У Рэчыцкім раёне Гомельшчыны аддалі даніну павагі абаронцам Айчыны. І ўпершыню на брацкай магіле ў вёсцы Вішнёўцы, дзе пахаваны герой-артылерыст Сава Касцючэнка, пабывалі яго сын, унук і праўнук з Разані.
Штогод, калі адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі, у Рэчыцы праходзіць урачыстасць на Цэнтральнай плошчы горада. Мы ўшаноўваем абаронцаў, аддаем даніну павагі загінулым. Сёлета ж у цырымоніі з’явіліся новыя, хвалюючыя штрыхі.
Летась у снежні сябры Гомельскага абласнога пошукавага грамадскага аб’яднання “Память Отечества” выязджалі для вывучэння мясцовасці, пошуку неўстаноўленых воінскіх пахаванняў каля вёскі Васток, што ў нашым раёне. Там у гады вайны вяліся баявыя дзеянні. У былым бліндажы й быў знойдзены медаль “За баявыя заслугі”. Па нумары яго ўстанавілі імя салдата. Гэта быў Сава Радзівонавіч Касцючэнка, 1913 года нараджэння, старшы сяржант, камандзір аддзялення 314 артпалка 149 стралковай дывізіі. Родам салдат быў з Разанскай вобласці, з вёскі Дашкова-Пясочная. Прызваны ў 1942‑м Разанскім ваенкаматам. Яшчэ было ўстаноўлена: ён атрымаў раненне 19 лістапада 1943 года пры вызваленні ад ворагаў Рэчыцкага раёна, у наступны ж дзень памёр у шпіталі. Быў пахаваны ў лесе, за 2 кіламетры ад згаданай вёскі, а 23 лістапада 1964 года перапахаваны ў брацкую магілу ў вёсцы Вішнёўцы.
З архіўных дакументаў вынікае, што медалём “За баявыя заслугі” старшы сяржант быў узнагароджаны ў снежні 1942‑га, там ёсць апісанне яго подзвігаў. Сябры аб’яднання змаглі, падключыўшы СМІ, знайсці ў Разані сваякоў Савы Касцючэнкі. Вось напярэдадні Свята абаронцаў Айчыны рэчыцкая зямля й сустракала дарагіх нам гасцей: сына героя, Пятра Савельевіча Касцючэнку, унука Валерыя (з ім трымае сувязь кіраўнік суполкі “Память Отечества” Ігар Свірыдзенка) і праўнука Руслана. Іх запрасілі на ўрачыстасць па ініцыятыве пошукавікаў з Гомеля.
На мітынгу “Усім тым, хто свет наш абараніў” Ігар Свірыдзенка і ваенны камісар Рэчыцкага й Лоеўскага раёнаў падпалкоўнік Сяргей Плесскі ўрачыста перадалі знойдзены медаль “За баявыя заслугі” родным салдата Савы Касцючэнкі. Ва ўрачыстасці паўдзельнічалі байцы ваенна-патрыятычнага цэнтра спецпадрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі “СКИФ”, сябры гомельскага клуба калекцыянераў “Юнона”, клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Память”, гомельскага казачага аддзела, суполкі “Память Отечества”. У апошняй — 25 чалавек, энтузіясты працуюць у розных раёнах Гомельшчыны, а яе Рэчыцкую пошукавую групу ўзначальвае Сяргей Шпадарук. Прадстаўнікі органаў улады, устаноў, арганізацый горада, вядучыя мітынгу (а гэта сябры Клуба патрыятычнага й эстэтычнага выхавання “СемьЯ” Рэчыцкага гарадскога палаца культуры Вольга Сафановіч і Юры Паўлоўскі) ды іншыя ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінулых абаронцаў Айчыны мінутай маўчання. Усклалі на пліты мемарыяла жывыя кветкі й вянкі.
