Вы тут

Прэзідэнт: На гэтай зямлі можна жыць, трэба жыць, і мы будзем тут жыць


Сёння, у 34-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка традыцыйна наведвае раёны, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы. Штогод беларускі лідар праводзіць некалькі красавіцкіх дзён у мясцінах, найбольш пацярпелых ад радыяцыі. Напярэдадні ён заявіў журналістам, што адсюль пачынае адлік ягоны працоўны год.


«Пасяўная пачынаецца адсюль, і я адсюль кожную вясну пачынаў сваё жыццё», — расказаў ён пра матывы пабудовы рэзідэнцыі ў Ляскавічах падчас пасадкі лесу на суботніку ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці.

У Нараўлянскі раён, частка якога ўваходзіць у 30-кіламетровую зону адчужэння ЧАЭС, кіраўнік дзяржавы прыязджаў на 25-годдзе аварыі, у 2011 годзе. А Мазыр наведваў у красавіку 2012-га.

Роўна чатыры месяцы таму, 26 снежня 2019 года, Прэзідэнт узгадніў новага кіраўніка Нараўлянскага райвыканкама — Сяргея Дылюка. Сёння старшыня, які працуе на новай пасадзе 122-гі дзень, даложыць Аляксандру Лукашэнку пра аднаўленне і развіццё Нараўлянскага краю пасля Чарнобыльскай аварыі.

У праграме рабочай паездкі Прэзідэнта — знаёмства з работай КСУП «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна, частка структурных падраздзяленняў якога знаходзіцца на тэрыторыі Нараўляншчыны (у 2014 годзе «Зары» была перададзеная МТФ «Фізінкі», а ў 2015 — свінагадоўчая ферма ў вёсцы Завайць Нараўлянскага раёна). Гэта найбуйнейшае ў рэгіёне прадпрыемства, якое вырабляе больш за палову ўсёй сельгаспрадукцыі Мазырскага раёна.

Аляксандру Лукашэнку таксама паказалі новыя жылыя дамы ў Завайці, пабудаваныя Светлагорскім домабудаўнічым камбінатам. Ён ўсклаў кветкі да помніка «Памяці выселеным вёскам Нараўлянскага сельсавета», які знаходзіцца ў гэтым населеным пункце. Пасля гэтага пачалася гутарка беларускага лідара з жыхарамі раёна.

«Саўгас-камбінат «Зара» — перадавое прадпрыемства са слаўнай гісторыяй, якое ажыццяўляе поўны цыкл сельскагаспадарчай вытворчасці — ад вырошчвання кармоў да вырабу і фірменнага продажу малака і мяса. За мінулы год рэнтабельнасць продажу тут склала амаль 13 працэнтаў, ураджайнасць зерневых — больш за 60 цэнтнераў з гектара, а сярэдні заробак работнікаў — 1344 рублі. Па выніках 2019 года за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў прадпрыемству аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Беларусі.


Аб ходзе пасяўной

Аб ходзе вясенне-палявых работ у краіне кіраўніку дзяржавы далажыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко. У Беларусі завяршаецца сеў зерневых і зернебабовых культур, апераджальнымі тэмпамі — у Гомельскай вобласці і Нараўлянскім раёне. Кукуруза пасеяная на 20 працэнтах адведзеных пад гэту культуру плошчаў, у Нараўлянскім раёне — на 30 працэнтах.

Завяршаецца сяўба льну-даўгунцу, на Гомельшчыне лён ужо пасеяны. Зараз падсяваюцца шматгадовыя травы, уносяцца азотныя ўгнаенні пад азімыя культуры.

Запасы мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу на 23 красавіка складалі: па краіне — 62 працэнты ад патрэбнага, на Гомельшчыне — 58 працэнтаў, у Нараўлянскім раёне — 79 працэнтаў.

Гатоўнасць парка трактароў па краіне складае 93 працэнты, сеялак — 95 працэнтаў, камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў — 92 працэнты, кукурузных сеялак — 92 працэнты. Запасы паліва ў сельгасарганізацыях краіны на сёння маюцца на 15 дзён работы.


