Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


І злоўлены, і... не злодзей?

Фота: building-ooo.ru

Кожную пятніцу чытаю ў газеце новыя «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі», потым старанна ўспамінаю сваё жыццё, і да болю крыўдна: горычы ў ім — як той казаў, з галавой, а вось каб нечага смешнага, дык, здаецца, і няма. Хіба...

Было гэта ў самым пачатку далёкіх дзевяностых. Тады, каб не дапусціць павальнай галадухі ды адцягнуць людзей ад палітыкі, многім сталі даваць па пяць сотак зямлі на няўдобіцах і тым самым падштурхоўваць да будаўніцтва дач.

Нам з жонкай яно не свяціла, бо грошай не мелі зусім. Але ж потым сталі даходзіць чуткі, што начальства актыўна бярэ крэдыты. Дык можа — падумалі — і нам паспытаць таго шчасця? А што — абое працуем, не зломкі, да зямлі і сялянскай працы прывычныя. Значыць, нешта вырасцім, сэканомім, глядзіш — і з крэдытам разлічымся.

З такімі намерамі, хоць без асаблівых надзей, звярнуўся я ў прафкам і...

Цуды такі здараюцца: мне, у так званым «парадку выключэння», выдзяляюць участак, даюць крэдыт у памеры трох тысяч рублёў — яшчэ тых!.. А далей — круціся, як хочаш.

Мы з жонкай адразу ж «паднялі» радню, і не марна: дзякуючы ёй праўдамі-няпраўдамі прыдбалі дзелавой драўніны, склалі зруб, перавезлі на свой участак — паставілі дамок.

Наступная праблема — дзверы і вокны, столь і падлога. На іх, як вядома, патрэбны дошкі. А дзе іх браць, калі ў продажы нічога?

І зноў падарунак лёсу: тэлефануюць сваякі, дошкі — прычым з лістоўніцы — прадаюцца ў Наваполацку, і за бесцань, можна сказаць, бо ніхто не купляе. А мне ж яны — як паветра, на дачу прывёз — і нацешыцца не магу: 4–6 сантыметраў у таўшчыню, шырачэзныя, цэлы МАЗ з прычэпам...

Згрузілі мы іх побач з домам і агароджай (за ёй — ужо іншы кааператыў). Праз колькі дзён скарысталі — паклалі падлогу, потым прыехалі, каб узяцца за столь. Аж тут — неспадзяванка: галавешка, якой намазвалі шнур для адбіўкі ліній, замокла пад дажджом. Іншай няма. Значыць, трэба вогнішча распальваць, новую «рабіць» і столькі часу змарнаваць...

Азірнуліся мы з хлопцамі — знюхалі дым: ура, гарыць-такі вогнішча, прычым блізка — за агароджай у суседнім кааператыве.

Я хуценька туды. Гаспадар — чую — у падвале нешта габлюе. Іду на гук, расчыняю дзверы і... заміраю: дошка, якую ён трымае ў руках, — тоўстая, шырокая, з лістоўніцы — мая.

Нейкі час мы глядзім адзін на аднаго. І ён урэшце здаецца першы — патрабуе:

— Ну, гавары ўжо!

А я, можа, і рады б нешта сказаць, але што?

— Ды вось, — кажу, сумеўшыся, — прыйшоў галавешкі прасіць.

— А-а-а... Калі так, то бяры, — з палёгкай уздыхае сусед.

І я недзе праз хвіліну ўжо вяртаюся на сваю будоўлю, аддаю майстрам патрэбную галавешку — абрэзак з маёй дошкі — як той казаў, да бабкі не хадзі!

На добры толк, трэба было ўчыніць разборкі — ну хоць папалохаць злодзея. Але ж, па-першае, час марнаваць не хацелася, а па-другое...

Як нам тады здавалася — усе жылі ў нястачы, вось і мусілі красці...

Карацей, як нічога ніякага, мы ўзяліся за працу.

Адзінае, покуль жыў той сусед, мы з ім ніколі не размаўлялі: нас раздзяляла агароджа і нешта іншае, куды вышэйшае.

Іван Астроўскі, г. Мінск


Культурная котка

Фота: petsi.net

Дзяўчаты, жанчыны любяць катоў і котак. Тыя, падобна, плацяць ім узаемнасцю. Таму — зусім не дзіва, што аднойчы да будынка гарадской бібліятэкі, дзе калектыў, як ні круці, жаночы, прыбілася котка з параненай лапкай і сустрэла там поўнае разуменне. Яе накармілі, абмылі, абагрэлі, знасілі да спецыяльнага доктара, забяспечылі належны догляд...

Карацей, Фрося (назавём яе так), пакуль была на лячэнні, пераканалася, што новыя гаспадыні жадаюць ёй толькі дабра і з імі, вось такімі, ёй грэх не застацца. Супраць гэтага нават дырэктар нічога не меў, праўда, з адной умовай, што котка будзе пад пільным наглядам.

Фрося, падобна, гэта пачула і таму ніякіх гадасцяў нікому не рабіла. Больш за тое, з часам яна стала свайго роду магнітам установы. Як зараз бачу: пераступаеш парог, а яна — чорная, вальяжная — ляжыць на радыятары. Хто хоча, можа нават пагладзіць, пакратаць яе за вушкі.
І ўсё ж...

Бібліятэка — не заапарк, утрыманне жывёл там зусім не вітаецца, наадварот — добры наганяй можна атрымаць ад розных правяральшчыкаў.

