Вы тут

Лінія асабістай абароны


Як захаваць у здаровым целе здаровы дух , калі бушуе пандэмія? На што звярнуць увагу, каб не паддацца паніцы і роспачы? Як дапамагчы сабе самому? Пра гэта і пра любоў да бліжняга — у гутарцы з Уладзіславам Іваноўскім, папулярным псіхіятарам-нарколагам мінскага Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансэра.


«Рост псіхічных захворванняў — агульнасусветная тэндэнцыя. Беларусы хварэюць імі не часцей і не радзей, чым жыхары іншых краін, — сказаў у адным інтэрв’ю дырэктар РНПЦ псіхічнага здароўя, галоўны пазаштатны псіхіятр Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Старцаў. — Розніца толькі ў тым, што на Захадзе асабісты псіхатэрапеўт — стандарт жыцця, а ў нас толькі прыходзяць да разумення неабходнасці псіхалагічнага суправаджэння».

Пагаджуся: не прынята ў нашым грамадстве дыягнаставаць свае душэўныя турботы. З гэтай нагоды ёсць нават жартоўная ходкая фраза, якая ўжываецца да менталітэту беларусаў: «А можа так і трэба?». Тым не менш, паводле статыстыкі, за апошнія 10–12 гадоў рост зваротаў да спецыялістаў у сувязі з псіхічнымі хваробамі вырас на 14 %. Аднак гэта не звязана напрамую з пагаршэннем душэўнага стану беларусаў. Павялічылася працягласць жыцця і, да прыкладу, колькасць пенсіянераў, якія маюць дэменцыю. Да таго ж многія пачынаюць разумець, што цяжкія часы лягчэй пражываць з падтрымкай кваліфікаванага спецыяліста. А цяпер, у перыяд глабальнага стрэсу, спароджанага каранавірусам, асабліва важна сачыць за сваім і фізічным, і душэўным здароўем.

Як захаваць яго ў эпоху інфармацыйнай інтаксікацыі ды празмерных эмацыйных нагрузак — пра гэта гутарым з дасведчаным псіхіятрам-нарколагам мінскага Гарадскога псіхіятрычнага дыспансэра Уладзіславам Іванаўскім. Спецыялістам, які на працягу 25 гадоў паспяхова выкарыстоўвае мноства методык у лячэнні псіхічных расстройстваў. Сярод іх: нейра-лінгвістычнае праграмаванне, гіпноз, гельштат-тэрапія, цялесна-правакатыўная, сямейная і групавая тэрапія… А яшчэ Уладзіслава любяць нашы СМІ: часта запрашаюць да сябе на інтэрв’ю. Востры розум і тонкі гумар псіхатэрапеўта — важныя складнікі, каб атрымалася цікавая размова. І час, праведзены з ім, пралятае незаўважна.

Уладзіслаў Іваноўскі

Пра турботы і страхі

— Уладзіслаў Рыгоравіч, некаторыя мае знаёмыя, калі даведаліся пра пандэмію новага віруса, усур’ёз запанікавалі. Ды і ў цэлым, мяркуючы па навінах, рэакцыя сусветнай грамадскасці апынулася нечакана бурнай. Як лічыце, чаму большасць людзей запала ў дэпрэсію, істэрыку? Быццам наступіў «канец свету», сусветны хаос, які ўлады некаторых краін стрымліваюць з апошніх сіл.

— У вершы Мікалая Някрасава «Мужичок с ноготок» ёсць такія радкі: «И шествуя важно в спокойствии чинном, лошадку ведет под узцы мужичок». Гэты «мужычок» — шасцігадовае дзіця, вязе гружаны галлём воз, які ідзе па заснежанай дарозе. Адзін няправільны рух хлопчыка — і воз з’язджае ў канаву, пераварочваецца, калёсы ламаюцца. Таму ён кантралюе кожны крок, кожнае дзеянне, ведаючы, што будзе адказваць за наступствы. Шэсць гадоў дзіцяці, а ён ужо дарослы! У пятнаццаць год гэта будзе сапраўдны мужчына: слова лішняга не скажа, усё прааналізуе, бо ён — аснова сям’і, аснова гэтага свету.

