Вы тут

Як ва ўмовах каранавiруса рыхтуюцца да Радаўнiцы ў сельскай глыбiнцы


Сёння галоўныя навiны ў той цi iншай ступенi звязаны з пандэмiяй, але жыццё не прыпыняецца. Да Радаўнiцы засталiся лiчаныя днi, i, мяркуючы па тым, як актыўна народ купляе штучныя кветкi, у месцах смутку ў гэты дзень пуста не будзе. Мясцовыя ўлады актыўна рыхтуюць могiлкi да масавага наведвання.


Павышаная адказнасць

Наталля Лагуцiна, старшыня Яноўскага сельвыканкама, што ў Краснапольскiм раёне, крыху занепакоена тым, што намячаецца паломнiцтва на могiлкi. Iх, дарэчы, на тэрыторыi 44, з якiх 17 знаходзiцца ў зоне адчужэння: Краснапольшчына сур'ёзна пацярпела ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Але калi людзей не адпуджваюць нават павышаныя кюры, то каранавiрус дакладна iх не напалохае.

— Прыедуць з Вiцебска, Мiнска, iншых гарадоў, — уздыхае Наталля Леанiдаўна. — Iм, вядома, захочацца сустрэцца з землякамi, пагутарыць за сталом пра жыццё. Чаго чакаць ад гэтых стасункаў, невядома. Хочацца, каб усё абышлося без наступстваў, — кажа старшыня.

Сёння падтрыманне парадку на сельскiх могiлках — не такая ўжо i танная справа. Напрыклад, у Яноўцы на iх прыборку выдаткавана 1800 рублёў. А калi прыплюсаваць астатнiя могiлкi сельсавета, то сума вырасце ў разы.

Так, спецыяльныя арганiзацыi спiлоўваюць аварыйныя дрэвы, звозяць смецце на палiгон, займаюцца ачысткай тэрыторыi могiлак ад маладых парасткаў. А вось прыбраць канкрэтнае пахаванне i навесцi там парадак — гэта ўжо абавязак нашчадкаў. Хоць сярод iх бываюць такiя, што могуць i «правы пакачаць». Маўляў, чаму лiсце не прыбралi, смецце не вывезлi, дрэвы не спiлавалi.

— Такiх у нас нямнога, але ж ёсць. Мы iм тлумачым: у адпаведным законе сказана, што клапацiцца пра знешнi выгляд асобна ўзятага пахавання павiнны самi нашчадкi. Гэта iх прамы абавязак, — кажа Наталля Лагуцiна.

Але iснуе шмат прыкладаў, калi асобныя наведвальнiкi чысцiню наводзяць толькi на блiзкай iм магiле, а на суседнiх складваюць тое, што не патрэбна: рэшткi старых помнiкаў, вянкi, штучныя кветкi. У найлепшым выпадку пакiнуць гэта ўсё на ўскрайку могiлак.

— Па перыметры Яноўскiх могiлак за апошнi час утварылася столькi стыхiйных звалак, што давялося заказваць тэхнiку, — кажа Наталля Лагуцiна. — Дзякуй нашаму ААТ «Краснапольскi» — моцна дапамагло яго кiраўнiцтва. Мы заўсёды на такiя суботнiкi запрашаем насельнiцтва, але сёлета вырашылi падстрахавацца, бо шмат работы прадбачылася. Паклiкалi надзейных памочнiкаў са школы, сацслужбы, iншых устаноў i арганiзацый на тэрыторыi сельсавета. На дапамогу прыйшлi 25 жыхароў. Сумеснымi намаганнямi вывезлi з могiлак поўны МАЗ смецця.

Яноўцы працавалi сапраўды на ўздыме. Не пакiнулi без увагi нават тыя магiлы, якiя апошнiм часам не наведваюцца. Напрыклад, старажылы аграгарадка прапанавалi ўшанаваць памяць вясковага фельчара Надзеi Iгнатаўны Выганнай. Маўляў, больш няма каму: дачка памерла, унук жыве далёка. Сказана — зроблена. Аформiлi пахаванне па перыметры, паднялi яго, i яно адразу ж набыло прыстойны выгляд.

Аперацыя «Аварыйныя дрэвы»

Зрабiць усё за адзiн суботнiк не атрымалася. Другi этап навядзення парадку на могiлках прайшоў пад знакам барацьбы з аварыйнымi дрэвамi. Паслуга, трэба сказаць, таксама нятанная: камунальнiкi пагадзiлiся зрабiць работу за 200 рублёў. I хоць у сельсавеце лiшнiх фiнансаў няма, старшыня пачала дзейнiчаць.

