Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, па стане на 22 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 7281 выпадак (+558 за суткі) заражэння каранавірусам.
Памерлі 58 пацыентаў з шэрагам хранічных хвароб.
Праведзена 114 тыс. 955 тэстаў на каранавірус. Працуюць 25 лабараторый.
769 чалавек больш не хварэюць, яны былі выпісаныя.
Намеснік міністра - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава ў інтэрв'ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ 19 красавіка заявіла, што захворванне на COVID-19 павінна зніжацца ў бліжэйшыя 3-4 тыдні.
"На працягу 2-3 тыдняў сітуацыя не скончыцца, мы будзем у эпідпрацэсе. Але хацела б адзначыць, што сітуацыя кіраваная. Ёсць перадумовы меркаваць, што захворванне павінна зніжацца ў бліжэйшыя 3-4 тыдні", - адзначыла Наталля Жукава.
Яна патлумачыла, што Міністэрства аховы здароўя адсочвае захворванне на рэспіраторныя інфекцыі, таму можа зрабіць такую выснову. "Зніжэнне захворвання на рэспіраторныя інфекцыі па ўсіх рэгіёнах Беларусі дае нам падставы меркаваць, што і захворванне каранавіруснай інфекцыяй праз некалькі тыдняў стабілізуецца ці пачне зніжацца", - удакладніла намеснік міністра.
Паводле яе слоў, праводзіцца вялікая праца па лакалізацыі ачагоў COVID-19. "Кожны выпадак каранавіруснай інфекцыі разглядаецца як ачаг, і ў абавязковым парадку вядзецца пошук кантактаў. Такім чынам, мы перарываем ланцужок распаўсюджвання віруса. Гэта абавязковая ўмова для стрымлівання эпідпрацэсу", - падкрэсліла яна.
На прасторах яе вялікасці кнігі.