Калі б цяпер так выхоўвалі дзяцей, не было б хаосу, пра які вы кажаце. Кожны ўсведамляў бы адказнасць за сказанае слова і дзеянне, за наступствы, за іншага чалавека. Але цяпер гэтаму не вучаць. Васемнаццаць гадоў па пашпарце, а ўнутры — яшчэ дзіця, да адказнасці не прывучаны. Настаўніца тэлефануе маме і пытаецца: дзе ваш сын? І мама замест таго, каб прадуктыўна працаваць, шукае, дзе яе 16‑гадовы сын. Бо лічыцца, у гэтым узросце дзіця за сябе яшчэ не адказвае.

Фота 1prof.by

Калі мне было 6 гадоў, я ездзіў сам на грамадскім транспарце праз увесь горад на трэніроўку, спортам займаўся. З дзяцінства купляў прадукты на ўсю сям’ю. Не куплю — усе галодныя будуць, я гэта добра разумеў. Кантраляваў, каб сёстры ўрокі зрабілі. І каб ніякіх канфліктаў у сям’і! Бо мужчына адказвае за эмоцыі ўсіх жанчын у яго доме. У іх псіхіка іншая — эмацыйныя, спыніцца ім складана… Мама, дарэчы, таксама — жанчына. І размаўляць з сынам ёй трэба, як з мужчынам. А не дэманстраваць, што яна бязмежныя правы на яго мае. Інакш такі сын вырасце якім? Ніякім. Адсюль і бярэцца марнасць, трывожнасць і дурныя ўчынкі дарослых людзей.

— Гэта значыць, да адказнасці трэба прывучваць з маленства…

— Так, трэба ж мець упартасць і звычку аналізаваць наступствы, гэта значыць, думаць. А цяпер як: эмоцыі пачалі бушаваць — і панеслася. Трэба на практыцы вучыцца, хто і што, каму павінен і абавязаны, а не ў тэорыі. Праўда, цяперашнія правілы не дазваляюць бацькам выхоўваць дзяцей так, як іх саміх у свой час выхоўвалі. І атрымліваецца тое, ад чаго, напрыклад, Францыя пачала пакутаваць 15 гадоў таму. Дзеці там прыходзілі ў школу і да 12 гадзін дня спалі на партах. Іх не мелі права выгнаць з урока, паставіць двойку. Чаму спалі? Бо да 3–4 гадзін раніцы сядзелі ў інтэрнэце. Тата з мамай не мелі права зайсці ў дзіцячы пакой, калі дзверы былі зачыненыя. Але той, хто не можа караць, не з’яўляецца аўтарытэтам — гэта закон псіхалогіі. Досвед таго, на каго ты не глядзіш знізу ўверх, нічога не варты. То бок досвед усіх папярэдніх пакаленняў для новага пакалення, на жаль, не мае ніякага гістарычнага значэння. А як жа тады веды пра вайну, на якой, як казаў Уладзімір Высоцкі, выяўляюцца людзі; дзе прыходзіць разуменне, што ў жыцці галоўнае? На жаль, нашы ветэраны больш маўчаць. У мяне дзед-маёр усю вайну прайшоў. Пасля перамогі, мама расказвала, калі збіраліся разам палкоўнікі, падпалкоўнікі, дружна галасілі. Успаміналі загінулых...

— Вядома, жахі тых часін не апісаць словамі. Але распавядаць пра гэта ўсё ж неабходна, пагадзіцеся. Каб веды пра свет у сучаснага пакалення не былі «высмактаныя з пальца». На шчасце, у нас кожны год дзяцей падключаюць да розных акцый, прысвечаным Дню Перамогі. Напрыклад, школа, дзе вучацца мае дзеці, удзельнічае ў гарадскім конкурсе патрыятычных здымкаў: вучні, апранутыя ў ваенную форму, фатаграфуюцца разам з ветэранам вайны. А яшчэ ў нас па ўсёй краіне ўжо не першы год праходзяць моладзевыя флэшмобы, у якіх прымаюць удзел школьнікі ды студэнты. Дарэчы, ветэраны да вас прыходзяць?

