Вы тут

Прэзідэнт: Трэба захаваць давер людзей да эканамічнай палітыкі, якая сёння праводзіцца


У Палац Рэспублікі запрасілі кіраўніцтва ўрада, губернатараў, сілавікоў, памочнікаў Прэзідэнта, усяго больш за 40 чалавек. Тэма сустрэчы — першачарговыя меры па забеспячэнні работы эканомікі і сацыяльнай сферы Рэспублікі Беларусь ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Мяркуючы па складзе ўдзельнікаў, акцэнт будзе не толькі на сітуацыі ў Беларусі ў цэлым, але і па кожным рэгіёне краіны.


На адкрыцці нарады Прэзідэнт падкрэсліў, што перш за ўсё, варта абмеркаваць сістэму аховы здароўя і адукацыі. «Нам трэба аператыўна прыняць шэраг рашэнняў па тых пытаннях, якія сёння востра паўстаюць перад намі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«За чатыры месяцы свет змяніўся да непазнавальнасці, ці то яшчэ будзе. Саюзнікі, якія дзесяцігоддзямі адкрывалі мяжы, устанаўлівалі добрыя адносіны паміж сабой, гэтыя межы аднавілі за адзін дзень і разбурылі адносіны. Гэта тычыцца ўсяго свету», — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што галоўнае — гэта чалавечыя страты.

Ён працягнуў, што на дадзены момант уся сусветная эканоміка знаходзіцца «пад ціскам яшчэ нікім не вырашанай праблемы — так званай пандэміі». Яна закранае і нашу экспартаарыентаваную краіну, якая не можа цалкам ізалявацца ад уплыву тых працэсаў, якія адбываюцца на планеце, не можа скараціць негатыўнае ўздзеянне на эканоміку і звыклы жыццёвы ўклад насельніцтва.

«Мы прыслухоўваемся да парад спецыялістаў СААЗ, але лепш ведаем, што трэба рабіць у нашай краіне»

Для барацьбы з новай інфекцыяй краіна задзейнічала ўсе неабходныя рэсурсы, але рэагуе адэкватна, «без надзвычайшчыны і празмернасці». Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўчора прыслаў Прэзідэнту пісьмо, дзе падзякаваў краіне за прынятыя меры і парэкамендаваў яшчэ пэўныя меры. «Але мы, мабыць, з вамі лепш ведаем, што рабіць у нашай краіне, але тым не менш прыслухоўваемся да парад спецыялістаў. Мы значна больш (і гэта адзначае СААЗ) пачалі тэсціраваць насельніцтва», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Але, на яго погляд, трэба не толькі разглядаць аб’ёмы тэсціравання і хворых на каранавірус, якія выяўляюцца, самае галоўнае пытанне — захаванне прымальнай загрузкі сістэмы аховы здароўя, не перагрузіць яе, каб яна не пала па прыкладу іншых краін.

«Пакуль у нас гэта атрымліваецца. І дай Бог нам прайсці такімі тэмпамі, выйсці, як спецыялісты кажуць, на гэта плато і зваліцца ўніз па захваральнасці нашага насельніцтва», — мяркуе Прэзідэнт і адразу звяртае ўвагу, што медпрацаўнікам неабходна сканцэнтрыраваць увагу на лячэнні пнеўмахворых, таму што «любая пнеўманія можа ператварыцца ці абцяжарыцца кавідам». Пры гэтым трэба памятаць і аб другіх хворых, з менш небяспечнымі хваробамі: астмамі, сардэчна-сасудзістымі, анкалагічнымі, лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Я не хачу паўтарацца, але падкрэслю галоўнае: у Беларусі няма ніводна памерлага чыста ад каранавіруса чалавека», — сцвярждае Аляксандр Лукашэнка, што ў кожнага памерлага каранавірус дапаўняецца доўгім спісам хвароб.

З гэтай нагоды ён звяртае ўвагу — пасля пандэміі трэба будзе вярнуцца да пытання ладу жыцця нашых людзей.

Меры, якiя прапанаваны СААЗ, Прэзідэнт дае загад вывучыць. Нарошчваецца патэнцыял устаноў аховы здароўя, магутнасцяў па вытворчасці айчынных прэпаратаў і тавараў медыцынскага прызначэння.

«Але калі яны прапануюць амаль да каменданцкай гадзіны ўвесці... Слухайце, я яшчэ раз падкрэсліваю, неабходна будзе — увядзем і каменданцкую гадзіну. Трэба — ізалюем гарады, пасёлкі і вёскі, але ці стаіць сёння такая праблема перад краінай? Не. Таму мы не адмахваемся ад рэкамендацый. Але павінны з комплексам рэкамендацый, нашага вопыта дзейнічаць адпаведна», — працягнуў Прэзідэнт.