— Мы якраз атрымалi грошы за 1-е месца ў раённым конкурсе па развiццi сельскiх тэрыторый, — расказвае яна. — Хацелi на iх пясок купiць, але палiчылi, што аварыйныя дрэвы — больш важная праблема.

Мясцовыя жыхары таксама вырашылi дапамагчы i сабралi дадаткова 250 рублёў. Грошай хапiла, каб знесцi дзевяць аварыйных дрэў. Але пасля гэтага засталося шмат смецця. I прыбраць усё гэта плануецца яшчэ на адным суботнiку, якi адбудзецца на гэтым тыднi.

— Мясцовыя жыхары па-рознаму ставяцца да нашых суботнiкаў. Нехта кажа, што гэта наогул не трэба, — разважае старшыня сельвыканкама. — А я так лiчу: мы займаемся карыснай справай. I калi хоць адзiн чалавек скажа за гэта дзякуй, значыць, мы недарэмна працавалi.

Надзейныя паплечнiкi

Вольга Падалякiна кiруе ў Яноўцы сельскай бiблiятэкай i заўсёды гатова падтрымаць Наталлю Лагуцiну, з якой яе звязваюць яшчэ i агульныя дэпутацкiя клопаты. Трэба прыбраць могiлкi? Яна заўсёды побач. Добраўпарадкаваць парк? Згодная, чакаць не трэба. Пасадзiць кветкi або дрэвы? Не адмовiцца. Так i ў iншых справах.

Яшчэ адна памочнiца, на якую можна смела разлiчваць, — Галiна Новiкава, кiраўнiк сацыяльнага пункта. Яна разам са сваiмi дзяўчатамi таксама ўдзельнiчае ва ўсiх акцыях па навядзеннi парадку. Дырэктар клуба Людмiла Крапiўнiцкая са сваiм калектывам дапамагае не толькi рукамi, але i вясёлымi спевамi — талакой заўсёды прасцей справiцца з праблемамi. А Святлана Васiльева, дырэктар Яноўскага ВВК «Дзiцячы сад — базавая школа», яшчэ i старэйшына населенага пункта. Тут без каментарыяў.

Прыкладам для пераймання можна лiчыць iнiцыятыву Пятра Нятылькi, якi на месцы разбуранай царквы ў Палужы 1 паставiў крыж. Прапанову падтрымалi i сельсавет, i мясцовыя арганiзацыi. Збiралi грошы, дапамагалi сваiмi сiламi. Цяпер ёсць спадзяваннi, што побач з'явiцца i каплiчка. Гэта пакуль толькi мары, але Пётр Нятылька ўжо заказаў за свой кошт iкону, каб потым размясцiць на каплiцы.

Хоць гвалт крычы...

А вось што толькi наносiць шкоду, дык гэта штучныя кветкi, якiя людзi вязуць на магiлы сваiх продкаў.

— Апошнiм часам кветкi сталi больш аб'ёмныя i атрутных колераў, — кажа Наталля Лагуцiна. — I iх так шмат, што хоць гвалт крычы. Iх жа i ўтылiзаваць нельга без шкоды для навакольнага асяроддзя. Выцягваем з тых кветак дрот, каб здаць на металалом, а ўсё астатняе спальваем. Але што рабiць? Мы ж не можам людзям забаранiць iх прыносiць. Няўжо самi не разумеюць, што гэта мёртвая памяць, да таго ж небяспечная для жыцця чалавека? — абураецца суразмоўца.

— Наконт штучных кветак магу сказаць адназначна: нам усiм трэба гэтую культуру паводзiн мяняць. Кветкi павiнны быць выключна жывыя. Лепш пасадзiце на месцы пахавання фiялкi або iншыя невялiчкiя кветкi, — гаворыць iераманах Афанасiй, прарэктар Мiнскай духоўнай акадэмii. Увогуле, на яго думку, сёлета ад наведвання могiлак лепш устрымацца, для гэтага можна выбраць iншы час — не Радаўнiцу i не Вялiкдзень. Прыйдзiце тады, калi не будзе вялiкай колькасцi людзей i небяспекi стаць пераносчыкам iнфекцыi.

Яшчэ горш, калi ў месцах смутку людзi пачынаюць накрываць сталы i пiць гарэлку. Гэта наогул непавага да памяцi нашых продкаў.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота Наталлi ЛАГУЦIНАЙ

Краснапольскi раён

Загаловак у газеце: Грамадскае сумленне i штучныя кветкi...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».