Вы тут

Пума ў горадзе, кракадзілы — на пляжы. Як каранавірус змяніў наваколле?


Уведзеныя ў многіх краінах каранцін і жорсткія абмежаванні на перамяшчэнне людзей падчас пандэміі каранавіруса сталі прычынай рэзкага спусташэння гарадоў. З-за знікнення пешаходаў і руху на дарогах на вуліцы пачалі выходзіць дзікія жывёлы. У адсутнасць чалавека яны пачуваюць сябе больш вольна. Рэдкія мінакі на вуліцах, а таксама людзі са сваіх вокнаў са здзіўленнем назіраюць за паводзінамі жывёл, якіх раней бачылі хіба што ў заапарках, і выкладваюць у сацыяльныя сеткі відэа і фатаграфіі. Дзіўнае відовішча, хутчэй, нагадвае кадры з навукова-фантастычнага блокбастара, а не сапраўдныя падзеі. Між тым гэта новая рэальнасць ва ўмовах глабальнай эпідэміі. Як каранавірус змяніў наваколле?


Шпацыр марскіх ільвоў

У Ізраілі незвычайнае відовішча можна пабачыць у парку Яркон — адной з галоўных зялёных зон Тэль-Авіва. У звычайны час тут займаюцца спортам, гуляюць, катаюцца на байдарках і наведваюць канцэрты тысячы людзей. Цяпер парк амаль пусты. Як вынік — дзясяткі шакалаў, якія жылі на яго ўскраінах, пасмялелі і ўсё больш прывольна адчуваюць сябе на бязлюдных лужках і дарожках, паведамляе Euronews.

Урад Мексікі з-за эпідэміі каранавіруса забараніў людзям наведваць пляжы. У пасёлку Вентанілья штата Аахака, які з'яўляецца вядомым цэнтрам экатурызму, тэрыторыю каля мора і лагуны пакінулі шматлікія турысты, гандляры і рыбакі. Пасля гэтага выйшлі са сваіх схованак і вярнуліся на пляж кракадзілы, паведамляе Stormnews.

У іншых раёнах Мексікі таксама паведамляюць аб вяртанні дзікіх жывёл. Так, у горадзе Канкун, вядомым курорце на беразе Карыбскага мора, у адным з раёнаў бачылі ягуара, а на пляжы з'явілася скурыстая чарапаха даўжынёй звыш двух метраў і шырынёй 1,4 м. Гэтыя рэптыліі з'яўляюцца самымі буйнымі сучаснымі чарапахамі. На вуліцах чылійскага Сант'яга заўважылі пуму, а ў індыйскім горадзе Кажыкодзе малабарская цывета — адна з самых рэдкіх жывёл на планеце, — акуратна пераходзіла вуліцу... па пешаходным пераходзе.

Дзікоў ашалелыя іспанцы пабачылі на турыстычным бульвары Рамбла ў Барселоне. Жыхары камуны Вентануэва ў іспанскай Астурыі не на жарт перапалохаліся, калі заўважылі са сваіх вокнаў бурага мядзведзя. Ён прыйшоў сюды ў пошуках ежы, як і лісіцы, якія з'явіліся на вуліцах рэгіёна Віга. У тайскім горадзе Лабпуры, які знаходзіцца за 150 кіламетраў ад Бангкока, зграі галодных малпаў, якіх звычайна падкормлівалі жыхары і турысты, зладзілі масавую бойку за ежу.

Ва ўэльскім мястэчку Ландзідна статак дзікіх коз пакінуў сваё звыклае месца пражывання і, спусціўшыся з гары Вялікага Орма, пачаў руйнаваць гарадскія лужкі. У звычайны час гэтыя жывёлы спускаюцца з гор падчас непагадзі, але пры гэтым ніколі не ідуць далей за ўскраіны паселішча. Гэтым разам, скарыстаўшыся пустымі вуліцамі, сто дваццаць коз дайшлі да самага цэнтра, аб'елі жывую загарадзь паблізу школы, а таксама патапталі газоны каля дамоў месцічаў. Жыхары выклікалі паліцыю, якая, паведамляе Daіly Maіl, збірала дзікіх жывёл па ўсім горадзе, але людзі скардзяцца, што козы зноў вярнуліся.

Па вуліцах аргенцінскай Мар-дэль-Платы разгульваюць марскія львы. Гэты горад — адзін з найбуйнейшых курортаў краіны. Ён знаходзіцца за 400 кіламетраў ад Буэнас-Айрэса і жыве за кошт турызму. Аднак у час пандэміі раней ажыўлены Мар-дэль-Плат апусцеў. Марскі леў — сімвал горада. Калонія гэтых жывёл жыве непадалёк ад порта. Цяпер марскія львы абжываюць месца, дзе раней адпачывалі турысты. Дзясяткі жывёл размясціліся проста на праезнай частцы. Бывае, яны нават праследуюць гараджан, якія працуюць у порце. Яго супрацоўнікам даводзіцца ўвесь час мыць прычалы з-за моцнага паху, які распаўсюджваюць жывёлы.

