Вы тут

Творчасць Адама Бабарэкі і Кузьмы Чорнага – прадмет даследаванняў Віктара Жыбуля



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Творчасць Адама Бабарэкі і Кузьмы Чорнага – прадмет даследаванняў Віктара Жыбуля
 

Нягледзячы на перашкоды, якія стварае цяпер эпідэміялагічная сітуацыя ва ўсім свеце, мы працягваем працаваць над праектам “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваным да 100-годдзя Усебеларускага літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923–1928), што рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і часопісам “Маладосць”.

Сёння хочацца ўзгадаць даследчыкаў, якія натхнённа працуюць сумесна з намі і асвятляюць дзейнасць пісьменнікаў 1920–30-х гг. І цяпер не менш важна памятаць, што жыццё не спыняецца, прыйдзе час, калі мы зможам сказаць, што прыклалі ўсе намаганні ў захаванні каштоўнай спадчыны мінулага, не спынілі нас сусветныя катаклізмы.

Здаецца, шмат часу прайшло з прэзентацыі віртуальнага раздзела праекта, прысвечанага 120-годдзю Адама Бабарэкі, якая адбылася 15 красавіка 2019 г. у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Адным з удзельнікаў і выступоўцаў стаў Віктар Вячаслававіч Жыбуль – вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, кандыдат філалагічных навук. Дзякуючы яго намаганням сумесна з дырэктарам архіва-музея Ганнай Вячаславаўнай Запартыка, пры ўдзеле Алесі Бабарэкі, дачкі пісьменніка, у 2011 г. пабачыў свет Збор твораў Адама Бабарэкі.

“У двухтомнае выданне твораў Адама Бабарэкі, выдадзенае ў Смаленску, увайшлі амаль усе выяўленыя на сёння літаратурна-крытычныя, празаічныя, публіцыстычныя і паэтычныя творы пісьменніка, а таксама запісныя кніжкі, дзённікі і лісты. Большасць з гэтых твораў захоўвалася ў рукапісным выглядзе і наўрад ці магла быць апублікавана ў савецкую эпоху. Багатая і разнастайная спадчына Адама Бабарэкі, без сумневу, з’яўляецца арыгінальным унёскам у беларускую літаратуру, эстэтыку, філасофію”, – вызначаў даследчык.

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на лекцыі “Генератар творчай думкі: творчы дыяпазон Адама Бабарэкі, адметнасці яго літаратурнай спадчыны”. 23.10.2019. Фота Э. Дзвінскай

Навуковец працягвае актыўна папулярызаваць творчасць А. Бабарэкі, правёў дзве адкрытыя лекцыі ў ДМГБЛ, прысвечаныя юбілею пісьменніка. Шэраг навуковых даследаванняў В. Жыбуля быў размешчаны ў поўным аб’ёме ў межах віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, адна з апошніх публікацый – артыкул “Адам Бабарэка і яго картатэка” (“Роднае слова” № 11, 2019).

Даследчык стаў актыўным удзельнікам круглага стала “Маладнякоўскімі крокамі”, што адбыўся 16 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе выступіў з дакладам “Маладнякоўцы – юбіляры 2019–2020 гг.” пра 47 пісьменнікаў-маладнякоўцаў, чый юбілей прыпаў на адзначаны перыяд. Гэта падкрэсліла плённую працу і размах літаб’яднання “Маладняк”, якое ў 1925–1926 гг. налічвала ўжо да 500 сяброў.

Віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” працягвае папаўняцца матэрыяламі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва пры актыўнай дапамозе В. Жыбуля, дзякуючы яго кансультацыям па пошуку матэрыялаў, расшыфроўцы і ўдакладненні подпісаў фатаграфій.

Зараз Нацыянальная бібліятэка Беларусі вядзе працу над віртуальным раздзелам, прымеркаваным да 120-годдзя Кузьмы Чорнага (1900–1944), які быў блізкім сябрам Адама Бабарэкі. Мы атрымалі каштоўныя лісты перапіскі гэтых пісьменнікаў з фондаў архіва-музея. Больш падрабязна з гэтымі матэрыяламі можна пазнаёміцца ў чэрвені пры прэзентацыі і адкрыцці раздзела, прысвечанага Кузьме Чорнаму. У раздзеле будуць у тым ліку і поўныя тэксты даследаванняў Віктара Жыбуля пра творчасць пісьменніка.

Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/tvorchasts-adama-babareki-i-kuzmy-chornaga-pradmet-dasledavannya-viktara-zhybulya/

 

 

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.