Вы тут

Пажылыя беларускі адказваюць, як каранавірус змяніў іх жыццё


Хтосьці з беларусаў пайшоў на самаізаляцыю, хтосьці жыве як раней

Ці змянілася нешта ў нашым жыцці з прыходам каранавіруса? Як мы сталі рэагаваць на новыя рэаліі, чаго баімся, на што спадзяёмся? Мы пагаварылі з некалькімі пажылымі беларускамі з розных куткоў краіны. Вось іх адказы.


Людміла Карнеева (62 гады), Магілёў:

Я з пачатку сакавіка пайшла на самаізаляцыю. Не тое, што я ўвесь час сяджу дома, але стараюся не выходзіць лішні раз у краму, не хаджу ні ў музеі, ні на масавыя мерапрыемствы. А раней я часта хадзіла на адкрыццё выставак, на прэзентацыі кніг, займалася на розных курсах — мела актыўны лад жыцця. Адзіны раз, калі я парушыла самаізаляцыю, — гэта ўчора прыехала да бацькі ў Брэсцкую вобласць, вось я зараз у яго. Яму 86 гадоў, і ён чакаў мяне. Сёння займалася ўборкай. Я пакуль першыя некалькі дзён не хачу з ім асабліва блізка кантактаваць з меркаванняў бяспекі. Мы ў розных пакоях — добра, што дом вялікі. Пакуль нават за адным сталом не ядзім. Ці мала што, я ж учора ехала ў маршрутцы з 17 чалавекамі. Праўда, ніхто не чхаў і не кашляў, ніхто асабліва не размаўляў, таму спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Я за гэтыя паўтара месяца самаізаляцыі ў Магілёве перачытала шмат кніг. Тут, у вёсцы, таксама працягну чытаць — у таты вялікая бібліятэка. І ў тэлефоне ў мяне безлімітны інтэрнэт. Наогул гэта мая малая радзіма, я тут усіх ведаю, і мяне ведаюць. Калі б гэта быў звычайны час, я б пахадзіла, паездзіла па знаёмых бабулях, але пакуль, мабыць, буду мець зносіны з імі толькі па тэлефоне. Нічога, пабачымся потым, калі ўсё скончыцца.

Раіса Зеляніцкая (70 гадоў), Барселона:

Я ўжо два месяцы як у Барселоне. Прыляцела сюды да дачкі 15 лютага, калі яшчэ ніхто ні ў нас, ні ў Еўропе не думаў ні пра якую эпідэмію. Праўда, сын мой мне казаў: «Дарма ты ляціш». І я цяпер шкадую, што не паслухалася яго. Дадому, у Беларусь, я павінна была вярнуцца 14 сакавіка, але рэйс адмянілі. Грошы за білет да гэтага часу не вярнулі. 25 красавіка я зраблю другую спробу: ужо купіла білет, гэтым разам на «Белавія». Так што, калі рэйс не адменяць, прылячу.

Тут мы ўсе сядзім у ізаляцыі. Каранцін у Іспаніі працягнулі да 25 красавіка, хоць хваля захварэлых ужо некалькі дзён як пайшла на спад. Вуліцы ў горадзе цалкам пустыя. Выходзіць можна толькі ў найбліжэйшы магазін, аднаму чалавеку ад сям'і, і тое толькі раз на тыдзень. Але я ўчора выйшла паціху і трошачкі прайшлася. Праўда, праз 10 хвілін да мяне пад'ехала паліцэйская машына, і паліцэйскія нешта пачалі мне тлумачыць, не выходзячы з машыны. Я паківала галавою, маўляў, зараз вярнуся дадому, і яны з'ехалі. Штрафаваць мяне не сталі, хоць за парушэнне каранціну тут звычайна штрафуюць. Выходзіць можна, толькі калі ты едзеш на работу, але ў такім выпадку ў цябе будзе даведка — дазвол на выхад.

Наогул іспанцы вельмі бесшабашныя, любяць патусавацца, схадзіць у кавярню, рэстаран, на пляж. І спачатку яны ўспрынялі эпідэмію несур'ёзна. Але потым пайшла інфармацыя па ўсіх каналах, на тэлефон сталі прыходзіць папярэджанні, і людзі сталі задумвацца аб сваіх паводзінах, перасталі выходзіць з дому.