Прырода забірае сваё

Таксама жыхары гарадоў заўважылі, што лепш стала чуваць спевы птушак. Арнітолагі кажуць, што для пярнатых гэты перыяд зацішша прыпаў на разгар перыяду размнажэння і можа паспрыяць рэпрадуктыўнаму поспеху. Пашанцавала таксама жабам і саламандрам — яны цяпер, не рызыкуючы жыццём, могуць пераходзіць дарогі, па якіх калісьці няспынна ездзілі машыны. З-за каранціну ў Францыі раней часу скончыўся і сезон палявання на земнаводных.

Эксперты таксама кажуць пра станоўчы ўплыў каранціну на расліны і насякомых. Даследчык Французскай службы біяразнастайнасці Жан-Наэль Рыфель у каментарыі агенцтву France-Presse адзначыў, што ў красавіку і маі расцвітаюць дзікія архідэі, якія нярэдка абрываюць мінакі. Сёлета гэтага ўдасца пазбегнуць. Па словах дырэктара Нацыянальнага музея гісторыі прыроды Рамэна Жюльяра, някошаныя газоны становяцца яшчэ больш спрыяльным асяроддзем для пчол, чмялёў і матылькоў.

Жывёлам стала лепш не толькі на сушы, але і на моры. У водах Нацыянальнага парку Каланкі, які знаходзіцца недалёка ад Марселя, на мінулым тыдні заўважылі фінвалаў. Гэты від кітоў з'яўляецца другой па велічыні жывёлай планеты (даўжыня ад 18 да 24 метраў, вага — 40–70 тон) і саступае па гэтым паказчыку толькі сіняму кіту. У моры цяпер курсіруе значна менш суднаў. Менавіта таму, лічаць спецыялісты, гэтыя млекакормячыя асмялелі і пачалі набліжацца да прыбярэжнай зоны, перадае Euronews.

«Якая-небудзь чалавечая дзейнасць амаль адсутнічае. Кіты становяцца больш спакойныя, можна сказаць, ціхамірныя. Іх паводзіны выглядаюць упэўнена. Жывёлы знаходзяць новыя прасторы для гульні. Гэтая месцы яны звычайна пакідаюць падчас інтэнсіўнага марскога трафіку. Таму мы і бачым кітоў далёка ад берагоў Марселя. Але цяпер зусім іншая рэч: кіты вяртаюцца», — кажа Дзідзье Ро з нацпарку Каланкі. Таксама ў нацпарку адзначаюць, што ў прыбярэжных водах каля дэпартамента Буш-дзю-Рон з'явіліся дэльфіны, тунцы і марскія птушкі. «Эфект заўважны: як толькі чалавек сыходзіць, прырода забірае сваё», — адзначыў кіраўнік турыстычнага цэнтра даследавання мора і гор з Ніцы Рышар Шэлма.

Без каламуці

Зніжэнне жыццядзейнасці прывяло да нечаканага эфекту — памяншэння вібрацый на паверхні зямной кары. Для планеты, маса якой складае шэсць секстыльёнаў тон, гэтыя змены могуць выглядаць нязначнымі, тым не менш сейсмографы іх зафіксавалі. Першыя рэзкі спад адзначылі даследчыкі Каралеўскай абсерваторыі ў Бельгіі, пасля таго як урад увёў абмежавальныя меры ў сувязі з успышкай каранавіруса. Дзякуючы лакдаўну сейсмолагі атрымалі магчымасць засякаць невялікія землятрусы і іншыя сейсмічныя з'явы, якія раней заставаліся незаўважаныя для прыбораў, размешчаных у пэўных месцах. Падобныя змены былі адзначаны навукоўцамі і ў іншых краінах. «Цяпер мы можам атрымліваць сігналы з меншай колькасцю перашкод, што дазваляе выціснуць з іх больш інфармацыі», — адзначыў Бі-бі-сі Эндзі Фрасета з Сейсмалагічнага інстытута штата Вашынгтон.

З-за каранціну ў Італіі вада ў каналах Венецыі стала значна чысцейшая, паведамляе The Art Newspaper. «Прырода аднаўляецца», — напісалі месцічы на старонцы VenezіaPulіta ў Twіtter. Яны тлумачаць: вада стала празрыстая таму, што ўся каламуць, якая звычайна ўздымаецца ў каналах ад руху гандолаў, цяпер асела на дне.

Спадарожнікавыя здымкі, якія фіксуюць сляды чалавечай дзейнасці — выкіды выхлапных газаў ад аўтамабіляў, выкапнёвае паліва, якое спальваецца на электрастанцыях, і іншыя адходы вытворчасці — дэманструюць заўважнае зніжэнне ўзроўню забруджвання. Напрыклад, па звестках Цэнтра даследаванняў энергетыкі і чыстага паветра (CREA) у перыяд з 3 лютага да 1 сакавіка выкіды СО2 у Кітаі скараціліся як мінімум на чвэрць. Па інфармацыі Міністэрства экалогіі і навакольнага асяроддзя КНР, колькасць дзён з «добрай якасцю паветра» вырасла на 21,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту аб'явіла аб тым, што глабальныя авіяперавозкі скараціліся ўдвая. На самалёты прыпадае прыкладна тры працэнты ад агульнага аб'ёму выкідаў парніковых газаў толькі ў ЗША, а да 2050 года гэты паказчык па прагнозах павінен вырасці ў тры разы. Таму любыя змены ў структуры авіяперавозак аказваюць істотны ўплыў на забруджванне атмасферы. У мінулым месяцы дарожны рух у свеце «парадзеў» больш чым на 70 працэнтаў — да ўзроўню сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Неверагодны эксперымент