Жанчыны ведалі гэта і таму спачатку пры з'яўленні некага з чужых котку запіралі ў каморы, а потым Фрося сама, знюхаўшы ў будынку салідных дзядзькоў, на ўсякі выпадак сыходзіла. Але ж аднойчы...

Неяк раз калектыў бібліятэкі выбіўся ў лідары: з нагоды ўручэння, здаецца, нейкага дыплома і грашовай прэміі там ладзіўся ўрачысты сход, а потым і фуршэт, дзе галоўным госцем павінен быў стаць нядаўна прызначаны кіраўнік упраўлення культуры. Хто такі — строгі ці добры, справядлівы ці самадур — інфармацыі ніякай (гэта зараз у інтэрнэт зайшоў — і ледзь не ўсю паднаготную знаеш, а тады...). Жанчынам «шапнулі» хіба тое, што катоў госць любіць...

І вось урачысты збор.

Фрося самахоць нікуды не сышла. І ў камору яе (хай будзе што будзе!) ніхто не занёс. А таму, разваліўшыся ў куце, яна выслухала ўсіх выступоўцаў, потым, пераканаўшыся, што ў зале свае, захацела пакрасавацца: паволі, кругам абышла сталы, агледзела павесялелых бяседнікаў, пацерлася ля ног у высокага госця. «Трэба было б шугануць», — падумаў тады начальнік. Але зрабіць гэта можна было нагой, што, вядома ж, нядобра: гаспадыні могуць пакрыўдзіцца.

Пакуль госць вось так разважаў, Фрося... ускочыла яму на калені, і зараз іншага выйсця ўжо не было — з коткай давялося змірыцца і нават пагладзіць.

...Размовы пра той фуршэт хадзілі потым доўга. У бібліятэцы ўсе казалі, што новы начальнік — чалавек безу-
моўна вельмі культурны.

І той, у сваю чаргу, мусіў прызнаць, што працуе калектыў добра, што ўзнагарода і прэмія прысуджаны справядліва. А што Фрося ў памяшканні жыве, дык гэта як паглядзець: можа, перагіб, а можа, і наватарства. Кніжкі цалейшыя будуць.

В. Ж., г. Жодзіна


Скажаш — не вернеш...

Фота: kentinar.by

Некалі ў мястэчках, райцэнтрах і вялікіх гарадах (не кажучы пра вёску) на дармавое жыллё ніхто не спадзя-
ваўся. Вярталіся хлопцы з арміі, жаніліся, нараджалі дзяцей і самі думалі пра ўласны кут. У нас у Крычаве цэлыя вуліцы тады з'яўляліся. Будаваліся хто як мог: хто з дрэва хаціну ставіў, хто з цэглы ці шлакабетону, прычым навыперадкі...

Адзін прымак таксама падумаў, што не век жа яму з цешчай ды шваграмі жыць, таксама заліў падмурак. А вось з чаго сцены ўзводзіць, калі гол як кол і жонка не багацейка, — гэта пытанне было.

Адказ на яго само жыццё падказала. У горадзе сталі новы бетонны мост над рэчкай будаваць, а драўляныя шчыты са старога прадавалі зусім за бесцань. Людзі на дровы іх бралі, а гэты прымака надумаўся хаціну паставіць. Пякельная была справа разабраць тыя шчыты: брусы мацаваліся намертва... Гаспадар і два швагры, можна сказаць, рук не пакладалі, а ўжо колькі поту пралілі...

Не марна, дзякаваць богу: вось ужо і зруб стаіць, і кроквы прымацаваны.

Прымака рады быў, у час работы амаль не змаўкаў, усё нешта баяў. Аднойчы — да слова прыйшлося — расказаў, што ў сям'і ў яго былі хворыя на сухоты. І чым тады не лячыліся: і травамі, і барсуковым здорам, а найлепей сабачае мяса памагло...

Хлопцы калі слухалі тую балбатню, калі не, але ж нешта ў памяці заставалася.

І вось настаў той дзень, калі шыфер куплены, калі гаспадар знізу падае лісты ды камандуе, а хлопцы ўверсе іх прыбіваюць. Гонкая справа, пацешная... Гаспадыня ежу на аб'ект прынесла, на абед не дачакаўшыся.

Хлопцы селі есці. Апетыту, вядома ж, не займаць — ва ўсіх аж за вушамі трашчыць, а тым больш калі ў місках тушаная бульба з мясам. І тут...

Хто ж ведае, што стрэліла ў голаў таму прымаку, але ён раптам ляпнуў: «Гаў!» А потым і двойчы паўтарыў.

Старэйшы са шваграў быў надта ўразлівы, збялеў, кінуў міску, адскочыў...

Малодшы — сам па сабе мацнейшы і здароўем, і характарам, але ж і ён пакрыўдзіўся, брата да слёз
пашкадаваў.

Абодва, карацей, кінулі есці і кінулі рабіць. Горш за тое, малодшы пад раніцу выслізнуў з хаты і разам з сябрамі (яны звечара згаварыліся) зняў з новай хаты два рады шыферу.

Прымака назаўтра, вядома ж, здагадаўся, хто гэта зрабіў, — паспрабаваў быў сілу паказаць, а не выйшла. Уся сям'я супраць яго аб'ядналася, нават жонка сказала: «Трэба было думаць, што гаварыць, а што не... Сабачнік!»

Вось на гэтым і скончылася ў хаце прымакова ўлада. А мянушка, наадварот, — толькі з'явілася: інакш, як сабачнікам, чалавека ніхто не зваў. І «званне» гэта не адмыць было, не аддзерці, бо і сапраўды: «Адсячэш — не прыточыш, скажаш — не вернеш».

Л. Чыгрынава, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».