Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Ход сабакам

У Пятра Сцяпанавiча стрэслася бяда: раптоўна, нечакана памёрла жонка. Толькi ж пайшла на пенсiю, здавалася б, жыць яшчэ доўга i жыццю радавацца, унукаў песцiць, а тут — як гром сярод яснага дня: адказала сэрца.

Пётр Сцяпанавiч пэўны час хадзiў сам не свой, счарнеў, схуднеў, зусiм пазбавiўся апетыту. Жылi яны з жонкай удваiх, дзецi — дачка з сынам — асобна. Неўзабаве ў дачкi старэйшая дзяўчына, Святланка, пабралася шлюбам з прыгожым хлопцам, з якiм разам працавалi ў «Еўраопце», i дачка з мужам на сямейным савеце вырашылi пакiнуць маладым сваю двухпакаёвую кватэру, а самiм перабрацца да бацькi, да Пятра Сцяпанавiча, значыць, у такую ж. Апошняму сказалi прыкладна наступнае: табе з намi лягчэй будзе, дарагi наш чалавек, усё ж старасць — не радасць, там, можа, хуткую дапамогу выклiкаць трэба будзе, а хто гэта зробiць, калi сам не зможаш, а так мы будзем заўсёды побач. Пад рукой. Ды i гатаваць самому ежу не трэба. А гэта, пагадзiся, вялiкi плюс. Пра тое, што за кватэру будуць плацiць, нi слова. У бацькi, маўляў, пенсiя неблагая, адзення хопiць да канца жыцця, паспеў бы панасiць хоць тое, што ёсць. Ну а калi падкупiць што-небудзь спатрэбiцца з дробязi, то бяды тае! А так куды яму яшчэ грошы дзяваць?

Пётр Сцяпанавiч i сам узрадаваўся, калi пачуў ад дачкi з зяцем такую прапанову. Пераязджайце, жывiце. Месца хопiць. Я стары i вы немаладыя — як-небудзь паладзiм.

Яны i жылi добра, памiж iмi панаваў лад. Зяць нiколi не павышаў голаса на жонку, што асаблiва радавала бацьку, уважлiвы, абыходлiвы быў з iм. Iншы раз прыносiў бутэльку гарэлкi, яны доўга сядзелi тады на кухнi, бралi па кiлiшку i гаманiлi пра жыццё-быццё.

А неяк зяць прынёс сабачку. Сказаў, знайшоў на дварэ. Нехта, няйначай, выкiнуў. Пашкадаваў, падабраў, а тым, хто пазбавiўся ад шчанюка, выпiсаў некалькi няласкавых слоў.

Шчанюк хутка рос, а разам з гэтым стварыў нямала i праблем. Сваiмi вострымi кiпцюрамi папсаваў шпалеры ў пярэдняй, пагрыз тое-сёе з мэблi. Не ведалi, куды хаваць ад яго абутак. А там i не заўважылi, як сабака стаў вялiкi — якраз такi, як Мухтар, што ледзьве не кожны дзень ловiць на тэлеэкране парушальнiкаў законнасцi.

— Тата, — сказала, сарамлiва хаваючы вочы, аднойчы дачка, — ты ж бачыш, колькi праблем стварыў нам сабака. Можа, ты з iм пераехаў бы на дачу, як думаеш? Дом у нас там добры. Дровы ёсць. Тэлевiзар возьмеш са свайго пакоя. А мы цябе праведваць будзем...

...Пётр Сцяпанавiч ужо некалькi гадоў жыве на дачы. У горад раней прыязджаў па пенсiю, пэўную суму грошай ашчаджаў дачцэ i зяцю. А пазней, калi даведаўся ад добрых людзей, што «цiхi i добры зяць» наўмысна раздабыў недзе шчанюка, каб з цягам часу i зрабiць гэты «ход сабакам», выкурыць старога з гарадской кватэры, тады ўзяў у ашчадным банку картку. Прадукты харчавання можна купiць па ёй i ў суседняй вёсцы. Вёска блiзка, а выбар у краме там багаты, гораду не саступае. Ды i за кватэру няхай самi плацяць. Не будуць такiмi разумнiкамi!

