Вы тут

Вартавы таямнічага сусвету


Гістарычная тэматыка заўсёды прываблівала айчынных пісьменнікаў, дзякуючы якім мы можам успрымаць мінуўшчыну не толькі як пэўную паслядоўнасць дат і падзей, але і як таямнічую, рамантычную прастору, іншае вымярэнне, дзе галоўнае — не дакладнасць і дакументалістыка, а мастацкая рэканструкцыя старадаўняга вобраза. У падобным кірунку ўжо больш чым тры дзесяцігоддзі плённа працуе літаратар Ягор Конеў.


Ён заявіў пра сябе яшчэ напрыканцы 80-х, з’яўляючыся навучэнцам Мінскага інтытута культуры. Выхадзец з  сям’і кінадраматурга Фёдара Конева спачатку абраў спецыяльнасць, звязаную са сцэнай  — «Рэжысура масавых святаў і тэатралізаваных відовішчаў», але пасля перавёўся на журфак і менавіта з гэтым факультэтам звязаў сваё далейшае прафесійнае жыццё. Аднак тэатр, дакументальны і мастацкі кінематограф і, вядома, уласна літаратура засталіся яго сапраўдным пакліканнем. Пра гэта сведчаць выдадзеныя кнігі, а таксама шматлікія п’есы, сцэнарыі, інсцэніроўкі, якія паспяхова рэалізуюцца на айчынных тэатральных падмостках і здымачных пляцоўках.

Яшчэ ў прадмове да дэбютнага зборніка Ягора Конева «Вартавыя» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1995) пісьменнік Віктар Казько адзначыў, што малады літаратар «імкнецца адрадзіць былое... зыходзячы ўжо з нашых дзён…». Аднайменная аповесць і апавяданні, што тады ўвайшлі ў выданне, засведчылі: аўтар з’яўляецца годным прадаўжальнікам традыцый Яна Баршчэўскага, Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Караткевіча. Выкарыстоўваючы міфы пра вядзьмарак, вадзянікоў, русалак, ён пераносіў чытача ў чароўны сусвет, дзе панавалі ўзвышаныя пачуцці, а дабро заўжды перамагала. Навідавок выступіла адметнасць, якая ў будучыні стане своеасаблівай візітоўкай пісьменніка, а менавіта здольнасць па-майстэрску «закруціць» сюжэт, узмацніць саспенс, схіліць чытача да суперажывання героям.

Напрыканцы мінулага года ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга «Здані Гарадніцы», дзе сабраны празаічныя набыткі Ягора Конева за апошнія два дзесяцігоддзі. Аповесці і апавяданні, што ўвайшлі ў выданне, розныя па стылі і тэматыцы, але ўсе іх яднае зварот да гісторыі. Як прызнаецца сам аўтар у фэйсбучным допісе, зборнік стаў для яго «прыемным успамінам аб маладых гадах, калі больш ахвотна прысвячаў свой вольны час літаратурнай дзейнасці».

Так склалася, што дасюль пра Смаргонскую акадэмію — знакамітую навучальную ўстанову, якая выпускала ўнікальныя кадры, самі беларусы амаль не стваралі мастацкіх тэкстаў. Парадокс, але гэтую лакуну ў мінулым стагоддзі запоўніў літоўскі пісьменнік Вітаўтас Місявічус, стварыўшы «Мяздзведжую акадэмію», раман-стылізацыю пад еўрапейскую прыгодніцкую прозу  — з ім беларускі чытач змог пазнаёміцца ў 1988 годзе ў перакладзе Міхаіла Грынблата. Але ў адрозненне ад Місявічуса, які распавядае пра падзеі XVIII стагоддзя, пра часы гаспадарання знакамітага Пане Каханку (Караля Радзівіла), Ягор Конеў у аповесці «Смаргонскі настаўнік і вучань» звяртаецца да пазнейшай, больш драматычнай і насычанай падзеямі эпохі, а менавіта — пачатку XIX стагоддзя, калі Напалеон Банапарт адну за адной заваёўвае еўрапейскія краіны, ушчыльную падбіраючыся да межаў Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі на той час беларускія землі. Паміж молатам і кавадлам — жорсткай імператарскай уладай з аднаго боку і пагрозай з Захаду — апынаецца мядзведнік Міхась са сваім калматым цёзкам-выхаванцам Міхалам. Пра іх незвычайныя прыгоды аўтар распавядае дасціпна, добра валодаючы гістарычнай фактурай. У першую чаргу гэта твор пра сяброўства, пра вернасць, пра адданасць справе. Пісьменнік надзяляе мядзведзя антрапаморфнымі рысамі, прычым маральнае аблічча звера больш прывабнае, чым чалавека, які ў крытычных сітуацыях нават здольны на здраду: прайграе свайго вучня ў карты цыганам, праганяе яго ў лес, каб дагадзіць удаве Ганне… І ў той жа час, захоўваючы раблезіянскае стаўленне да жыцця, Міхась не страчвае адзінае і самае каштоўнае, што мог сабе дазволіць небагаты, але адукаваны чалавек у  той час: унутраную свабоду, творчы дух, здольнасць не падпарадкоўвацца абставінам, а самому высноўваць свой лёс. Твор атрымаўся жывы, кінематаграфічны, насычаны дзеяннем, каларытнымі характарамі, апісаннямі прыроды і мясцовасцей.

