Вы тут

Дамашняе навучанне? Лёгка!


Ці ведалі вы, што ў смаўжоў больш за 14 тысяч зубоў, а пры халодным надвор'і яны могуць упасці ў спячку і правесці ў такім стане да трох гадоў без харчавання? А ці казалі вам, што ў марской зоркі няма мазгоў, рот знаходзіцца на ніжнім баку цела і што гэта істота — адзін з рэкардсменаў па колькасці ног (кожны прамень абапіраецца на сотні маленькіх ножак)? А як вам такі факт: калі вы сарвалі адзін рамонак, то насамрэч трымаеце ў руцэ суквецце, якое складаецца з маленькіх жоўтых і аднапялёсткавых белых кветачак? А можа, вы заўсёды думалі, што страусы ад спуду хаваюць галаву ў зямлю?.. Сёння адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні вядомы нават першакласнікам. Ва ўсякім разе, тым, якія пасябравалі з «віртуальнымі» настаўнікамі.


Новы свет

Так, інтэрнэт прапануе сучасным дзецям шмат адукацыйных рэсурсаў. Ён заменіць цэлую бібліятэку: тут можна знайсці творы па школьнай праграме, многа вершаў і казак, загадак, прымавак, біяграфій цікавых людзей, ілюстраваныя энцыклапедыі, даведнікі, слоўнікі, падручнікі.

Сёння нікога ўжо не здзіўляюць віртуальныя экскурсіі па найлепшых музеях і карцінных галерэях свету, спектаклі і канцэрты анлайн. Можна дыстанцыйна гуляць у шашкі, разам з аднакласнікамі праглядзець пэўную перадачу ці нават зрабіць зарадку. Настаўнікі могуць праводзіць анлайн-канферэнцыі са сваім класам альбо рассылаць вучням індывідуальныя заданні.

Пазнавальныя ролікі і мультфільмы растлумачаць, навошта чысціць зубы, як працуе сэрца, як сабраць робата; раскажуць пра разнастайныя вынаходніцтвы.

Створана багата адукацыйных рэсурсаў для дзяцей, на якіх можна вывучаць замежныя мовы, рыхтавацца да любых урокаў (нават па прадмеце «Працоўнае навучанне» — я, напрыклад, натрапіла на сайт для хлопчыкаў, прысвечаны выпільванню лобзікам). Тая ж прафарыентацыя старшакласнікаў, якая «прасела» з-за каранавіруса, — не праблема, тэсты можна прайсці анлайн, а на розных рэсурсах, відэароліках у YouТube атрымаць інфармацыю пра разнастайныя прафесіі. З сайта Smartіa.me падлеткі не толькі даведаюцца пра сучасныя спецыяльнасці, але і змогуць крыху паглыбіцца ў іх, развіць у сабе навыкі журналіста, аналітыка, дызайнера, фатографа — тут ёсць заданні, інтэрв'ю і парады спецыялістаў, спасылкі на карысную літаратуру.

Інтэрнэт ужо стаў настаўнікам для самых розных катэгорый: ад дашкольнікаў, якія толькі вучацца чытаць і лічыць, да выпускнікоў, якія рыхтуюцца да паступлення. А сайты, падобныя на Onlіne Test Pad, дапамогуць праверыць веды па розных школьных тэмах, якія могуць быць звязаныя з табліцай множання, пастаноўкай націску ці датамі гісторыі.

Сёння, калі бацькі сталі пакідаць дзяцей дома, многія камерцыйныя адукацыйныя цэнтры перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Аказалася, што дыстанцыйна можна вывучаць не толькі замежныя мовы, матэматыку, хімію, фізіку, праграмаванне, але і вучыцца маляваць, іграць на музычных інструментах і выконваць заданні трэнераў сваіх спартыўных клубаў. А колькі ўсялякіх ідэй для аматараў хэнд-мэйду!

Дамашняе навучанне? Лёгка!

Асабіста я не магу зразумець, адкуль такая паніка вакол пытання, што будзе з дзецьмі, калі школы раптам закрыюцца на каранцін. Вы што, ніколі не сядзелі з дзецьмі на бальнічных? Напрыклад, маю шматдзетную сям'ю бясконцыя бранхіты, ангіны і ратавірусы тыднямі закрывалі дома. І на гэты час я ператваралася ў настаўніцу, выхавальніцу і дарадцу. Набірала кніг у бібліятэцы, шукала дапаможнікі і рэсурсы ў інтэрнэце, якія «стыкуюцца» з тэмамі, што дзеці праходзяць у школе. Да таго ж у старэйшых класах дзеці самі выдатна арыентуюцца ў сеціве і ўмеюць шукаць адказы на розныя пытанні.

І сёння бацькі маглі б прыйсці на дапамогу дзецям і настаўнікам — ва ўсякім разе, для пачатковай школы ў сеціве можна знайсці ўсе неабходныя матэрыялы і нават «падсунуць» малым тое, чаго не хапае ў праграме навучальнай установы.

