Вы тут

Дарогамі Славы. «Ой, бярозы ды сосны, партызанскiя сёстры...»


З усiх беларускiх поўных кавалераў ордэна Славы, з якiмi мне пашчасцiла пазнаёмiцца, гэтыя двое былi леснiкамi — простая, цяжкая, незайздросная прафесiя вартавога лесу, якой франтавiкi прысвяцiлi пасляваеннае жыццё. Напэўна, i вайна, i лес, у якiм яны працавалi, былi для iх наканаваннем — жорсткiм i ў той жа час мiласэрным лёсам: яны ваявалi спраўна, бiлiся да апошняга, а як здабылi Перамогу, садзiлi i даглядалi дрэвы. Вынiкi гэтай справы — сотнi гектараў спелага i спеўнага бору, якi i па сёння красуе i кранае.

У iхнiх лёсах было шмат падобнага. Акрамя лясной прафесii, абодва былi ўдзельнiкамi партызанскага руху — у лесе i пачыналася iх баявая бiяграфiя. I па ўзросце былi амаль аднагодкi, нават iмя мелi адно на дваiх — Аляксандр. Але Аляксандр Кастрама жыў на Гомельшчыне, у Рэчыцкiм раёне, ахоўваў i пеставаў лес каля вёскi Салтаноў, а Аляксандр Малевiч — жыхар Брэстчыны, яго лясныя абшары знаходзiлiся каля вёскi Лiпск Ганцавiцкага раёна. У жыццi ветэраны нiколi не бачылiся, хоць, магчыма, i чулi адзiн пра аднаго: вядома, працавалi ў адным ведамстве. Дарэчы, з поўных кавалераў ордэна Славы ў лясной гаспадарцы працавалi шэсць чалавек: акрамя Кастрамы i Малевiча, з лесам звязалi сваё жыццё Мiхаiл Рагоўскi з Любанскага раёна, Павел Рубiс з Расонскага, Уладзiмiр Маджар з Калiнкавiцкага i Аляксандр Васiльеў, якi жыў у Томскай вобласцi Расii, — пра ўсiх iх мы раскажам у наступных публiкацыях.


Была вясна ў самым разгары, у лесе з'явiлiся дываны з пралесак. Аляксандр Кастрама прывёў мяне да месца, дзе калiсьцi дыслацыраваўся iх партызанскi атрад. Гледзячы на такую прыгажосць, я не мог уявiць, што калiсь тут была вайна, пiльнавала смерць i што гэтыя мясцiны, як рэха, нагадвалi Аляксандру Якаўлевiчу днi яго апаленай маладосцi. Здымак у вясновым лесе — адзiн з найлепшых у маёй скарбонцы пра тройчы ардэнаносцаў.

А вось сустрэча з Аляксандрам Малевiчам адбылася восенню. Ён быў ужо не першы год на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму захоўваў мундзiр леснiка, на якiм красавалiся сведкi яго баявой маладосцi — ордэны салдацкай Славы. Аляксандр Iванавiч сфатаграфаваўся з канём — конi былi яго захапленнем.

Анатоль Кляшчук.

«Звязда» працягвае праект «Дарогамi Славы», якi запусцiла сумесна з Музеем гiсторыi Узброеных Сiл. У межах праекта мы апавядаем пра ваенны шлях поўных кавалераў ордэна Славы, якiя нарадзiлiся ў Беларусi або звязалi з ёй свой далейшы лёс.

Заклiкаем вас, паважаныя чытачы: калi сярод вашых родных i блiзкiх хтосьцi або быў поўным кавалерам ордэна Славы, або асабiста iх ведаў i захаваў успамiны цi фотаздымкi, то дзялiцеся вашымi гiсторыямi з намi! Наш адрас — вулiца Б. Хмяльнiцкага, 10а, Мiнск, 220013. Адрас электроннай пошты — info@zviazda.by. Нiводны лiст не застанецца без увагi!

А пакуль згадваем жыццёвы i ваенны шлях яшчэ двух вайскоўцаў — хлопцаў, якiя пачалi барацьбу супраць нямецкiх захопнiкаў яшчэ ў партызанах.

Аляксандр Малевiч

Ён нарадзiўся ў 1920 годзе ў мястэчку Лiпск, якое належала да Навагрудскага павета Мiнскай губернi. Мясцовасць у гэты час акупавала польская армiя; за Польшчай гэтыя землi i засталiся па ўмовах Рыжскага мiру. Адукацыю, на жаль, наш герой атрымаў толькi пачатковую — сям'я Аляксандра Малевiча была шматдзетная, i трэба было зарабляць грошы.

Пасля таго як родную вёску акупавалi немцы, Аляксандр Малевiч у пачатку 1942 года пайшоў у партызаны. Быў спачатку сувязным у атрадзе, пасля — байцом. Павестка ў ваенкамат прыйшла Аляксандру Малевiчу неўзабаве пасля вызвалення Ляхавiччыны, куды Лiпск увайшоў незадоўга да вайны. Пасля вучобы ў стралковым палку трапiў у студзенi 1945 года ў 642-i стралковы полк 200-й Дзвiнскай стралковай дывiзii 2-га Беларускага фронту. Паступова дзякуючы заслугам дайшоў да камандзiра стралковага аддзялення.

У сакавiку 1945 года падчас Усходне-Памеранскай наступальнай аперацыi пачалося iмклiвае наступленне на Данцыгска-Гдыньскi абарончы пояс, створаны немцамi. Перад 2-м Беларускiм фронтам камандаванне паставiла задачу ачысцiць ад працiўнiка ўсё ўзбярэжжа Балтыкi — ад Одэра да Вiслы. Нацысты, у сваю чаргу, сканцэнтравалi там вялiкую ўдарную групiроўку з сiл групы армiй «Вiсла». Яны ставiлi мэтай разгром падрыхтоўкi савецкага наступу на Берлiн.

