РАВЕСНІКУ
Шчыміць душа, і мроіцца радзей,
Што будзе ўсё, як і раней, папросту.
Абноўку ўжо не тулім да грудзей,
Ніхто, аднак, не стане маладзей —
Свайму ў журбе парадуемся ўзросту.
Хай мудрасць абмінула, пры якой
Карысны злыдню нават чорны блёкат.
Расплюшчыш вочы з першаю расой:
Каля цябе і боль, і неспакой —
Начлежнікі твае — паснулі ўпокат.
Калі ўжо не насмешка, то папрок,
Заплечны шэпт і — хлюпікаў навала.
Равеснік мой шаноўны, мой гадок,
Сягоння пад гару я не хадок,
Хаця дарог крутых і нам ставала.
Кліч вышыні, нябачнай у смузе,
Абрынецца, дык грукат ад камення.
Пакутамі сумленне загрызе,
І думы не пакінуць — балазе,
Шчыміць душа і просіць разумення.
КАНТАТА ДАЖДЖУ
I
Там, як ёсць, залацістыя ранні,
І на бродзе там трубяць ласі.
Скуль бяруцца пустыя жаданні:
— Пашукай, прывязі, прынясі?
Даспадобы, ці не, дамаседу,
Не зважай на адчай і нуду.
Як паеду — куды гэта еду?
І не ўцямлю — куды я іду?
II
Не патрапіць, аднак, да султана,
Не пацешыць візітам раджу,
Ды з любоўю якой нечуванай
Буду слухаць кантату дажджу!
Будзе ўсё, нібы ў казцы дзіцячай,
Я і тут сам сабе чарадзей.
А як здзеецца штосьці іначай,
Трубаў гук будзе чуцца радзей.
III
Вось дык рогі! Дажыўся ж да згубы
Сябра мне — лось, відочна, стары.
Супакой, а зіхоткія трубы
Адсырэюць у дождж на бары.
Заціхае абвальна кантата,
Ды нічога цяпер не забудзь.
Мой мабільнік пішчыць зухавата:
— Прывязу, прынясу — дома будзь!
АЗЯРО НАЛІЎНОЕ
Цяпер гэта спляжаны груд.
Раслі тут і боб, і жытное.
А побач вучонасці цуд:
Было азяро наліўное.
Падчысцілі скрэперам дно,
І дамба акрэсліла «чашу».
У чашу нальюць не віно —
Спампуюць Цну бедную нашу.
То дождж беспрабудны, то суш:
Балота наспех асушалі.
Казалі, прыроду не руш —
Ніяк не ўтаймуюцца шалі.
Прыйшоў іншы час — пачалі
Выдаткі зрахоўваць па «компу».
«На вецер кідаем рублі!»
Адключаць электрыкі помпу.
Скацілася вільгаць наўгрунь,
Зарос нават след ручаёвы.
Лавіўся на вуду акунь,
Цяпер той акунь — выкапнёвы.
Туман каб у жніўні грыбны!
Ды жнівень амаль без туману.
То спёка, то слота з вясны,
Туман — як павязка на рану.
Кіруюць буслы ў чарадзе
З-пад Ганцавіч ці з-пад Лагойска.
Ляжыць па нізках дзе-нідзе
Туман, як разбітае войска.
ЗОЛАТА МАМОНЫ
Сёння, як і летась, восень рыхтык тая:
Сонечна, асмужна — восень залатая!
Сівер дзьмухнуў стылы — лісцікі падгроб
На прагал, на трыбу, дый на расцяроб.
Ззяюць не дукаты, свецяць не апалы:
З ветрам варухнуўся, бліснуў ліст апалы.
Клёну клёны мовяць на сваім «арго»:
— Меней, меней чырвані, толькі і ўсяго.
З неба бог багацця — сам спадар Мамона
Па кутах рассоўгаў золата сезона.
Верасень спраўляе векавечны баль,
Бабінага лета — радасць, смутак, жаль.
У пачуццях шчырых залацеюць межы
Ад майго дзядзінца і да Белавежы.
Сівер дзьме адчайна, дык наскрозь прасвішча
Беразняк празрысты з майскім такавішчам.
Там глушэц-старацель у чырвоны зеў
Не адзін каменьчык заглынуць паспеў.
Цёпла, ціха, пуста — вось такія справы.
Каляровай гамы любы зроку сплавы.
Гэты гай наводдаль як манетны двор:
Медзякі чаканіць клеркам насупор.
Гвалт усчнуць вароны, дык няма ім зладу.
Лёгкі і ажурны шорах лістападу.
Блізка вожык пыхкаў — жоўценькі клубок.
Абкалоўся лісцем. Ну, бяжы, браток!
Праўда ж, баль журлівы, без кляцьбы і злобы?
Золата Мамоны — найвышэйшай пробы.
ВЕЧНЫ РУХ
Ёсць дарога, дык і рух няспынна
З колаў часу ацякае ўзбоч.
Поўдзень. Вечар. А яшчэ павінна
Валадарыць у абсягах ноч.
Здоўжыцца блукаць у снах бядовых.
Стогн, ускрык — трызненням наўздагон.
Ну, блукай сабе, а ранак новы
Прапішчыць заранкай ля акон.
Не хаос у цемрадзі панаднай,
Мудры рух і там, сярод імгі.
Кружацца планеты і дакладна
На свае вяртаюцца кругі.
На зямлі тут і шляхі ў разлогах
Па пяску, па снезе, па гразі.
Але ёсць уласная дарога —
Едзь, ідзі, на чэраве паўзі!
Ноч міне, і статкамі з папасу
Дзень рыкае, а пастух ахрып.
Вечны рух сцякае з колаў часу,
Можа, чулі гэтых колаў скрып?
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».