Аляксандр Лукашэнка спытаў старшыню Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя пра праблемы, якія маюцца пры пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

«Мы зараз 343 дамы пабудавалі (па дзяржаўнай праграме. — „Зв“.), і атрымліваецца, калі людзі прыязджаюць да нас працаваць, яны працуюць у зоне адчужэння, а жывуць у чыстай, — расказаў кіраўнік вобласці. — Там мы не можам па Чарнобыльскай праграме будавацца».

«Разбяромся, — паабяцаў Прэзідэнт. — Нам трэба яшчэ раз праманіторыць гэту тэрыторыю. Прайшло 30 гадоў, і мы жывём фактычна пераважную колькасць гадзін у суткі на так званых „чарнобыльскіх землях“, а 8 гадзін — у чыстай зоне. Трэба з гэтым разабрацца». 


«У сілу нейкіх псіхозаў і пандэмій або эпідэмій мы не можам скараціць вытворчасць»

Прэзідэнт пацікавіўся сацыяльна-эканамічным развіццём Гомельскай вобласці. Губернатар праінфармаваў, што ў сакавіку адбылося падзенне ключавых паказчыкаў, але па выніках года вобласць разлічвае выправіць сітуацыю. «Калі вы выйдзеце хоць бы ў нуль? Ты нават не думай пра тое, што мы не павінны (дасягаць пастаўленых задач і можам. — „Зв“.) у сілу нейкіх псіхозаў і пандэмій або эпідэмій скараціць вытворчасць. Гэта выключана. Іншага не дадзена», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Працуйце на ўнутраны рынак, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы Генадзю Салаўю на тое, што экспарт зараз спыніўся. — Калі адновіцца ўся лагістыка, запрацуюць суседзі, вы дамаўляйцеся, куды трэба. Калі ў вас будуць кантракты на постпандэмію гэту, на пастаўкі, тады мы будзем думаць, як вам дапамагаць. А калі вы будзеце сядзець: вось, пандэмія, іншае, дайце нам грошай — ніхто не дасі. Гэта закапаць грошы. Прапрацоўвайце рынкі. Усе напрамкі: пачынаючы з фарфору і заканчваючы Гомсельмашам».


Пакуль ніхто сур’ёзна не вывучаў перспектывы засваення «чарнобыльскіх тэрыторый»

Прэзідэнт распытаў старшыню Нараўлянскага райвыканкама пра занятасць насельніцтва ў раёне і пра тое, як выкарыстоўваецца запаведная зона, якая займае амаль палову яго тэрыторыі. Запаведнік развівае лесанарыхтоўкі, пчалярства і конегадоўлю.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пакуль ніхто сур’ёзна не вывучаў перспектывы засваення «чарнобыльскіх тэрыторый».

«Трэба Міністэрству сельскай гаспадаркі ўзначаліць гэту работу: прарэвізаваць усё», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён зацікавіўся магчымасцю атрымліваць чысты мёд на забруджаных тэрыторыях.

«Калі мы можам узяць тут мёд, трэба больш гэта развіваць. Калі можна развіваць лесапілаванне — перапрацоўку, значыць, трэба больш, бо спелых лясоў шмат, — лічыць Прэзідэнт. — Калі конегадоўлю можна, дык давайце будзем развіваць! Але мы пакуль не ведаем дэталёва, на якім узроўні знаходзімся і за кошт чаго можам дадаць. Таму трэба прарэвізаваць Брагін, Нароўлю, Хойнікі».

Беларускі лідар даручыў Міністэрству па надзвычайных сітуацыях далажыць яму пра 30-кіламетровую зону і паўтарыў, што надышоў час задумацца пра тое, што ўжо зараз можна рабіць у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку.

Дадаткова ў запаведніку займаюцца прамысловай лоўляй рыбы ў мясцінах, дзе яна не забруджаная радыёнуклідамі.

