Вы тут

Леанід Дайнека. Слова, мацнейшае за меч


«Раман — гэта народ», — любіў паўтараць народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў. У тым сэнсе, што менавіта гэты літаратурны жанр дазваляе таленавітаму пісьменніку асабліва праўдзіва адлюстраваць усю складанасць і шматстайнасць жыцця ў розныя гістарычныя эпохі. Наколькі гэта праўдзіва, сведчыць і творчасць Леаніда Дайнекі-раманіста.


Фота з сайта www.sozvuchie.by

Ён пачынаў як паэт. Выдаў кнігі «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), томік выбранага «Сняжынкі пад агнём» (1989). Меў вопыт апавядальніка.

У першых раманах «Людзі і маланкі» і «Запомнім сябе маладымі» (1981), што склалі дылогію, часам заўважаецца і другаснасць матэрыялу. Расказваючы пра падзеі, што папярэднічалі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянскай вайне, Леанід Мартынавіч у чымсьці ішоў ад ужо вядомага. Але ў цэлым погляд на падзеі не запалітызаваны, сучасны. Прынамсі, бальшавік Бацюта — не з тых, хто гатовы зруйнаваць стары свет цалкам. Ён супраць перайменавання вёскі Чмялі ў Чырвоную камуну: «Чмялі хай застануцца, дзецям нашым хай застануцца».

Не ўсё аднолькава псіхалагічна-глыбока і ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1983). Найбольш поўна раскрыты вобраз Івана Паламейкіна. Не адно дзесяцігоддзе яго гняце маральная віна. Ён таксама быў вязнем. Выпадкова даведаўся, як будзе праходзіць чарговы футбольны матч. Мог бы папярэдзіць пра ўсё таварышаў… Ды гульня ўсё адно адбылася б. Разам з іншымі ўзяць у ёй удзел? Толькі б пабольшала на яшчэ адну смерць.

Хвалявала Л. Дайнеку і іншае. У «Слове на дарогу», што стала ўступам да яго першага гістарычнага рамана «Меч князя Вячкі» (1987), ён прызнаваўся: «Даўно [...] хацелася напісаць пра беларускую мінуўшчыну. Сверб стаяў у душы, незагойная стрэмка ныла ў сэрцы. Ды на кожнае хаценне патрэбна ўменне і патрэбна цярпенне. Яшчэ ў маленстве (яно такое далёкае), чытаючы кніжкі пра славутых віцязяў, пра аблогі гарадоў, пра жахлівыя вострадзюбыя бярвенні-тыраны, якія, нібы шкарлупінне, праломвалі акутыя жалезам брамы, марыў я нейкім чынам сустрэцца з  продкамі — з крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі. Але як?» Гэтым творам і адказаў: праз заглыбленне ў  нацыянальную даўніну, праз асэнсаванне лёсаў людзей, якія жылі не адно стагоддзе да нас.

Намаляваў аблічча як рэальных гістарычных асоб, так і народжаных творчай фантазіяй. У цэнтры ж падзей — Вячка, які валодаў Кукейносам — крэпасцю на Заходняй Дзвіне, з’яўляўся васалам польскага князя. У 1206 годзе разам з полацкім князем Уладзімірам хадзіў на нямецкіх рыцараў, але праз год мусіў падпарадкоўвацца рыжскаму епіскапу Альберту, да якога неўзабаве трапіў у палон. Пасля вызвалення зноў правіў Кукейносам.

У рамане ёсць два па-свойму знакавыя эпізоды. Абодва звязаны з Клімятам, які піша «гісторыю Полацкай зямлі». Вячка, праўда, перакананы, што «пергаменамі... не спыніш тэўтонцаў. Трэба меч, востры, гартаваны меч, які не баіцца варожай крыві». На гэта Клімята адказвае: «…Але аднаго мяча мала. Я таксама быў нядрэнным ваяром, я біўся, ты ж памятаеш, — з аўкштайтамі і селамі, пакуль жалеза не адгрызла мне руку. І ўсё-ткі мудрае слова мацнейшае за меч. Меч кароткі. Слова доўжыцца ў людскіх пакаленнях». Князь, пачуўшы гэта, згаджаецца: «Хай будзе па-твойму. Вы, кнігачоты, бліжэй да неба і да божага прастола».

Праходзяць гады, адбываецца бітва, якая, разумее Клімята, стане для князя Вячкі, як і для яго самога, апошняй. Ён кліча да сябе аднаго з самых надзейных дружыннікаў Мірона, чапляе яму «на плячо цяжка напакаваную скураную торбу, абшытую па краях блікучым дротам», і тлумачыць: «Летапіс. Беражы яго, як сэрца берагуць, як вока берагуць. Маё і тваё жыццё ў ім...» А ў летапісе — звесткі пра Усяслава Чарадзея.

