Вы тут

Ілюстратар Валерый Славук: Я добра арыентуюся ва ўяўным свеце, i прыдумляць мне нiчога не трэба


У кнiгарнях з'явiлася новае выкшталцонае чытво для дзяцей — з гэтага тыдня ў iх можна набыць кнiгу «Вядзьмар, якi рабiўся ваўком: Беларускiя чарадзейныя казкi». Уклаў зборнiк унук Янкi Брыля Антон Францiшак, аздобiў вядомы графiк і кнiжны iлюстратар Валерый Славук, а выдаў Андрэй Янушкевiч. Зборнiк утрымлiвае трыццаць казак, запiсаных на тэрыторыi Беларусi ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Мы скарысталi выхад кнiгi як нагоду пагутарыць з Валерыем Славуком, па фантастычных iлюстрацыях якога персанажаў беларускага фальклору, хутчэй за ўсё, ўяўляеце сабе i вы. Гэта ён «намаляваў» народныя казкi, «Шляхцiца Завальню» Яна Баршчэўскага ці «Вясну ўвосень» Уладзiмiра Караткевiча. Iлюстрацыямi майстра i, дарэчы, прафесара кафедры графiкi Акадэмii мастацтваў аздоблены энцыклапедычнае выданне «Беларускi фальклор» i кнiга «Чароўны свет: з беларускiх мiфаў, паданняў i казак». Да таго ж майстар вядомы самастойнымi графiчнымi работамi, а ўсё гэта аб'ядноўвае адразу пазнавальны стыль. Мы пагутарылi пра «Ведзьмара», беларускую кнiжную графiку i тое, за што ў яго казачных малюнках папракалi мастака.


Разварот з кнігі «Вядзьмар, які рабіўся ваўком».

— Як ваш рэжым памяняўся ў сувязi з каранавiрусам?

— Ды нiяк, толькi са студэнтамi мы сталi сустракацца не натоўпам, а iндывiдуальна. Яны прыходзяць да мяне ў майстэрню, альбо, калi гэта неабходна, я iду ў Акадэмiю. А так працую, як i раней: зараз саджуся за новую кнiгу — не буду казаць якую, бо як толькi ляпнеш, усё зрываецца, але яна будзе электроннай, такога я яшчэ не рабiў. Хацеў крыху «падцягнуць» з афортамi, якiмi я ўжо даўно сур'ёзна не займаўся, але аказалася, што ў мяне практычна скончылiся афортныя дошкi, а па iх трэба ехаць за мяжу. Мой сын жыве ў Швецыi, i мы планавалi прыдумаць выставу ў Стакгольме, але i гэта адкладаецца на нейкi час. Я быў у Швецыi яшчэ летась, ездзiў i раней, а чатырнаццаць гадоў таму у нас са студэнтамi там была выстава. Шведы любяць графiку — зайдзi ледзь не ў кожны дом i яе знойдзеш, лiчыцца, што графiка павiнна быць абавязкова. Жывапiсныя работы у Швецыi каштуюць дорага, як паўсюль, а графiка, па-першае, цэнiцца асобна, па-другое, мае шмат цiкавых майстроў.

— А дзе яшчэ графiка так цэнiцца?

— Патроху паўсюль, у нас таксама, проста ў Беларусi няма рынку як такога — з надзеяй, што ты праз салоны будзеш рэалiзоўваць свае работы, можна адразу развiтацца, бо яны калi i купляюцца, то рэдка i ў асноўным замежнiкамi, якiя цiкавяцца менавiта графiкай i шукаюць нешта ў свае калекцыi. Мастацкi рынак увогуле ў Беларусi знаходзiцца ў зачатку, альбо не ў зачатку — гэта ж ужо даўно цягнецца, — але ён так цi iнакш вялы.

— Мы знаходзiмся ў вашай майстэрнi. Не так даўно кантралёры праверылi майстэрнi сябраў Саюза дызайнераў, пасля чаго iм былi выстаўлены непад'ёмныя рахункi. У вас нiчога такога не адбывалася?

— На гэты выпадак у мяне ёсць мае дыпломы: калi нехта прыйдзе, я iх выстаўлю — а там напiсана: «Лаўрэат спецыяльнай прэмii Прэзiдэнта» — i хай паспрабуюць што-небудзь сказаць (смяецца). Мастак павiнен быць у майстэрнi, я працую тут каля дзесяцi гадоў i ўжо зросся з гэтым месцам. Калi што, давядзеццца за яго змагацца. Паспрабуй выкурыць любую жывёлу з яе нары — будзе супрацiўляцца да апошняга, таксама i мастака нельга выкурыць з яго майстэрнi. Тое, што адбывалася з сябрамi Саюза дызайнераў, было, падобна, нечым кшталту «давайце мы iх шуганём».