«Трэба развіваць і гэта, — падтрымаў Прэзідэнт. — Увесь вопыт, які мы ўжо маем, але ў абмежаванай колькасці, трэба распаўсюджваць і паглядзець хаця б адзін-два новыя кірункі. І мы паціху, ну калі не засвоім яе, то не страцім гэтую тэрыторыю».

Сярод новых кірункаў старшыня райвыканкама назваў і турызм, у прыватнасці, маршрут ад Брэста да Мазыра на цеплаходзе «Белая Русь».


«Нельга кідаць ніводнага гектара зямлі»

Аляксандр Лукашэнка падрабязна распытаў пра перспектывы развіцця сельскагаспадарчых арганізацый на тэрыторыі Нараўлянскага раёна (усе яны падпарадкоўваюцца Мазырскаму раёну).

«Гэта добры вопыт, — падсумаваў ён пачутае ад кіраўніка «Саўгаса — камбіната „Зара“, члена Савета Рэспублікі Алега Слінько. — Трэба яшчэ раз зірнуць на гэтыя тэрыторыі. У тым ліку, запаведныя. Нам давядзецца на гэтых тэрыторыях ствараць такія вось вытворчыя аб’яднанні, холдынгі. Улада ёсць, старшыні райвыканкамаў ёсць, трэба падумаць — якія холдынгі ствараць. І ў іх будзе некалькі кірункаў. Напрыклад: лесаперапрацоўка, вытворчасць мёду, конегадоўля, авечкагадоўля, яшчэ нешта, і сельскагаспадарчы кірунак. Вось такія холдынгі трэба ствараць, не кранаючы землі, якія ўжо нармальна засвоеныя і прыносяць карысць дзяржаве. Хойнікі, Нароўля, Брагін, можа, недзе Ветка. Трэба падумаць пра гэтыя».

Размова пра шматгаліновыя вытворчыя аб’яднанні, патлумачыў Прэзідэнт. Ён загадаў разгледзець гэта пытанне разам з кіраўнікамі названых раёнаў і ўнесці адпаведную прапанову.

«Калі трэба пад гэтыя холдынгі нешта, ну будзем шукаць, — паабяцаў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба, не губляючы час, зараз гэтым заняцца і накіраваць асноўныя „чарнобыльскія сродкі“ на гэтыя вытворчыя аб’яднанні... Нельга кідаць ніводнага гектара зямлі. Мы ў гэтым упэўніліся».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як падтрымаў некалі прапанову жыхароў Гомельскай вобласці аб вяртанні ў абарот забруджаных зямель пры ўмове атрымання з іх чыстых прадуктаў, і цяпер ёсць вынік.

«Трэба ісці далей», — упэўнены лідар.


Аб тэхналогіі вырошчвання кукурузы

Алег Слінько пазнаёміў Прэзідэнта з тэхналогіяй вырошчвання кукурузы на зерне, якая выкарыстоўваецца на палях «Зары» і дае эканамічны эфект.

«Летась мы нарыхтавалі 32 тысячы тон зерня кукурузы пры ўраджайнасці 94 цэнтнера з гектара, — расказаў кіраўнік прадпрыемства. — Калі б не кукуруза, мы проста не змаглі б жыць. Плюс мы нарыхтавалі 30 тысяч тон сіласу, што перавысіла гадавы запас кармоў. У нас пагалоўе на сёння 7 200 галоў буйной рагатай жывёлы, хаця асноўная галіна ў нас — свінагадоўля і птушкагадоўля».

Пры аглядзе тэхнікі, якую гаспадарка выкарыстоўвае пры сяўбе кукурузы, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «З патоку здымаць вытворчасць гусенічнага трактара нельга. Гэта наша ратаванне. У любой вобласці ў нас хапае забалочаных земляў».

У размове з трактарыстамі была закранута тэма наяўнасці кандыцыянераў у кабінах. Прэзідэнт паабяцаў падняць гэта пытанне пра наведванні МТЗ.

Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы пазнаёміўся з малочна-таварнай фермай поўнага цыкла. Ён пахваліў убачаную тэхналогію ўтрымання статку і вырабу прадукцыі.


