Вы тут

Сёння – Міжнародны дзень Маці-Зямлі


Сёння – Міжнародны дзень Маці-Зямлі

Гэты дзень усталяваны з мэтай нагадаць, што кожны з нас абавязаны сваім існаваннем нашай планеце і яе экасістэмам. І для дасягнення справядлівага балансу паміж эканамічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі патрэбнасцямі цяперашняга і будучых пакаленняў неабходна садзейнічаць гармоніі з прыродай і планетай Зямля.

Зразумела, гэта справа не аднаго дня, а ўсяго нашага жыцця. З чаго ж пачаць, каб зрабіць наш агульны дом больш бяспечным і ўтульным для ўсіх яго насельнікаў?

Фота www.earth.com

Захоўваць і аднаўляць экасістэмы

– Балоты Беларусі маюць вялікае значэнне для захавання біяразнастайнасці і зніжэння выкідаў вуглякіслага газу на рэгіянальным і глабальным узроўнях, – кажа Таццяна Кананчук, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды. – У межах Парыжскага пагаднення аб клімаце (яно было падпісана якраз у Дзень Зямлі, 22 красавіка 2016 года. – Заўв. рэд.) Беларусь узяла на сябе добраахвотныя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў не менш за 35 % да 2030 года. І балоты іграюць у дасягненні гэтага паказчыка велізарную ролю.

Па словах спецыяліста, акрамя захавання натуральных экасістэм не менш важна і аднаўляць тыя з іх, што былі парушаны. У нашай краіне пэўны час вядзецца работа па аднаўленні асушаных тарфянікаў, забалочванні тэрыторый, і яна будзе працягвацца. На сёння, дзякуючы праектам міжнароднай тэхнічнай дапамогі, такія мерапрыемствы праведзены больш чым на 60 тыс. га.

– Вельмі важна, каб на ўсіх узроўнях – і нацыянальным, і мясцовым – разумелі значнасць такой дзейнасці і штогод у гэтай рабоце прыбаўлялі, – падкрэсліла Таццяна Кананчук.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэй Кузьміч, у лясным фондзе Беларусі назапашаны 3,5 млрд тон вугляроду, з якіх тры чвэрці прадстаўлены арганічным вугляродам глебы, у тым ліку больш за 60 % – вугляродам торфу. У балотах жа ўтрымліваюцца каля 500 млн тон вугляроду, а тыя з іх, што захаваліся ў натуральным стане, штогод выводзяць з атмасферы каля 900 тыс. тон дыяксіду вугляроду і вылучаюць у атмасферу 630 тыс. тон кіслароду.

Сёння на дзяржаўным узроўні рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў па падтрымцы беларускіх балотаў. Так, у снежні 2019 года быў прыняты закон “Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў”. Падрыхтаваны праект пастановы Савета Міністраў “Аб парадку падрыхтоўкі планаў кіравання балотамі”. Такія планы будуць распрацоўвацца для тых балотаў, якія будуць уключаны ў спецыяльны спіс, вызначаны Мінпрыроды на падставе прапаноў НАН Беларусі. Таксама прыродаахоўнае ведамства сумесна з Акадэміяй навук рыхтуе пастанову Урада, якая будзе рэгуляваць парадак вядзення рэестра тарфянікаў. У гэты рэестр паступова будзе ўключацца інфармацыя пра ўсе тарфянікі нашай краіны: іх межы, плошча, тыпы балотаў, рэжымы аховы, запасы прыродных рэсурсаў, напрамкі іх выкарыстання. Плануецца таксама ў краіне праводзіць комплексны маніторынг тарфянікаў.

Аднаўленне гідралагічнага рэжыму на балотах - адзін з асноўных напрамкаў прыродаахоўнай дзейнасці ў Беларусі. Фота Веранікі Коласавай

Што ж простыя людзі могуць зрабіць, каб падтрымаць гэту дзейнасць?

