Што было — было і, дзякаваць богу, ёсць. Значыць, дом, сямейка, можна сказаць, у зборы, бо (сцеражонага бог сцеражэ) і сама без вострай патрэбы на двор ні нагой, і да сябе нікога не чакае. Як раптам — стук у дзверы.
— Хто там? — здзіўляецца гаспадар.
— Дзед Мароз.
— ?! (Першая думка — а нядрэнна было б, каб зайшоў — з падарункамі, каб дзяцей парадаваў... Другая — з якога перапуду?)
— Ты не хлусіш? — пытаецца бацька.
— Век волі не відаць!
Карацей, «спаліўся» Дзед — дзвярэй не адчынілі. І правільна зрабілі, бо нейкі мутны ён.
Наш — са здымка (можна яшчэ раз глянуць на верхні) — прыкладна такі ж, ад чытачоў нічога не схаваеш:
Калі б Дзед сапраўдны быў,
Ноччу б коўзанку зрабіў...
Калі ў кедах, па вадзе, —
Хтось пазіруе «Звяздзе», —
сцвярджае спадарыня Зоя Наваенка з г. п. Падсвілле Глыбоцкага раёна. І, вядома ж, мае рацыю, бо грэх адмовіць найстарэйшай беларускай газеце ў такой драбязе, як пазіраванне. Да таго ж асобныя з яе фотакораў на сапраўдную фотасесію нават звера ўгавораць, што ўжо казаць пра Дзеда Мароза... Калі той, вядома ж, жывы-здаровы. (З прызнання жанчыны: «Перад Калядамі пахадзіла па крамах, паглядзела на цэны... Не ведаю, як дзецям сказаць, што Дзед Мароз памёр?»
З ліста спадара Міколы Касмачэўскага з Наваполацка:
Знік і праўда...
Дзе ж падзеўся?
Мо з вясною як сустрэўся?
А вясна — яна такая:
Дзед убачыў і... растаяў!
Зрэшты, растапіць яго і зімка магла, калі такая, як сёлета.
«Не ведаю, як каму, а мне дык яна спадабалася, — прызнаецца спадар Мікалай Старых з Гомеля. — Менш давялося плаціць за ацяпленне — гэта раз, снег мераць — два, на галалёдзе коўзацца — тры... Калі такія ж зімкі будуць і далей, то...
На планеце пацяпленне?
Дзед Мароз,
спраўляй адзенне:
Развітайся з кажухом
(Замяні яго плашчом),
Набывай трыко і кеды.
Капялюш дарэчы б дзеду...
Скончыш пераапранацца
І пачнеш Адлігам звацца.
Гэта, згадзіцеся, нешта нечаканае... Як падчас футболу: «Хуліа Лопес разганяецца, б'е па варотах! — расказвае каментатар. І потым, праз паўзу, удакладняе. — Хуліа — гэта імя».
У Дзеда Мароза яно добрае было, але ж, як лічыць спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:
У загул пайшоў дзядуля —
Столькі дзён пракуралесіў
(Мех з гасцінцамі не муляў,
Бо ляжаў
пад ложкам дзесьці)...
А калі працверазіўся,
Адрасы знайшоў і торбу.
Да вясны, бядак, насіўся.
Яшчэ й сёння спіну горбіць.
Пра тое ж — толькі карацей — і спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавіч:
Бач, Мароз падмазаў пяты,
Даганяе, мусіць, святы?
Калі гэта наогул магчыма — затрымаўшыся... Яшчэ і ў гасцях:
Дзед Мароз наш Янка
Збочыў да каханкі.
Покуль там
сюрпрыз дастаў,
Дык і снег ужо растаў...
Але ж дзеці
ў Дзеда вераць,
Значыць,
трэба лужы мераць!
Лічыць так спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны. (Пытанне з канверта: «І чаму гэта ніхто не бачыць, як дзед Мароз падарункі пад ёлку кладзе? Ёсць жа відэакамеры, пасткі...) Ёсць, дарэчы, столькі ўсяго — на першы погляд нябачнага...
Спадар Іван Сіманёнак з Пастаў у першых радках свайго ліста прызнаецца, што глянуў на здымак і адразу ўспомніў, як адзін досыць важны начальнік у камандзіроўку ехаў — на сваёй службовай машыне, але з новым кіроўцам, якому (умоўна) «што той салдат, што гэты»: што Рэчыца ў Гомельскай вобласці, што ў... Бранскай — навігатар уключыў і панёсся...
Вось і Дзеда Мароза, на думку пастаўчаніна, падвёў залішні давер да сучаснай тэхнікі. А калі канкрэтна —
Геаграфію Мароз
Ведаў слабавата.