Наступная аповесць — «Нямігі берагі» — спроба мастацкага асэнсавання айчынных гістарычных падзей ад X да XX стагоддзяў. Аўтарская фантазія тут разгортваецца напоўніцу: аказваецца, Няміга  — назва старажытнага племені і адначасова патомнае імя жрыц-амазонак, апошнюю з якіх падчас аднаго з паходаў забівае князь Рагвалод, пасля чаго гэтае месца робіцца выклятым. На працягу наступных дзесяці стагоддзяў прывід жрыцы перыядычна ўзнікае з Наўя, патрабуючы новых ахвяр, напрыклад: «Здалося князю менскаму (Глебу. — Я. Л.), што не звычайная плынь бяжыць пад імі, але рака мёртвых зносіць душы забітых у сечы…» Звяртаецца пісьменнік у аповесці і да падзей Другой сусветнай вайны. Па загадзе вышэйшага нацысцкага камандавання ў  1943 годзе ў Мінск прыбывае вучоны Фрыдрых Аленштайн і праводзіць археалагічныя раскопкі ў  раёне Нямігі з мэтай даказаць, што гэтую зямлю ў чацвёртым стагоддзі насялялі арыйцы — продкі сучасных беларусаў. Не знайшоўшы пацвярджэнняў сваёй гіпотэзе, ён вырашае сфальсіфікаваць мінулае… Згодна з аўтарскай інтэрпрэтацыяй, сваёй кульмінацыі гэтая шматвекавая містычная гісторыя дасягнула 30 мая 1999 года падчас трагедыі ў падземным пераходзе станцыі метро «Няміга»…

Цікавай падаецца і аповесць «Здані Гарадніцы», якая пераносіць у першую палову мінулага стагоддзя, калі ў горазе над Нёмнам дзейнічаў гарадскі драматычны тэатр. На фоне грамадска-палітычных зрухаў, якія адбываліся ў прамежку паміж дзвюма сусветнымі войнамі, разгортваецца гісторыя самаадданага кахання акцёра і патрыёта Пётры Куцыенкі да тэатральнай прымы Апалоніі Дарэўскай. Каханне і здрада, помста і вядзьмарства, няпросты свет тэатральнага закулісся — усё гэта прысутнічае ў творы, як і дынамічны сюжэт, што не адпускае чытача аж да самага фіналу. Праўда, аўтар не дае адназначнага адказу, які лёс напаткаў галоўных герояў пасля таго, як яны, здзейсніўшы замах на фашысцкае кіраўніцтва, збеглі падземнымі лёхамі з акупіраванага горада. Праз усю аповесць лейтматывам праходзіць звышпамкненне, выказанае Пётрам: «Мабыць, мы завершым тое, што не атрымалася ў нашых продкаў… Дайграем неадыграныя ролі… Здзейснім нявыкананыя ўчынкі. Або скажам недагаворанае…»

Не сакрэт, што вандроўкі — гэта невычэрпная крыніца для пісьменнікаў, дзе яны знаходзяць спажыву для ўяўлення, назапашваюць сюжэты, характары, ідэі. Менавіта падарожжам прысвечана аповесць «Вандроўныя былі», якую склалі чатыры дзясяткі міні-аповедаў. Кожная быль распавядае пра пэўную мясцовасць або чалавека. Турыстаў паўсюль падпільноўваюць кур’ёзныя, незвычайныя сітуацыі: рызыкоўная сустрэча з драпежнай расамахай у прыбайкальскай тайзе, паход на ўзбярэжжа ракі Бярэзіны ў кампаніі аматараў «кайфу» («Балада пра Марыю і Хуану») ці калі аднойчы падчас падарожжа аўтаспынам аўтар-апавядальнік апынуўся «ў заложніках» шалёнага дальнабойшчыка («З пісталетам ля скроні»). «Амаль кожны вопытны вандроўнік мае свае дзівацтвы», — сцвярджае аўтар. Усіх валацуг рухае наперад імкненне вырвацца за рамкі паўсядзённасці, атрымаць новы жыццёвы досвед, адчуць штуршок для развіцця. А для літаратара гэта яшчэ і спосаб адшукаць натхненне. Зрэшты, увесь пісьменніцкі шлях — гэта і ёсць адна суцэльная неверагодная вандроўка, авантура працягласцю ў жыццё.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».