы – само балота Ельня, або Вялікі Мох, як раней называлі гэтую ўнікальную мясціну жыхары навакольных паселішчаў, ды й цяпер называюць старажылы.

Плошча Ельні – звыш 20 тысяч гектараў, узрост – больш за 9 тысяч гадоў. Гэта адно з найбуйнейшых верхавых балотаў Беларусі і ўсёй кантынентальнай Еўропы. Велізарны, надзвычай разнастайны балотна-азёрны комплекс у апошнія гады вабіць да сябе вучоных і спецыялістаў, якія займаюцца праблемамі аховы навакольнага асяроддзя. І нездарма. Балота проста насычана флорай і фаўнай. Адных толькі птушак, якія ахоўваюцца, тут гняздуецца 23 віды. А лепшага месца для адпачынку шэрых журавоў у іх доўгім і небяспечным падарожжы ў вырай не варта і шукаць.

У лістападзе 1968 года быў створаны дзяржаўны гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Ельня”. Напачатку яго межы супадалі з вышэй згаданым балотам. У снежні 2007 года ён быў пераўтвораны ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік, удакладнены яго межы і плошча. Заказнік размешчаны на тэрыторыі Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў і займае плошчу ў 25,3 тыс. га. Мае ён і міжнародны прыродаахоўны статус – з 2002 года з’яўляецца Рамсарскай тэрыторыяй. Тут знаходзяцца больш за 100 азёр. І яшчэ адзін надзвычай цікавы факт: “Ельня” – гэта 475 мільёнаў кубічных метраў чысцюткай прэснай вады, больш яе толькі ў нашай знакамітай Нарачы.

“Да птушак – з любоўю”

Кожную восень над абшарамі гэтага краю ляцяць журавы. Птушкі, якія мігрыруюць са Скандынавіі і поўначы Расіі праз Беларусь у цёплыя краіны на зімоўку, робяць тут доўгі, на два-тры тыдні, прыпынак, каб падсілкавацца і адпачыць.

Якраз у такую залатую асеннюю пару на балоце паспяваюць журавіны – любімы ласунак журавоў. У іх гонар ужо некалькі гадоў запар тут праходзіць унікальны экалагічны фестываль “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Ён стартаваў у рамках праекту Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. Нацыянальным выканаўчым агенцтвам праекту выступала Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Арганізатарамі фестывалю таксама з’яўляюцца Міёрскі райвыканкам, дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова “Ельня” пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, унітарнага прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”.

У праграме мерапрыемства заўсёды цікавыя конкурсы для дарослых і дзяцей, дэгустацыя журавінавага морсу, выпечкі з журавінамі і саміх ягад – свежанькіх, толькі што з балота. На завяршэнне – выступленні мясцовых фальклорных і дзіцячых калектываў, работа выставы-продажу вырабаў народных умельцаў і іншае.

Самае ж цікавае на фестывалі – назіранне за журавамі. Зранку птушкі разлятаюцца па навакольных палях у радыусе 20-30 кіламетраў ад балота і там увесь дзень харчуюцца. А для начлегу ім патрэбна вельмі спакойнае месца. І лепшага, чым Ельня, тут няма. Калі птушкі пачынаюць вяртацца на балота, за імі добра назіраць і нават лічыць.

– Фестывалі – лепшая форма папулярызацыі ўсяго найбольш значнага, цікавага і прыгожага, што ёсць у нашым раёне, што падорана нам прыродай, здабыта і шануецца нашымі руплівымі і таленавітымі жыхарамі, – упэўнены старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў.

На карысць прыродзе

Многія называюць Ельню лёгкімі Еўропы. І вельмі хочацца, каб гэтыя лёгкія былі чыстымі. Як жа захаваць першапачатковую прыродную прыгажосць Ельні, яе непаўторны каларыт і адначасова дапамагчы развіццю Міёрскага краю?