— Мала іх ужо засталося. Звяртаюцца ў сувязі з узроставымі праблемамі, дэменцыяй. Псіхатраўмы, атрыманыя на полі боя, для іх ужо як норма жыцця. А вось маладыя, напрыклад, якія прайшлі Афганістан, ёсць. Некаторым цяжка вярнуцца да нармальнага жыцця, пасля ўбачанага на вайне.

Фота 1prof.by

— Хто і з якімі праблемамі звяртаецца да вас часцей за ўсё?

— У асноўным, мінчане, 80 % — гэта жанчыны ва ўзросце 22–50 гадоў. Яны часцей схільныя абмяркоўваць свае праблемы. Зона мозга, якая адказвае за маўленне, у жанчын нашмат больш. Праблемы ва ўсіх прыкладна аднолькавыя і ўзаемазвязаны паміж сабой: зніжаны настрой, дэпрэсіі, трывога…

— Калі чалавек у дэпрэсіі, ці можна яму дапамагчы? Ведаю прыклады з жыцця, калі двое разыходзіліся з‑за таго, што адзін псіхалагічна цягнуў іншага на дно. Дапамагчы не заўсёды атрымліваецца: надумлівасць перашкаджае, слабасць духу — усякае можа быць. Заставацца побач таксама невыносна, калі ў доме пануе вечная хандра…

— Мне гэта нагадала сітуацыю, якую распавядала знаёмая псіхолаг з ЗША. Калі там уладкоўваюцца на працу ў вялікую карпарацыю, абавязкова трэба прайсці псіхалагічнае тэставанне. У анкеце ёсць пытанне: крушэнне судна, вы з дзіцем на борце. Ёсць толькі адно месца для выратавання, каго пасадзіце: сябе ці дзіця? Калі выбярэце дзіця, на працу не возьмуць, бо вы не разумееце, што дарослы выжыве і яшчэ народзіць. Дзіця ўсё роўна загіне, а вы свядома сябе губіце. Але, па маім глыбокім перакананні, такая логіка вядзе да самазнішчэння. Як потым жыць, ведаючы, што выжыў цаной жыцця свайго дзіцяці? Ад сваіх інстынктаў не ўцячэш, і жыццё будзе ўжо не міла. Тады які сэнс у тваім збаўленні? Так і тут. Калі чалавек у дэпрэсіі — значыць яму дрэнна. Калі яго «камп’ютар» завіс, а праграмы майго працуюць, як вы думаеце, у двух камп’ютараў ёсць шанцы аднавіць сістэму першага? «Але калі я не спраўлюся, таксама падвісну?» — гэта разважанні эгаіста. Не атрымліваецца выцягнуць самому, завядзі яго да псіхолага.

— Цяпер, у сувязі з вымушанай самаізаляцыяй, мяркуючы па шматлікіх пастах у сацсетках, агалілася яшчэ адна праблема і сярод беларускіх грамадзян — адчуванне адзіноты. Як быць, калі ты лічыш, што нікому не патрэбны?

Фота носіць ілюстрацыйны характар

— Анекдот на гэтую тэму: сядзіць жанчына, рыдае. Падыходзіць хлопчык, пытаецца, чаго плачаце? Яна, усхліпваючы, адказвае: «Я нікому не патрэбна!». — «А вы ўсіх спыталі?» Схадзіце ў дзіцячы дом, правядзіце там час. Выдаткуйце свае веды і сілы на кагосьці. У вас раптам з’явіцца адчуванне шчасця ад жыцця. Амерыканскі псіхіятр Мілтан Эрыксан у адной са сваіх кніг апісаў выпадак з яго пацыенткай. Яна была ў дэпрэсіі, адчувала сябе нікому не патрэбнай. Звярнуўшы ўвагу, што на вокнах стаяць прыгожыя кветкі, лекар загадаў ёй адаслаць па кветачцы ўсім знаёмым. Праз месяц яго паслугі ўжо былі не патрэбныя: дама арганізавала кветкавую фірму. Як так атрымалася? Аказваецца, калі яна пасылала кветкі, ёй дасылалі ў адказ прыемныя кампліменты. З’явіўся круг зносін. Сталі раіцца, як вырошчваць кветкі — пацыентка была добрым фларыстам. У выніку яна стала патрэбна палове краіны! І, як вынік, адчула радасць жыцця.

