Вы тут

Як беларусы з Грабаўкi Маўзалей будавалi


Сённяшнi Маўзалей Ленiна ў Маскве паўстаў не адразу. Напачатку былi iншыя. I толькi пазней з'явiўся на Краснай плошчы сённяшнi. Узводзiлi яго многiя будаўнiкi, людзей патрабавалася шмат. З усiх ахвотных адбiралi, вiдаць, тых, хто ўмеў i хацеў працаваць дабротна. Сярод такiх былi i ўмельцы кладкi з Беларусi. Але што асаблiва ўражвае — гэта былi будаўнiкi не з Мiнска, не з якога-небудзь абласнога цэнтра, а з не вельмi прыкметнай беларускай вёскi Грабаўка, што ў Гомельскiм раёне. Значыць, майстэрства iх было такое, што адборшчыкi не пабаялiся прапанаваць такую адказную працу.


Так сталася, што я, калi быў вучнем Сноўскай сярэдняй школы на Нясвiжчыне (закончыў 11 класаў у 1966 годзе), падахвочаны нашымi настаўнiкамi-краязнаўцамi Iванам Iосiфавiчам Калошам (выкладчык беларускай лiтаратуры) i Пятром Iванавiчам Пазняком (настаўнiк чарчэння), актыўна далучыўся да краязнаўства. Не адцураўся ад яго i калi стаў студэнтам фiлфака БДУ. I неяк нечакана мяне зачапiла гiсторыя будаўнiцтва маскоўскага маўзалея Ленiна. Недзе пачуў, што там былi i будаўнiкi з Беларусi. Заняўся пошукамi. Аказалася, праўда. Сёе-тое высветлiў, знайшоў некаторыя прозвiшчы. Падагрэты такiм шчасцем, адразу ж напiсаў лiсты. Неўзабаве я атрымаў адказ ад Мiкiты Кузьмiча Фамянкова з той самай вёскi Грабаўка, што каля Гомеля. Завязалася перапiска.

Мiкiта Кузьмiч 24 лiпеня 1966 года пiсаў: «У 1929 годзе мы паехалi працаваць у Маскву па выклiку. Мы паступiлi перш на адну будоўлю, скончылi яе, i работы больш не было. I сталi нашы муляры раз'язджацца хто куды. Частка грабаўцаў паехалi ў Оршу, iншыя паехалi ў Магiлёў. А мы, 9 чалавек аднавяскоўцаў, засталiся ў Маскве. Мой таварыш Башлакоў Арцемiй Трафiмавiч паехаў па Маскве шукаць работу. Прыязджае вечарам i кажа: работу знайшоў на Краснай плошчы, рабiць вялiкi Помнiк вялiкаму Нашаму Правадыру Уладзiмiру Iльiчу Ленiну, Маўзалей. Мы сказалi: вельмi прыемна. I назаўтра ранiцай узялi iнструмент — i на трамвай, i паехалi на Красную плошчу. Прыехалi, пайшлi ў кантору зарэгiстравацца. Прараб растлумачыў нам расцэнкi, i мы нацягнулi шнур. Шырыня сцяны была паўтара метра, цэгла была адборная, цэмент першы гатунак. Каманда была: прыступiць да працы. У мяне адразу з'явiлася нейкая такая трывога. Я зараз буду браць першую цаглiну i пачынаць помнiк нашаму сусветнаму правадыру Ленiну. Забiлася сэрца, стала неяк трывожна, i я заклаў на цэмент першую цаглiну Маўзалея. ...Маўзалей мы закончылi за тры месяцы, нашу арцель перавялi ў Крэмль. Там мы рабiлi машыннае аддзяленне. Потым нас перакiнулi на планетарый, там скончылi работу. I сталi ўжо маразы, i мы з'ехалi дадому. Мяне i майго таварыша Арцемiя Башлакова пакiдалi ў Крамлi назаўжды, бо мы былi добрыя спецыялiсты. Але мы не засталiся. З тых будаўнiкоў мы засталiся ў жывых утрох. Я, мне 70 гадоў. Стахаўцоў Спiрыдон, 92 гады. Башлакоў Арцемiй, 72 гады. Я i Стахаўцоў Спiрыдон жывём у Грабаўцы, а Башлакоў Арцемiй жыве ў Мiнску. Астатнiя пабiтыя на вайне, а iншыя памерлi па старасцi. Таварышы камсамольцы, жыву я пакуль у Грабаўцы, i яшчэ кельню з рук не выпускаю, працуем у саўгасе «Каменны свiран». Я атрымлiваю пенсiю малую, 19 руб. 60 кап. Прапрацаваў я па каменнай працы ўжо 50 гадоў, так што для мяне гэтая пенсiя крыўдная. Прашу вас, паважаныя камсамольцы, паспрабуйце вы. Вы, напэўна, у курсе справы, вы ведаеце, куды гэта трэба звярнуцца, каб мне выдалi нейкае заахвочванне. Наконт даведак, у мяне была даведка са штампам пабудовы Маўзалея Уладзiмiра Iльiча Ленiна. I разлiковая кнiжка з Маўзалея, што я атрымлiваў грошы. Дакументы гэтыя забралi ў мяне ў Гомелi, у студыi. Я там выступаў па тэлебачаннi»...