На яго думку, нельга трымаць у бальніцах здаровых людзей, таму была прынята наступная сістэма: калі чалавек на апошняй стадыі папраўкі, яго перамяшчаюць у санаторыі, дзе ён далечваецца.

«І сёння мне яшчэ ні адзін урач не сказаў, што гэта было няправільнае рашэнне. Амбулаторнае лячэнне дае выдатны вынік у плане разгрузкі нашай сістэмы аховы здароўя. І што самае важнае — урачэй. Гэта ж шалёная нагрузка на ўрачэй, калі мы там трымаем людзей, якія могуць папраўляцца, рэабілітавацца ў санаторыях, прафілакторыях, а то і на амбулаторным лячэнні знаходзіцца», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Ён прывеў факт, што «больш за ўсіх хварэе і надае праблем» Мінск, двухмільённы горад. Але Прэзідэнт упэўнены, што Беларусь справіцца з гэтай праблемай, якая ўсё больш палітызуецца.

Асаблівая ўвага барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі: «Свет будзе пастаянна хварэць на гэтыя заразы»

На думку Лукашэнкі, пасля заканчэння пандэміі трэба звярнуць асаблівую ўвагу на вірусалогію, эпідэміялогію, мікрабіялогію і іншыя падобныя сферы.

«Нельга з імі працаваць па астаткавым прынцыпе. Свет будзе пастаянна хварэць на гэтыя заразы, — сказаў афіцыйны лідар, нагадаўшы пра птушыны грып, афрыканскую Эболу. Ён упэўнены, што свет будзе заўсёды сутыкацца з вірусамі, і сістэму барацьбы з инфекцыйнымі захворваннямі неабходна ўмацоўваць. «Гэта адзін з урокаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы абурыўся, што насельніцтва напужалі настолькі, што яны бягуць «як ад пракажоных» ад тых, хто перахварэў на каранавірус. А гэтыя людзі, па яго словах, сёння —«залаты фонд для барацьбы з захворваннем». У гэтых людзей бяруць кроў і робяць плазму для лячэння іншых. Метад правераны на эфектыўнасць ў Кітаі, ЗША.
«Людзьмі, якія перахварэлі, трэба ганарыцца, што яны вытрымалі, а не баяцца, што пра іх нешта скажуць», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння сістэма адлажана так: урачы — лечаць, улады — забяспечваюць усім неабходным»

На нарадзе было адзначана, што ў галіне аховы здароўя працуе амаль 310 тыс. чалавек, агульны ложкавы фонд складае каля 100 тыс. ложкаў. У кругласутачным рэжыме працуюць лабараторыі па выяўленні інфекцый, у залежнасці ад рэгіёна забяспечанасць тэст-сістэмамі складае да 25 дзён. Больш за тое, у краіне наладжана іх вытворчасць, і яны нядрэннай якасці, звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Калі становішча будзе мяняцца ў горшы бок (я нічога не выключаю, ужо перажываю за любы шоргат), то мы падключым рэзервы. У нас іх дастаткова», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Барацьбу з каранавірусам краіна пачынала толькі сіламі сістэмы аховы здароўя, цяпер падключана да гэтага ўся вертыкаль улады, адзначыў лідар краіны. Сёння сістэма адлажана так: урачы — лечаць, улады — забяспечваюць усім неабходным, то бок кожны займаецца сваёй справай.

Таму разам з членамі урада, старшынямі аблвыканкамаў на нараду запрасілі ўпаўнаважаных па рэгіёнах і памочнікаў Прэзідэнта.

«Усімі сіламі трэба захаваць давер людзей да эканамічнай палітыкі, якая сёння праводзіцца»

«Нельга ўпадаць у крайнасці, нельга спыніць працу ключавых галін эканомікі. Жыццё паказала літаральна праз месяц-паўтара, што мы аказаліся правы. Зараз ужо ўсе больш кажуць пра эканоміку, пра тое, як будзем жыць далей, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння ўжо ўсе схамянуліся за эканоміку, якую трэба падымаць.

«У нас няма іншых крыніц для жыцця, акрамя працы нашых людзей», — сказаў Прэзідэнт. Ён заклікаў усіх, хто застаўся без працы, не чужацца існуючых на рынку вакансій. «Не трэба на злобу дня абяцаць, што мы ўсім дапаможам. Дапаможам толькі тым, хто гэтага заслугоўвае, хто сёння стараецца працаваць», — прапануе кіраўнік краіны.