— У вас тут цэлая калекцыя графiчных работ.

— Яны ўжо гады тры стаяць: гэтыя афорты, усяго каля васьмiдзесяцi, я прадстаўляў у прысвечанай майму юбiлею выставе ў Палацы мастацтваў. Сюжэты прыдуманы мной, але ў аснове ёсць нешта лiтаратурнае — я люблю чытаць i выкарыстоўваць прачытанае як матыў. Мне казалi, маўляў, вой, у цябе тут такiя страшныя iстоты, але нiчога страшнага не бывае, уражанне залежыць ад таго, хто глядзiць. Амаль усё гэта зроблена ў Сенежы — Доме творчасцi пад Масквой. Ён адкрыўся адразу пасля вайны, у часы савецкай улады туды з'язджалiся мастакi з усяго Саюза. Пасля тэатральна-мастацкага iнстытута я атрымаў двухгадовую стыпендыю ад Саюза мастакоў СССР — плацiлi сто рублёў, i трэба было ездзiць у двухмесячныя камандзiроўкi ў гэты Сенеж, працаваць i даваць справаздачы. Калi ты апраўдваў чаканнi, стыпендыю прадаўжалi. Мы былi маладыя i маглi адно ў аднаго вучыцца — я тады пазнаёмiўся з найлепшымi ў перспектыве мастакамi.

— Што да кнiгi «Вядзьмар, якi рабiўся ваўком» — колькi iлюстрацый вы для яе напiсалi?

— Трынаццаць разваротаў, праўда, адзiн не ўвайшоў, але нiчога, ён быў самы няўдалы. I тэкставыя iлюстрацыi.

— Колькi часу займае такая праца?

— Шмат. Год таму мне пазванiў Антон Францiшак Брыль i прапанаваў зрабiць iлюстрацыi да кнiгi, а я быў заняты нечым iншым i не хацеў звязваць сябе яшчэ адным праектам, але ён угаварыў — сказаў, што ў мяне добрыя чэрцi атрымлiваюцца. I калi я прачытаў рукапiс, падумаў, што сапраўды ёсць за што зачапiцца. Яшчэ паўгода я думаў, як гэта зрабiць, бо не хацелася паўтарацца, i, па-мойму, усё атрымалася — iлюстрацыi такiя далiкатныя, па-беларуску лагодныя, без напругi. Ёсць шмат iлюстрацый агрэсiўных колераў кшталту фiялетавых, ружовых — я такiя не ўспрымаю, хоць лiчыцца, што дзiцячая кнiга чым ярчэйшая, тым лепшая, але тут справа густу.

— Вы напiсалi ўжо цэлы фантастычны свет беларускага фальклору...

— Я заняўся гэтым яшчэ з дыпломнай работы на народную казку «Удовiн сын». Увогуле ў часы, калi я вучыўся ў iнстытуце, лiчылася, што на дыплом трэба браць сур'ёзную тэму: калi гэта кнiжная графiка — Караткевiча альбо што-небудзь ваеннае кшталту Быкава, а калi ты робiш станкавую графiку — трэба паказаць чалавека ў працы альбо, зноў жа, на вайне. У часы Савецкага Саюза патрабаваннi былi iншыя, ты ўстаўляўся ў пэўныя рамкi, цяпер жа, калi ласка, можаш рабiць i абстрактныя работы, галоўнае, каб гэта было прафесiйна. Дык вось у мяне чамусьцi не атрымлiвалiся сур'ёзныя тэмы, у лепшым выпадку гэта было смешна, у вынiку загадчыку кафедры Васiлю Шаранговiчу спадабалiся мае iдэi, i я змог зрабiць дыпломную работу па казцы.

— Многiя ўяўляюць i будуць уяўляць персанажаў беларускага фальклору па вобразах, якiя вы стварылi. А адкуль вы iх бераце?

— Гэта адбываецца само сабой. Некаторыя казкi я помню яшчэ з глыбокага дзяцiнства, калi нават чытаць не ўмеў. Мая мацi працавала прыбiральшчыцай у школе i прыносiла кнiгi са школьнай бiблiятэкi. Вiдаць, яны паўплывалi на маю фантазiю. Мне запомнiлiся казкi братоў Грым з iлюстрацыямi Гюстава Дарэ: калi ў мяне пытаюцца, чаму малюю такiх пачвар, я раю паглядзець iлюстрацыi да еўрапейскiх казак, а там усё сур'ёзна, напужацца ж дзiцяцi таксама цiкава. Мне кажуць, што ўсе гэтыя вобразы мне, напэўна, сняцца, але я з iмi ўжо даўно на «ты», яны мяне ўвогуле не пужаюць, я добра арыентуюся ў гэтым уяўным свеце, i прыдумляць мне нiчога не трэба. Персанажаў, якiх не магу ўявiць, я проста не малюю.