Летась на конкурсе Еўрапейскай камісіі Міёрскі райвыканкам выйграў грант на мільён еўра. Праект накіраваны на ўстойлівае развіццё рэгіёну праз партнёрства мясцовай улады і грамадскасці. Частка грашовай сумы праекту будзе выкарыстана і на адраджэнне Ельні, у тым ліку захаванне яе біялагічнай разнастайнасці.

– За апошнія 12 гадоў наш заказнік набыў вялікі вопыт супрацоўніцтва з грамадскімі і міжнароднымі экалагічнымі арганізацыямі, а таксама з прадпрыемствамі, якія гатовы фінансаваць экалагічныя праграмы, – расказаў дырэктар ДПУ Іван Барок. – Так, супрацоўніцтва з АПБ доўжыцца са дня стварэння заказніка. У 2007 годзе пачаліся сумесныя работы па будаўніцтве плацін на канавах у цэнтры балота. Сіламі валанцёраў з 2007 па 2009 год узведзена каля 40 такіх збудаванняў. З першага валанцёрскага лагера на Ельні ўжо адбылося больш за 20 падобных акцый. Такія лагеры праводзіліся ў рамках праекту “Выратуем Ельню разам!”. Ён стаў ужо традыцыйным і фінансуецца ўнітарным прадпрыемствам “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”. Дарэчы, гэта кампанія неаднаразова падтрымлівала фестываль “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. А ў 2016 годзе пры яе фінансаванні была праведзена маштабная акцыя па ўборцы і вывазе смецця з аддаленых астравоў заказніка.

У 2016 годзе ў рамках праекту ПРААН/ГЭФ “Тарфянікі-2” пабудавана 48 гідраплацін на дрэніруючых вадатоках і пяць гацей для праезду спецыяльнай тэхнікі. У вёсцы Буды з’явілася экалагічная сцежка “Прырода роднага краю” даўжынёй 2,5 км.

З дапамогай праекту ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь” у 2011-2014 гадах забяспечана матэрыяльна-тэхнічная база заказніка, распрацавана канцэпцыя яго ўстойлівага развіцця, адрамантаваны і аснашчаны экалагічны візіт-цэнтр, пабудавана экалагічная сцежка “Азяраўкі–Ельня”. Былі таксама распрацаваны турыстычныя прадукты, спецыялісты заказніка і іншых зацікаўленых арганізацый прайшлі навучанне па развіцці экатурызму ў рэгіёне.

Добрыя справы аб’ядноўваюць

Сярод галоўных кірункаў дзейнасці заказніка Іван Барок вылучае развіццё валанцёрства.

– Неабходна шырэй прыцягваць валанцёраў, прадстаўнікоў зацікаўленай грамадскасці да ўдзелу ў вырашэнні задач па зберажэнні біяразнастайнасці і ўстойлівым выкарыстанні прыродных рэсурсаў, – упэўнены ён. – З 2009 года заказнік сумесна з АПБ стварыў сетку ахоўнікаў важных прыродных тэрыторый Ельні. Яна дзейнічае і цяпер і аб’ядноўвае валанцёраў з усёй краіны.

Актыўна падтрымліваюць ініцыятывы і жыхары Міёрскага і Шаркаўшынскага раёнаў. Па словах дырэктара заказніка, дзякуючы пастаяннай і карпатлівай працы калектыву заказніка і дзелавых партнёраў, узровень экалагічнай свядомасці мясцовага насельніцтва ўзрос.

Любяць Ельню і турысты – як беларускія, так і замежныя. Прыязджаюць сюды і прадстаўнікі батанічных садоў ЗША, Расіі, Казахстана. З кожным годам колькасць наведвальнікаў гэтай унікальнай тэрыторыі расце.

***

Ельня – прыродная жамчужына Беларусі, для захавання якой трэба прыкладаць шмат намаганняў. Тады яна і далей будзе адраджацца – бо яна для людзей.

Міхаіл ШЫМАНСКІ,

журналіст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».