— Нядаўна бачыла відэа, у якім распавядалася пра тое, што італьянскія псіхіятры звяртаюцца да грамадзян з просьбай не панікаваць, калі паўстае жаданне паразважаць з неадушаўлёнымі прадметамі ў сябе дома. Маўляў, у такіх маналогах няма нічога страшнага. Дрэнна, калі прадметы адказваюць… Смешна, але ж праблема дакучлівых думак вядомая даўно. Як пазбавіцца ад унутраных маналогаў?

— Перастаць ад іх уцякаць. Унутраны маналог адбываецца не раптам. Мозг разумны. Калі ён марнуе сілы на пракручванне думкі зноў і зноў, значыць, гэта сапраўды важна. Не бойцеся зазірнуць у сябе, там нічога страшнага няма. Галоўнае, не ваяваць з сабой, а ўслухацца і прыняць. І тады раптам зразумееш, што шчасце блізка.

— А можна заўсёды быць радасным, як кажуць, без прычыны?

— Вядома! Пакуты заўсёды будуць, проста не трэба на іх акцэнтавацца. Аптыміст бачыць вакол шмат добрага. Песіміст знаходзіць у гэтым жа ўсё брыдкае. Абодва маюць рацыю. Але ў адной свядомасці не змяшчаецца ўвесь свет, бо яна маленькая. Інфармацыі ў разы больш. Прыходзіцца выбіраць. Можна радавацца ўсяму, што ёсць у сапраўдны момант часу. Гэтак, дарэчы, з гельштат-тэрапіі: навучыць чалавека радавацца таму, што ўжо ёсць, а не фантазіяваць, як гэта будзе, ці бясконца ўспамінаць, як гэта было. Калі быць максімальна ўважлівым да таго, што зараз адбываецца — якое насычанае жыццё атрымліваецца! Тады і мы не проста з вамі сядзім, размаўляем. Яшчэ і падсілкоўваемся адзін ад аднаго прыемнымі эмоцыямі. Калі ў кожнай дробязі бачыць сэнс, тады бясконцы кайф ад жыцця атрымліваецца. А яшчэ — ніколі сабе не хлусьце. Хранічны падман усім нам навязваецца на кожным кроку.

Псіхолаг — гэта заўсёды рука дапамогі

— Дарэчы, пра падман…Рэкламшчыкі, маркетолагі цудоўна ведаюць, як прыцягнуць увагу. Часам чалавек нават не ўсведамляе, чаму набывае тую ці іншую рэч, паслугу. Не заўважае, як «заліпае» ў інтэрнэце, у сацсетках. Што гэта: выбар без выбару? Атрымліваецца, чалавек — бязвольная істота?

— Канешне, не. Проста ў яго свае заканамернасці мыслення. Або шаблоны, як сказаў Зігмунд Фрэйд. Мы не думаем, якую цягліцу напружваць, каб вымавіць гук, і калі рухаемся. Гэтак жа па шаблоне мы прывыкаем і думаць. Калі пару разоў зрабіць аднолькавы выбар, навошта зноў і зноў аналізаваць, дапусцім, яго эфектыўнасць? Выкарыстоўваць шаблон успрымання, значыць эканоміць энергію. Але разам з тым павышаюцца і шанцы на памылку. Ці дрэнна гэта? Зусім не. Гэта асабісты досвед. Ніхто ніколі не вучыцца на чужых памылках. Толькі калі запалохаць чалавека настолькі, каб ён баяўся самастойна крок ступіць. Але такая асоба ўжо, прабачце, дэфектыўная. Ёй не дазволілі быць жывой, думаць, адчуваць усё і адразу… Калі я гавару пра гэта з пацыентамі, яны бянтэжацца: хіба магчыма — адчуваць усё і адразу? Каб скрозь усю скуру, цягліцы, косці, суставы слухаць і чуць… Так! Усведамляць уласныя адчуванні, значыць ўлоўліваць падказкі падсвядомасці, база дадзеных якой шматкроць, у тысячы разоў пераўзыходзіць базу дадзеных свядомасці. Яно ж, цела — ваша роднае, яно дапамагчы вам хоча. На жаль, людзі развучваюцца адчуваць сябе яшчэ з дзяцінства.

