Вы тут

Інавацыі выходзяць на першы план


Дзяржава гатова ўкладваць і ўжо ўкладвае грошы ў стварэнне сучасных інавацыйных вытворчасцяў. Час цяпер няпросты, лішніх сродкаў няма, але краіна працягвае інвеставаць у сваю будучыню.


Фота chudo.tech

Пра той факт, што трэцяя частка прадукцыі прадпрыемстваў Мінпрама мае дачыненне да інавацыйнай, нядаўна на прэс-канферэнцыі гаварыў начальнік аддзела навукова-тэхнічнага ўпраўлення Міністэрства прамысловасці Сяргей Кабішаў. Ён, у прыватнасці, адзначыў:

— Каля сямідзесяці працэнтаў прадукцыі прадпрыемстваў Мінпрама рэалізуецца за межамі краіны і забяспечвае паступленне валюты ў Беларусь. Пры гэтым менавіта трэць вырабаў можна смела аднесці да інавацыйных.

Так, сёння Мінпрам у прыярытэтным парадку фінансуе праекты, якія скіраваныя на стварэнне прадукцыі новых тэхналагічных укладаў у галіне электроннага машынабудавання, мікра- і радыёэлектронікі, транспартных сродкаў з гібрыдным і электрычным прывадам, рабатызаваных і беспілотных сельгасмашын, кар’ернай тэхнікі. Практычна ўсе карпаратыўныя структуры Мінпрама вядуць сумесныя даследаванні з інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ды ўніверсітэтамі Мінадукацыі.

— Глабальная мэта гэтых работ — павышэнне канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, стварэнне новых відаў машын і абсталявання за кошт укаранення навуковых распрацовак і перадавых тэхналогій, — падкрэсліў Сяргей Кабішаў. Па яго словах, лідзіруючыя пазіцыі ў сферы інавацыйных распрацовак традыцыйна займаюць такія цяпер ужо акцыянерныя таварыствы, як БМЗ, БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Амкадор».

Сярод найбольш значных распрацовак Мінпрама называліся кар’ерны самазвал БЕЛАЗа грузападымальнасцю 450 тон, а таксама рабатызаваны самазвал, выпрабаванні якога праходзяць у расійскай Хакасіі. Сюды ж можна аднесці таксама электрагрузавік, збожжаўборачны камбайн на газавым паліве, трактары з газадызельнымі рухавікамі.

Між тым у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» у якасці рэзідэнта літаральна ў канцы сакавіка зарэгістраваная кампанія кітайскай карпарацыі «Сінамач» з праектам па стварэнні зоны навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ды інавацыйных распрацовак. Паводле планаў рэзідэнта ў 2020–2021 гадах прадугледжана будаўніцтва комплексу будынкаў для навуковых даследаванняў, а таксама дапаможнай інфраструктуры. Што тычыцца практычных інавацыйных перспектыў, то на пачатковым этапе плануецца рэалізаваць чатыры навукова-даследчыя праекты, якія звязаны з такімі распрацоўкамі, як аптычныя прыборы, аўтамабільныя датчыкі, паўправадніковыя прыборы і новыя матэрыялы.

Як вядома, кітайска-беларускі індустрыяльны парк — асаблівая эканамічная зона з адмысловым прававым рэжымам, размешчаная ў 25 кіламетрах ад Мінска. Там зарэгістраваныя рэзідэнты з 15 краін. Прыярытэтныя для парка напрамкі — машынабудаванне, электроніка і тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, фармацэўтыка, новыя матэрыялы, лагістыка. У нашым жа выпадку «Вялікі камень» — прыклад актыўнага супрацоўніцтва, якое з’яўляецца рэальным складнікам інавацыйных перспектыў.

Інавацыі — безумоўна, штосьці вельмі смелае. Такое, што выклікае іншы раз сапраўднае захапленне. Гэта — калі спраўджваюцца мары.

…Серабрыстыя трубы на бетонных апорах у шасці метрах над зямлёй. Гэта вакуумны тунэль, унутры якога на велізарнай хуткасці перамяшчаюцца цягнікі на магнітнай падушцы. У належным месцы шлюзы адкрываюцца і выходзяць-заходзяць пасажыры. Пры неабходнасці цягнік «нырае» пад зямлю і зноў «вынырвае». З Брэста да Масквы ён даімчыць за 50 хвілін. На працу можна будзе ездзіць штодня за 800, а то і 1500 км. У дарозе пасажыры могуць атрымліваць асалоду ад таго, як хутка змяняюцца панарамы ў назіральным поясе на ўзроўні вокнаў цягніка.

Гэта не фантазія, а праект высакахуткаснай дарогі ў вакуум-тунэлі, якая дзейнічае па прынцыпе магнітнай левітацыі, які распрацавалі брэсцкія інжынеры-архітэктары — бацька і сын Мікалай і Павел Каняевы. Ім належыць ідэя комплекснага вакзала — ХАБа — пад Брэстам, на мяжы ЕС і ЕАЭС, які аб’ядноўвае разам монарэйкавую дарогу, аэрапорт і водны шлях. Канструкцыя ўжо існуе ў выглядзе чарцяжоў і тэхнічных заданняў, уяўная фантастычнай ідэя знайшла разуменне ў сур’ёзных навуковых колах.

Якія шанцы ўвасобіць яе ў жыццё?

У 2007 годзе гэты праект выстаўляўся на міжнародным конкурсе ў італьянскай Фларэнцыі. Было шмат водгукаў і просьбаў ад еўрапейскіх архітэктараў выкарыстоўваць тэхналогію і саму ідэю комплекснага вакзала пад Брэстам. Дарэчы, аўтары праекта прапануюць размясціць яго ў раёне вёскі Навасады, у паўтара кіламетрах на поўнач ад трасы М1.

Такія вось ўжо не мары, а планы. Якім можна толькі пазайздросціць.

Аляксей Фядосаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.