Вылез там, куды завёз
Лжывы навігатар.
«Дзе тут ёлка,
дзе народ?» —
Чараўнік сканфужаны:
Гэта сёмы ўжо паход
Па знаёмых лужынах.
І нічога ж з імі не зробіш,
з гэтымі паходамі, бо
Вось дзівосы дык дзівосы:
Дзед Мароз...
Амаль што босы —
Ў нейкіх тэпцях — па вадзе?
Ці не ў май да нас ідзе?
Пытаецца пра гэта спадар Аляксандр Матошка з Расоншчыны і тым самым, як выглядае, нагадвае ўсім пра леташні снег, які выпаў 11 мая.
У памяці ён і сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:
Ідзе вясна крыху зарана,
Але ж ходзяць Маразы.
З-за такіх умоў паганых
Будзем сеяць тры разы.
Іншымі словамі (ад спадара Івана Сіманёнка):
І ніякая зіма,
І бюджэт куртаты:
Дзед...
А ўнучкі ўжо няма —
Скарацілі штаты!
З імі, штатамі, гэта, на жаль, здараецца: «абразаюць» іх, часам — рэжуць, нават па жывым. Ну які ж, скажыце, Дзед Мароз без Снягуркі?! А з іншага боку... «Дзяўчына, ты такая прыгожая... Ёсць малады чалавек?» — «Ёсць». — «А немалады?»
У трэндзе (то-бок у модзе) гэткія пары, хоць, здавалася б, з двух пакаленняў, як з дзвюх планет, як мудра заўважыла спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:
Дзед Мароз —
спартыўны,
Па жыцці актыўны...
Ўнучку ён не выбіраў:
Галю далі —
Галю ўзяў.
А Снягурка-падчачурка
Пагуляла
з ім у жмуркі,
Закурыла,
выпіла
І са строю... выбыла.
Трэба разумець, адстала ад «кампаніі», заснула ў надзейным месцы ці...
Малюнак з натуры ад спадара Міколы Касмачэўскага:
Не ў валёнках, а ў кедах
Дзед за ўнучкай
крочыць следам.
Што Снягурка?
Дык дзяўчына ж —
Села к хлопцам у машыну.
Зараз ножкі не замочыць —
Хай стары
па лужах крочыць!
Ну ніякай пашаны яму! Прычым не толькі ад сваёй крывіначкі:
Да адказу, прафсаюзы!
Не схаваць вам гэты факт:
Неразумны хтось згламуздаў
З Дзедам
снежаньскі кантракт.
На сем дзён далі работы.
Ён — лайдачыць не прывык.
Новы год прайшоў — а потым?
Парушаюцца ж правы!
Засведчыў гэта спадар Віктар Сабалеўскі.
З таго самага канверта і пра таго ж дзеда-працаўніка праўдзівае:
У яго кажух чырвоны,
У яго чырвоны нос,
Нават тэпці тога ж тону —
Так у ролю сваю «ўрос»...
Разнясе цукеркі дзецям —
Мо бацькі там
штось нальюць...
Ды куды старому дзецца,
Як «пасаду» адбяруць?!
Можна (і найпрасцей) ахоўнікам уладкавацца — пры ўласнай канапе. А што? Прэстыжнае, цёплае месца: работа — не бі ляжачага. Ад канкурэнтаў адбою не было б, калі б за яе плацілі...
Калі не — трэба штось іншае шукаць, як раіць спадарыня Валянціна Гудачкова:
Надвор'е — навала:
Снягурка растала,
Пакінуўшы Дзеду
Празрысты намёк:
Захочаш застацца?
Дадому дабрацца?
Шукай недзе ў свеце
Халодны куток.
(Ніхто і падумаць не мог, што ці не ўсе яны ў нейкім сэнсе стануць гарачымі — апроч Антарктыды.)
...Вось такія радкі, такія подпісы да чарговага конкурснага здымка. З агульнага шэрагу выбіваецца хіба некалькі варыянтаў. Першы — ад спадарыні Любові Чыгрынавай:
Як у Брэсце
было шэсце
Дзед-Марозаў —
Штук мо дзвесце!
Йшлі
з вясёлай гаманой,
Пелі
ўсе наперабой..
Так стараліся — не іначай, —
Бо журы было дзіцячым...
І сказалі Света з Ленай:
Дзед найлепшы —
ў лабутэнах!
Два другія — ад спадарыні Алы Суботкі з Мінска:
Дзед
са здымка у «Звяздзе» —
Чараўнік харошы:
Да людзей тады ідзе,
Калі мае грошы.