Як многа сёння створана разнастайных інструментаў для навучання дзяцей! Калі ў вас няма гаджэтаў, не забывайцеся пра бібліятэкі і кнігарні. У продажы багата разнастайных дапаможнікаў, тэстаў, зборнікаў з самастойнымі і кантрольнымі заданнямі самага рознага ўзроўню, у тым ліку і для дзетак, у якіх туга ідуць школьныя прадметы, альбо, наадварот, — для алімпіяднікаў. І хоць кажуць, што інтэрнэт перагружаны, гэта не азначае, што віснуць будзе ўсё, некаторыя адукацыйныя платформы ўжо перастроіліся пад узрослыя патрэбы карыстальнікаў.

Дзетка, давай!

Ці можа настаўнік планаваць навучанне пад кожнага вучня? Многія бацькі, якія разам з сынамі і дочкамі карпеюць над дамашнімі заданнямі, могуць нядрэнна арыентавацца ў школьнай праграме і тэмах, якія сёння праходзяць іх малыя. Яны ведаюць, якія прадметы дзіцяці горш даюцца, у якіх тэмах яно прабуксоўвае, а дзе магло б скокнуць наперад.

Замест прыкладаў «10+5», якія цяпер рашаюць аднакласнікі, мой першаклашка складае двухзначныя лікі, рашае судоку і какура, пачынае вучыць табліцу множання, спрабуе разабрацца з паслядоўнасцямі, 3D-задачкамі, алгарытмамі на сайце logіc.by. Гэты рэсурс добра вядомы беларускім школьнікам. Многія настаўнікі дзякуючы яму рыхтуюць на факультатывах будучых алімпіяднікаў.

Бацькі з усяго свету выкарыстоўваюць бясплатныя курсы Code.org, для таго каб пачаць знаёміць дзяцей з праграмаваннем, прычым тут ёсць заняткі для дашкольнікаў і першых класаў — усё проста, даступна, бацькам, хіба толькі спачатку трэба паказаць, дзе якія клавішы размяшчаюцца на клавіятуры. Малыя хутка разбіраюцца, што да чаго, і далей могуць займацца самастойна.

Ужо распрацавана багата цікавых інтэрактыўных методык, якія лёгка і зразумела падаюць дзецям школьныя прадметы і нават сур'ёзныя навукі, пры гэтым вучням можа здавацца, што яны выконваюць заданні ў чарговай камп'ютарнай гульні. Пачатковы курс матэматыкі для дзяцей, які ўключае ў сябе элементы курса вышэйшай матэматыкі, мы знайшлі на сайце «Дзеці і навука» (chіldrenscіence.ru). Не палянуйцеся зазірнуць на гэтую інтэрнэт-старонку! Напрыклад, на курсе «Навакольны свет. 1 клас» дзеці будуць адзяваць рака-пустэльніка, карміць кляшча і ваўчанят, знаёміцца са сваякамі вераб'я, выбіраць прафесіі для бактэрый і знаходзіць адказы на пытанні накшталт «Ці спяваюць вірусы?», а дапамагаць спасцігаць прадмет дзецям, акрамя настаўніка, будзе анімаваны персанаж.

Віртуальныя настаўнікі

Школа моцна мяняецца. Мой першаклашка атрымлівае веды зусім не так, як яго старэйшы брат, які адвучыўся ў гэтай жа ўстанове ўжо 9 гадоў. На электронную пошту настаўніца дасылае план на тыдзень: бацькі бачаць, якія тэмы дзеці разбіраюць у класе, і рэкамендацыі, што матываваныя вучні могуць зрабіць дома. У дадатак мы атрымліваем тэксты вершаў і апавяданняў, якія пазначаны ў праграме, відэаролікі, прэзентацыі, адсканіраваныя дапаможнікі, спасылкі на карысныя інтэрнэт-рэсурсы. Дзеці толькі за гэты год прайшлі ўжо каля 10-15 дыстанцыйных алімпіяд. І гэта ў першым класе!

Я б магла вам яшчэ многа расказаць пра іншыя рэсурсы, але ў нас ужо чарга на камп'ютар. Спачатку ў дачкі ў Zoom урок карэйскай мовы, пасля малодшы будзе рашаць задачкі на foxford.ru (цяпер у сувязі з каранавірусам рэсурс адкрыў бясплатны доступ да сваіх курсаў), а старэйшаму сыну трэба рыхтаваць прэзентацыю па гісторыі.

...Усе наракаюць, што школа пакуль не гатова да дыстанцыйнага навучання. Сёння настаўнікі вымушаны «наскокам» сабраць, перапрацаваць тое, што ёсць, і выдаць дзецям, якія завіслі на самаізаляцыі, гатовы прадукт. Але хіба такі рэсурс не быў патрэбны раней, яшчэ да каранавіруса? Напрыклад, вучням, якія ад частых хвароб прапускаюць заняткі, альбо тым, хто выбіваецца з калектыву, — каму трэба больш часу на засваенне тэмы ці, наадварот, таленавітым вучням, якім школьнай праграмы недастаткова? У нас шмат шыкоўных педагогаў, праводзяцца конкурсы на найлепшых настаўнікаў... Калі ж іх вопыт, веды і напрацоўкі будуць прапагандавацца, пашырацца і «пакавацца» ў сучасныя відэаўрокі? Тым больш што для гэтага ёсць даступныя інструменты на інтэрнэт-рэсурсах і падрабязныя відэаінструкцыі, як імі карыстацца.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Інтэрнэт у дапамогу, або Ці хавае страус галаву ў пясок?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.