Зневоленнем князя Усяслава і яго сыноў Расціслава і Барыса ў стольным Кіеве ў порубе пачынаецца раман «След ваўкалака». З надзіва багатага на падзеі жыцця Усяслава Брачыславіча і доўгага яго княжання Л. Дайнека ўзяў толькі 1068 год — ці не самы драматычны для князя. Як і пры напісанні «Мяча князя Вячкі» нямала папрацаваў у архівах, звяртаўся да прац многіх гісторыкаў і даследчыкаў даўніны: «Той, хто хоча працаваць на ніве беларускай гістарычнай белетрыстыкі, павінен ведаць польскую мову, арыентавацца ў літоўскай, нямецкай і латыні».

Атрымаўся не толькі гістарычна праўдзівы твор, але і захапляльнае чытанне з прыгодніцкімі элементамі. Л.  Дайнека, як і Уладзімір Караткевіч, быў перакананы, што «без легендаў гісторыя губляе сваю прывабнасць, таямнічасць. Гэта — як неба без зорак», свядома Слова, мацнейшае за меч ідэалізаваў як галоўнага персанажа рамана, так і іншых. Што, дарэчы, было характэрна, калі зірнуць у сусветную літаратуру, і для Вальтэра Скота.

Сям’я Дайнекаў. Першы рад: сястра Дзіна, бацька Марцін з унучкай Галяй, маці Тэкля. Другі рад: Леанід Дайнека, сястра Ганна. Вёска Дзмітраўка 2 Клічаўскага раёна. 1955 г

Чарговы раман «Жалезныя жалуды» (1990) — вяртанне ў часы хрышчэння новагародскай зямлі, калі Міндоўгам і яго сынам Войшалкам закладваліся асновы Вялікага Княства Літоўскага, Л. Дайнека ўжо назвай твора заінтрыгаваў чытача. Вобраз «жалезныя жалуды» на старонках з’яўляецца неаднаразова. Пачынаючы з таго моманту, як Далібор адчуў, што «пад падушкаю, напханай цецеручыным і курыным пер’ем, нешта муляла». Гэта былі «невялічкая фігурка Перуна, вытачаная з мядова-жоўтага бурштыну, і нейкі цёмны металічны шарык» — «жолуд, адліты з жалеза. Які мудрагель зрабіў яго? Чыя рука і для чаго паклала пад падушку?». Далібог, уважліва разглядаючы шарык, усё болей пераконваўся, што гэта — не што іншае, як своеасаблівы абярог, «але хто і ад чаго хацеў абараніць Далібора?».

Невыпадкова ў «Жалезных жалудах» з’яўляецца і  вобраз-сімвал — Жэрнас. Так празвалі велізарнага старога дзіка, які асталяваўся ў свяшчэнным дубовым лесе — алцы. Дарэчы, слова «жэрнас» па-літоўску і азначае «дзік», «кабан». Гэта забойца сваіх суродзічаў.

Колькі ж падобных жэрнасаў сярод людзей? Пытанне больш чым рытарычнае. Таму Л. Дайнека і не ставіў яго напрамую, але яно быццам прасочваецца праз сюжэтную канву рамана. Супраць жэрнаўшчыны скіраваны гэты твор пісьменніка. Гэтаксама, як і іншыя, дзе востра ставяцца пытанні сумленнасці, чалавечнасці і вернасці бацькоўскаму краю.

Памяццю аб даўніх падзеях, аб слаўных людзях прасякнуты і раман «Назаві сына Канстанцінам» (2008). У ім, як ні ў адным іншым, заўважаецца надзіва шырокі рух у часе і прасторы, элементы містыкі, фантастыкі паяднаны з рэалістычнымі малюнкамі. Тое, што адбываецца на мяжы магчымага і немагчымага, уяўнага і сапраўднага, успрымаецца суцэльным ланцужком развіцця чалавецтва на працягу многіх стагоддзяў. У цэнтры твора — людзі, для якіх святыя паняцці «Айчына», «Радзіма», «Ліцвінія».

Моладзь у рамане апантаная, у нечым празмерна максімалістычная. Гэта пятнаццаць юнакоў з Вялікага Княства Літоўскага і Зося Квяцінская, якую завуць Зосяй Еўрапейкай. Яна — сяброўка Марціна Жабы-Жэмбы, палкая душа якога напоўнена «святлом прыўкраснага рамантычнага рыцарства», таму «адразу ж, як толькі надарылася магчымасць, ірвануў ён у Еўропу, у Фларэнцыю, а з ім нямала такіх, як ён. Дзеці шляхты і духавенства, купцоў і месцічаў, яны вучыліся ва ўніверсітэтах, у хрысціянскіх акадэміях, служылі мясцовым князям, герцагам і баронам, вастрылі свае шпагі ў бясконцых вялікіх і маленькіх бітвах».