— Маеце на ўвазе ўсвядомленасць?

— Вядома! Свядомае ўспрыманне сябе і ўсяго, што з намі адбываецца. І дзяцей назіральнасці трэба вучыць. Каб умелі звяртаць увагу на свае адчуванні, на жыццё ўнутры сябе. Калі навучышся кожнай сваёй клеткай успрымаць наваколле, па-іншаму станеш ацэньваць тое, што адбываецца ў свеце. І шанцаў на памылку будзе менш.

— Чула, што псіхічныя захворванні выйшлі на першае месца, абагнаўшы сардэчна-сасудзістыя і анкалагічныя. Гэта сусветная статыстыка. Чаму людзі працягваюць пакутаваць, нягледзячы на тое, што жыццё стала камфортней і ўсялякае задавальненне можна купіць, нават не выходзячы з дому?

Фота sputnik.by

— Калі цябе шчыра любяць — такое не купіш. За грошы не пабудуеш даверныя, клапатлівыя, сапраўдныя адносіны. На жаль, багацце не робіць чалавека гарманічным.

Пра каханне

— Доктар, кажуць, што закаханыя людзі менш хварэюць. Можа такіх нават і каранавірус баіцца! (Смяемся.) Хацелася б даведацца ад вас, як псіхіятра, што гэта за сіла такая...

— Гэта бескарыслівае жаданне дабра. Калі я не чакаю ўдзячнасці ў адказ. Мне проста хочацца, каб вам было добра.

— Але ж «пакуль жывы чалавек — жыве і яго эга»?

— Эга з эгам розніцца. Ёсць паняцце здаровага эгаізму. Калі мне добра таму, што вам добра. Я раблю гэта для сябе. Але ў такой схеме няма яўнага супрацьпастаўлення: «ты — мне, я — табе». І каб адгадаць, як жа зрабіць вам добра, мне трэба да вас прыгледзецца, зразумець вас. Чаму яна глядзіць на мяне ва ўпор, ледзь нахіліўшы галаву набок? Што адчувае? Вось я ўжо трохі — гэта вы. А, значыць, я не змагу зрабіць вам — і сабе адначасова — балюча. Калі кожны навучыцца разумець іншага, то апынецца, што нягоднікаў і няма: усе добрыя. Але гэта цяжкі навык — адчуваць іншага, яго асвойваць трэба з дзяцінства.

— Я разважала над гэтым. І сапраўды: навык любові, кахання будучага ў дзяцінстве ў нас закладваецца. Не навучыўся — і ўсё жыццё будзеш мучыцца: сам і той, хто побач... Зрэшты яшчэ кажуць: каханне жыве чатыры гады. Ці так гэта?

— Калі вы пра гармоны, то гэта нават шмат! Але тут ёсць нюанс. Класічны прыклад: жанчына кажа, што выбрала партнёра з‑за яго прыгожай прычоскі. «Якая дурная я была! Хто ведаў, што ён такі-сякі потым будзе!» Але яго пахі, жэсты, хада, манера апранацца, гучнасць голасу і паўзы ў размове, як ён будуе сказы — гэта ўсё велізарны пласт закадаванай інфармацыі біялагічнай, псіхалагічнай і генетычнай! Яе падсвядомасць усё гэта імгненна пралічыла, прааналізавала: ці падыходзіць, якія варыянты яшчэ побач ёсць і могуць быць у свеце. У канцы выдала: трэба браць! А свядомасць расшыфравала: у яго прыгожая прычоска. Выбар выпадковым не бывае, няма ніякай уяўнай спантаннасці.

