Вы тут

Калі супрацоўніцтва падмацавана сяброўствам


З кітайскай падтрымкай у Беларусі рэалізуецца нямала знакавых праектаў. У ліку самых вядомых — індустрыяльны парк «Вялікі камень» і сумесная вытворчасць аўтамабіляў Geely. Хутка да іх напэўна дададуцца новыя. Такі вывад лёгка зрабіць паводле вынікаў сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Кітая ў Беларусі Цуй Цымінам.


Амбасадар Кітая ў Беларусі Цуй Цымін

Так, сапраўдная дружба не ведае перашкод. І Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці звярнуў на гэты момант асаблівую ўвагу, заявіўшы, што ніхто і нішто, у тым ліку праславуты каранавірус, не перашкаджае сёння выбудоўваць добрыя адносіны паміж дзвюма краінамі. Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на тое, што цяпер прапрацоўваецца візіт у Мінск Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, і сказаў Амбасадару такія словы:

— Перадайце майму сябру, што мы яго ў Беларусі вельмі чакаем. У нас яшчэ ёсць час падрыхтавацца да візіту, каб ён быў напоўнены патрэбнымі для дзвюх дзяржаў мерапрыемствамі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі і Кітая ёсць цікавыя праекты, у тым ліку анансаваныя раней будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту:

— Я хацеў бы, каб падчас візіту Старшыні КНР мы далі старт гэтым будоўлям. Гэта будуць узоры будоўлі. Я хацеў, каб у цэнтры Еўропы былі гэтыя два кітайскія аб’екты, на якіх будуць праводзіцца (і мы ўжо маем пацверджанні міжнародных арганізацый) буйныя міжнародныя спаборніцтвы.

На сустрэчы абмяркоўвалася і тэма барацьбы з каранавірусам. Тым больш, што на фоне ўзмацнення абмежаванняў у краінах Еўропы, з Кітая прыходзілі аптымістычныя навіны. Як вядома, кітайскія ўлады ўжо адмянілі абмежаванні на ўезд і выезд насельніцтва з правінцыі Хубэй. У адміністрацыйным цэнтры правінцыі — горадзе Ухань, дзе былі зафіксаваныя першыя выпадкі заражэння, абмежаванні таксама знятыя. Такое рашэнне прынята з улікам паляпшэння эпідэміялагічнай абстаноўкі ў рэгіёне. Кітайскі досвед барацьбы з эпідэміяй не застаўся незаўважаным і стаў запатрабаваным, у тым ліку і ў нашай краіне. Сёлета Беларусь двойчы адпраўляла самалёты з гуманітарнай дапамогай у Кітай. Цяпер жа з удзячнасцю прымае падтрымку Кітая. Аляксандр Лукашэнка з гэтай нагоды сказаў:

— Не было выпадку, каб мы задалі пытанне кітайскім спецыялістам, нашым сябрам, і яны нам не адказалі. Увесь горкі досвед, які яны назапасілі за гэтыя месяцы, яны шчодра перадаюць беларускім эпідэміёлагам, мікрабіёлагам, урачам. У нас гэтая школа захавалася. Прыкладна сістэма такая, як і ў Кітаі, як было ў Савецкім Саюзе. Таму ў нас ёсць каму займацца гэтымі праблемамі. Дзякуй вам і ўсяму кітайскаму народу за тую дапамогу, якую вы нам цяпер аказваеце!

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на прынцыповы момант: усе выпадкі захворвання COVІD-19, зафіксаваныя ў Беларусі, з’яўляюцца завезенымі з-за мяжы:

— У нас гэты вірус не развіваўся, і, больш за тое, мы не з’яўляліся і не з’яўляемся нейкім пунктам, адкуль пачаўся гэты вірус.

У той жа час, нягледзячы на вялікую колькасць грамадзян Кітая, якія вучацца і працуюць у Беларусі, не было ніводнага факту, каб яны прывезлі ў краіну каранавірус.

— Мы вельмі акуратна ў гэтых адносінах працавалі і працуем, — пакрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Не таму, што нічога не баімся. Не ў гэтым справа. Мы спрабуем дзейнічаць прафесійна, зыходзячы з досведу вашага і нашага.

Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень»

Беларусь не зачыняла мяжу ні з адной дзяржавай. Але вельмі сур’ёзна кантралявала і кантралюе сітуацыю з пункту гледжання прыезду грамадзян з эпідэміялагічна праблемных краін.