«На гэтай зямлі можна жыць, трэба жыць, і мы будзем тут жыць»

«На гэтай зямлі можна жыць, трэба жыць, і самае галоўнае — мы будзем тут жыць, — заявіў Прэзідэнт у размове з жыхарамі аграгарадка. — Мне няма сэнсу вас запэўніваць, што гэта бяспечна, што гэта добра ці дрэнна. Вы ўжо самі разабраліся. Прайшло 30 з лішнім гадоў з гэтай катастрофы, і ўжо на сваім вопыце, на вопыце старэйшых, якія жылі тут, вы ведаеце, што рабіць».

Па яго словах, ён прыехаў сюды паглядзець, як адраджаюцца землі, пацярпелыя ад катастрофы. Да лета Прэзідэнт даручыў разабрацца наконт магчымасці пэўных работ тут. Адносна перапрацоўкі лесу вызначыліся даўно, яго рыхтуюць шмат, прадукцыя чыстая, а што з іншымі галінамі?

«Калісьці я прымаў рашэнне па развіццю тут конегадоўлі, лесапілавання. Цяпер шмат займаецеся пчалярствам, — нагадаў Прэзідэнт. — І ўжо вымалёўваецца, што мы тут можам разводзіць жывёлу ў гэтай запаведнай зоне. Мы пра 30 кіламетраў пакуль не кажам, хоць і там трэба разбірацца».

У найбліжэйшыя часы Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу — вызначыцца, што будуць ствараць у запаведнай зоне, якія магчымыя дадатковыя галіны ці неабходна спыніцца на існуючых.

Ён упэўнены, што так званыя «чарнобыльскія грошы» (сродкі дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. — «Зв».) трэба не распыляць, а напраўляць комплексна, каб разіваць тэрыторыі. «Калі мы вырашым, што яшчэ адзін-два кірункі дададзім, то і іх будзем фінансаваць. Але прыйшоў час вельмі актыўна асвойваць гэты край».

Прэзідэнт адзначыў, што прадукцыю (за выключэннем харчовай) прадаваць за мяжу стала складаней. «За два месяцы, як дакладваў міністр, амаль на мільярд долараў прададзім прадукцыю (харчовую — „Зв“.). Гэта добрыя паказчыкі. Шэсць мільярдаў па годзе мы атрымаем даход ад сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі добра, акрамя таго, што будзем карміць і свой народ», — сказаў Прэзідэнт.

«Спыняцца нельга, трэба асвойваць, вярнуць гэты кавалак беларускай зямлі да жыцця, як калісьці жылі людзі», — упэўнены кіраўнік краіны.


«Захварэў, пачынаецца нешта там  неадкладна да лекара»

Прэзідэнт зноў нагадаў, што пасля пандэміі свет будзе іншы, і беларусам трэба думаць на далейшую перспектыву. «Хто хутчэй устане — той, хто друкуе долары, у каго ёсць рэсурсы. А астатнія дзе будуць? Эканоміка стаіць, вось нічога не ствараем, усё, што ёсць, з’елі за два-тры месяцы. Тады да вас, да нас прыйдуць і скажуць — вось вам пяць мільярдаў долараў для таго, каб эканоміку раскрыць і вось на тых рынках прададзіце малако, мяса. Укажуць нам, дзе прадаваць, але за гэта вы будзеце рабіць тое, што мы кажам», — растлумачыў Прэзідэнт, чаму прыняў рашэнне не спыняць эканоміку.

Папярэдзіў ён і другую хвалю захворвання пасля зняцця каранціну ва ўсім свеце. Каб пазбегнуць гэтага, для Беларусі ён выбраў іншы шлях у барацьбе з пандэміяй.

«Захварэў, пачынаецца нешта там — неадкладна да лекара. Яны ведаюць ужо, што рабіць: або вас на самаізаляцыю, і вас будуць дома лячыць, або забяром у бальніцу і будзем у бальніцы лячыць, — звяртаецца лідар краіны да кожнага. — Трэба рабіць усё своечасова. І кожны чалавек павінен паберагчы сябе».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе меры прымаў адпаведна абстаноўцы.

