Вы тут

На Гомельшчыне агучаны вынiкi конкурсу сярод гарадскiх, пасялковых i сельскiх Саветаў


Гомельскi абласны Савет дэпутатаў падвёў вынiкi штогадовага конкурсу, у ходзе якога ацэньваўся ўдзел гарадскiх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых i сельскiх Саветаў дэпутатаў, а таксама органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання ў вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння жыхароў. Пераможцаў чакаюць ганаровыя дыпломы, а таксама салiдныя грашовыя прэмii. Iх атрымае 21 фiналiст конкурсу.


У намiнацыi «Найлепшы гарадскi (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковы, сельскi Савет дэпутатаў» пераможцаў вызначалi па пэўных катэгорыях у залежнасцi ад колькасцi насельнiцтва. Так, у групе з колькасцю жыхароў звыш дзвюх тысяч чалавек першае месца прысуджана Каменскаму сельскаму Савету дэпутатаў Мазырскага раёна. Пераможца атрымае грашовую прэмiю ў памеры 1500 базавых велiчынь.

Такi ж прыз i дыплом I ступенi прысуджаны Мiлашавiцкаму сельскаму Савету дэпутатаў Лельчыцкага раёна. Ён прызнаны пераможцам у групе намiнантаў з колькасцю насельнiцтва звыш 1,5 тысячы чалавек. Акрамя таго, грашовыя прэмii ў 1500 базавых велiчынь будуць накiраваны на рахункi Барысаўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Хойнiцкага раёна, Ленiнскага сельскага Савета дэпутатаў Добрушскага раёна i Нараўлянскага сельскага Савета дэпутатаў Нараўлянскага раёна.

Такiм чынам вызначаны пераможцы ў групах намiнантаў з колькасцю насельнiцтва ад 800 да 1,5 тысячы чалавек.

Мiж тым Гомельскiм абласным Саветам дэпутатаў будуць заахвочаны i пераможцы конкурсу па вырашэннi пытанняў жыццезабеспячэння насельнiцтва, якiя прадстаўляюць калегiяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання. Так, лiдарам у рэгiёне прызнаны Камiтэт тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання «Праспект цудаў» Савецкага раёна Гомеля. Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду ў памеры 100 базавых велiчынь.

На другiм i трэцiм месцах у гэтай жа катэгорыi ўдзельнiкаў конкурсу апынулiся адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльная акруга № 1 Жлобiна i камiтэт тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання мiкрараёна Зарэчны Мазыра. Намiнанты 2-га i 3-га месцаў атрымаюць на рахункi адпаведна 90 i 80 базавых велiчынь.

Як адзначылi ў Гомельскiм абласным Савеце дэпутатаў, вельмi важна, што ў межах правядзення конкурсу не абыходзяць увагай i паасобна вызначаюць лiдараў руху тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання з розных куткоў Гомельшчыны. Так, у намiнацыi «Найлепшы аднаасобны орган тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання» дыпломам I ступенi i грашовай прэмiяй 30 базавых велiчынь заахвочана памочнiк старшынi Зарэчскага пасялковага Савета дэпутатаў Рэчыцкага раёна Iрына Радзюшка. Дыпломамi II i III ступенi i грашовымi прэмiямi 20 i 10 базавых велiчынь адзначана работа старасты вёскi Пясочная Буда Грабаўскага сельсавета Гомельскага раёна Святланы Лазоўскай i старэйшыны аграгарадка Лiтвiнавiчы Лiтвiнавiцкага сельсавета Кармянскага раёна Любовi Гарбатоўскай.

Нагадаем, названы конкурс Гомельскi абласны Савет дэпутатаў праводзiць восьмы год запар. Усе намiнанты праходзяць вельмi сур'ёзны адбор. Падчас вызначэння фiналiстаў улiчваецца добраўпарадкаванне тэрыторыi, умовы для стварэння новых рабочых месцаў, развiццё сацыяльнай сферы i перспекты павышэння якасцi жыцця ў сельскай мясцовасцi.

Кожны год пераможцамi конкурсу выбiраюцца новыя ўдзельнiкi. Iх поспех i фiнансавая падтрымка ў дадатак да дыплома, а таксама высокая ацэнка кiраўнiцтва рэгiёна — выдатная матывацыя да больш актыўнай работы. Конкурс становiцца ўсё больш папулярны на Гомельшчыне. У гэтым ёсць заслуга i дэпутатаў базавага ўзроўню. Яны, у прыватнасцi, агiтуюць грамадзян ствараць камiтэты добраахвотнiкаў на базе таварыстваў уласнiкаў падчас будаўнiцтва жылля ў новых мiкрараёнах.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Прэв’ю: strada.by

Загаловак у газеце: Названы фiналiсты

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.