Вы тут

У чаканні Дабратворнага агню


Сёння шмат хто кажа пра апакаліптычныя часы, пра тое, што ёсць прыкметы канца свету. Некаторыя з трывогай і хваляваннем чакаюць Дабратворнага агню: што будзе, калі ён не сыдзе? Іерусалімскі Храм Уваскрэсення Хрыстова, дзе штогод напярэдадні праваслаўнага Вялікадня ў Вялікую Суботу адбываецца гэты цуд, сёння закрыты для наведвальнікаў з-за каранавіруснай інфекцыі. Як і шмат іншых біблейскіх месцаў, па якіх мне пашчасціла мінулай восенню праехацца ў складзе інтэрнацыянальнай беларуска-ўкраінскай паломніцкай групы.


Спадчына Бога

Частка храмавага комплексу на гары Сіён.

Не магу сабе ўявіць гэты галоўны для веруючых хрысціян усяго свету храм пустым. Дагэтуль жыву пад уплывам тых уражанняў, калі з трапятаннем у сэрцы — а ў біблейскіх месцах гэтае пачуццё ўзнікае пастаянна — хадзіла па велічэзным прахалодным нават у 30-градусную спякоту храмавым комплексе, апускалася на калені перад каменем Памазання, куды паклалі знятага з Крыжа Хрыста, падымалася на Галгофу, дзе ён быў укрыжаваны, прыкладалася да каменнага ложа, дзе ён ляжаў апрануты ў саван і з якога ўваскрэс «на трэці дзень па пісанні».

Наогул Іерусалім — горад незвычайны, невыпадкова яго назва перакладаецца з іўрыту як Спадчына Бога. І лёс яго таксама сімвалічны. Ён неаднаразова разбураўся і адбудоўваўся наноў. У чацвёртым стагоддзі, калі хрысціянская вера стала дазволенай рэлігіяй у Рымскай імперыі і было вырашана на біблейскіх месцах будаваць храмы, на Святую Зямлю прыбыла імператрыца Алена, якая на працягу свайго жыцця разам з сынам Канстанцінам будзе апякаць гэтыя свяшчэнныя месцы. За 100 гадоў тут было пабудавана болей за 400 храмаў і манастыроў. Але праходзіць час, на гэтую зямлю ўрываецца Асманская імперыя і пачынае руйнаваць храмы. Новы пад'ём хрысціянства адбываецца з прыходам крыжаносцаў — яны аднаўляюць разбураныя храмавыя комплексы і ўзводзяць новыя. Але сыдуць крыжаносцы, і зноў пачнецца эпоха разбурэнняў. Барацьба за права валодаць самым гэтым месцам на зямлі працягваецца і сёння. Гэта відаць па блокпастах у месцах палесцінскай аўтаноміі, па бетонных сценах, якія падзяляюць мусульманскія і яўрэйскія кварталы. Хоць, калі шчыра, на гэта звяртаеш увагу, толькі калі кажа наша гід Аляксандра. Горад вабіць сваёй таямнічай 6000-гадовай гісторыяй, архітэктурнай харызмай, самім месцам размяшчэння. Гэта амаль 800 метраў над узроўнем мора. Наогул, калі падарожнічаеш па стара- і новазапаветных мясцінах, вельмі часта закладвае вушы. Аўтобус то спускаецца ўніз, напрыклад, да Мёртвага мора (на 400 метраў ніжэй за ўзровень Сусветнага акіяна), то падымаецца наверх. Гэта табе не еўрапейская даліна, гэта — краіна гор.

За сценамі Старога горада захаваліся пабудовы часоў Асманскай імперыі XVІ стагоддзя, далей знаходзіцца Новы горад, дзе стаяць будынкі ХІХ стагоддзя, яшчэ далей — сучасны. Але, як расказвае наша гід, ёсць пэўны стандарт у забудове Іерусаліма. Ён увесь абліцаваны іерусалімскім каменем — дамы да ХІХ стагоддзя былі цалкам з яго пабудаваныя, а сучасныя ім абліцоўваюцца. І атрымліваецца як у той песні: «Под небом голубым есть город золотой». У Старым горадзе мусульманскі, хрысціянскі, іўдзейскі, армянскі кварталы выразна абазначаны, а ў сучасных раёнах ужо ніякіх меж няма. Сённяшні амаль 900-тысячны Іерусалім — горад індустрыяльны, з сучаснымі будынкамі, інавацыйнымі прадпрыемствамі. Некалькі гадоў таму ў Іерусаліме з'явіліся трамваі. Там, дзе цяпер праходзіць трамвайная галіна, раней была лінія спынення агню, стаялі супрацьтанкавыя яжы і быў нацягнуты калючы дрот, звяртае ўвагу Аляксандра. І расказвае цікавую гісторыю пра тое, як аднойчы ёй спачатку прысніўся сон, а потым усё гэта адбылося на самай справе. Дзве пажылыя паломніцы адсталі ад групы, а калі знайшліся, растлумачылі, што проста каталіся на іерусалімскім трамваі.

