Вы тут

Даяна Лазаравіч: Уладзімір Караткевіч — родны для мяне пісьменнік


Сербскую паэтэсу, перакладчыцу, празаіка, бібліёграфа і літаратурнага крытыка Даяну Лазаравіч добра ведаюць у Беларусі. Яна перастварыла на сербскую мову сотні твораў класікаў беларускай літаратуры. Дзякуючы яе руплівасці пабачыў свет зборнік «Вянок» Максіма Багдановіча на сербскай, ды і яшчэ болей як дваццаць кніг беларускіх аўтараў. Наша размова з Даянай — пра яе перакладчыцкія памкненні, пра творчасць Уладзіміра Караткевіча, чый 90-гадовы юбілей адзначаць сёлета не толькі ў Беларусі, але і ў Сербіі, іншых краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі.


— Даяна, вы шмат працуеце ў галіне мастацкага перакладу. Зараз у Сербіі вы, відаць, самы актыўны перакладчык твораў славянскіх літаратараў на сербскую мову. І вельмі добра ведаеце беларускую. І класіку, і сучасную літаратуру. На ваш погляд, наколькі цікавай можа ўяўляцца сербскаму чытачу творчасць Уладзіміра Караткевіча?

— Дзякуй за добрыя словы! Але я не думаю пра сябе як пра асобу, якая «вельмі добра» ведае беларускую літаратуру. Што магу сказаць пра творчасць Уладзіміра Караткевіча? Перш за ўсё заўважу, што ён тэматычна цікавы сербскаму чытачу. Шмат разоў у  мяне атрымлівалася надрукаваць яго паэзію ў розных літаратурных газетах і часопісах. Тэмы заўсёды свежыя: каханне (рамантыка), Радзіма, любоў да роднага кутка, прырода, крыху філасофіі і міфалогіі — усё разам вельмі прыцягальнае сучаснаму чытачу. Хаця і напісаны яго творы шмат гадоў таму. Неяк, праглядаючы біяграфію Караткевіча, я ўспомніла, што ён памёр у 1984 годзе, і здзівілася... Мог бы яшчэ жыць ды жыць!

— У вас ёсць вопыт перакладу паэзіі Уладзіміра Караткевіча. Ці складана было пераўвасабляць вершы беларускага класіка на сербскую мову?

— Паэзію і прозу Уладзіміра Караткевіча перастварала на адным дыханні. У маіх словах няма перабольшванняў. Было складана, але атрымлівала вялікую асалоду ад працы. Здавалася, пішу ўласныя вершы, перакладаючы радкі Караткевіча. Я шмат увагі надаю ўнутраным пачуццям, пошукам кахання і шчасця, і ў гэтым мне Караткевіч вельмі блізкі.

— А хто яшчэ ў Сербіі пераствараў паэзію і прозу Уладзіміра Караткевіча?

— Прафесар Іван Чарота, які для нас болей серб, чым беларус (!), і наш прафесар Міадраг Сібінавіч. Прозу Уладзіміра Караткевіча перакладаў на сербскую мову Андрэй Лаўрык.

— Ці гатовы вы ўзяцца за такія аповесці Уладзіміра Караткевіча, як «Чорны замак Альшанскі» і «Дзікае паляванне караля Стаха»? Ці спадабаюцца яны, на ваш погляд, сербскім падлеткам, маладому чытачу Сербіі?

— «Дзікае паляванне караля Стаха» ўжо пераклаў Андрэй Лаўрык. Упэўнена, маладым твор прыйшоўся даспадобы. Я чытала гэтую кнігу, калі яшчэ была студэнткай. Мне хацелася б перакласці «Чорны замак Альшанскі». Але, ведаеце, умешваецца проза жыцця, якая дыктуе і фармат сённяшняга супрацоўніцтва з іншымі літаратурамі. Фінансы на выданне застаюцца праблемай. Браты-беларусы любяць, калі перакладаю іх літаратуру, але акрамя як словамі не дапамагаюць. Некаторыя краіны ствараюць свае праграмы па прапагандзе нацыянальных літаратур, укладваюць пэўныя сродкі— і гэта ўжо зусім іншая гісторыя, іншыя магчымасці.

— Галоўны твор Уладзіміра Караткевіча — раман «Каласы пад сярпом тваім». З якімі творамі сербскай літаратуры вы параўналі б гэты выключна важны для беларускай нацыянальнай свядомасці раман?

— Кніга надзвычай цікавая. Сапраўды, крытыкі ўжо сказалі пра тое, што кожны беларус павінен яе прачытаць. А кожны серб у сваю чаргу павінен, проста абавязаны прачытаць творы Іва Андрыча.

— Што, на ваш погляд, ёсць у паэзіі і прозе Уладзіміра Караткевіча такога, чаго не знойдзеш у творах іншых вядомых вам пісьменнікаў Беларусі?

— Самае галоўнае — тонкія, самыя тонкія пачуцці! Я нават часам думаю, што так, як Караткевіч, многія паэтэсы не здольны напісаць — шчымліва, эмацыянальна, пяшчотна…

— Ва Уладзіміра Караткевіча нямала гісторыка-публіцыстычных твораў — эсэ, нарысаў, прысвечаных розным гарадам і вёскам Беларусі. Вось каб іх усе разам перакласці на сербскую мову і выдаць адной кнігай, дадаўшы прыгожых пейзажных і гістарычных фотаздымкаў розных мясцін Беларусі! Атрымаецца цікавае віртуальнае падарожжа па нашай краіне! Ці падабаецца вам такая ідэя? Ці кладзецца на душу?

— Канешне ж, кладзецца і на душу, і на сэрца. Але заўжды паўстае пытанне: хто будзе фінансаваць выданне такога грунтоўнага кніжнага праекта? Мы ўжо вялі размову пра гэта...

Калі знойдуцца сродкі, то перад пачаткам вялікай, вельмі важнай справы ў мяне наступная прапанова: хацелася б, каб выбар тэкстаў зрабіў менавіта прафесар Іван Чарота, а я ўжо пасля буду перакладаць. Бо ён добра ведае сербаў, разумее, што і як можа паўплываць на свядомасць сербскага чытача. Іван Аляксеевіч улічыць, што будзе цікава ў Сербіі, на што варта звярнуць увагу пры ўкладанні выдання такога кшталту.

— Дарэчы, ці хвалюе маладых пісьменнікаў Сербіі гістарычная праблематыка?

— Думаю, што хвалюе. Але... Многія маладыя творцы проста баяцца пісаць на гістарычную тэму. Таму што ўсё гэта, калі пішаш па шчырасці, судакранаецца з палітыкай. І, адпаведна, боязь крытыкаў, непаразуменне, дрэнныя інтэрпрэтацыі... Па нейкім, невядома кім напісаным, правіле, пісьменнікі з большым жыццёвым вопытам, чым моладзь, думаюць і размаўляюць, і пішуць пра гісторыю і палітыку шматкрат болей.

— Даяна, што вы адкрылі ў гісторыі Беларусі дзякуючы знаёмству з творамі Уладзіміра Караткевіча?

— Мне заўсёды цікава чытаць пра тое, як жылі звычайныя людзі. Не каралі, не цары, не багатыя, а народ — сяляне і рабочыя, якія шукалі «месца пад сонцам», здабывалі хлеб, вырашалі надзённыя пытанні. Адказы на ўсе мае пытанні якраз і дае Уладзімір Караткевіч — праз прозу, паэзію і публіцыстыку.

Гутарыў Кірыл ЛАДУЦЬКА

Бялград — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».