— Цi ёсць такiя кнiгi, якiя немагчыма праiлюстраваць?

— У цэлым магчыма ўсё, але не заўсёды трэба. Як можна праiлюстраваць таго ж «Улiса» Джойса? Некаторыя кнiгi першапачаткова не разлiчаны на ўзнiкненне вiзуальнага раду, iх нельга намаляваць альбо экранiзаваць — толькi прачытаць, альбо ты схлусiш. У 2008 годзе выйшла кнiга «Чароўны свет» — я зрабiў каля васьмiдзесяцi iлюстрацый, але адмаўляўся пiсаць банальныя вобразы i тыя, якiя не магу ўявiць. Экзархат, дарэчы, быў ёй незадаволены — у выдавецтва прыйшлi лiсты, дзе яго абвiнавачвалi ў рэкламе чартаўшчыны. Пашанцавала, што кнiга тады ўзяла дыпломы на маскоўскiм конкурсе, iнакш невядома, што б з ёй было. Усё ж у свецкiя справы царква не павiнна ўмешвацца, тым больш я не сам усё гэта прыдумляў, а выкарыстоўваў народныя вобразы.

— Вы добра арыентуецеся ў беларускiм i замежным фальклоры — у чым вам бачыцца ўнiкальнасць беларускага?

— Чаму мне i цiкава з iм працаваць, бо ў нас шмат персанажаў, якiх больш нiдзе не сустрэнеш. Напрыклад, у нас шэсць вiдаў русалак, i не толькi прывабных тапельнiц, але i страшных пачвар. Ёсць напалову змяiныя русалкi, ёсць палявыя i лясныя, а ёсць тыя, што на зiму абрастаюць белым футрам. I гэта не столькi фантастычная прыдумка — у мяне ёсць уражанне, што гэтыя iстоты былi падгледжаны ў нейкiм вымярэннi, бо прыдумаць некаторыя рэчы, здаецца, проста немагчыма. Ёсць у нас, напрыклад, дзiкiя людзi з адным вокам, якiя не працуюць, ляжаць пад дрэвамi i з трубачкамi нападаюць на людзей, каб высмактаць iх кроў, — даволi нечаканая асацыяцыя з жыхарамi Афрыкi. Ёсць Мара, якая садзiцца i цiсне чалавеку на грудзi, пакуль ён спiць, — яна нябачная, але калi рэзка прачнуцца, можна ўбачыць на сабе дзiўную пачвару. Некаторыя вобразы, вядома, пераклiкаюцца з персанажамi iншых фальклораў, тут гранiц не бывае, гэта людзей можна пасадзiць у межы.

— Цi ёсць у Беларусi кнiжная графiка як з'ява, альбо гаворка iдзе пра асобных дзеячаў i асобныя выданнi?

— У любым выпадку яна не зачахла. Я ж у журы прэмii Цёткi для дзiцячых пiсьменнiкаў i iлюстратараў — у гэтым i мiнулым гадах было прадстаўлена даволi шмат намiнантаў.

— Як часта беларускiя выдаўцы запрашаюць мастакоў да супрацы?

— Вельмi часта яны займаюцца перавыданнем, а канешне, хацелася б, каб выдавецтвы больш займалiся з беларускiмi мастакамi. Усё гэта неяк непрадумана, няўстойлiва, зыбка. Нават дзяржаўныя выдавецтвы не часта запрашаюць маладых iлюстратараў — стараюцца нешта рабiць сваiм калектывам. Ёсць праблема i з аплатай: не хочуць плацiць мастаку, не ведаю чаму, гэта балючае пытанне, праз гэта церпiць уласна кнiжная графiка. Раней ты здаваў работу i атрымлiваў грошы, нават аванс маглi даць, усё астатняе — выдавецкая рызыка. Цяпер выдаўцы не хочуць рызыкаваць i плацяць мастаку толькi пасля таго, як прадаўся нейкi працэнт накладу. Я магу дазволiць сабе згадзiцца працаваць на такiх умовах, калi мне падабаецца задача, а моладзь першым чынам пытаецца пра ганарар, i правiльна робiць. Я iлюстраваў пару кнiжак у Маскве — мне заплацiлi адразу. У Маскве i Пецярбургу шмат графiкаў, але выдавецтвы, бывае, запрашаюць беларускiх мастакоў, бо з намi можна дамовiцца на меншыя сумы. А калi ў нас не плацяць, а там плацяць адразу, найлепшыя беларускiя графiкi займаюцца чужымi праектамi. Трэба ўсё ж плацiць за працу i ствараць канкурэнцыю, каб выбiраць мастакоў, а не браць першых, хто згадзiўся. У маркетынгавых аддзелах выдавецтваў павiнны быць спрытныя людзi, а там сядзяць цёткi, якiя кажуць, маўляў, як мы можам вам заплацiць, калi мы i самi заробкi кнiгамi атрымлiваем. Я тады кажу: давайце, так i працягвайце. У свеце добра арганiзаваная выдавецкая справа вельмi прыбытковая, але звычайна людзi стараюцца рухацца.

