Вы тут

Міністэрства аховы здароўя: Усе пнеўманіі сёння расцэньваюцца як каранавірусныя


Міністэрства аховы здароўя правяло чарговы стрым па найбольш актуальных тэмах і пытаннях аб COVID-19.


Мінімізаваць паездкі, пры першых сімптомах звяртацца ў паліклініку — на выхадных яны працуюць

Медыкі зноў папярэдзілі беларусаў аб правілах бяспекі ў сувязі з распаўсюджаннем каранавіруса

Па распаўсюджанасці тэсціравання на мільён насельніцтва Беларусь апярэджвае Польшчу, Паўднёвую Карэю, Нідэрланды, Украіну і знаходзіцца на ўзроўні развітых еўрапейскіх краін і ЗША. Пры гэтым займае другое-трэцяе месца ў СНД. З пачатку успышкі COVID-19 у Беларусі праведзена больш за 130 тысяч тэстаў, у тым ліку 8 281 за апошнія суткі. У Беларусі зарэгістравана 8 773 чалавекі са станоўчым вынікам на каранавірусную інфекцыю (з пачатку яе распаўсюджання ў краіне). Паправілася 1120 пацыентаў, 63 чалавекі памерла. Рэсурсаў для барацьбы з інфекцыяй у краіне дастаткова і выкарыстоўваецца пакуль толькі палова адведзенага ложкавага фонду. Пра гэта падчас брыфінгу расказала намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Па колькасці тэстаў — на ўзроўні ЗША і развітых еўрапейскіх краін

Па-ранейшаму больш за ўсё хворых у Мінску — 4090. У Віцебскай вобласці — 1935, Мінскай — 1206. У Гомельскай вобласці ўстаноўлена 460 выпадкаў, Магілёўскай — 396, Гродзенскай — 347, Брэсцкай — 339.

Выяўленню выпадкаў інфекцыі ў нас надаецца вялікая ўвага. Праблем з тэст-сістэмамі ў краіне няма.

— Пры колькасці насельніцтва ў Польшчы ў амаль 38 мільёнаў там выканана 250 тысяч тэстаў, што складае 6,6 тысяч на мільён насельніцтва. У Беларусі пры колькасці насельніцтва ў амаль 9,5 мільёна праведзена больш за 130 тысяч тэстаў ці 13,7 тысячы на мільён насельніцтва, — прывяла прыклад намеснік міністра.

Алена Богдан падкрэсліла, што медыкі асэнсавана «ідуць на гіпердыягностыку, каб не ўпусціць ніводнага выпадку». Па-ранейшаму па кожным выяўленым выпадку праводзяцца эпідрасследаванне. Пад назіраннем з моманту выяўлення першага выпадку знаходзілася каля 30,5 тысячы кантактных асоб — патэнцыйных крыніц інфекцыі. Для паловы з іх, дарэчы, медыцынскае расследаванне ўжо завершана. І гэта дазволіла папярэдзіць сотні заражэнняў.

Міністэртсва паставіла задачу максімальнага выяўлення і папярэджання захворвання — усе пнеўманіі сёння расцэньваюцца як каранавірусныя, заявіла Алена Богдан.

Магчымасці лабараторнага тэсціравання пастаянна пашыраюцца.

— Больш за 30 лабараторый працуюць сёння ў кругласутачным рэжыме. Да дыягностыкі падключаны і прыватныя медыцынскія цэнтры. Лабараторыі працуюць ва ўсіх абласцях, тэст-сістэм дастаткова, бо пачата ўласная вытворчасць. За апошнія суткі выкананы 8 281 тэст, а пачыналі мы з адной лабараторыі і 300 тэстаў у суткі.

12,7 % захварэлых паправіліся

Алена Богдан расказала, што ў цэлым сітуацыя можна ахарактарызаваць, як кантралюемую. У бальніцах зараз праходзяць лячэнне 4 733 пацыенты з пацвержаным дыягназам COVID-19. Бессімптомныя і лёгкія формы цяпер лечацца на даму. Гэтым займаюцца выязныя брыгады паліклінік, якія аснашчаны сродкамі аховы, пульсаксіметрамі і маюць магчымасць забору мазкоў. Цяжкіх пацыентаў пераводзяць на абласны ўзровень і ў Мінск. Пад асаблівай увагай, у тым ліку і на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх знаходзіцца 114 чалавек. Усім ім праведзены кансіліумы.

— Дзякуючы мерам, якія прымаюцца, удаецца не дапусціць лавінападобнага росту захварэлых. 12,7% пацыентаў ад усіх выяўленых з COVID-19, паправіліся. Для лячэння прымяняюцца ўсе напрацоўкі, што ёсць у свеце. Мы маем прэпарат Імард, на наступным тыдні чакаецца пастаўка Авігану. Наша РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій падрыхтавала ўласны праект па лячэнні хворых імуннай плазмай. Такім чынам 25 донараў выратавалі жыццё 8 чалавек. Гэта работа працягнецца і мы звяртаемся да ўсіх, хто паправіўся, дапамагчы іншым.

Алена Богдан выказала спачуванні блізкім памерлых з каранавіруснай інфекцыяй:

— На жаль, 63 не ўдалося выратаваць. Мы прыносім спачуванні іх родным і блізкім. Паверце, мы зрабілі ўсё магчымае.

У рэзерве яшчэ 9,5 тысячы ложкаў

Спецыяліст звярнула ўвагу, што амаль ва ўсіх рэгіёнах назіраецца прагназуемы рост колькасці пнеўманій.

— Асцярожна скажу, што па Віцебскай вобласці сітуацыя стабілізуецца. Цягам апошніх дзён мы назіраем некаторае змяншэнне.

Намеснік міністра акцэнтавала ўвагу, што рэсурсаў сістэмы аховы здароўя ў краіне дастаткова. Для барацьбы з каранавірусам прадугледжана 14 % ад усяго ложкавага фонду. Пакуль занята толькі палова. У рэзерве знаходзіцца яшчэ 9,5 тысячы ложкаў, з іх больш за 600 аснашчаны апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх. У барацьбе з COVID-19 задзейнічана да 18 % урачоў і сярэдняга медперсаналу.

Бальніцы і паліклінікі у выхадныя працуюць

— Напярэдадні доўгіх выхадных дазвольце мне зноў звярнуць увагу на захаванне мер асабістай бяспекі. Мы настойліва просім не наведваць сваіх пажылых блізкіх, не з’язджацца з усёй краіны, каб сустрэцца са сваякамі сталага веку і пасядзець на могілках. Мы як урачы разумеем, што ў іх ужо ёсць хранічныя хваробы і каранавірусная інфекцыя можа істотна пагоршыць іх стан здароўя, — звярнула ўвагу Алена Богдан.

Намеснік міністра праінфармавала, што паліклінікі і бальніцы да 10 мая працуюць у змененым рэжыме — бліжэйшыя выхадныя яны адчынены, гэтак жа як 1,2 і 3 мая.

— Пры ўзнікненні сімптомаў тэлефануйце ў паліклініку, звяртайцеся ў прыёмны пакой бальніцы, там працуюць урачы і вам акажуць неабходную медыцынскую дапамогу. Памятайце, што мы, медыкі, застаёмся на рабоце дзеля вас. І просім вас не рабіць лішнія паездкі, не пакідаць свае раёны дзеля нас, — папрасіла Алена Богдан.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.