Дарога жыцця

Яна, аказваецца, была не толькі ў блакадным Ленінградзе, але і на Святой зямлі. На працягу дваццаці гадоў — з 1948-га да 1968-га шлях з Тэль-Авіва ў Іерусалім называлі менавіта так. Бо прайсці або праехаць па ёй мог не кожны. Сённяшняя дарога, кажа наш гід, спакойная, але зусім не падобная на тую, якой яна была 2000 гадоў таму. Сёння з акна аўтобуса мы назіраем выпаленую сонцам пустэчу з рэдкімі рукатворнымі пасадкамі. Дзе той біблейскі аазіс з алівамі і вінаграднікамі? Няма і ліванскага кедра, амаль зніклі міжземнаморскія дубы, якія раней пакрывалі схілы Іўдзейскіх і Галілейскіх гор. Засталіся ў мінулым хеўронскія дубровы, у гушчары якіх разбіў свой шацёр айцец Аўраам. Схілы дарогі былі зусім іншыя, калі па ёй спяшалася з Назарэта ў Горні град Іудаў Багародзіца — ішла да сваёй кузіны Елісаветы, каб расказаць пра тую шчаслівую вестку, якую ёй прынёс архангел Гаўрыіл, пра нараджэнне Сына Божага Ісуса Хрыста. Праведная Елісавета — маці Іаана Прадцечы, якога мы ведаем яшчэ і як Іаана Хрысціцеля — вітала яе па-прароцку: «Прыйдзеша да мяне Маці Госпада майго». Яны сустрэліся каля ваданоснага ручая, які сёння знаходзіцца на тэрыторыі Горненскага праваслаўнага манастыра Рускай духоўнай місіі.

Гефсіманскі сад, дзе схапілі Хрыста, калі ён маліўся.

Мы былі тут на пачатку кастрычніка, калі ўсё вакол буяла сакавітымі летнімі фарбамі. Манастыр нагадваў зялёны востраў пасля той выпаленай пустэчы, па якой мы ехалі. Спускі, пад'ёмы, увітыя паўднёвымі раслінамі пераходы, пасаджаныя клапатлівымі рукамі насельніц кветкі, экзатычныя кактусы памерам з чалавека — усё тут уражвае сваёй прыгажосцю. Менавіта на гэтых тэрыторыях знаходзіўся сад бацькоў Іаана Прадцечы. Сам дом, дзе жыло сямейства, знаходзіцца за межамі сучаснага Горненскага манастыра. Гэтым участкам валодае сёння ордэн францысканцаў. Затое на тэрыторыі манастыра ёсць камень, з якога Іаан Прадцеча казаў сваю першую пропаведзь. Ён знаходзіцца побач з храмам Казанскай Божай маці.

Але ж вернемся зноў на тую дарогу, якая памятае не толькі стопы ног Багародзіцы, але і яе боскага сына — Ісуса Хрыста. Па ёй ён падняўся са сваімі вучнямі ў Іерусалім. Калі ён уязджаў праз Залатыя вароты на асле ў горад, яго сустракалі шчаслівымі крыкамі і махалі пальмавымі галінкамі. А праз некалькі дзён — укрыжавалі...

Манах з абліччам Іуды

Два дні таму праваслаўныя хрысціяне адзначалі Вялікі чацвер, які яшчэ называюць Чысты. Гэта той дзень, калі царква згадвае пра Тайную вячэру. Памятаеце карціну Леанарда да Вінчы, дзе Ісус сядзіць з вучнямі за сталом, а на заднім плане тры арачныя вокны і праз іх праглядваецца гара? Гэта Маслічная гара, а дзеянні адбываюцца на гары Сіён у доме Іосіфа Арымафейскага. Таго самага, які выкупіў укрыжаванае цела Хрыста і пахаваў яго ў сваёй пячоры. Менавіта ў яго доме адбылася апошняя трапеза Хрыста з вучнямі і было ўстаноўлена таінства Еўхарыстыі (Прычасця).