Згодна са справаздачнымі дадзенымі, па першым квартале валавы ўнутраны прадукт Беларусі знізіўся на 0,3 працэнта. Але гэтая сітуацыя не задавольвае Прэзідэнта, які дае наказ настройвацца на выкананне планаў, якія існуюць.

«Калі праўду казаць, то наша невялікая эканоміка, у якой няма сыравіннай падушкі бяспекі, была вымушаная парыраваць адначасова некалькі ўдараў. Першае — гэта нафтавыя абмежаванні нашага найбліжэйшага партнёра. То-бок мы ў канцы мінулага года і ў пачатку гэтага года пачалі з нафта-газавай пандэміі, — прывёў прыклад Прэзідэнт. — Другое — гэта разрыў існуючых эканамічных сувязяў і закрыццё межаў, у тым ліку і галоўнага нашага партнёра, Расійскай Федэрацыі».

І канечне, галоўным, трэцім ударам стала сама пандэмія, працягнуў ён.

Задача для ўрада і краіны, дадзеная беларускім лідарам, — утрымацца і не зваліцца па асноўных паказчыках эканамічнага развіцця.

«Усімі сіламі трэба захаваць давер людзей да эканамічнай палітыкі, якая сёння праводзіцца, цэнавую ўстойлівасць па меншай меры на самыя важныя для людзей тавары і паслугі. І ўраду нельга ўмешвацца ў дзейнасць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Няхай міністр са сваімі падначаленнымі прымае рашэнне. Ён адкажа перадусім за цэнаўтварэнне ў краіне», — даручыў Прэзідэнт.

Павінны забяспечыць занятасць і захаваць прыбыткі грамадзян, пры гэтым стымулючы бізнес.

Рэгіёны самі разбяруцца, каго падтрымаць грашовымі сродкамі

Урад прапанаваў вызначыць галіны, якія ў найбольшай ступені пацерпяць ад запаволення эканамічнай актыўнасці і падзення попыту. Унесены на разгляд Прэзідэнта пакет мер іх падтрымкі тычыцца пытанняў падаткаабкладання, арэндных і працоўных адносінаў, а таксама шэрагу адчувальных сацыяльных аспектаў.

«Гэта будуць рэкамендацыі губернатарам. І нейкім прадпрыемствам, за якія ўрад непасрэдна адказвае. Калі мы будзем вылучаць нейкія грашовыя сродкі для эканомікі — іх будуць дзяліць губернатары, яны гэтага запатрабавалі. Яны кажуць: мы самі разбярэмся — або магазін падтрымліваць, хімвалакно, або нейкае дывановае прадпрыемства. Яны маюць рацыю, ім там лепш відаць, калі мы будзем гэтыя сродкі камусьці вылучаць. Мы не павінны з Мінска чайнай або сталовай лыжкай дзяліць гэтыя грошы, каму што дастанецца. Не трэба гэтым займацца. І дзякуй Богу, што рэгіёны бяруць на сябе гэтыя пытанні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Румас: Тэмп росту ВУП па першым квартале склаў 99,7%

Сяргей Румас у сваім дакладзе падкрэсліў, што ва ўмовах пандэміі ўрад зрабіў акцэнт на развіццё ўнутраных галін. «Тэмп росту ВУП па першым квартале склаў 99,7%, гэта ніжэй на адзін працэнтны пункт за квартальны прагноз, але вышэй за ўсіх адзнак — і знешніх, і ўнутраных» — праінфармаваў кіраўнік урада.

Ён прывёў некаторыя паказчыкі работы, у прыватнасці, сказаў аб збалансаванасці знешняга гандлю: дадатнае сальда гандлю таварамі і паслугамі за два месяцы гэтага года склала $425 млн.

Па словах Сяргея Румаса, станоўчы ўклад у фарміраванне ВУП зрабілі: будаўнічая галіна (106,3%), у тым ліку плюс па будаўніцтве жылля склаў 10 %, сельская гаспадарка (104,5%), інфарматызацыя і сувязь (107,4%). Прэм’ер-міністр адзначыў таксама дынаміку работы галін прамысловасці на мясцовай сыравіне, металургіі, дрэваапрацоўкі, фармацэўтыкі, ёсць плюс па вытворчасці цэменту (110%), керамічнай пліткі (102%).

«Па ўсіх астатніх сектарах таксама ёсць станоўчая дынаміка. На працягу лютага і сакавіка дадавалі ўсе. Акрамя, аб’ектыўна, нафтанкі, якая пачала прырастаць з красавіка», — заўважыў ён.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Сяргей Вязовіч: Слабыя характары з каманды адсяваюцца адразу

Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.