3 сакавiка магутныя баi iшлi за вёску Кедровiцэ. Пасля таго як са строю выбыў камандзiр аддзялення, Аляксандр Малевiч прыняў кiраванне на сябе. Быў паранены, але поле бою не пакiнуў. Дзякуючы гэтаму пастаўленая задача была выканана, за што 25-гадовы хлопец быў прадстаўлены да ордэна Славы III ступенi.

Ад гэтага моманту i да канца вайны Аляксандр Малевiч камандаваў стралковым аддзяленнем. Чарговы раз ён адзначыўся праз тры тыднi, калi iшлi зацятыя баi за мястэчка Алiва ў складзе Гданьска. Пад магутным абстрэлам з боку немцаў ён падняў сваё аддзяленне ў атаку i ўварваўся ў траншэi ворага. Гiтлераўцы, якiя там заселi, былi знiшчаны. Дзякуючы гэтаму iншыя падраздзяленнi атрымалi магчымасць прасунуцца наперад. Тое ж самае Аляксандр Малевiч паўтарыў i ў наступным баi. Гэтая паспяховая аперацыя была адзначана ордэнам Славы II ступенi.

Поўным кавалерам Аляксандр Малевiч стаў у маi 1945 года. У першы дзень месяца баi iшлi зусiм блiзка ад Берлiна, у раёне горада Ростак. Ён зноў паўтарыў свой манеўр, якi выкарыстаў пад Гданьскам, — пад шквальным агнём працiўнiка пранiк у яго траншэi i прыцэльным агнём пачаў знiшчаць ворагаў. Некалькi з iх палiчылi за лепшае здацца ў палон. I лiтаральна праз два днi баявы шлях дывiзii завяршыўся — савецкiя войскi сустрэлiся з часцямi саюзнiкаў. А ордэн Славы I ступенi камандзiр атрымаў улетку 1945 года.

Пасля вайны Аляксандр Iванавiч працаваў леснiком у Баранавiцкiм лясгасе. Памёр 29 мая 1994 года.

Аляксандр Кастрама

Бадай што самае цяжкае ў жыццi кожнага чалавека — гэта разбураць тое, што калiсьцi стваралася тваiмi ж рукамi. Але што рабiць, калi тымi дабротамi карыстаецца вораг?

Наш герой Аляксандр Кастрама перад Вялiкай Айчыннай вайной працаваў чыгуначнiкам у Магiлёве. На фронт яго не ўзялi — людзi яго спецыяльнасцi мелi адмысловую бронь. Але i эвакуiравацца ў тыл пасля прарыву немцамi абароны з-за iмклiвага адступлення савецкiх войскаў ён не паспеў. Юнак, якому яшчэ не споўнiлася 20 гадоў, прайшоў акольнымi шляхамi некалькi соцень кiламетраў назад у родную вёску Валадарск, што месцiцца ў Рэчыцкiм раёне. Дома ён, аднак, доўга не пабыў. Аляксандр далучыўся да партызанскага атрада iмя Фрунзэ. Быў ён там мiнёрам-падрыўнiком. Не адзiн варожы эшалон адправiўся пад адхон дзякуючы рабоце маладога чыгуначнiка.

Пасля таго як у лiстападзе 1943 года партызанскiя фармiраваннi злучылiся з рэгулярнымi часцямi Чырвонай Армii, Аляксандр Якаўлевiч удзельнiчаў у баях за Парычы. Асабiста знiшчыў каля чатырох гiтлераўцаў. А вось узнагарода знайшла хлопца толькi праз год. У вераснi i кастрычнiку 1944 года баi iшлi каля ракi Нарэў. Падчас пашырэння савецкага плацдарма хлопец вёў прыцэльны кулямётны агонь па немцах — з мiнёра ён за гэты час пераквалiфiкаваўся ў наводчыкi. На жаль, у апошнiм баi яго зачапiла нямецкая куля. Але з поля бою ён не сышоў i працягваў страляць, пакуль не была выканана баявая задача. Два ордэны Славы III ступенi за дапамогу ва ўзяццi двух плацдармаў з iнтэрвалам у месяц ён атрымаў ужо ў шпiталi — раненне аказалася даволi цяжкае.

...У студзенi 1945 года савецкiя войскi прарвалi нямецкую абарону каля польскага горада Макуў на подступах да Варшавы. Камандзiра ўзвода паранiла, ён больш не мог выконваць свае функцыi. Яго паспяхова замянiў менавiта малодшы сяржант Аляксандр Кастрама, якому ўдалося настолькi добра арганiзаваць адначасовы агонь некалькiх разлiкаў, што баявая задача была выканана цалкам. Пры гэтым яго таксама паранiла, але Аляксандр усё роўна працягваў аддаваць загады... Пасля гэтага ранення ён на фронт ужо не вярнуўся. А праз месяц быў прадстаўлены да ордэна Славы II ступенi.

Аляксандр Кастрама дэмабiлiзаваўся ў званнi старшыны, вярнуўся на радзiму i пайшоў працаваць леснiком у мясцовы лясгас. Там i адпрацаваў ажно 35 гадоў на адным месцы. Не адзiн гектар лесу быў вырашчаны дзякуючы руплiўцу.

...А ў красавiку 1969 года франтавыя дакументы нечакана знайшлiся. I Аляксандр Кастрама стаў поўным кавалерам ордэна Славы незадоўга да 24-й гадавiны Перамогi. Што ж, спазненне ў чвэрць стагоддзя — усё ж лепш, чым нiколi...

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Анатоль КЛЯШЧУК (фота)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?