Разам з гэтым лiстом Мiкiта Кузьмiч Фамянкоў даслаў сваё фота — у агародных кустах стаiць бравы дзядзька ў капелюшы, пад гальштукам. На здымку надпiс: «На добрую память уважаемым комсомольцам. Вы, дорогой Анатолий, просили мою фотографию, я вам высылаю. Я, Никита Кузьмич, первый строитель Мавзолея. Прошу вас, Анатолий, постараться обо мне насчет добавки пенсии».

Намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце Грабаўскага дзiцячага сада — сярэдняй школы Слепянкова Аксана Анатолеўна згадвала:

«У нашым школьным музейным пакоi сабраны цiкавы матэрыял пра будаўнiкоў Маўзалея. Справа ў тым, што будавалi яго майстры з вёскi Грабаўкi, нашы землякi. Час не захаваў iмёны ўсiх будаўнiкоў. Нам вядомыя 12 членаў Грабаўскай брыгады: Грыгор'еў Пётр Андрыянавiч, Грыгор'еў Мiкiта Пятровiч, Фаменка Кузьма Васiлевiч, Башлакоў Арцём Трафiмавiч, Чачын Iван Дзямiдавiч, Фаменка Мiкiта Кузьмiч, Стахаўцоў Спiрыдон Якаўлевiч, Стахаўцоў Якаў Спiрыдонавiч, Башлакоў Iван Кузьмiч, Фаменка Цiмафей Кузьмiч, Чачанкоў Марк Сiманавiч, Чачанкоў Раман Гаўрылавiч. Сваё ўменне грабаўскiя майстры перадавалi з пакалення ў пакаленне. Яны будавалi Ноўгарад, Растоў, Адэсу, Гомель, Петраград, Слуцк, Кiеў i iншыя гарады».

Што нашы майстры былi не горшыя, а нават лепшыя за iншых, сведчаць i некаторыя газетныя публiкацыi-згадкi. Самая галоўная на той час савецкая газета «Правда», публiкацыi якой лiчылiся бездакорнымi i надзвычай «правiльнымi», у нумары за 14 снежня 1978 года змясцiла матэрыял А. Абрамава, у якiм пiсала: «Летом 1979 года исполнится 50 лет со времени начала строительства гранитного Мавзолея В. И. Ленина. До этого существовали две временные усыпальницы великого вождя: сосновый Мавзолей,
сооруженный в траурные дни января 1924 года за трое суток, и сменивший его дубовый, простоявший с весны 1924 года до лета 1929-го».

Але пасля вырашылi ўзвесцi больш надзейны i якасны. «Автором проекта гранитного Мавзолея, как и двух предыдущих, был академик А. В. Щусев. А сооружал его трест Мосстрой под руководством прораба И. В. Певзнера. Усыпальницу вождю строили московские землекопы и штукатуры, гомельские каменщики, тверские гранитчики...»

Звярнiце ўвагу на нязначную, на першы погляд, дэталiзацыю, якая, тым не менш, дае выразнае ўяўленне пра майстравiтасць нашых будаўнiкоў. Толькi жыхары Грабаўкi былi мулярамi, iншыя ж выконвалi iншыя работы. Значыць, грабаўцы мелi перавагi ў майстэрстве. Аказалася, не толькi будаўнiчымi здольнасцямi валодалi грабаўцы. Умелi шмат што iншае. Нават спяваць выдатна. Хiба ж не дзiва, што былы муляр Арцём Трафiмавiч Башлакоў неўзабаве стаў выдатным спеваком? Прафесiйна працаваў у Беларускай дзяржаўнай фiлармонii, а пасля спяваў на самай галоўнай беларускай сцэне — Вялiкага тэатра оперы i балета Беларусi.