«Падзенне ўзроўню выкідаў з'яўляецца глабальным і беспрэцэдэнтным, — сказаў The Guardіan старшыня глабальнага вугляроднага праекта Роб Джэксан. — Забруджванне паветра рэзка ўпала ў большасці раёнаў. Вірус дае ўяўленне аб тым, як хутка мы маглі б ачысціць наша паветра, калі б па-сапраўднаму захацелі». Эксперт асабліва падкрэсліў, што «чалавечыя ахвяры, якія паказалі нам шлях аздараўлення планеты, занадта высокія. Я адмаўляюся святкаваць падзенне выкідаў, выкліканае стратай жыцця тысяч людзей і работы дзясяткаў мільёнаў. Нам патрэбныя сістэмныя змены ў нашай энергетычнай інфраструктуры.»

Па словах дырэктара праграм маніторынгу Зямлі ESA Ёзафа Ашбахера, «гэта сумная канстатацыя вядомага факта: высокая эканамічная актыўнасць наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю, а яе прыпыненне прыводзіць да таго, што памяншаецца ўзровень забруджанасці атмасферы». Навукоўцы ўжо кажуць пра тое, што мы міжволі сталі сведкамі неверагоднага эксперымента — ён як быццам адварочвае час назад, у эпоху, калі свет яшчэ не быў індустрыяльны, прынамсі настолькі. Пандэмія хоць і на час, але спыніла чалавека з яго актыўнасцю, транспартам, спажываннем. «Чалавек на свае вочы цяпер назірае, наколькі ён уплывае на навакольнае асяроддзе», — заўважыў навуковы супрацоўнік Інстытута геаграфіі РАН Уладзімір Сямёнаў.

Эколагі бачаць у гэтым не толькі пазітыўны бок, але і праблему. Цяперашнія змены паказчыкаў адбываюцца не на сістэмным узроўні, а ў выніку неспадзяваных і даволі сумных падзей. «Было б памылкай меркаваць, што вірус значна паўплывае на змяненне клімату, — кажа Джэймс Темпл, рэдактар аддзела энергетыкі MІT Technology Revіew. — У сусветнай гісторыі ўжо былі выпадкі памяншэння выкідаў з прычыны эканамічных крызісаў, эпідэмій і войнаў. І кожны раз паказчыкі выкідаў СО2 зноў павялічваліся, як толькі эканоміка прыходзіла ў норму».

Навукоўцы перакананыя, што свет неўзабаве чакаюць новыя смяротныя пандэміі, калі чалавецтва глабальна не зменіць стаўленне да дзікай прыроды. Пра гэта піша The Washіngton Post, спасылаючыся на меркаванне шэрагу даследчыкаў. «Частата пандэмій у цэлым будзе расці, — сказаў Пітэр Дашак, прэзідэнт EcoHealth Allіance, арганізацыі грамадскай аховы здароўя, якая займаецца вывучэннем новых захворванняў. — Гэта звязана з тым, што мы робім з навакольным асяроддзем».

Многія даследчыкі лічаць, што менавіта антрапагеннае ўмяшанне ў прыроду з'яўляецца прычынай распаўсюджвання такіх хвароб, як Эбола, птушыны грып, SARS, а цяпер COVІD-19. «Мы ўварваліся ў трапічныя лясы ды іншыя экасістэмы, дзе ў натуральным для сябе асяроддзі жывуць многія віды жывёл. Гэтыя жывёлы з'яўляюцца пераносчыкамі невядомых нам вірусаў, — адзначыў Дэвід Квамен, аўтар кнігі «Распаўсюджванне: інфекцыі жывёл і наступная чалавечая пандэмія» ў інтэрв'ю для New York Tіmes. — Мы сячом дрэвы, забіваем жывёл, прадаём іх на рынках. Мы руйнуем экасістэмы і вытрасаем вірусы з іх натуральных гаспадароў. Тады вірусам патрэбен новы носьбіт. І часта мы ім становімся».

Па ацэнцы Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША (CDC), тры чвэрці новых захворванняў чалавека маюць менавіта такую схему ўзнікнення. «Павінен быць культурны зрух у грамадстве да таго, як мы ставімся да жывёл, да нашага разумення небяспек і рызык, якія нам пагражаюць, — заўважыла Кейт Джонс, кіраўнік аддзела экалогіі і біяразнастайнасці ва ўніверсітэцкім каледжы Лондана. — Гэта азначае пакінуць экасістэмы некранутымі, а не знішчаць іх. Гэта азначае думаць больш працягла». Варта задумацца.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.