Вы тут

Як увасабляюцца экалагічныя знаходкі асіповіцкіх школьнікаў


Пры асіповіцкай школе № 3 вось ужо 25 гадоў існуе маладзёжнае грамадскае аб'яднанне «Дзеля жыцця на зямлі». Чвэрць стагоддзя школьнікі займаюцца даследаваннем біяразнастайнасці расліннага і жывёльнага свету на тэрыторыі раёна, вывучаюць пытанні энерга- і водазберажэння, манітораць паветра, шукаюць шляхі бяспечнага абыходжання з адходамі, праводзяць асветніцкую ў экалагічным плане работу сярод насельніцтва. Лічбы кажуць самі за сябе: 30 вучняў гэтай школы з'яўляюцца лаўрэатамі Прэзідэнцкай прэміі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў менавіта па экалагічным кірунку.


Паўтараметровая  «шапка» са смецця

Кнігі па выніках даследаванняў.

У склад школьнай экалагічнай арганізацыі ўваходзіць больш за 2000 чалавек, прычым не толькі вучняў, але і людзей з іншых асіповіцкіх устаноў і арганізацый. Што датычыцца школы, то тут у эколагі пасвячаюць нават першакласнікаў. Ды што там першакласнікаў – распрацаваныя экалагічным аб'яднаннем задачкі з задавальненнем рашаюць выхаванцы дзіцячага садка! Узначальвае аб'яднанне дырэктар школы Анатоль Шчамялёў, а навуковым кіраўніком і натхняльнікам з'яўляецца настаўніца хіміі і біялогіі Святлана Зайцава. «Я тлумачу дзецям важнасць нашай дзейнасці так, — кажа яна. — Уявіце сабе, што ў вас на галаве 1,5 метра смецця. Іх гэта вельмі ўражвае. Але я ніколечкі не хлушу, гэта лічба ўзятая не са столі, яе вучоныя вызначылі. Планета настолькі засмечана, што ўжо стогне ад нашага варварскага ўздзеяння. Таму мы павінны працаваць над тым, каб у нас было менш адходаў. І не толькі мы. Гэта павінны зразумець усе жыхары планеты».

У праектнай дзейнасці школа задзейнічана з 2000 года, сем яе ініцыятыў было падтрымана сродкамі міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Два першыя праекты датычыліся чырванакніжных раслін і жывёл, якія былі выяўлены асіповіцкімі эколагамі. Для таго каб гэтая інфармацыя атрымала афіцыйнае пацвярджэнне, былі запрошаны вучоныя з Акадэміі навук. І па выніках сумесных даследаванняў выдадзены дзве кнігі па методыцы і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Фінансава асіповіцкіх эколагаў падтрымалі Сусветны і Еўраазіяцкі банкі, куды яны накіроўвалі свае праекты.

Асцярожна: нітраты

Установа цесна супрацоўнічае з шэрагам беларускіх экалагічных арганізацый, пастаянна праводзіць экалагічныя ўрокі, канферэнцыі, даследаванні, семінары, дзелавыя гульні, тэатралізаваныя прадстаўленні, нават тыдні энергазберажэння. Ужо стала традыцыяй у Міжнародны дзень вады ўдзельнічаць у анлайн-уроках, якія арганізуюць маскоўскія эколагі. Школа наўпрост працуе з інавацыйнай лабараторыяй фірмы Chrіstmas, якая знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу.

На працягу трох гадоў асіповіцкія эколагі ўдзельнічалі ў шведскім праекце па павышэнні інфармаванасці насельніцтва пра ўтрыманне небяспечных хімічных рэчываў у таварах. І — перамаглі! Хоць канкурэнтаў было безліч, у тым ліку з Нарвегіі, Эстоніі і іншых еўрапейскіх краін. У якасці падарунка школа атрымала хімічныя рэактывы, якія спатрэбіліся для правядзення даследаванняў вады, паветра і глебы.

Святлана Зайцава дэманструе прыбор для метэаназіранняў.

А аднойчы Святлана Зайцава прывезла з Польшчы, дзе была па абмене вопытам, мабільную хімлабараторыю — ёй яе падарыла польскае міністэрства адукацыі: напрацоўкі асіповіцкіх эколагаў вельмі ўразілі палякаў. Юныя даследчыкі цяпер бяруць гэты набор з сабой у экспедыцыі. З дапамогай рэактываў можна вельмі хутка высветліць наяўнасць у прадуктах нітратаў і нітрытаў. Гэта дае магчымасць своечасова папярэдзіць людзей. У 2015 годзе было такое засушлівае лета, што перасыхалі нават калодзежы 12-метровай глыбіні. На наступны год школьнікі абышлі прыватныя падворкі і зрабілі заборы вады ў калодзежах. Высветлілася, што ўзровень нітратаў зашкальваў у разы. Небяспечныя рэчывы назбіраліся ў глебе, а калі пайшлі дажджы — праявіліся. Школьнікі разам з настаўніцай хадзілі потым па дварах і тлумачылі жыхарам, як знізіць іх утрыманне ў вадзе. Раілі не саджаць побач з калодзежамі кветкі, не складваць угнаенні, а таксама рабіць спецыяльныя ёмістасці для кампосту.