Але цяпер тут «прачнуліся» рознага роду ашуканцы, таму ўсе паведамленні на тэлефоне і ў інтэрнэце трэба старанна фільтраваць. Масак у аптэках няма. У мяне скончылася медстрахоўка, яна была толькі на месяц. У дачкі няма ніякіх накапленняў, яна жыве ад зарплаты і да зарплаты, у мяне грошы, што я з сабой узяла, таксама амаль скончыліся... Але я заняла пазіцыю — не ўнікаць у дрэнную інфармацыю, не чапляць яе на сябе. Гляджу фільмы ў у тэлефоне. Сумна, вядома. У дачкі ёсць па томіку Пушкіна, Чэхава і Акуніна на рускай мове. Я іх ужо перачытала. Хацела купіць крыжаванкі ў краме, але іх усе раскупілі...

Я за сябе не баюся — чамусьці ўпэўненая, што да мяне вірус не прычэпіцца. Але я хвалююся за сваіх дзяцей і за ўнукаў.

Галіна Крот (75 гадоў), Жыткавічы:

Мы як жылі, так і жывём. Унука вось прывезлі нам на канікулы з Мінска... Мне здаецца, цяпер куды больш панікі, чым самога каранавіруса. Вядома, чуткі розныя ходзяць: адзін кажа адно, другі — другое... Але я лічу, што не так ужо ўсё і страшна. Сярод маіх знаёмых ніхто не захварэў, ды і мы з мужам нармальна трымаемся. Спецыяльна сваім здароўем мы не займаемся, проста я лічу, што трэба больш рухацца, тады і здароўе будзе. А як сядзеш, так і пачынаеш толькі прыслухоўвацца да сваіх адчуванняў.

Мы з мужам цяпер якраз робім дома рамонт, так што вельмі занятыя. Раней хадзілі на рэпетыцыі ў Дом культуры і ў Тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання — мы спяваем у ансамблі. Цяпер рэпетыцыі часова адменены з-за эпідэміі. Але як толькі адновяцца — зноў пойдзем.

Таццяна Колбіна (65 гадоў), Мінск:

Я ўжо тры тыдні як абмежавала ўсе свае перамяшчэнні па горадзе і нават па сваім мікрараёне. Хоць я заўсёды была вельмі актыўная пенсіянерка. Займалася ва Універсітэце трэцяга ўзросту, сама праводзіла майстар-класы, на якіх вучыла рабіць упрыгажэнні і карціны з натуральнай скуры, хадзіла ў басейн, на фітнес. Але цяпер усё адмяніла.

Такой самаізаляцыі, каб наогул не выходзіць з кватэры, я не прытрымліваюся. Пашыла сабе маскі і выходжу, напрыклад, у краму, але ўсяго пару разоў на тыдзень і ў той час, калі там менш народу. Добра, што ў мяне ёсць сабака, які цяпер мяне «выгульвае» два, а то і тры разы на дзень. Пры гэтым я стараюся шпацыраваць з ім у месцах, дзе амаль няма людзей. На шчасце, такія ёсць у маім мікрараёне.

А дома я заўсёды знайду, чым сябе заняць. Чытаю, займаюся шыццём, гляджу ў інтэрнэце віртуальныя выстаўкі, тэатральныя пастаноўкі, канцэрты. З сяброўкамі цяпер маю зносіны па тэлефоне.

У мяне вялікі круг знаёмых, сярод іх ёсць і адзінокія людзі. І я вось думаю, як ім цяпер, асабліва калі ў чалавека ўжо зрок няважны і ён не можа ні чытаць, ні вязаць. Думаю, іх гэта вельмі прыгнятае — тое, што цяпер адбываецца.

На шчасце, у маім асяроддзі няма ніводнага чалавека, які б пацярпеў ад каранавіруса. І я аптымістка па натуры, але ўсё роўна трохі турбуюся, нават не пра сябе, а пра дзяцей. Мяне маёй пенсіі ніхто не пазбавіць, якая б яна ні была, а вось як складзецца ў іх далей з работай?

Гутарыла Святлана Бусько

Загаловак у газеце: «Перачытала шмат кніг...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».