Вы тут

Радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі» набліжаецца да свайго фіналу


ІХ Рэспубліканскі творчы радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі», галоўнай тэмай якога сёлета стала 75-годдзе Вялікай Перамогі, набліжаецца да свайго фіналу.


На адрас арганізатараў творчага спаборніцтва паступіла каля 400 заявак. З іх у другі тур дапушчаны былі 243 канкурсанты, а ў трэці — 157 удзельнікаў. Істотнай акалічнасцю стала тое, што праслухоўванні ўпершыню праводзіліся дыстанцыйна, але з максімальнай набліжанасцю да ўмоў жывога. Па выніках трэцяга тура прафесійнае журы на чале са старшынёй — народным артыстам Беларусі Леанідам Захлеўным — вызначыць фіналістаў да 24 красавіка. Завяршальны тур конкурсу, які звычайна праходзіў у Вялікай студыі Дома радыё, з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі зрабілі таксама дыстанцыйным — па відэазапісах.

— Нягледзячы на абставіны, якія склаліся, мы атрымалі амаль такую ж колькасць заявак, як і ў мінулым годзе. Гэта сведчыць пра тое, што нам давяраюць, і конкурс з'яўляецца адным з самых прэстыжных рэспубліканскіх спаборніцтваў у нашай краіне. І, напэўна, у гэтым самае моцнае ўражанне. Безумоўна, сённяшняя сітуацыя зрабіла і адмоўны ўплыў на ход спаборніцтва: мы былі вымушаныя спачатку другі, а потым і трэці тур правесці дыстанцыйна, у выніку журы не адчувае жывой энергіі канкурсантаў. Але ёсць і станоўчы момант — у тым, што журы можа вярнуцца да прадстаўленых запісаў, параўнаць іх. Бо раней, вядома, ярчэй запаміналіся тыя ўдзельнікі, каго чулі бліжэй да фіналу праслухоўвання. Я думаю, што на аб'ектыўнасць вынікаў паўплывае менавіта гэтая магчымасць перагледзець і параўнаць. Узровень падрыхтоўкі кожны год застаецца стабільна высокім і канкурэнцыя вялікая, — адзначае кіраўнік і аўтар праекта «Маладыя таленты Беларусі» Таццяна Якушава. — Удзельнікам на будучыню магу сказаць: раскрывайце сябе, заставайцеся асобамі, шукайце спосабы прадэманстраваць свае таленты і здольнасці. Бо калі чалавек — асоба, то зможа на любым інструменце і ў выкананні любога твора паказаць майстэрства і прафесіяналізм.

Нагадаем, што навіны і падрабязнасці конкурсу вы можаце знайсці на сайце Першага нацыянальнага канала беларускага радыё www.radіo1.by, а таксама на афіцыйных старонках канала ў сацыяльных сетках. А ў радыёэфіры пра ход і вынікі конкурсу кожную нядзелю ў 09.05 расказвае аднайменная праграма «Маладыя таленты Беларусі». Тут жа прагучаць і музычныя творы ў выкананні пераможцаў і ўладальнікаў спецыяльных прызоў сёлетняга спаборніцтва.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Талентаў менш не стала

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».