Аляксандра папярэджвае, што ўся забудова — часоў Асманскай імперыі.

— Гэтыя сцены турэцкія — XVІ стагоддзе, — удакладняе яна. — Межы горада таго часу яны, на жаль, не адлюстроўваюць. Горад ішоў ніжэй і ахопліваў усю ніжнюю частку.

На гары Сіён знаходзіўся таксама дом любімага вучня Ісуса — Іаана, якому ён, калі быў на Крыжы, перадаў апеку над маці. Тут жа дом Каяфы, куды прывялі на допыт арыштаванага ў Гефсіманскім садзе Ісуса. Захаваліся рэшткі гэтага будынка і нават калодзеж, па якім на вяроўцы падымалі ў залу суда схопленага Хрыста. Калі на Святую зямлю прыйшла імператрыца Алена, яна аднавіла ўвесь гэты велізарны комплекс будынкаў, і ён знаходзіўся непасрэдна пад яе апекай. На жаль, туркі яго не пашкадавалі. Нават дом, на другім паверсе якога адбылася Тайная вячэра, быў ператвораны ў мячэць. Будынак, уласна, і захаваўся толькі таму, што ніжняя частка яго лічылася грабніцай Давіда — мусульмане яго шануюць як прарока.

Уезд Ісуса Хрыста ў Іерусалім.

Мы ідзём на другі паверх будынка, каб прасякнуцца духам таго месца, дзе адбывалася Тайная вячэра. Адразу ж кідаецца ў вочы тое, што ніякіх вокнаў, як на карціне да Вінчы, тут няма. На гэтым месцы наогул глухая сцяна. Аляксандра прапануе згадаць, хто з апосталаў на карціне сусветна вядомага мастака намаляваны на першым плане і больш выразна. Гэта, вядома ж, Іуда. Яна дзеліцца гісторыяй напісання гэтай карціны, якую ёй расказаў адзін свяшчэннік. У Леанарда вельмі хутка атрымалася напісаць вобразы ўсіх апосталаў. У суседнім манастыры ён знайшоў манаха, вочы якога свяціліся, і лік Ісуса атрымаўся проста выдатна. Вось толькі з Іудай нічога не выходзіла. Прайшло некалькі гадоў, фрэску трэба было ўжо здаваць, а Леанарда ўсё ніяк не мог знайсці вобраз. Нечакана ў адной з гарадскіх канаў ён убачыў горкага п'яніцу, якому і прапанаваў за невялікую суму папазіраваць. Той пагадзіўся. Калі работа была зроблена, незнаёмец спытаўся, ці пазнаў яго Леанарда. Той толькі адмоўна пакруціў галавой. Аказалася, што перад ім быў той самы манах, з якога ён пісаў Ісуса.

— Усе мы ідзём дарогай адступнікаў. Усім нам здаецца, што мы дзесьці там, высока, а месца нам — як на гэтай фрэсцы, — па-філасофску заўважае Аляксандра.

Дарэчы, апосталы яшчэ раз збяруцца ў гэтым пакоі за сталом, але ўжо пасля Узнясення Хрыста. Яны прыйшлі сюды святкаваць Пяцідзясятніцу — свята, калі Маісей на гары Сінай упершыню атрымаў 10 запаведзяў. Тут апосталам было з'яўленне Святога Духа, тут яны займелі дар ведання розных моў, адсюль яны пойдуць прапаведаваць вучэнне Хрыста.

Лёс першых апосталаў быў пакутніцкі. Іх праследавалі, укрыжоўвалі, спальвалі на вогнішчах, асвятляючы імі Рым. Але вера Хрыста жыве і цяпер. Як сказаў наш славуты беларускі архімандрыт Сава (Мажука): «Пасха неизбежна. А это значит, что каждому предстоит пройти свою голгофу, вынести поцелуй своего иуды, выпить до последней капли все то, что доверил мне пережить мой Создатель. Но все непременно закончится Пасхой Воскресения и торжества жизни и правды...»

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.