Пра гомельскiх будаўнiкоў Маўзалея газета «Правда» пiсала i ў нумары за 23—26 студзеня 2004 года. Шмат цiкавых дэталяў згадвае аўтар Анатоль Вераб'ёў пасля сваёй паездкi ў Грабаўку i сустрэч з грабаўскiмi майстрамi.

«Утром грабовцы — каждый со своим, давно прилаженным к руке, инструментом — явились на Красную площадь. Фундамент под здание Мавзолея, уже зацементированный, был укрыт от солнца рогожкой...

Пришел десятник Аристарх Наумов, развернул рогожку и дал каждому каменщику по кирпичу с углублением, заполненным вязким, как пластилин, веществом. Каждый нацарапал на нем свою фамилию, а Никита Кузьмич Фоменков от себя добавил строчку: «Товарищ Ленин, ты всегда живешь».

Десятник взмахнул рукой: дескать, начинай! Перекрестился Петр Андрианович Григорьев — таков был старый обычай начинать всякое доброе дело, — разровнял мастерком раствор и положил свой кирпич как по струночке. За старшим артели уложили каждый свой кирпич остальные...»

«...Через пятьдесят лет приехал из Грабовки в Москву единственный оставшийся в живых артельщик Никита Кузьмич Фоменков, чтобы от всех грабовцев поклониться Ильичу и заодно посмотреть, каков он теперь, Мавзолей. Приехал Никита Кузьмич в Белокаменную, сдал свой чемоданчик в камеру хранения и явился на Красную площадь. Очередь к Мавзолею — конца не видать. Такую очередь ему в его восемьдесят с лишним лет не выстоять. Попробовал было протиснуться без очереди — не вышло: милиционер остановил. Как бы в оправдание вынул Никита Кузьмич из кармана пиджака свою старенькую расчетную книжку, где в графе «Место работы» написано: «Постройка Мавзолея В. И. Ленина», и бережно протянул ее милиционеру. Тот пролистал книжку и вскинул руку под козырек, отдавая честь старому мастеровому. Фоменкова тут же пригласили в комендатуру Кремля.

— Приняли там меня по первому сорту! — рассказывал мне Никита Кузьмич. — Усадили за стол, угостили чаем с печеньем, потом долго расспрашивали, как строился Мавзолей. А после беседы провели меня в Мавзолей, и я посмотрел там все, что хотел. Помолчал, припоминая подробности своего посещения Москвы, и, довольный, заключил:

— Красивый мы построили Мавзолей!»

Такая вось гiсторыя. На сённяшнi дзень для некага, можа, не надта значная. Але яна, як на маё меркаванне, з той катэгорыi, якую я часта прапагандую на сваiх сустрэчах з чытачамi. Нашы беларусы ва ўсе часы былi таленавiтымi людзьмi, умелi ўсё тое, што i iхнiя еўрапейскiя калегi, а часам атрымлiвалася нават лепей. Згадаем хоць бы адзiн прыклад з маскоўскай дэманстрацыi ўмельства беларускiх майстроў. Гэта iх рукамi збудавана i аздоблена шмат што з крамлёўскiх каштоўнасцяў. Пэўны час пра гэта не надта ахвотна казалi, як i пра тое, што ў XVII стагоддзi кожны дзясяты жыхар Масквы быў выхадцам з беларускiх зямель. Вядома ж, ехалi туды не няздатныя, а тыя, хто быў запатрабаваны, чыя майстравiтасць у розных сферах спрыяла развiццю Масквы як сучаснага не толькi на той перыяд горада.

Што гэта не сённяшняя выдумка, сведчыць сам некалi «непагрэшны гiсторык», адносiны да дзейнасцi якога сёння неадназначныя, прафесар БДУ Лаўрэнцiй Абэцэдарскi ў сваёй кнiзе «Белорусы в Москве ХVII в. Из истории русско-белорусских связей», якая выйшла ў выдавецтве ўнiверсiтэта ў 1957 годзе.

Анатоль БУТЭВIЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.