Стары збiраўся сказаць пры зручным выпадку зяцю, якi ён нягоднiк, а потым суцешыў сябе: а мне тут, на дачы, можа, яшчэ i лепш. Бяды той! Ён гладзiў сабаку, казаў яму добрыя словы i нiколькi не шкадаваў, што той з'явiўся ў яго жыццi...


Прадбачлівасць

На мiнулым тыднi да Зоi Пятроўны заглянуў старэйшы сын Юрка, сказаў: быў у бацькi ў бальнiцы, адвёз яму што той прасiў, таму не хвалюйся за яго — няхай спакойна папраўляе здароўе. Заадно пахвалiўся: набыў новую пральную машыну i не можа нарадавацца. Як толькi сын прычынiў за сабой дзверы, старая падышла да сваёй пральнай машыны, закiнула бялiзну, уключыла... I толькi цяпер заўважыла, што яна быццам не так працуе — падоўгу маўчыць, а калi пачынае выконваць чарговую аперацыю, то робiць гэта неяк неахвотна, марудна.

Назаўтра яна патэлефанавала сыну: прыедзь, паглядзi, што зрабiлася з маёй «сцiралкай». Сын прыехаў. Разабраўся, нiчога такога не знайшоў. «Ды ўсё нармальна, мама! Дарэмна хвалюешся. На ваш век з бацькам яе хопiць...» I паехаў. Але тое, што машыне ўжо дзесяць гадоў, не давала старой спакою. «Бач ты яго, Юрку! Сваю памяняў, нiбыта выпрацавала рэсурс, а нам, бацькам, i так добра будзе. Не атрымаецца!»

Як толькi выпiсалi з бальнiцы Рыгора Сцяпанавiча, яна пацягнула яго ў краму, што побач з iх домам i дзе тых пральных машын — вочы разбягаюцца. I хоць стары ўпарцiўся, як i сын, неўзабаве новая пральная машына стаяла ў ванным пакоi. Зоя Пятроўна не магла нарадавацца. Суседкам жа хвалiлася:

— Рыгорка ж мой слабенькi, баюся, адна застануся. Дык пакуль дзве пенсii атрымлiваем, рашылi памяняць «сцiралку». Бо калi адна застануся, як зраблю гэта? А новая ж машынка яшчэ i пасля мяне паслужыць людзям. Тая, старая, у любы момант магла аддаць канцы, i я б засталася каля разбiтага карыта... А цяпер я спакойная... Хоць хто яго ведае, можа, мой Рыгорка яшчэ i мяне перажыве... Хай жыве... Хiба ж я супраць?.. Аднак тыл павiнен быць забяспечаны...


Хітрасць

Валянцiна Адамаўна вырасла ў вёсцы. Сям'я ў iх была вялiкая па сённяшнiх мерках — ажно пяцёра дзяцей: тры хлопцы i дзве дзяўчынкi. Бацькi працавалi ў калгасе. Мацi — даяркай, а бацька перабраў шмат вясковых спецыяльнасцяў. I за плугам хадзiў, i ў будаўнiчай брыгадзе быў не апошнiм чалавекам, а калi ўжо пастарэў, то стаяў на калгасных вагах. Ён так i адказваў цiкаўным на пытанне, чым займаецца сёння: «Стаю на вагах!» I вымаўляў гэта з нейкiм асаблiвым непрыхаваным гонарам. Мо таму, што праца была лёгкая i яе атрымаць многiя жадалi б, а, бач ты, пашэнцiла яму.