Было і іншае, што іх аб’ядноўвала: «Яны зразумелі — іх родніць, гуртуе іхняя радзіма, Вялікае Княства Літоўскае […]».

Дзеянне рамана пачынае разгортвацца ў Фларэнцыі, «у гэтым бліскучым горадзе філосафаў, паэтаў, мастакоў, рыцараў, банкіраў і чомпі». «Гарачыя» маладыя ліцвіны аказваюцца сярод тых, хто выказаў жаданне ўзяць удзел у «фларэнтыйскай баталіі», каб разам з іншымі выступіць супраць інаверцаў, якія ўзнялі руку на цэнтр хрысціянства, а імператар Канстанцін Палеолаг, як вядома, апынуўся ў цяжкім становішчы, бо сілы ў ворагаў куды большыя!

Паводле сюжэта, героі трапляюць у 320 год. З рук самога імператара Марцін і Зося атрымалі «штандар Дваццатага Маланкападобнага Рэйнскага Рэгіёна». Па сутнасці, узялі ў свае рукі абярог, бо арол, які знаходзіцца на гэтым штандары, потым неаднойчы дапаможа ім, а пры неабходнасці жорстка расправіцца з праціўнікамі. Ён таксама можа падарожнічаць у часе і прасторы. Таму і патрапіў, у рэшце рэшт, і ў 1507 год.

Састарэлы Язэп Ранцэвіч гаворыць пра гэта Марціну і Зосі — нашчадкам, якія ўнаследавалі такія імёны ад свайго дзеда і бабулі. Ідзе вайна з Масковіяй. Вядзе за сабой тых, каму дарагая свабода, умоўна кажучы, Канстанцін Трэці, а ў сапраўднасці Канстанцін Астрожкі. Павінны з’явіцца і іншыя Канстанціны. Напрыклад, Кастусь Каліноўскі, Канстанцін Міцкевіч — Якуб Колас.

Ускладніўшы кампазіцыйную структуру рамана, спалучыўшы розныя мастацкія прыёмы, Л. Дайнека ўсё ж застаўся рэалістам. Гэта твор пра Беларусь, пра народ. «Ісці па цаліку» пісьменніку не прывыкаць. Гэта засведчыў і яго фантастычны раман «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1994), у якім дзеянне адбываецца праз шмат стагоддзяў ад сённяшняга дня, «на 223 годзе Вялікай Эры Плюралізму». На Зямлі існуюць Індаеўрапейская, Арабская і Кітайская канфедэрацыі. Беларусь уваходзіць у першую з іх. Ствараючы сваю мадэль цывілізаванага грамадства, пісьменнік найперш звярнуў увагу на праблемы духоўнасці, разняволення асобы.

Раман «Ілоты» (2015) — зноў спалучэнне падзей глыбокай старажытнасці з блізкай сучаснасцю. Аўтар зазірнуў у часы, калі магутная Спарта прыцясняла іншыя народы, не ўспрымаючы іх людзьмі. Ілотамі называліся заваяваныя імі месенцы. Аднак свабодалюбівыя ад нараджэння, яны не скарыліся, выступалі супраць сваіх заваёўнікаў. Ці не падобныя яны на беларусаў, якія на працягу стагоддзяў мусілі адстойваць сваё права «людзьмі звацца»? Гэта калі ўспрымаць змест твора спрошчана. У кампазіцыйнай пабудове дынамічнага рамана вылучаюцца дзве сюжэтныя лініі. Адпаведна таму, пра якія падзеі ідзе гаворка, яны, па сутнасці, існуюць самастойна. Але ўнутрана пераклікаюцца. Не абыдзены ўвагай складаныя моманты паслярэвалюцыйных гадоў, калі ў грамадстве было не ўсё так проста, як лічылася афіцыйна.

«Сын ільва, дачка Зеўса — Леанід і Зінаіда» (2017) — раман двух герояў. У ім таксама прысутнічае вяртанне «з сучасных дзён у глыбінію стагоддзяў, дзе напоўніцу жывуць і гераічна змагаюцца спартанскі цар Леанід і  царыца Пальміры Зенобія (чытай — Зінаіда!)». Ёсць у  творы шмат аўтабіяграфічнага. Аднак гэта і асэнсаванне пэўных падзей, і ўласнае да іх стаўленне.

Хтосьці з прыхільнікаў пісьменніка прамовіў: «Раманіст веку — Л. Дайнека». У гісторыі беларускай літаратуры ён пакінуў надзіва глыбокі след. Неяк прызнаўся, што марыць напісаць дзесяць раманаў. Атрымалася дванаццаць. Яго творы — важкі ўнёсак у гісторыю нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.