А потым быў кранальны, доўгачаканы момант у вёсцы Вішнёўцы, ля брацкай магілы, у якой пахаваны чырвонаармеец Сава Касцючэнка. Пакланіцца зямлі, што яго прыняла, аддаць даніну памяці роднаму чалавеку прыйшлі прадстаўнікі трох пакаленняў мужчын роду Касцючэнкаў. Як мы даведаліся, больш за 75 гадоў сын, Пётр Савельевіч, не губляў надзею, верыў, што магілу бацькі ён абавязкова знойдзе. З самага ранняга дзяцінства, расказваў, будучы дзіцём сядзеў каля вакна з надзеяй: бацька з вайны абавязкова вернецца! Пасталеўшы, ён даў сабе клятву: дачакацца, пражыць хоць 80 і 90 нават гадоў. Ён так верыў, што паклоніцца магіле бацькі, і цуд адбыўся — дзякуючы бацькаваму медалю, пошукавікам з Гомеля. Ды, напэўна, і Усявышняму. У Вішнёўцы пры брацкай магіле прагучалі словы сына: “…Прабач, бацька, што не прыйшоў раней… Я цябе заўсёды памятаў, памятаю, і буду памятаць”. Чым не прыклад таго, як варта верыць, і для тысяч іншых!
Нашы паважаныя госці прыехалі з Расіі, з Разані. Мы жывём цяпер у розных краінах, і няма ўжо на картах свету СССР, але ў памяці народнай, у памяці ўнукаў і праўнукаў герояў ёсць яна, вялікая й магутная Краіна-Пераможца: Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І нашчадкі герояў іх памяці — верныя. Унук героя Валерый, праўнук Руслан — вайскоўцы Расійскай арміі. Ведаю, што 9 мая 2020 года, у дзень 75‑годдзя Вялікай Перамогі, нашчадкі героя з сем’ямі, родзічамі збіраюцца наведаць у Беларусі месцы баявой славы, якія памятаюць артылерыста Саву Касцючэнку.
Варта нагадаць, што загінуў герой у часе адной з найбуйнейшых бітваў Другой сусветнай вайны, якая ўвайшла ў сусветную гісторыю як Гомельска-Рэчыцкая аперацыя. З 10 па 30 лістапада 1943‑га ў яе ходзе савецкія часці, што дзейнічалі ў складзе Беларускага фронту, прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёй 100 кіламетраў, стварылі пагрозу паўднёваму флангу групы нямецкіх армій “Цэнтр” і абцяжарылі яе ўзаемадзеянне з групай армій “Поўдзень”. У загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна, які накіраваны быў генералу арміі Канстанціну Ракасоўскаму, ёсць радкі: “…Сёння, 18 лістапада 1943 года, у 22 гадзіны сталіца нашай Радзімы Масква ад імя Радзімы салютуе нашым доблесным войскам, якія вызвалілі горад Рэчыца, дванаццацю артылерыйскімі залпамі са ста дваццаці чатырох гармат”. Тую вялікую радасць перамогі разам са сваімі баявымі сябрамі, пэўна ж, перажыў і Сава Касцючэнка. Толькі радасць была вельмі нядоўгай: ужо 19 лістапада ён быў цяжка паранены, а 20‑га — памёр.
Мы памятаем!
Людміла Грызунова, мастацкая кіраўніца Рэчыцкага гарадскога Палаца культуры, кіраўніца Клуба патрыятычнага і эстэтычнага выхавання “СемьЯ”
Ад рэдакцыі. Калі артыкул рыхтаваўся да друку, Людміла Грызунова паведаміла нам: ужо ў сакавіку пошукавікі з суполкі “Память Отечества” знайшлі ў Лоеўскім раёне Ордэн Чырвонай Зоркі. Па нумары ўстанавілі, што атрымаў яго Аляксандр Іосіфавіч Патапенка, родам з вёскі Петрыцкае Брагінскага раёна. Як аказалася, у франтавіка былі таксама іншыя баявыя ўзнагароды, але гэтая — самая першая. Салдат на фронце быў з самага першага дня, з 22 чэрвеня 1941 года, і прайшоў праз усю вайну, вярнуўся дадому. Франтавіка не стала некалькі гадоў таму. Пошукавікі знайшлі ў Салігорску дачку чырвонаармейца, Валянціну Аляксандраўну, і 20 сакавіка ў ваенкамаце Брагінскага й Хойніцкага раёнаў прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы ёй бацькавай узнагароды.
Яно не з’яўляецца населеным пунктам.
Унікальная магчымасць для будучых абітурыентаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.