Сёння старых няма ўжо на гэтым свеце, а бацькоўскае гняздо, вядома ж, апусцела: з дзяцей нiхто не застаўся ў вёсцы. У гарадах, вялiкiх i маленькiх, уладкавалiся яны ўдала, маюць добрыя прафесii i дружныя сем'i. Сама ж Валянцiна Адамаўна жыве ў раённым гарадку, тут працуе на заводзе i адзiная яе дачка. Скончыла ў свой час iнстытут, займае добрую пасаду i вельмi часта ездзiць у камандзiроўкi ў Маскву. А ў Белакаменнай яшчэ з савецкага часу трывала абсталяваўся старэйшы брат Валянцiны Адамаўны — Генадзь. Ён чалавек адукаваны, мае вышэйшую адукацыю i, хоць атрымлiвае пенсiю, яшчэ працуе. Сястра ганарылася братам: значыць, спецыялiст добры, калi трымаюць у калектыве нават у такiм сталым узросце. Некалькi разоў дачка Валянцiны Адамаўны, калi той надаралася камандзiроўка ў Маскву, сустракалася з дзядзькам. Той страчаў яе на вакзале, i заўсёды з кветкамi. А iншы раз запрашаў дадому. Хоць гэта было яму i нязручна, бо трэба было адпрошвацца на працы, i калi рабiць такое часта, то супрацоўнiкi пачыналi, як кажуць, крыва глядзець. Каб жа хоць жонка не працавала, а то ж i яе дома не было.

Генадзь Адамавiч сустрэў пляменнiцу раз, другi, а потым спаслаўся на занятасць. Ды i навошта бачыцца так часта? У дзяўчыны свае планы, у яго — свае. Тым больш, каб прыехаць на той жа Беларускi вакзал, ён трацiў на дарогу больш за гадзiну. Няблiзка. Ды i не маленькая — калi так ужо ёй трэба пабачыць дзядзьку, магла б, разважаў, i сама дабрацца. I як толькi Валянцiна Адамаўна чарговы раз тэлефанавала брату i называла дзень i час прыезду дачкi, той сумна ўздыхаў i нiчога канкрэтнага не абяцаў... Цi проста адказваў: яна ведае, дзе я жыву, няхай прыязджае.

Пляменнiца не прыязджала. У яе была забранiравана гасцiнiца. Ды, магчыма, i самой не надта хацелася губляць час на дарогу да дзядзькi, тым больш што iм не было асаблiва пра што i пагаманiць. Розны ўзрост, розныя погляды на жыццё.

Таму неяк самi па сабе такiя сустрэчы паступова спынiлiся. А тут нядаўна Валянцiна Адамаўна зноў тэлефануе брату:

— Генка, заўтра мая дачушка едзе ў Маскву, дык я перадала для цябе падарункi — палачку нашай беларускай каўбаскi, скрыль сала i паўлiтэрку...

Брат усмiхнуўся i, калi паклаў трубку, паглядзеў на жонку:

— Ну i хiтрая ж у мяне сястра! Давядзецца ехаць на вакзал — каб не пакрыўдзiць яе. Нiчога не паробiш. Можна падумаць, што ў нас няма нi каўбасы, нi сала, нi паўлiтэркi...


Паглядзеў

Пра гэты выпадак мне расказаў гамяльчанiн Валянцiн Чэпелаў. Паверым яму.

Шасцiдзясятыя гады мiнулага стагоддзя. Караганда. У адзiн з летнiх спякотных дзён усталявалася чарга па пiва, якiм, прынамсi, яшчэ i не пачыналi гандляваць: толькi-толькi падвезлi бочку. Аднак натоўп гуў як вулей, i калi нехта збiраўся ўтыркнуцца ў жывы ланцужок блiжэй да жаданага напою, а такiя нахабнiкi знаходзiлiся, то iх тут жа ставiлi на месца: пастой, дружа, мы такiя ж аматары гэтага халодненькага пiўка, як i ты. Апрастаць без чаргi куфель-другi не атрымаецца. Май на ўвазе.

Тут, нiбы чараўнiк, з'явiўся нiчым не прыкметны мужчына. Ацанiўшы сiтуацыю, ён адразу ж пашыбаваў да пiўнiка. На яго, вядома ж, зашыкалi. Мужчына ўзняў руку, папрасiў цiшынi:

— Спакойна, грамадзяне. Спакойна. Беражыце нервовыя клеткi. Вы мне яшчэ дзякуй скажаце.