«Мы не зачынілі краіну, мы не спынілі вытворчасці. На Вялікдзень і я, і людзі хадзілі ў царкву. На Радаўніцу, ну як я магу забараніць чалавеку пайсці пакланіцца бацькам? А не дай Бог у кагосьці дзеці загінулі. Я толькі магу рэкамендаваць і прасіць: «Пашкадуй сябе», — адзначыў ён і яшчэ раз падкрэсліў, што паніка толькі ўскладняе хваробы.


«Будзеце працаваць — будзем вас падтрымліваць»

«Нам трэба сканцэнтраваць тыя сродкі, якія ў нас ёсць па чарнобыльскай лініі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён запэўніў, што грошы знойдуцца, асабліва пад выгадныя вытворчыя праекты. «Галоўнае, каб расхлябанасці не было, каб вы шчыра працавалі, бераглі тэхніку, калі вы на зямлі працуеце, і каб выдавалі тую прадукцыю, якую сёння можна прадаць. Будзеце працаваць — будзем вас падтрымліваць», — адзначыў Прэзідэнт, адказваючы на пытанне наконт будучай падтрымкі пацярпелых раёнаў.

Прэзідэнт заклікаў паглядзець на перспектывы рэгіёнаў і ў плане вытворчасці, і арганізацыйных формаў. Магчыма аднавіць калгасы, а недзе і аддаць землі фермерам.

Як прыклад удалай ініцыятывы ён назваў гаспадарку «Зара», якая ўзяла два былыя калгасы, далучыла землі і вырошчвае неабходны ўраджай.

«Вам неабходна работа, і вы будзеце працаваць, — звярнуўся ён да сялян, — а яны („Зара“. — „Зв.“) будуць атрымліваць свініну і прадаваць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў і пра праект, які «трымалі на алоўку раней», — чыгунку з Жыткавічаў на Мазыр. Раней на маштабную дзейнасць не было сродкаў.

«120–150 мільёнаў долараў, якія планавалася тады на гэтую чыгунку, мы знайсці зможам. Трэба вярнуцца да гэтага пытання, пралічыць эканамічна і сацыяльна, — працягнуў думку Прэзідэнт. — То-бок мы паглядзім у комплексе ўсе праекты: ад зямлі да чыгункі і гэтак далей».


«Дадаткова асушваць нейкія балоты мы не плануем»

Прэзідэнт звярнуў ўвагу на аднаўленне і падтрыманне меліяраваных зямель.

«У нас праблема ўтрымаць гэтыя пасяўныя плошчы, землі (раней меліяраваныя. — „Зв.“), паколькі прырода адваёўвае. Яна з намі ваюе, хоча вярнуць гэтыя землі. І туды, дзе мы празявалі, праваронілі, я накіроўваю меліяратараў, каб яны аднавілі гэтыя плошчы. Дадаткова асушваць нейкія балоты мы не плануем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт растлумачыў, што ў Беларусі аднаўляюць гэтыя землі, наколькі хапае грашовых сродкаў. Рухацца далей «пакуль не мае сэнсу», адзначыў ён. Асвойваць землі і ўкладваць сродкі неабходна толькі, калі будзе запыт на дадатковую сельскагаспадарчую прадукцыю.

Трэба вырашыць, што будуць там вырабляць і куды рэалізоўваць прадукцыю, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «У свой час мы раскруцілі меліярацыю. Цяпер трэба паболей грошай укладваць, каб аднавіць тое, што калісьці меліяравана. А правільна гэта было зроблена ці не — цяжка сказаць. Дзесьці, напэўна, здуру асушылі тое, што не трэба, і атрымалі засуху», — дадаў ён.

Развітваючыся з сялянамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў аптымізм і прагу да жыцця людзей, якія жывуць у асаблівых раёнах.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА і Вольгі Мядзведзевай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».