Вы тут

BelarusDocs: ізаляцыя і сутыкненне сусветаў


Жыццё, якім мы яго не ведаем

Дакументальнае кіно і літаратура нон-фікшн, акрамя безумоўнай эстэтычнай функцыі, маюць большы патэнцыял для раскрыцця асобы аўтара і паказваюць нам тое жыццё, якога мы не ведаем або не заўважаем за сваімі праблемамі. Творца, які прыдумвае, стварае сусвет, — гэта творца, які працуе з рэальным сусветам, падбірае оптыку.

Анлайн-фестываль дакументальнага кіно BelarusDocs праводзіцца раз на два гады і  прадстаўляе сем найбольш яскравых дакументальных фільмаў апошніх гадоў. З 2020 года фестываль абзавёўся ўласным сайтам, дзе на працягу тыдня выкладваюцца для прагляду фільмы (адзін на дзень, кожны даступны 24 гадзіны). Фільмы, якія трапляюць у праграму, адлюстроўваюць важныя для грамадства тэмы, вылучаюцца мастацкімі адметнасцямі і часта ўжо былі заўважаны ў розных фестывальных праграмах. Арганізатары BelarusDocs у анатацыі абазначылі гэтую якасць як «добрую фестывальную гісторыю».

Падаецца, што і сама праграма BelarusDocs уяўляецца своеасаблівым аповедам, сяміактовым дзеяннем або зборнікам навел. І хаця яны не складаюцца ў адзіную паслядоўную гісторыю і нават не заўсёды маюць падабенства ў тэматыцы, іх аб’ядноўвае нейкі няўлоўны фільтр, невідавочная праблематыка.

Сёлетні фестываль прыпаў на час паўсюднай актуальнасці анлайн-мерапрыемстваў, і, магчыма, праз гэта лейтматывам яго праграмы бачыцца тэма ізаляцыі ў розных формах і сутыкнення розных сусветаў.

***

Кадр з фільма «Перазімаваць»

Праграму фестывалю адкрывае фільм «Трэнер» Вольгі Абрамчык. Ён расказвае гісторыю зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе і яе трэнера Алега Кірылава. Людзі, якія гуляюць у інтуітыўны футбол, невідушчыя. Любы твор з інклюзіўнай праблематыкай мае рызыку занадта зацыкліцца на фізічных асаблівасцях герояў, але ў дадзеным выпадку ў рэжысёра атрымліваецца стварыць вельмі сбалансаваны сюжэт — пра людзей, аб’яднаных больш гульнёй і імкненнем да перамогі, а не сваёй невідушчасцю.

Карціна атрымалася светлай і, як ні дзіўна, даволі стрыманай эмацыянальна, але менавіта гэтая стрыманасць аказвае на гледача яшчэ большае ўздзеянне.

***

Другая карціна праграмы — «Дэбют» рэжысёра Настассі Мірашнічэнкі — прысвечана рэпетыцыям аматарскага тэатра ў гомельскай жаночай калоніі. Сутыкненне супрацьлеглых светаў — мастацтва і злачынства — выглядае на дзіва натуральным. Для жанчын з няпростымі лёсамі і характарамі ўдзел у пастаноўцы — ледзь не адзіная магчымасць выказацца пра тое, што для іх важна, і быць пачутымі. Гэтая думка адбіваецца і ў мастацкіх асаблівасцях фільма: на агульных «побытавых» планах вельмі рэдка паказваюць твары жанчын. Камера набліжаецца да іх і дае магчымасць гаварыць толькі тады, калі яны праяўляюць сваю індывідуальнасць. Самі жанчыны неаднойчы кажуць пра тое, што агульнае пасяленне адразае магчымасць быць сабой.

Кадр з фільма «Дэбют».

Простым, але надзвычай важным рашэннем у фільме з’яўляецца аддзяленне асоб ад іх злачынстваў і прысудаў — пра апошнія гледачы даведваюцца толькі з маўклівых картак у канцы фільма. Для герояў гэтая карціна і тэатральная пастаноўка — сутыкненне з мастацтвам  — спосаб псіхалагічна прыпыніць знаходжанне BelarusDocs: ізаляцыя і сутыкненне сусветаў Жыццё, якім мы яго не ведаем ў турме, для гледачоў — размова аб чалавечнасці, прычэпліванні ярлыкоў і каштоўнасцях, якія застаюцца важнымі, як бы кардынальна ні змянілася жыццё.

***

Фільм Галіны Адамовіч называецца «Лебедзі» — гэта пазыўны хуткай дапамогі ў Светлагорску, супрацоўнікі якой і сталі галоўнымі героямі. Ён моцна вылучаецца настроем: у ім шмат жартаў, харызмы, што разам з рамантыкай і саўндтрэкамі з рэпертуару гурта «Касіяпея» стварае лёгкі эмацыянальны фон для цяжкай працы герояў. Для гэтага варта мець здаровую іронію і пачуццё гумару.

Гэтая карціна прысвечана даследаванню чалавечай натуры ў розных праявах. У пэўнай ступені яна таксама апавядае пра сутыкненне двух сусветаў — пацыентаў і іх выратавальнікаў, але не праз іх адрознасць, а праз падабенства ў чалавечай натуральнасці, непрыкрытасці, эмацыянальнасці і шчырасці, у  пераадоленні бездапаможнасці  — перад хваробай цела і  перад адказнасцю, псіхалагічным ціскам. Фільм паказвае ўсе цяжкасці працы герояў, нічога не прыхарошваючы, але пры гэтым не пакідае ў гледача пачуцця прыгнечанасці.