Фота БЕЛТА

— А чаму тады потым ёй ужо не падабаецца яго прычоска?

— Таму што на 100 % падыходных пар не бывае. Яны заўсёды ў чымсьці не стасуюцца. Але для яе падсвядомасці гэта было менш важна, чым усё астатняе. І вось яны жывуць разам, яна чагосьці ад яго не даатрымоўвае. Што рабіць? А трэба сябе так паводзіць, каб гэта даатрымаць! Трэба зменьваць свае звычкі, набываць новыя навыкі — шмат усяго ў сабе мяняць, а ў ім прыняць. А гэта ж праца! Ды хто хоча працаваць? Ніхто! Прасцей яго абвінаваціць ва ўсім: трапіўся «дэфектны». Сямейнае жыццё правакуе мноства сітуацый, з‑за якіх ты альбо становішся лепшым, альбо горшым. А мы проста мяняем «гэтага» на «другога», бо «я не прывыкла падладжвацца». З наступным таксама праблемы будуць. А потым наступны ці наступная… А трэба было да сутнасці чалавека прыгледзецца, да яго душы: што там унутры робіцца? Калі з такой пазіцыі падыходзіць да адносін, то становіцца вельмі цікава. Бо ў душы яе, аказваецца, — непаўторны сусвет. Няма копіі яе! Калі ўкладаеш у партнёра свае сілы, час, перажыванні, грошы, то ён становіцца самым родным. Мяжу паміж намі не правесці. Фізічна нібыта яна ёсць, а душэўна — не. Памру, але не аддам: маё! Прыходзіў да мяне на прыём неяк мужчына. Кажа: столькі было, столькіх перакаштаваў, усё ёсць, а нешта неяк не так… Пачынаем высвятляць, чаго не хапае. Аказваецца — глыбіні. Аказваецца, трэба было не за разнастайнасцю гнацца, а ўглыб капаць! І не выпадкова зусім у яго на дарозе трапіўся менавіта гэты чалавек, а іншаму — іншы.

— Вы пра дасканалае, біблейскае каханне гаворыце. Калі з абодвух бакоў ёсць рух адно да другога. Але ў жыцці бывае, што адзін чалавек трапляе ў залежнасць ад іншага, калі адносіны будуюцца па разліку… Праўда, разлік, відаць, не дакладны: у Беларусі на два шлюбы — адзін развод.

— Каханне — гэта навык. Яму можна навучыцца. Але гэта каласальная праца! Асабліва, калі патэнцыял асобы нізкі: уявіце дзіця, якое маці аддала ў дзіцячы дом… Мы без кахання не можам. Гэта даказалі амерыканцы. Правялі эксперымент: ідэальна кармілі групу малпачак, стваралі ім гігіенічныя ўмовы, забаўлялі. Усё было, акрамя дакрананняў, ласкі. У другой групе — тыя ж умовы, толькі малпачак гладзілі. У першай групе большасць вымерла. Тыя, хто выжылі, вышэй за сярэдні ўзровень па развіццю не падняліся. А другія мала хварэлі, добра набіралі вагу, узровень развіцця ў іх быў высокі. Усім важная ўвага: каб у вочы глядзелі ды ўсміхаліся. На інстынктыўным узроўні гэта значыць: я важны, мне ёсць месца пад сонцам. Гэта біялагічныя рэчы, дакладней, эталагічная (эталогія — навука пра генетычныя паводзіны жывёл — Аўт.). А праз залежнасць спрабуюць кампенсаваць тое, чаго недаатрымліваюць. І прывязваюцца да кагосьці, каб даатрымаць. Але гэта не адзіны спосаб, наадварот — сурагат. Станеш гарманічным сам па сабе — любая залежнасць знікне.

Фота БЕЛТА

— Калі кожны стане самадастатковым, то ці не адпадзе жаданне ўзаемадзейнічаць адзін з адным?