— Да нас прыязджаюць розныя людзі, але ў аэрапорце (у асноўным гэта паветраныя зносіны) мы вельмі сур’ёзна кантралюем тых, хто прыбывае ў Беларусь, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Зрэшты, меры засцярогі ў гэты перыяд звязаны не толькі з эпідэміяй каранавіруса. У міжсезонне ў Беларусі заўсёды адбываецца ўздым захворванняў віруснымі інфекцыямі. Па словах Прэзідэнта, пра такіх пацыентаў таксама нельга забываць:

— Нам трэба не ўпусціць гэтае пытанне. Таму я папярэдзіў Міністэрства аховы здароўя, каб медыкі не аслаблялі ўвагу да людзей з іншымі захворваннямі.

Як паказвае практыка, найбольш схільныя да заражэння ўсялякага роду вірусамі ды трапляюць у бальніцу ў асноўным людзі, якія маюць не адну хваробу, а цэлы букет: сардэчна-сасудзістыя захворванні, хваробы органаў дыхання, гіпертанія, лішняя вага, цукровы дыябет і іншыя.

— Вядома, любы вірус на такога чалавека накідваецца і пачынае яго тармасіць. Урачам нашым пакуль атрымоўваецца спраўляцца, але расслабляцца мы не плануем, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Безумоўна, у групе рызыкі — пажылыя людзі, якія найбольш адчувальныя да вірусных атак. Яны сёння пад асаблівай апекай. Сацыяльныя службы, валанцёрскія арганізацыі дапамагаюць пажылым людзям з дастаўкай на дом лекаў, прадуктаў харчавання. Прэзідэнт даручыў усёй вертыкалі ўлады падлучыцца да аказання дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу. Прычым для гэтага зусім не абавязкова чакаць просьбу аб дапамозе. Трэба і самім праяўляць ініцыятыву. Ніводзін пажылы чалавек не павінен быць забыты — на такі прынцып працы Кіраўнік дзяржавы арыентуе ўсю мясцовую вертыкаль.

Пра тое, што робіцца ў Беларусі для падтрымкі найменш абароненых катэгорый грамадзян, Аляксандр Лукашэнка расказаў кітайскаму Амбасадару. Прэзідэнт падкрэсліў:

— Робім гэта зыходзячы з жыцця. Ўсялякае ў жыцці бывае, але галоўнае — не панікаваць. Я больш за ўсё баюся, што людзі захварэюць псіхозам ад таго, што адбываецца ў сродках масавай інфармацыі. Ад псіхозу будуць усе астатнія хваробы. Так кажуць і спецыялісты. Таму ваш досвед (кітайскага боку. — Аўт.), наш досвед мы выкарыстоўваем, каб на гранічна дапушчальным для нас узроўні прайсці пік.

На сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Цуй Цымін перадаў Аляксандру Лукашэнку цёплае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна:

— Вы заўсёды надаеце вялікую ўвагу развіццю адносін з Кітаем, прасоўваеце кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў розных галінах. Кітайскі бок высока гэта цэніць.

Размаўляючы з журналістамі пасля сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы, Амбасадар КНР падкрэсліў, што ў апошнія гады пад асабістым кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна двухбаковае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі дасягнула найлепшага ўзроўню за ўсю гісторыю дыпламатычных адносін:

— Кітай мае намер працягваць працаваць з Беларуссю для рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых на вышэйшым узроўні, — падкрэсліў Цуй Цымін.

Ён таксама падзякаваў беларускаму народу за добрае стаўленне да грамадзян Кітая, якія жывуць у Беларусі:

— Яны не адчуваюць ніякай дыскрымінацыі. Гэта таксама пацвярджае тое, што Кітай і Беларусь пабудавалі па-сапраўднаму моцнае сяброўства.

Што тычыцца барацьбы з каранавірусам, дыпламат заўважыў, што гэтая праблема не мае грамадзянства, а ў эпідэміі няма межаў. Таму і змагацца з гэтым злом трэба ўсім светам. Беларусь і Кітай паказваюць добры прыклад згуртаванасці і ў гэтым пытанні, сказаў Цуй Цымін:

— Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі Беларусь двойчы накіроўвала ў Кітай гуманітарную дапамогу. У сваю чаргу кітайскі бок накіраваў у Беларусь набор рэагентаў для вызначэння віруса, сродкі абароны. У нас кажуць, што сябар пазнаецца ў бядзе. Кітай і Беларусь разам змагаюцца з эпідэміяй, аказваючы адзін аднаму дапамогу і падтрымку, што адлюстроўвае высокі ўзровень кітайска-беларускіх адносін і сяброўства паміж народамі.

Алег Багамазаў

Фота БелТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».