Міжнародны ўзровень

Школу вельмі добра ведаюць у Польшчы, Германіі, Швецыі, краінах Прыбалтыкі. Яна шмат узаемадзейнічае з многімі арганізацыямі, у тым ліку міжнароднымі. З аб'яднаннем «Экапартнёрства» супрацоўніцтва наогул вядзецца з дня заснавання гэтай установы. Разам яны распрацавалі шмат праектаў, у тым ліку
і па энергазберажэнні. Пасля перамогі ў адным з іх асіповіцкая школа атрымала індукцыйную печ, на якой цяпер варыць абеды для навучэнцаў.

Сваім асабістым прыкладам стаўлення да навакольнага асяроддзя Святлана Зайцава натхніла не адно пакаленне школьнікаў. Пад кіраўніцтвам настаўніцы яны заваявалі звыш 200 дыпломаў, з іх болей чым 150 — рэспубліканскага ўзроўню. Сама Святлана Уладзіміраўна двойчы адзначана падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, яна — лаўрэат прэміі Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года».

Летась даследчая дзейнасць дазволіла асіповіцкай настаўніцы на працягу тыдня знаёміцца з вопытам работы па энергазберажэнні і змяненні клімату на прыкладах Берліна і Патсдама. А сёлета яна з адмысловым праектам узяла першае месца на абласным і трэцяе на заключным рэспубліканскім этапе конкурсу «Энергамарафон-19». Святлана Уладзіміраўна прызнаецца, што яе перамога — справа агульная. Вельмі дапамаглі падтрымка і супрацоўніцтва метадыста Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Дзіны Лусцянковай, якая працяглы час актыўна ўзаемадзейнічае са школай і шмат у чым ёй дапамагае.

Сам сабе сіноптык

Са снежня 2018 года на базе школы працуе клуб экалагічнага маніторынгу. Ён быў створаны па выніках конкурсу, які праводзіўся ў рамках міжнароднага праекта «Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання навакольным асяроддзем на мясцовым узроўні». Праект рэалізуецца ў Беларусі ПРААН сумесна з міністэрствамі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя і адукацыі пры фінансавым садзейнічанні Еўрасаюза. Школе былі перададзены метэастанцыя і шмат спецабсталявання для правядзення маніторынгу. Усе свае назіранні школьныя сіноптыкі перадаюць наўпрост у Белгідрамет. У настаўніцы таксама была магчымасць азнаёміцца з вопытам падобнай работы «зялёных» школ непасрэдна ў Германіі.

— Анамальна цёплая зіма — гэта прамы вынік уздзеяння чалавека на прыроду, — лічыць яна. — За апошні час тэмпература паветра павысілася ў сярэднім на 1,5-2 градусы. На пацяпленне вельмі ўплывае дзейнасць чалавека, выкіды прадпрыемстваў. Германія ўжо адмовілася ад прымянення бурага вугалю і пераходзіць на газ. Адначасова там развіваюць «зялёную» энергетыку. Гэта доўгатэрміновыя праекты, але ж вельмі неабходныя ў сучасных умовах. Трэба мяняцца: вучоныя прадказваюць, што будзе змена полюсаў і гэта вельмі паўплывае на наш клімат. Прадбачыць складана, але мне здаецца, што сёлета і добрага лета не будзе: глеба недастаткова падсілкавалася вільгаццю, і гэта можа адбіцца на флоры.

Непрыдуманыя гісторыі

Паходы, назіранні, вопыты, начлегі пад адкрытым небам — усяго гэтага ў асіповіцкай настаўніцы і яе выхаванцаў было столькі, што можна кнігу напісаць. Асіповіцкі край багаты на рэдкія расліны і жывёл. Калі даследчыкі даведаліся, што на тэрыторыі раёна водзіцца чырванакніжны барсук, адразу ж вырашылі арганізаваць назіранне.

— Аднойчы пайшлі ў разведку, углыбіліся ў лес, раптам азіраюся — а за мной барсук стаіць і глядзіць на мяне, — згадвае сустрэчу з рэдкім зверам Святлана Уладзіміраўна. — Я застыла ад нечаканасці, баялася яго спужаць. Дзецям ледзь не вачыма паказваю: бачыце? Яны таксама застылі і толькі галовамі ківаюць.

Шмат было цікавых назіранняў за зубрамі. Іх у Асіповіцкім раёне цяпер, напэўна, не менш, чым у Белавежскай пушчы. Калі пад'язджалі да месца іх пасялення, убачылі, як зубры б'юцца. Кіроўца пасігналіў, і яны, хоць і неахвотна, але ж разышліся: адзін статак пайшоў налева, другі — направа. А калі мы выйшлі з аўтобуса, вельмі ўразіліся, як сур'ёзна жывёлы канфліктавалі: на месцы бою ўся зямля была ўзнятая! Але да людзей зубры адносяцца міралюбна. Хоць і шкодзяць — на падворку адной сям'і, напрыклад, з'елі два стагі сена і нават адкапалі схаваныя на зіму цукровыя буракі.

— Менавіта ў гармоніі з прыродай можна навучыць чалавека любіць сваю радзіму і беражліва адносіцца да яе, — пераканана настаўніца. — Я вельмі ганаруся, што наша школа робіць у такую вялікую справу свой унёсак. Мы маем непаўторную флору і фаўну. Чаго толькі вартая наша Брыцалавіцкая пушча, дзе любяць сяліцца птушкі, або Лочынскае возера — самае вялікае возера ледніковага паходжання! Мы ганарымся, што вынікі нашых даследаванняў увайшлі ў шматтомнае выданне кніг «Флора Беларусі» і былі ўлічаны пры перавыданні Чырвонай кнігі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Асіповічы

Загаловак у газеце: Гідрамет на школьным двары

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.