Роўна 34 гады таму, 26 красавіка 1986 года, адбылася найбуйнейшая ў Савецкім Саюзе тэхнагенная катастрофа. У атмасферу было выкінута амаль 200 тон радыёактыўных рэчываў. Беларусь адна з краін, якія прынялі на сябе асноўны ўдар радыяцыі.
Чарнобыльская катастрофа аказала ўздзеянне на ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека — вытворчасць, ахову здароўя, культуру, навуку, адукацыю, эканоміку і інш.
Па дадзеных МНС, фарміраванне радыёактыўнага забруджвання прыроднага асяроддзя на тэрыторыі Беларусі пачалося адразу ж пасля выбуху рэактара. Забруджванне тэрыторыі Беларусі цэзіем-137 са шчыльнасцю звыш 37 кБк/м2 складае 23 % ад усёй плошчы рэспублікі (для Украіны — 5 %, Расіі — 0,6 %). Улічваючы маштабнасць і цяжкасць наступстваў катастрофы на ЧАЭС, Вярхоўны Савет Беларусі ў ліпені 1990 года абвясціў тэрыторыю рэспублікі зонай экалагічнага бедства.
У выніку чарнобыльскай катастрофы радыяёд (перш за ўсё ёд-131) быў адной з галоўных крыніц апраменьвання насельніцтва, які ўздзейнічаў перш за ўсё на шчытападобную залозу. Самымі апрамененымі жыхарамі Беларусі аказаліся дзеці і падлеткі, асабліва дзеці ва ўзросце да 7 гадоў. Калектыўная доза апраменьвання шчытападобнай залозы ў жыхароў Беларусі ў «ёдны» перыяд склала больш за 500 тыс.чал·Гр.
Паводле дадзеных дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС МНС, шчыльнасць забруджвання тэрыторыі паступова зніжаецца. Так, калі ў 1986 годзе цэзіем-137 было забруджана 23 % плошчы Беларусі, то на пачатак гэтага года — 13,4 %, плошча забруджвання стронцыем-90 паменшылася з 10 да 5,3 %.
Рэалізацыя першай дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пачалася ў 1991 годзе. Да канца гэтага года сума сродкаў, выдзеленых у межах падобных дзяржпраграм, складзе 19,2 млрд долараў у эквіваленце. Штогод на выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў аварыі накіроўваецца каля 3% рэспубліканскага бюджэту.
Акрамя таго, у межах праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі па мінімізацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Беларусь прыцягнула каля 90 млн долараў, у межах праектаў Саюзнай дзяржавы — 66,6 млн. Разам з тым сукупны эканамічны ўрон, нанесены Беларусі з 1986 па 2016 гады, склаў 235 млрд долараў.
Зараз рыхтуецца шостая дзяржпраграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС, разлічаная на 2021–2025 гады. Яна прадугледжвае працяг радыяцыйнага маніторынгу і кантролю радыеактыўнага забруджвання аб`ектаў навакольнага асяроддзя і прадукцыі, далейшае садзейнічанне аднаўленню і ўстойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёнаў пры безумоўным выкананні радыяцыйнай бяспекі, а таксама навуковае суправаджэнне і інфармацыйнае забеспячэнне радыеэкалагічнай бяспекі жыццядзейнасці.
Радыяцыйнае становішча ў некалі небяспечнай зоне на тэрыторыі Беларусі паступова стабілізуецца. Вялікая дапамога паступае ад дзяржавы — на канец года сума ўкладанняў перавысіць $ 19 мільярдаў, піша АНТ. Сродкі ідуць на развіццё рэгіёнаў, сацыяльную падтрымку і аздараўленне людзей.
Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.
Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы
Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…
На прасторах яе вялікасці кнігі.