— Не. Бо адзіночка не выжыве! Дрэнна нам у адзіночку, як бы мы сябе не падманвалі.

Пра здаровы лад жыцця

— Уладзіслаў Рыгоравіч, давайце яшчэ пра імунітэт пагаварым — найгалоўную лінію нашай асабістай абароны ў барацьбе з каранавірусам. Вядома, каб імунітэт быў моцны, важна правільна харчавацца, высыпацца, займацца фізічнымі нагрузкамі. Але многія па-ранейшаму мала спяць, шмат працуюць і лянуцца хаця б вакол дома прайсціся — стаміліся. Грамадская думка такіх не асуджае. Але калі я перанясу сустрэчу з‑за таго, што не выспалася напярэдадні, мяне наўрад ці зразумеюць…

— Любы соцыум арыентаваны, перш за ўсё, на функцыяванне сістэмы, а не на здароўе асобнай яе «шрубкі». Калі мы паводзім сябе больш актыўна — гэта плюс для соцыума. Мэта якая? Быць эфектыўным. Вядома, гэта заахвочваецца! А тое, што член грамадства плюе на сваё здароўе — дык гэта яго асабістая справа. І яго асабістая задача — сачыць за сабой. Можаш не спаць, не есці… Але тады, і я пра тое ўжо тысячны раз кажу, патэнцыял мозга зніжаецца, шанцы на памылку павышаюцца. У рэшце рэшт, гэта не выгадна! Вось і пачынаеш задумвацца… Так што, як у песні спяваецца: думайце самі, вырашайце самі, мець ці не мець.

— Ці падкажаце: як можна спаць мала, застаючыся пры тым эфектыўным?

— Па гістарычных дакументах Напалеон Банапарт, які нібыта мала спаў і асуджаў тых, хто спіць шмат, пакуль пераязджаў з аднаго месца на іншае, спаў у карэце. Таму дакладна не вядома, колькі ўсё ж такі гадзін у суме ён спаў. Патрэба ў сне часцей за ўсё — каля 8 гадзін. Але агульная колькасць сну ў ідэале павінна быць разбітая на тры часткі. Гадзін шэсць трэба спаць ноччу. Каля 11.00 — яшчэ паўгадзіны-гадзіну. І каля 16.00 — яшчэ трохі. У гэтым выпадку патэнцыял нервовай сістэмы максімальны: электрамагнітныя паказчыкі галаўнога мозга такія ж, як у жывёл. І фізіялагічныя працэсы таксама будуць лепш працаваць. Нюанс: да 24.00 трэба паспаць хоць бы гадзіну! Лепш дзве. Кожную ноч нервовая сістэма перазагружаецца. Калі чалавек не спіць да паўночы, абнаўляецца толькі частка, якая тычыцца цела. Як бы ні быў заняты, ляж ды паспі. Потым устань у гадзіну ночы і працуй хоць да раніцы. Калі пачаліся начныя змены на ткацкіх вытворчасцях, пачало масава «квітнець» бясплоддзе, пайшлі гарманальныя парушэнні. Недасып — катастрофа для арганізма: два з паловай месяцы рэгулярна трэба высыпацца, каб кампенсаваць аднаразовы недасып у 30 мінут!

Фота БЕЛТА

— Чаму ўсё ж, бывае, нам не спіцца?

— Часцей за ўсё гэта з‑за пераваўзбуждэння нервовай сістэмы. Самае першае, што я рэкамендаваў бы ў такім выпадку, — «накарміць» яе вітамінамі, мікраэлементамі. Яна сама сябе гарманізуе, наладзіць працэсы тармажэння, неабходныя для сну. Бяссонне можа быць звязана і з праблемамі цела: скажам, запаленчы працэс у ЖКТ. Яно можа і не хварэць, але сігналы ў мозг пра непаладкі паступаюць.

— Які від фізічнай нагрузкі найлепш для мозга?

— Займайцеся тым, што падабаецца. Карысць будзе, бо эндарфіны выпрацоўваюцца.

Гутарыла Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».