Трэба разумець, каханенькія-родненькія, што не ўсё яшчэ страчана: ёсць, ёсць на што спадзявацца! Ну ў прыватнасці: узаб'ецца Дзед на капейку, прыйдзе (без розніцы, па лужах ці па траве), прынясе падарункі, спраўдзіць пажаданні... Калі, вядома ж, правільна іх зразумее. Цытата з ліста: «Дзед Мароз, у дзяцінстве я сапраўды пісаў табе, што хачу стаць сусветна вядомым, але ж на ўвазе меў не міжнародны вышук»...
Другое хлапчаня марыла хадзіць на работу хіба па зарплату альбо выручку. Так і сталася — пачуў Дзед Мароз: чалавек працуе інкасатарам, грошы развозіць — у адмысловых мяшках...
Што цікава, Дзед Мароз са здымка — таксама з адмысловым... І чорным чамусьці? Згледзелі гэта, магчыма, многія, а вось абыграла (ва ўсякім разе, удала) хіба спадарыня Ала Суботка:
Не так страшна, што у кедах,
Паўбяды, што па вадзе...
Чорны мех на спіне ў Дзеда —
Нібы знак, што быць бядзе.
І яна прыйшла, на жаль, — раз'яднала і з'яднала народы, сем'і, прымусіла спыніцца, азірнуцца, задумацца, а шмат каго, магчыма, і вызначыцца. «Вам лёгка сказаць: «Сядзі дома, — скардзіўся адзін мужчына. — А калі ў мяне — два дамы?»
...То ў адным з іх, магчыма, дарэчы ўспамін спадара Аляксандра Матошкі:
Вось раней былі
святы дык святы:
Гурбы снегу
ды зоркі ўначы...
Дзед Мароз...
Хай не вельмі багаты,
За мяшком сваім
пільна сачыў.
І «падушачкі»
шчодрай рукою
Ўсім даваў
за расказаны верш...
Тая добрая казка —
са мною —
Грэла сэрца
тады і цяпер.
Нехта недурны прызнаў, што зімой ды ў часы выпрабаванняў і холадна, і цяжка перш за ўсё тым, хто не мае цёплых успамінаў. У чытачоў «Звязды», у многіх удзельнікаў конкурсу на найлепшы подпіс да здымка яны ёсць. Сведчаннем таму своеасаблівы рэйтынг ад нашага пазаштатнага галоўнага статыстыка — спадара Мікалая Старых. «Кожнаму аўтару за кожны надрукаваны вершык, — піша ён, — я налічваў летась па адным бале. Калі вялікае чытацкае журы прызнавала некага лепшым, — дадаваў тры балы, а калі яшчэ і малое рэдакцыйнае — шэсць. У выніку — сямёрка наймацнейшых — 2019 выглядае так: Валянціна Гудачкова — 35 балаў, Любоў Чыгрынава — 32, Валерый Гаўрыш — 31, сужэнцы Астроўскія — 26, Мікалай Старых — 25, Карына Цануніна — 23, Віктар Сабалеўскі — 22.
Па выніках гульні за 18 (?!) гадоў найбольш перамог у Любові Чыгрынавай — 11, Анатоля Гарачова — 10, сужэнцаў Астроўскіх — 9, Валерыя Гаўрыша — 8...»
Для большай аб'ектыўнасці можна дадаць, што нехта далучыўся да гульні раней, нехта пазней, нехта, магчыма, сёння ці заўтра.
Што датычыцца мінулага здымка (гл. нумар «Звязды» за 8 лютага. На ім, нагадаем, быў кот на раме веласіпеда), то найлепшыя радкі пра яго, на думку вялікага чытацкага журы, напісалі спадары Валерый Гаўрыш з Чавус, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, Віктар Сабалеўскі з Узды, жыхары сталіцы сужэнцы Астроўскія, а таксама спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска і Валянціна Гудачкова з Жыткавіч. З чым, у прыватнасці, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А таму прыз у выглядзе падпіскі на трэці квартал на дарагую сэрцам «Звязду» накіроўваецца ў Жыткавічы.
Хочаце, каб найстарэйшая і адзіная са штодзённых беларускамоўная газета прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо падпісацца, альбо ўважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але не больш чым па восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю.
Шанс на перамогу мае кожны. Пішыце! Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.
Валянціна Доўнар
Фота Анатоля Клешчука
Ад іх жа шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору.
Для смуглявага, з нетыповай для Беларусі знешнасцю трактарыста-машыніста КУСГП «Вялікадолецкае» Ушацкага раёна Ра Вутха наша краіна даўно с
На прасторах яе вялікасці кнігі.