Браць удзел у валанцёрскіх праграмах. Так, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і валанцёры дапамаглі аднавіць гідралагічны рэжым на балоце Ельня, што ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Пасля будаўніцтва плацін і перамычак на гэтым унікальным прыродным аб’екце падняўся ўзровень грунтавых вод, пачала аднаўляцца біялагічная разнастайнасць і да мінімуму знізілася рызыка пажараў на тарфяніках.

Выконваць правілы пажарнай бяспекі падчас знаходжання ў экасістэмах. Менавіта ад бяспечнасці людзей, а часам і іх наўмысных дзеянняў тарфянікі і лясы часцей за ўсё пакутуюць ад пажараў. Каб зберагчы прыроднае багацце, трэба выконваць зусім не складаныя, але вельмі важныя дзеянні: разводзіць вогнішча толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, не рабіць гэта ў ветранае надвор’е і не пакідаць агонь без догляду; не выкідаць у лесе і на тарфяніках недакуркі, запалкі, а таксама рознае смецце; не спальваць сухую траву на лясных палянах, на палях, пад дрэвамі.

Займацца азеляненнем

Саджаць дрэвы і кусты можна не толькі ў сваім двары, але і на агульных тэрыторыях гарадоў і вёсак. Для гэтага, па словах намесніка начальніка ўпраўлення аналітычнай работы, навукі і інфармацыі Мінпрыроды Алены Меляшковай, можна звярнуцца з адпаведным запытам ці прапановамі ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды (раённыя інспекцыі, абласныя камітэты). Спецыялісты аналізуюць гэтую інфармацыю, выбіраюць найбольш прыдатныя месцы для такіх акцый і запрашаюць да ўдзелу ў іх грамадзян.

Сёлета ў краіне запланавана пасадзіць 118 тыс. дрэў і каля 97 тыс. кустоў. Пры гэтым менавіта па прапановах грамадзян ужо высаджаны 10 тыс. дрэў. Калі не атрымліваецца прыняць удзел у азеляненні вясной, можна заняцца гэтым і восенню.

Наводзіць парадак

Сюды можна аднесці не толькі добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый, свайго двара, але і скарачэнне колькасці адходаў, іх сартаванне і правільную ўтылізацыю. Палігоны, куды сёння звозіцца большая частка адходаў, могуць стаць пагрозай для навакольнага асяроддзя. Небяспечныя для прыроды рэчывы, трапляючы на палігоны ці ў натуральныя экасістэмы, здольныя забрудзіць прылеглыя глебы, паветра і падземныя воды, прынесці шкоду жывым арганізмам. Пры гэтым значная частка смецця можа выкарыстоўвацца паўторна ці перапрацоўвацца ў карысныя рэчы. Выкідаючы яго на палігоны разам з іншымі змяшанымі адходамі ці ўтвараючы звалкі ў лясах, мы наносім як экалагічную, так і эканамічную шкоду. І адказнае спажыванне дапаможа зберагчы прыроду ад забруджвання.

Павышаць экалагічную культуру

Пашыраючы свае веды аб навакольным асяроддзі, пагрозах яго нармальнага існавання і спосабах вырашэння гэтых праблем, мы робім першыя крокі да экалагічна дружалюбнага ладу жыцця, а значыць, і да выратавання прыроды і ўсіх яе кампанентаў. Можна чытаць літаратуру на экалагічную тэматыку, дзяліцца карыснай інфармацыяй з сям’ёй і сябрамі ці вывучаць віды жывёл і раслін або ўнікальныя прыродныя аб’екты ў іх натуральным асяроддзі.

Пачаць можна, напрыклад, з абследавання і добраўпарадкавання крыніц. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацоўвае канцэпцыю інфармацыйнай кампаніі “Раскажы пра сваю крыніцу”.

– Мы плануем збіраць інфармацыю ў грамадзян пра крыніцы, дзе неабходна добраўпарадкаванне, а таксама ў якім выглядзе і якая падтрымка патрэбна, і аказваць у далейшым садзейнічанне, – расказала Алена Меляшкова.

Пры гэтым ужо сёння можна звяртацца ў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды, каб разам са спецыялістамі прыняць удзел у кампаніі і дапамагчы захаваць унікальныя прыродныя аб’екты.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.