***

На фестывальную пятніцу прыпаў найдаўжэйшы і найцяжэйшы з  фільмаў праграмы — «Перазімаваць» Евы-Кацярыны Махавай. Яго героі — старыя вяскоўцы з Вілейскага раёна, якія перабіраюцца на зіму ў дом сезоннага пражывання. Сабраныя з розных вёсак старыя вядуць агульны побыт, камунікуюць, даглядаюць і падбадзёрваюць адна адну. Тэмп і настрой фільма наўмысна прыцішаны — кадры змяняюцца павольна, шмат увагі — відам прыроды, прадметам побыту, шмат сімвалічных кадраў. Колер — зімовы, цёмны. Фільм сапраўды ціхі: адзінае аўдыяльнае суправаджэнне — побытавыя гукі і галасы герояў. Размаўляюць аб тым, у які перыяд найлепш паміраць, што трэба набыць да новага года, згадваюць вайну, сваю сям’ю — у статычным кадры і нетаропкай гутарцы разгортваецца сапраўдная барацьба паміж жыццём і смерцю за свядомасць гэтых людзей.

Гэтая яскравая карціна ізаляцыі зноў нагадвае пра павагу і ўвагу як формы праяўлення чалавечнасці, пра невыноснасць пустога чакання і пра тое, што ўпартае жыццё працягваецца, не зважаючы на абставіны, у якіх мы апынаемся.

***

Фільм Андрэя Куцілы «Цар гары» выклікае неадназначныя пачуцці. Ён запазычыў назву ў відэаблога, што вядзе галоўны герой — Сямён Дзьячок, які разам з сям’ёй жыве на аддаленым хутары, трымае авечак і  змагаецца з раённай адміністрацыяй. Дзеля таго, каб скасаваць судовае рашэнне па сваім пытанні, Сямён абвяшчае галадоўку, але пратрымліваецца ўсяго тры дні.

У прывітальным слове гледачам фестывалю рэжысёр Андрэй Куціла адзначыў, што пачынаў здымаць гэты фільм як адлюстраванне пэўных сацыяльных праблем, але ў выніку больш увагі засяродзіў на тым, як развіваюцца сямейныя стасункі ва ўмовах ізаляцыі і эканамічных праблем. Кадры фільма перамяжоўваюцца з кадрамі відэаблога Сямёна, колеравая гама карціны вельмі прыглушаная, асноўны акцэнт зроблены на размовах галоўнага героя з жонкай, іх спрэчках, у якіх яны спрабуюць вырашыць, што рабіць далей. Аматарскі відэаблог, сцэна, дзе жонка намагаецца прымусіць Сямёна накалоць дроў, прыняцце рашэнняў з дапамогай падкідвання манеткі ствараюць адчуванне несур’ёзнасці, гульнёвасці. Водгукі гледачоў фестывалю дэманструюць адсутнасць сімпатыі да галоўнага героя і яго дзеянняў.

 ***

Перадапошні фільм праграмы — найбольш яркі і па колерах, і па адлюстраванні сваёй тэмы — «Фальклор і жыццё» Юрыя Цімафеева. У ім зноў сутыкненне: фальклор, што традыцыйна ўспрымаецца як нейкі духоўны падмурак культуры, раскрываецца праз эратычныя падтэксты абрадаў, звязаных з урадлівасцю. Гэтая карціна вылучаецца з усіх найбольшай «тэлевізійнасцю»  — пастановачнасцю кадраў, метафарычнасцю, імкненнем стварыць прыгожую карцінку. У дадзеным выпадку такія асаблівасці натуральныя, бо фальклорныя абрады сёння — пастановачнае і гульнявое вывучэнне даўніны. Мэта карціны — не навуковае даследаванне, а менавіта метафарычнае раскрыццё незвычайнага ракурсу фальклорнай культуры. Некаторыя моманты блізкія да клішэ — аголеная дзяўчына, якая карцінна ляжыць у жыце, але такіх кадраў няшмат. І, нягледзячы на вымушаную штучнасць, фільм выглядае досыць жывым.

Кадр з фільма «Фальклор і жыццё»

Падводзіць рысу вобразная сцэна «вяселля» і таго, што адбываецца пасля, з размазваннем калінавага соку па белай тканіне і сцэнай арання плугам, дзе відэарад моцна не супадае з аўдыя.

Гэты фільм дзякуючы форме атрымліваецца свайго роду адпачынкам для гледачоў ад усяго папярэдняга эмацыянальна-філасофскага напружання

***

Завяршае праграму фестывалю карціна пад назвай «Полацкі вальс» рэжысёра Вольгі Дашук. Яна распавядае пра Васіля Граноўскага — музыку з Полацкага раёна, які кіруе мясцовым хорам з пажылых жанчын і піша ўласныя песні. Фільм атрымаўся вельмі просты і светлы, з лёгкім адчуваннем вясковага спліну. Гэта гісторыя пра чалавека, яго жыццё і яго мару, што дапамагае з жыццём спраўляцца.

У карціне адчуваецца добрае, сяброўскае стаўленне рэжысёра да сваіх герояў і сюжэта. Вельмі выразна і арганічна паказаны творчы працэс, які, хаця і абцяжараны вясковымі складанасцямі і нястачай клавішаў на гармоніку, усё яшчэ застаецца творчым.

Такія розныя па настроі, праблематыцы і спосабах адлюстравання карціны ўсё ж складаюць агульную фестывальную гісторыю. Аддаленасць ад грамадства або абгортванне небяспечных электрычных правадоў у бяспечны матэрыял — тэма ізаляцыі сапраўды наўпрост або метафарычна прасочваецца ў кожным фільме. Таксама і сутыкненне сусветаў абсалютна па-рознаму рэалізавана ў кожнай карціне. Менавіта яно робіць расказаную гісторыю цікавай і вартай прагляду — паказвае жыццё такім, якім мы яго не ведаем.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».