Ланцужок насцярожыўся: што там яшчэ за штукар знайшоўся, чаго ён хоча? А мужчына пацiкавiўся ў гандляра, колькi грошай каштуе ўсё пiва, якое знаходзiцца ў пузатай бочцы. Пiўнiк, здзiўлена пацiскаючы плячыма,
назваў кошт — хутчэй за ўсё не надаючы гэтаму пытанню асаблiвага значэння:

— Тысяча дзвесце рублёў. Так, хто там у нас першы? Налiваем!..

— Пачакай, не спяшайся. Прадай мне ўсю бочку.

— Усю... бочку? — у пiўнiка, як падалося, палезлi вочы на лоб.

— Так, так. Ты не памылiўся. Цалкам.

— А што ты з ёю будзеш рабiць? — не мог зразумець пiўнiк i палiчыў яго ўсё ж, мабыць, дзiваком.

— Там пабачыш...

— Дык мяне ж чарга разарве! — ацанiў абстаноўку i сам гандляр. — Ты, няйначай, гэтага хочаш?

— Даю слова: нiхто цябе i пальцам не кране, — мужчына нарэшце прыклаў руку да сэрца. — Сам у гэтым пераканаешся. Ну, дык як? Думай, думай!

А чарга гула, бо гляньце ж вы на гэтага нахабнiка — тут смага мучыць, а ён затрымлiвае працэс.

— У каршэнь яму! — параiў хтосьцi. — Нягоднiк! Хам! Не шкадуйце кухталёў!..

Аднак пiўнiк спакусiўся i ўзяў пук грошай у мужчыны:

— Ну, калi так... Распараджайся. Бочка твая.

— Грамадзяне! — падняў руку мужчына. — Прашу ўвагi! Сёння я частую вас пiвам бясплатна! Падыходзьце! Хто колькi адужыць — усё ваша! Пiце на здароўе!.. Пакуль пуза не развяжацца!..

Не цяжка ўявiць, якi адразу ж узняўся вэрхал. Кожны стараўся налiць сабе чым болей пiтва, адкуль i посуд толькi браўся. Пачалiся штурханнi, таўкатня, а пазней усчалiся i сапраўдныя бойкi. Нехта выклiкаў мiлiцыю, бо справа разгортвалася не на жартачкi. Мужчына, якi не пашкадаваў грошай на пiва для землякоў, быў адразу ж выяўлены i дастаўлены ў аддзяленне. Пачалi, вядома ж, яго там дакараць-выхоўваць:

— Як жа так, шаноўны? Сваiм учынкам вы справакавалi беспарадкi ў нашым культурным горадзе. Ды i даўмецца ж трэба — купiць усю бочку! Ай-я-яй! У вас што, з галавой не ўсё ў парадку?

Мужчына, апраўдваючыся, прызнаўся:

— Ды з галавой, здаецца, усё добра. Але ўжо калi так атрымалася, то даруйце, таварышы мiлiцыянеры. Я толькi хацеў паглядзець, як мы пры камунiзме жыць будзем...

Васіль ТКАЧОЎ

Загаловак у газеце: Блiжэй да «светлай будучынi»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

Распачынаецца сезон атракцыёнаў. Хто і як сочыць за іх станам?

У Беларусі адпрацавала 65 % атракцыёнаў (160 штук), а многія працуюць і звыш 30 гадоў.

Эканоміка

Як выбраць кватэру на другасным рынку

Як выбраць кватэру на другасным рынку

За апошнія некалькі месяцаў рынак другаснага жылля прыкметна ажывіўся. 

Грамадства

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

Каб набываць тавар бяспечна, ці Як абараніць правы спажыўца

У краіне на 11 % знізілася агульная колькасць зваротаў грамадзян, звязаных з парушэннем правоў спажыўцоў. 

Грамадства

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

У Беларусі даследуюць вакцыну супраць раку

Працягваецца навуковае даследаванне ДНК-вакцыны супраць раку ў рамках беларуска-амерыканскага праекта.