— А вы можаце ўзяцца за работу, якая вам не вельмi цiкавая, але за яе прапануюць добры ганарар?

— У свой час даводзiлася, цяпер я такiх рэчаў пазбягаю. Калi не вельмi хочацца працаваць, яно i не атрымлiваецца, работы будуць прахадныя, нават калi сама кнiга захапляльная. Не было гарантыi, што i мае iлюстрацыi да «Ведзьмара» атрымаюцца, таму што было шмат матэрыялу i ўзнiкалi пэўныя сумненнi. Але добра, што гэтая кнiга выйшла, — даўно ў нас беларускiх казак не выдавалi. Брыль сказаў, што ў яго яшчэ шмат матэрыялу.

— Цi бывала, што нехта прасiў вас паправiць iлюстрацыi?

— Бывала, i я папраўляў, але не моцна i толькi калi сам лiчыў, што гэта варта зрабiць. А калi мяне папракалi, напрыклад, у тым, што на маiм малюнку вупыр сядзiць у труне, маўляў, навошта такое рабiць, я казаў: «Дык пачытайце тэкст, якi вы мне далi, там гэта ёсць».

— Вы сталi ўсё больш адмаўляцца ад прапаноў па стварэннi iлюстрацый. Чаму?

— Я дастаткова зрабiў для беларускай кнiжнай графiкi i хачу заняцца сваiмi задумкамi, напрыклад, афортамi i вялiкiмi пяровымi малюнкамi. У мяне цяпер найлепшы перыяд жыцця — я сам сабе гаспадар, нiхто мяне не ганяе i нiчога не патрабуе. Калi я пачынаў, займаўся тым, што давалi ў выдавецтве, — пiсаў, памятаю, пра пiянераў, якiя збiраюць металалом, i браў тое, што нiхто iншы браць не хацеў. Цяпер жа бяруся за тую працу, за якую хачу, i ў мяне шмат задумак па сваiх уласных графiчных работах. Можа, гэта i эгаiзм, але ж яны ў любым выпадку пасля мяне застануцца. Бывае, калi мастак сыходзiць з жыцця, яго творчасць пачынае карыстацца попытам. А бывае наадварот — пры жыццi ён атрымлiвае прэмii, а памёр i — аказаўся нiкому не патрэбны, нашы музеi такiмi забiтыя. Прычым гэта абсалютна непрадказальна, тут ёсць нейкi мiстыцызм: як Ван Гог, у якога пры жыццi купiлi адзiную работу, i тое пакупнiком быў брат, мог спадзявацца на такую пасмяротную славу? Альбо Бацiчэлi, якога трыста гадоў не ўспамiналi, а «Нараджэнне Венеры» ў рэшце рэшт стала культавай работай?

— А вашы творы, як думаеце, застануцца?

— Кожны мастак спадзяецца, што так, што ён робiць нешта значнае. Калi ў цябе няма славалюбнай ноткi, няма чаго займацца мастацтвам, бо ты нiчога не даб'ешся. Оскар Уайльд добра пра гэта сказаў: «Мастак без прагi да славы — тое ж самае, што жанчына без прагi падабацца: абодва нудныя».

— Вы выкладаеце ў Акадэмii — цi шмат сёння ахвотных працаваць у кнiжнай графiцы?

— Не сказаць, каб шмат. Менш за палову студэнтаў кафедры графiкi, гэтым разам у мяне толькi дзве дыпломнiцы працуюць з лiтаратурай: адна робiць станкавыя лiсты па матывах японскiх паданняў, а другая — гравюры на паэзiю Шарля Бадлера. Нiхто не хоча нiчога беларускага рабiць. Мы раней усё ж улiчвалi, дзе мы i хто мы, а цяпер студэнты бяруць нешта на iх погляд арыгiнальнае, хоць сапраўдную арыгiнальнасць можна праявiць, калi незвычайна праiлюстраваць тое, што ўжо праiлюстравана.

Гутарыла Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».